Гены i здароўеВыраз «генная мадыфiкацыя» сёння насцярожвае многiх. А наколькi сапраўды небяспечна яна для здароўя чалавека? ГМ-прадукты — гэты тэрмiн выкарыстоўваецца для вызначэння раслiн i жывёл, генныя характарыстыкi якiх былi зменены ў лабараторных умовах. Звычайна гэта робiцца для дасягнення пэўных мэт, такiх як паляпшэнне харчовай каштоўнасцi прадукта цi павышэнне марозастойкасцi раслiны. Таго ж можна дасягнуць селекцыйным метадам, але гэта будзе займаць шмат часу i вынiк часцей за ўсё не будзе настолькi эфектыўным. Напрыклад, кукуруза, якая ўтрымлiвае гены бактэрый Bacillus thuringiensis, ужо здольна сама выпрацоўваць пестыцыды, засцерагаючыся такiм чынам ад насякомых. — У беларускiх лабараторыях на генную мадыфiкацыю можна дакладна праверыць толькi сою ды памiдоры, — гаворыць навуковы супрацоўнiк лабараторыi генетыкi мiкраарганiзмаў бiяфака Белдзяржунiверсiтэта Сяргей Жардзецкi. – Прадукты завозяцца ў краiну з дакументамi, дзе пазначаны кланаваныя гены, калi такiя прысутнiчаюць. Часам фiрма-пастаўшчык можа падаваць разам з усiмi неабходнымi дакументамi i пратаколы па атрыманнi гена. Толькi варта адзначыць, што дакументы падаюцца на першапачатковыя прадукты. Напрыклад, пастаўшчык паведамляе пра наяўнасць нетыповага гена ў партыi соi, але можа змаўчаць аб прысутнасцi яго ў складзе каўбасы. Для таго каб сапраўды вызначыць наяўнасць “лiшняга” гена ў прадукце, неабходна праводзiць вельмi складаныя эксперыменты, правяраць склад бялкоў, параўноўваць з бялкамi дзiкiх продкаў генна-мадыфiкаваных арганiзмаў. — Я магу сказаць, што вось у гэтай склянцы – бактэрыi з генам бяссмерця, — працягвае генетык, трымаючы ў руцэ нейкую шкляную ёмiстасць. — Я кланаваў гэты ген. Але як праверыць? Адзiнае, што можна зрабiць, — гэта аднесцi дадзены бiялагiчны матэрыял у iншую лабараторыю. Але ж i там не так хутка выканаюць пастаўленую задачу. Справа ў тым, што для якаснай праверкi неабходны “ключ” — штосьцi вядомае аб атрыманнi гэтага гена. Калi такiх звестак не маеш, табе не пашчасцiць за кароткi тэрмiн пацвердзiць наяўнасць таго цi iншага гена. Для эфектыўнага даследавання патрэбна задзейнiчаць адразу некалькi лабараторый, патрацiць нямала часу i грошай. Складаная праца як для айчынных, так i для замежных вучоных. Таму, магчыма, на прылаўках беларускiх супермаркетаў знаходзiцца намнога болей “прадуктаў-мутантаў”, чым мяркуецца. Толькi цi павiнна гэта насцярожваць i тым больш пужаць? — Працiўнiкi геннай мадыфiкацыi часцей за ўсё людзi, якiя зусiм не разбiраюцца ў генетыцы, — гаворыць вучоны. — Не так даўно трапiлiся мне на вочы два артыкулы. У адным — аб’ектыўнае тлумачэнне акадэмiка карысцi ад геннай мадыфiкацыi, у другiм — неабгрунтаванае, беспадстаўнае абвiнавачванне ў псаваннi людскога здароўя. Аўтарам апошняга была жанчына-нейрафiзiёлаг — зусiм далёкi ад генетыкi чалавек. У гэтым артыкуле ледзь не ў кожным сказе сустракаеш грубыя памылкi адносна спецыфiкi генетычнай навукi. Сапраўды небяспечныя для чалавечага арганiзма розныя вермiшэлi i булёны “хуткага гатавання”. Узяць, напрыклад, соль глутамiнавай кiслаты — глутамат натрыю, якi ўваходзiць у iх склад, а таксама ў чыпсы ды танныя каўбасы для ўзмацнення смаку. — Iснуе два тыпы амiнакiслаты: L i D, — расказвае генетык. — Першая — прыроднага паходжання. Другая, штучная, адрознiваецца ад першай толькi прасторавай канфiгурацыяй малекулы (па хiмiчным складзе — такая ж). Iх абедзве засвойвае арганiзм чалавека, не разбiраючыся, што адна з iх, хiмiчная, небяспечная для яго. Менавiта D-амiнакiслата засвойваецца клеткамi галаўнога мозга, паступова разбураючы шэрае рэчыва. — Мне, напрыклад, усё роўна, пазначана цi не пазначана на ўпакоўцы прадукта: “Утрымлiвае мадыфiкаваную сою”, — адзначае малады генетык. — Генная мадыфiкацыя накiравана ўсяго толькi на паляпшэнне якасцi прадуктаў харчавання, павышэнне ўраджайнасцi, вынослiвасцi, пладавiтасцi i г.д. Напрыклад, ген рыбы камбалы можна ўключыць у структуру клеткi памiдора, для таго каб павысiць марозастойкасць раслiны. Але недасведчанага чалавека пачынае турбаваць пытанне: “А раптам, калi з’ем такi памiдор, ген камбалы ўкаранiцца ў маю ДНК?” Большага глупства не прыдумаеш. Чаму ж, калi спажываем рыбу, яе ген не “пераскоквае” да нашых генаў? Чаму ж мы ў гэтым выпадку не ператвараемся хоць бы ў амфiбiй? Генная мадыфiкацыя прадуктаў — велiзарная эканомiя грашовых сродкаў. Амерыканцам не патрэбны розныя хiмiкаты супраць каларадскiх жукоў. Бо генетычна выведзеная бульба (выкарыстаны ген бацылы, смяротна небяспечнай толькi для каларадскага жука) ужо “не цiкавiць” жукоў i становiцца больш сытнай i смачнай, бо нiякiя насякомыя-паразiты не перашкаджаюць росту, развiццю раслiны. Айчыннаму прадукту, вырашчанаму з дапамогай хiмiчных угнаенняў, далёка да якасцi такой бульбы. — Што перашкаджае нам вырошчваць падобныя гатункi бульбы? – рытарычна пытаецца Сяргей Жардзецкi. — Зусiм нiчога. Але нехта заўсёды на гэтым зарабляе. У нашым выпадку — вытворцы хiмiчных атрут, угнаенняў: тыя ж лабараторыi, якiя, канкурыруючы мiж сабой, штогод выдумляюць новыя i новыя сродкi абароны ад розных шкоднiкаў. У гэтых крынiцах трэба шукаць i вытокi шматлiкiх “жахаў” пра ГМ-прадукты. Мiж тым доказаў небяспечнасцi для чалавека генна-мадыфiкаваных прадуктаў да гэтага часу не з’явiлася. Нарэшце, пад словам “мутант” нельга разумець страшныя вобразы з комiксаў i жахлiўчыкаў. Бо генетычная мутацыя ёсць тая ж селекцыя, толькi больш надзейная (вывераная) i разлiчаная на хуткi i якасны вынiк. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Выраз «генная мадыфiкацыя» сёння насцярожвае многiх. А наколькi сапраўды небяспечна&
|
|