"Белыя плямы" гісторыi павiнны мець колер
"Белыя плямы" гісторыi павiнны мець колер
На базе 120-й гвардзейскай асобнай механiзаванай брыгады ў Мiнску адбылася прэзентацыя чарговай кнiгi беларускай пiсьменнiцы Наталлi Голубевай. У кнiгу ўваходзяць дзве гiстарычныя аповесцi — "Радимичи" i "Земля непокоренная", прысвечаныя воiнству, доблесцi i гонару нашых продкаў. Гэта падзея адбылася невыпадкова. Аўтару вельмi хацелася, каб кнiга, напiсаная аб моцных духам людзях, якiя жылi на тэрыторыi Беларусi ў старажытнасцi, баранiлi сваю зямлю ад ворага, бераглi яе, была прадстаўлена сучасным вайскоўцам, для якiх такiя паняццi, як радзiма i гонар, не пусты гук. — Наталля Аляксандраўна, пазнаёмце, калi ласка, у некалькiх словах вашых будучых чытачоў з новай кнiгай. — Дылогiя вяртае нас у глыбокую старажытнасць, да перыяду родаплемянных адносiнаў. На тэрыторыi Беларусi ў ІX—X стагоддзях пражывала тры племенi: крывiчы, дрыгавiчы i радзiмiчы. Апошняе, якое мела пасяленнi па Сожы i Дняпры, там, дзе цяпер размяшчаецца Гомельская i частка Магiлёўскай абласцей, мела ўнiкальныя вайсковыя, рэлiгiйныя традыцыi, цiкавы ўклад жыцця, выключныя веды аб прыродзе, зорным небе. На старонках кнiгi я расказваю аб ваенных паходах i перамогах радзiмiчаў, аб складаных перыядах, калi трэба было рабiць цяжкi выбар, iх уменнi будаваць свае адносiны з суседнiмi плямёнамi, Кiеўскай Руссю, быць добрымi дыпламатамi. Абедзве аповесцi звязаныя агульнымi героямi, месцам дзеяння. Маецца тут месца i глыбокiм чалавечым пачуццям, каханню. У кнiзе я пастаралася акумуляваць увесь матэрыял, навуковы, археалагiчны, якi быў напрацаваны ва ўсе перыяды вывучэння звестак аб племенi радзiмiчаў, у першаю чаргу беларускiмi навукоўцамi. Гэта i сапраўдныя дакументы, якiя датычацца побыту, культуры i ўзаемаадносiнаў радзiмiчаў. На тэрыторыi Беларусi яшчэ шмат курганоў, якiя чакаюць свайго часу, свайго даследчыка i захоўваюць шмат сакрэтаў. — На якую аўдыторыю разлiчаны вашы аповесцi? — Для таго, каб у даступнай лiтаратурнай форме паказаць людзям, што у нас шмат "белых плямаў" у гiсторыi, я наўмысна пакiнула на нейкi час сваю навуковую работу. Iмкнуся пiсаць так, каб мяне зразумелi ўсе. Бо нашу гiсторыю, пераканана, павiнны ведаць усе, як дзецi, так i дарослыя. — Што галоўнае вы хацелi сказаць сваiм чытачам? — Мая задача, як гiсторыка, як пiсьменнiка — па крупiнках вяртаць нашу гiстарычную памяць, якая дапамагла б паказаць людзям, што беларуская нацыя ўнiкальная ў сваiх традыцыях, што патрыятызм людзей, якiя стагоддзямi жывуць на беларускай зямлi, сваiмi каранямi адыходзiць у глыбокую старажытнасць. Учынкi нашых продкаў даказваюць, што беларусы — моцная нацыя з цiкавымi традыцыямi i з трывалымi каранямi. Гэта людзi, якiя нiколi нi на каго не нападалi, а толькi адбiвалi напады ворагаў, абараняючы сваю зямлю, прыкладалi намаганнi, каб спынiць войны, агрэсiю. Людзi, якiя ўмелi не толькi ваяваць, але i самааддана кахаць. — А цi можна прачытаць вашу кнiгу на беларускай мове? — Планую перакласцi цыкл "Земля непокоренная" на беларускую мову, але крышку пазней. Бо сёння iдзе праца па перакладзе яе на англiйскую мову. Хочацца, каб iншаземцы фармiравалi меркаванне аб нашай краiне праз яе гiсторыю i аб Беларусi даведалася як мага больш людзей у свеце. Пераклад на беларускую мову рабiць планую сама, бо вельмi люблю нашу родную мову i, на маю думку, нiхто, акрамя самога аўтара, не зможа перадаць падзеi, пачуццi, фарбы, як гэта было задумана. — Якiя "белыя плямы" гiсторыi будуць адкрытыя для беларусаў у хуткiм часе? — Праектаў вельмi шмат. Наступны гiстарычны раман будзе прысвечаны Бабруйскай крэпасцi. Ён ужо знаходзiцца на стадыi завяршэння. Усе ведаюць Брэсцкую крэпасць, а вось пра Бабруйскую мала хто чуў. Яна адыграла важную ролю ў стратэгiчным плане ў вайне 1812 года. Падчас яе будаўнiцтва быў праяўлены не меншы патрыятызм беларускiх людзей, чым у iншыя перыяды нашай гiсторыi. Гэта таксама быў i вельмi складаны перыяд у лёсе беларусаў, якiя пасля апошняга падзелу Рэчы Паспалiтай апынулiся перад складаным выбарам. А выбар, як вядома, рабiць нялёгка ва ўсе часы. Самае галоўнае — не памылiцца: заставацца верным сабе i сваiм прынцыпам. У блiжэйшых планах напiсаць кнiгу аб беларускiх разведчыках у перадваенны перыяд Другой сусветнай вайны. Над унiкальнымi матэрыяламi ўжо пачала працаваць у архiвах, рыхтую праект аб падзеях у Смаргонi перыяду Першай сусветнай вайны. Хочацца расказаць чытачу аб яшчэ нераскрытых старонках нашай гiсторыi. Планаў шмат. Галоўнае — усё паспець. Надзея ДРЫЛА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На базе 120-й гвардзейскай асобнай механiзаванай брыгады ў Мiнску адбылася прэзентацыя чарговай кнiгi беларускай пiсьменнiцы Наталлi Голубевай. У кнiг
|
|