Ратавальны абраз
Ратавальны абраз
Людзей з Ражкоўкі фашысты сагналi да вялiкай ямы на расстрэл... І ў небе з’явiлася выява Божай Мацi Гiсторыя цудоўнага вызвалення пушчанскай вёсачкi Ражкоўка, якая была за iмгненне ад лёсу вогненных вёсак нашага краю, падобная на легенду. Але многа фактаў супраць таго, каб лiчыць яе легендай. Да таго ж, факты маюць рэальнае матэрыяльнае ўвасабленне. Гэта перш за ўсё Свята-Казанскi вясковы храм i незвычайны абраз у iм. Дзень 28 верасня Вёска Ражкоўка Дзмiтравiцкага сельсавета схавалася ў лясах на ўскраiне Белавежскай пушчы. Старыя высокiя дрэвы, цiшыня i спакой, брукаваная дарога, пабудаваная за польскiм часам, адразу наводзяць на думку, што тут можна было б нават здымаць кiно пра пачатак мiнулага стагоддзя. Толькi вось насельнiцтва з той пары паменела ў сем з невялiкiм разоў. На мяжы вякоў старшыня сельскага Савета Iван Ярашук адшукаў архiўныя дакументы, у вёсцы значылася 600 душ, у 1941 годзе жыхарамi Ражкоўкi было звыш 400 чалавек. Цяпер засталося 80, большая частка з iх — пенсiянеры. Няма болей у Ражкоўцы нi школы, нi пошты, нi клуба. Ёсць толькi царква, а ў ёй абраз заступнiцы i збавiцелькi ад пагiбелi. День 28 верасня 1942 года не проста асаблiвы, гэта дзень пачатку адлiку новай гiсторыi Ражкоўкi. Вось як успамiнае тыя днi Герасiм Уладзiмiравiч Драчук, тады 7-гадовы хлопчык. Дзiцячая памяць захавала асобныя эпiзоды карнай аперацыi. Але наступныя расказы бацькоў, суседзяў дапоўнiлi карцiну. Паводле слоў Герасiма Уладзiмiравiча, у вёсцы былi актывiсты савецкай улады, якая ўсталявалася тры гады таму, былi тыя, хто спачуваў i дапамагаў партызанам. Былi i нямецкiя прыслужнiкi, якiя даносiлi на аднавяскоўцаў. Аднойчы ў вёску наляцелi немцы. Загадалi ўсiм пакiнуць хаты. Спачатку людзi не разумелi тактыку фашыстаў, чаму тыя дзеляць людзей на асобныя групы. Усё стала зразумела пазней. Карнiкi адразу мабiлiзавалi групу мужчын i прымусiлi капаць вялiкi равок за вёскай. Iншыя акупанты пайшлi па хатах i сталi загадваць грузiць на падводы самае неабходнае i збiрацца ў асобных месцах. Сям’я Драчукоў таксама была ў зборы i сядзела побач з суседзямi. Маленькi Герасiм разам з братамi i сёстрамi назiралi такую карцiну. Да суседскай падводы, дзе з самага верху сядзела малодшая з суседзяў чатырохгадовая дзяўчынка, падышоў нямецкi салдат. Цi то дзеля забавы, цi ў пошуках толькi яму вядомага пачаў пратыкаць штыком сялянскi скарб i трапiў у яйка. Яно, вядома, разбiлася, пацякло па мяшку, i дзяўчынка засмяялася. Тады фашыст узяў другое яйка i кiнуў прама дзiцяцi ў лоб. Малая залiлася разбiтым яйкам i моцна закрычала. А ў гэты час каля падводы быў старэйшы па званнi. Мацi, якая недзе адвярнулася на кароткi час, паспрабавала кiнуцца да дачкi, але яе спынiлi. Той старэйшы злосна замахнуўся прыкладам на дурнаватага падначаленага i пачаў крычаць. Тады вiнаваты ў абразе маленькага чалавека на вачах у спалоханых бацькоў падвёў малую да вядра з вадой, крыху абмыў, абцёр i пасадзiў на ранейшае месца. У