Перанесці пачатак дэкрэтнага водпуску з 30-га на 28-мы тыдзень?
Перанесці пачатак дэкрэтнага водпуску з 30-га на 28-мы тыдзень?
76 працэнтаў цяжарных маюць пэўныя захворваннi, што пагаршае здароўе як будучага дзiцяцi, так i самой жанчыны. Наогул размовы аб тым, што сучасная медыцына дазваляе нарадзiць дзiця любой жанчыне — нават з самай цяжкай паталогiяй, — нельга ўспрымаць як аксiёму. Так, акушэрска-гiнекалагiчная дапамога iмклiва развiваецца. Сёння яе найноўшыя дасягненнi даступны i беларускам. Варта нагадаць, што медыцынская дапамога жанчынам i iх будучым дзецям аказваецца на трох узроўнях — раённым, гарадскiм i абласным. Плюс рэспублiканскi — галаўная ўстанова ў галiне акушэрства i гiнекалогii, неанаталогii, педыятрыi i медыцынскай генетыкi РНПЦ "Мацi i дзiця". Першы, раённы ўзровень прызначаны для здаровых парадзiх, у якiх не прагназуюцца праблемы ў родах, другi — для жанчын з такiмi ўскладненнямi, як, напрыклад, гiпаксiя, трэцi — для цяжарных з экстрагенiтальнай i акушэрскай паталогiяй. Цэнтр "Мацi i дзiця" аказвае меддапамогу цяжарным жанчынам з высокай рызыкай акушэрскай i перынатальнай паталогii, нованароджаным з рознымi паталагiчнымi станамi, у тым лiку глыбока неданошаным, з усiх рэгiёнаў краiны з прымяненнем высокатэхналагiчных метадаў дыягностыкi i лячэння. Не могуць не радаваць i намаганнi медыкаў па знiжэннi, скажам, мацярынскай смяротнасцi. За паўгода ў рэспублiцы зарэгiстраваны толькi адзiн такi выпадак. За ўвесь мiнулы год — чатыры. Гаворка iдзе аб сур’ёзных экстрагенiтальных паталогiях, такiх як рак або сепсiс, калi ўратаваць жанчыну было нерэальна пры любых сучасных дасягненнях медыцыны. Іншая рэч, пэўная колькасць жанчын не падпадае пад статыстыку мацярынскай смяротнасцi, паколькi гiбель адбываецца крыху пазней. Спецыялiстам удаецца ўратаваць жыццё цяжка хворым жанчынам падчас родаў i на момант выпiскi з раддома, але ж пасля хтосьцi гiне па прычыне той паталогii, якую цяжарнасць толькi абвастрыла. Безумоўна, кожная з нас мае права выбару — раджаць цi не, i калi раджаць нават цаной свайго жыцця, то i гэта нiхто нiкому не можа забаранiць. Але ж, з другога боку, чаму жанчыны так неахайна ставяцца да свайго здароўя, чаму не чуюць (цi не хочуць чуць?) урачоў, якiя не ўтойваюць усю сур’ёзнасць становiшча? Чаму не задаюцца пытаннем: а хто возьме на сябе выхаванне дзiцяцi пасля таго, як здарыцца непазбежнае? Усе хваробы пачынаюць прагрэсiраваць i абвастрацца падчас цяжарнасцi, нагадвае загадчыца лабараторыi рэпрадуктыўнага здароўя РНПЦ "Мацi i дзiця" Раiса КОРШЫКАВА. Менавiта таму i iснуе прэгравiдарная падрыхтоўка — абследаванне будучых мамы i таты да таго, як адбудзецца зачацце. Такое абследаванне i наступнае лячэнне можна атрымаць сёння ў любым рэгiёне па месцы жыхарства i, вядома, у самiм цэнтры, дзе ёсць кансультацыйна-палiклiнiчнае аддзяленне i служба планавання сям’i — з гiнеколагам ды андролагам. Як адным словам патлумачыць, што такое рэпрадукцыйнае здароўе? Гэта дабрабыт. Ва ўсiх сэнсах. А ў нас калi закрануць толькi бок фiзiчнага здароўя, можна прыйсцi да сумных высноў. Паводле слоў галоўнага акушэра-гiнеколага Мiнiстэрства аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь Святланы ШЫЛАВАЙ, у рэспублiцы знiзiлася колькасць выпадкаў такiх палавых захворванняў, як ганарэя i сiфiлiс, але высокiмi застаюцца паказчыкi хламiдыёзу, герпесу, цытамегалавiруса. Такiя iнфекцыi хоць i не маюць вiдавочных клiнiчных праяў, але надзвычай адмоўна могуць адбiвацца на выношваннi цяжарнасцi, стане здароўя дзiцяцi i, нарэшце, у прынцыпе пагражаюць бясплоднасцю як жанчынам, так i мужчынам. Акрамя таго, сiтуацыя "першая цяжарнасць — першыя роды" для нас рэдкая. А гэта сведчыць аб тым, што беларускiя жанчыны ўсё яшчэ не ўсведамляюць той адказнасцi, якую павiнны несцi за ўласнае здароўе i здароўе сваiх дзяцей. I ў першым, i ў другiм выпадку лепшым яно пакуль не становiцца. Нездарма Мiнiстэрства аховы здароўя нават выйшла на Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны з прапановай аб тым, каб перанесцi пачатак дэкрэтнага водпуску з 30-га на 28-мы тыдзень, паколькi дзесьцi з 26-га тыдня пачынаюць праяўляцца асноўныя ўскладненнi. Святлана БАРЫСЕНКА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
76 працэнтаў цяжарных маюць пэўныя захворваннi, што пагаршае здароўе як будучага дзiцяцi, так i самой жанчыны.
|
|