Герасiма Драчука склалася ўражанне, што немцы тады асаблiва не лютавалi, як бывала пры падобных аперацыях. Яны, напрыклад, дазволiлi людзям з другой групы перадаць малых дзяцей сваякам i адпусцiлi зусiм састарэлых. Можа гэта быў не карны атрад, для якога такiя аперацыi — звычайная работа, а нейкае вайсковае падраздзяленне? А можа, i ў спецыфiчных атрадах траплялiся людзi. Хто цяпер ведае? Дык вось пра групы. Як даведалiся, крыху ачомаўшыся, ражкоўцы, усе яны былi падзеленыя на тры групы. У першую ўвайшлi вясковыя актывiсты, партызанскiя сувязныя, члены iх сем’яў. Для iх была падрыхтаваная шыбенiца. Герасiм бачыў гэта жудаснае збудаванне ўласнымi вачыма. У другую групу трапiлi нават па падазрэннi ў такой сувязi або тыя, хто спачуваў Саветам цi партызанам. I трэцяя група, у якой знаходзiлася сям’я Драчукоў, называлася памiлаванымi. Яны павiнны былi пакiнуць вёску пасля завяршэння карнай аперацыi. Вядома, раздзяленне на групы болей адлюстроўвала сiмпатыi i антыпатыi вясковых здраднiкаў, чым рэальную карцiну, але гэта ўжо значэння не мела. Дзве гадзiны мiж жыццём i смерцю Самую вялiкую групу людзей падвялi да ямы. Людзi ўсё зразумелi — насупраць стаялi тры кулямёты. Прыгаворанымi да смерцi аказалiся нават цяжарныя жанчыны. Хто плакаў-галасiў, хто развiтваўся з роднымi, а Марыя Пратасевiч i яшчэ адна жанчына ўзнялi рукi да неба i сталi горача малiцца, просячы заступнiцтва Царыцы Нябеснай. Марыi Дзмiтрыеўны, як i ўсiх, хто стаяў на краi ямы, няма болей з намi. Але нявестка Аляксандра Фёдараўна расказала, што Марыя Пратасевiч усё жыццё шчыра верыла ў Бога. Таму i ў апошнюю, як яна думала, хвiлiну, узнесла малiтву нябёсам. I раптам усе, хто глядзеў на неба, убачылi выяву Божай Мацi з немаўляткам на руках, такую, якой яе малююць на абразах. Аб гэтым цудзе Марыя Дзмiтрыеўна расказвала дзецям шмат разоў. I пра тое, што амаль у тую ж хвiлiну непадалёк прызямлiўся самалёт. З яго выйшаў афiцэр, паклiкаў старэйшага па званнi i загадаў спынiць аперацыю, сказаў, што праз дзве гадзiны даставiць дакумент аб памiлаваннi. Дзве гадзiны ражкоўцы прастаялi каля ямы. У колькi гадоў жыцця абышлiся кожнаму тыя дзве гадзiны, нават уявiць цяжка... Але дачакалiся. Самалёт праз указаны час прыляцеў зноў i той самы афiцэр аб’явiў пра iх канчатковы паратунак. Чаму так павёў сябе нямецкi афiцэр, ражкоўцы недаўмявалi. Але ён сам прыехаў месяцы праз два, усё растлумачыў i перадаў жыхарам Ражкоўкi абраз. Сказаў, што тады ў самалёце яму з’явiлася сама Мадонна i загадала выратаваць людзей. Зiрнуў унiз i ўбачыў месца кары. Уражаны вiдовiшчам, ён дабiўся вызвалення няшчасных. А потым папрасiў салдата-разьбяра па дрэве ўвекавечыць святы вобраз, якi ён убачыў — Дзева ў блакiтных адзеннях з дзiцем на руках. Салдат выразаў, як змог i як уяўляў гэты вобраз. Унiзе створанага ў ваенных умовах незвычайнага абраза пазначана дата: 28. 9. 1942 г. Храм i памяць Да вайны царквы ў Ражкоўцы не было. А пасля такога цудоўнага выратавання вяскоўцы рашылi ўзводзiць свой храм. Драўнiны ў навакольных лясах хапала. А ў суседняй вёсцы пад назваю Белая фашысты рашылi царкву знiшчыць. Праўда, да пажару людзi паспелi вынесцi абразы i iншае царкоўнае начынне. Вось яно i перасялiлася ў новы дом. Царква была гатова ўжо ў 1943 годзе. Там змясцiлi абраз збавiцельнiцы i малiлiся яму. Не даводзiлася болей чуць пра цэрквы, узведзеныя падчас акупацыi на ахвяраваннi насельнiцтва. Не да гэтага было. А тут, вiдавочна, людзi рабiлi тое, што для iх уяўлялася самым галоўным. Вось ужо 65 гадоў стаiць сiнi храм са светлым купалам на краi Ражкоўкi i захоўвае памяць. На жаль, не засталося нiкога з тых людзей, якiх прыгналi да ямы. Адышоў i нязменны на працягу паўвека настаяцель царквы айцец Мiкалай Гарбачук. Як расказваюць, стары святар вельмi беражлiва ставiўся да гiсторыi храма, сведчанняў прыхаджан i вельмi энергiчна адстойваў, калi царкву некалькi разоў парывалiся закрыць. Няцяжка зразумець, што i памяць аб цудоўным вызваленнi жыхароў вёскi не надта заахвочвалася. Недзе ў гады 60-я зусiм побач з месцам, дзе ледзь не загiнула i выратавалася добрая палова вёскi, пабудавалi жывёлагадоўчую ферму. Жывёла хадзiла i па тым месцы, дзе была яма. Але жывёлагадоўчы аб’ект аказаўся недаўгавечным, справы пайшлi не лепшым чынам, i неяк нiбы сама па сабе тая ферма звялася. А людзi ўсё ж адчулi патрэбу паставiць нейкi памятны знак на асаблiвым для вёскi месцы. Так каля двух дзесяткаў гадоў таму ўзнiк металiчны крыж з абразком Божай Мацi i надпiсам на невялiкай мемарыяльнай дошцы: "Гэты крыж узведзены ў памяць выратавання ад смерцi жыхароў вёскi Ражкоўка 1942 года 28 верасня". А лiтаральна некалькi гадоў таму побач з жалезным паявiўся яшчэ адзiн букавы крыж. Яго прывезлi праваслаўныя вернiкi С.-Пецярбурга. Яны прыехалi на Камянеччыну, як толькi прачыталi дзiвосную гiсторыю вызвалення вёскi ў адным са сваiх царкоўных выданняў. Госцi сустракалiся з вяскоўцамi, запiсвалi iх расповеды на вiдэа. А потым, як i абяцалi, прывезлi трохмятровы крыж, якi зрабiлi сваiмi рукамi. Пазней пецярбуржцы ўзялiся паспрыяць напiсанню новага абраза ражкоўскай збавiцельнiцы. Справа ў тым, што дарагая сэрцу кожнага вяскоўца драўляная салдацкая работа выканана не па праваслаўных канонах. Збавiцельнiца нагадвае тут зямную жанчыну. А новы абраз напiсалi спецыялiсты Аляксандра- Неўскай лаўры. Ён выкананы ў акадэмiчнай манеры, захаваны памеры i максiмальнае падабенства рысаў з разным аналагам, i, галоўнае, па словах вiдавочцаў, створаны дух праваслаўнага абраза з яго ўзнёсласцю i духоўнай глыбiнёй. Цяперашнi настаяцель Свята-Казанскага храма Ражкоўкi Алексiй Лагашоў прывёз новы абраз з паўночнай сталiцы Расii. I вельмi хутка святыня зойме сваё пачэснае месца ў храме. Стары таксама застанецца на ранейшым месцы. Святлана ЯСКЕВIЧ. Камянецкi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гiсторыя цудоўнага вызвалення пушчанскай вёсачкi Ражкоўка, якая была за iмгненне ад лёсу вогненных вёсак нашага краю, падобная на легенду. Але многа ф
|
|