Ёлкi-палкi
Ёлкi-палкi
На конкурс апавяданняў Анатоль Бігайдараў — журналiст. З самага распаўсюджанага i, што таiцца, не заўсёды ацэненага племенi руплiўцаў пяра, племенi журналiстаў раённых газет. Цiха i непрыкметна пiша прозу — прозу не толькi палёў i будоўляў. Гэта, спадзяюся, вы адчуеце па яго новым апавяданнi, якое Анатоль, ужо лаўрэат нашага конкурсу, нядаўна даслаў у "Звязду". Вiктар КАЗЬКО. Анатоль БIГАЙДАРАЎ Ёлкi-палкi — Каркаў-каркаў i, дзякуй табе, накаркаў!... Шчэ i, блiн, за суткi да Новага года!.. — замест прывiтання зласлiва прабубнеў мой сусед Васiль Банцэўкiн, саракапяцiгадовы мiлiцыянер, ахоўнiк аднаго з камерцыйных банкаў. Зайшлi ў кабiну лiфта. Ад такога "дзячання" адчуваю сябе няёмка, аднак моўчкi торкаю руку ў вобласць Васiлёва чэрава-гарбузякi, ручкаемся, так, без узаемнасцi, нязвыкла вяла, як малазнаёмцы. Быццам i не пражылi дзверы ў дзверы, душа ў душу шаснаццаць гадкоў. "А ты, сынок, менш журыся: перажылi вайну — перажывём i манеўры!" — узгадалася любiмая прымаўка бацькi, i я энергiчна цiскаю кнопку з адзiнкай. Едзем. Каму балiць, той i лямантуе: — Шчэ й, блiн, на маiм дзяжурстве!.. Шчэ й за два месяцы да "дэмбеля"... Рапарт на тым тыднi аднёс камандзiру... Дазвольце, пiшу-кугiчу, таварыш падпалкоўнiк, беднаму прапаршчыку мiлiцыi хоць паўгода пераслужыць... Трэба ж перад выхадам на пенсiю работу годную знайсцi — не ў грузчыкi ж!.. Я "не ў тэме", таму i не ўлажу, кiваю галавой i спачувальна падкрэктваю без пяцi хвiлiн пенсiянеру. А сам думаю: "Няма такога зла, каб з яго камусь не выйшла дабро. Мабыць, надоечы, рабанулi-такi Васькаў банк!.. А ён, ёлупень, усё рапартуе!.. Яму, бачце, у сорак пяць на пенсiю не хочацца... Работу добрую, чырвонагаловiк, яшчэ не нагледзеў... Ты на скрут галавы бяжы ў блiжэйшую царкву — стаў па свечцы кожнаму святому, што ўратаваўся!..." Прыйшлi на прыпынак. Нi аднаго аўтобуса! I так шторанiцы — круглы год. Няма тае хусты, каб завязаць людзям вусны: маўляў, калi тут жыў "iкарусны тата" — дырэктар аўтапарка, — то машын хапала. I гэта чыстая праўда! "Хай бы ўжо наш "аўтобусны каралёк" нiкуды адсюль i не з’язджаў, — слушна зазначалi найбольш практычныя пасажыры. — Грошай нямерана — будуй свой трохпавярховы катэдж тут, на беразе нашага возера. Што, збаяўся? А дарэмна, не ён першы, не ён апошнi. З гэтага хоць карысць была б". Мароз i ветрык з возера прабралi да касцей, калi, натужна пыхкаючы чорным смуродам, падрулiў брудна-жоўты аўтобус з "гармошкай". У ягонае прамерзлае нутро прабiваемся толькi дзякуючы Васiлёвым формам — фiзiчнай i мiлiцэйскай. Заадно i сагрэлiся. Разам ехаць хвiлiн трыццаць, да цэнтра горада: мне — прама на работу, а суседу — кругаля: яшчэ па пiсталет, "паганялку" i ўказаннi айцоў-камандзiраў. За ўвесь рабочы дзень з Банцэўкiным стыкуемся разы тры. Часцей у сталоўцы, радзей — у разлiкова-касавым аддзеле, куды звяртаюся па рабоце, цi ля лiфта. Банк займае амаль увесь першы паверх, а наша фiрмачка — два пакойчыкi на дзявятым, апошнiм. — Ну хай бы ўкралi... адну... меншую... — ужо цiшэй, больш памяркоўна, быццам аналiзуючы версiю, дудукае Вася. — Тады я хоць нешта магу змiкiцiць... Скажам, нейкi мужык прапiвае "чырык", якi жонка дала на набыццё навагодняй ёлкi... Дадому паражнячком не вернешся?.. Вось ён... у стане лёгкага ап’янення... i адважыўся... А ў нашым выпадку? Крадуць не адну, а адразу тры ялiны! Кожная — пад чатыры метры, шчэ й блакiтная... Ясны дзень — дрэвы чыкнулi пад заказ. На рынку такiя не выставiш — замятуць нашы!.. Злодзеяў, факт, было не менш як тры: адзiн — на шухеры, а заадно i за рулём, двое — з пiлою... Каб iм i iх наймiтам рукi паадсыхалi па самыя плечы!.. Зараней, блiн, разведалi, усё дэталёва абмеркавалi!.. А тады ноччу на мiкрааўтобусе... машыну загналi пад самы банк, на спецпляцоўку, дзе ўдзень паркуе "шкоду" кiраўнiк... — А ты што, спаў?.. У акно ж усё бачна... — зусiм ненапiраючы на слова "спаў", звяртаюся да Банцэўкiна. Цяпер i я ў тэме. Да мяне нарэшце дайшло, што яго так моцна ўзрушыла. Мiж тым, толькi сёлета я на поўным сур’ёзе двойчы папярэджваў: "Хоць меншым ялiнам паскручвай цiшком вярхушкi!.. Сорам вочы выесць, калi ёлкi пакрадуць! Ды якi дурань палезе на ражон: лiхтар, пражэктар, кругласутачная ахова, на ганку — вiдэакамера!" Выйшла ж па-мойму. Васiль, бачце, i закрыўдаваў: маўляў, гэта я накаркаў... — Якое там "спаў"! — i зiмою рабаваты твар Васiля запунсавеў ад абурэння. — Ды нас камандзiры "адведваюць" часцей дыхання!.. А шчэ й тэлефоны, рацыя!.. А рассядаць перад акном мiлiцыянеру забарона, да ўсяго на акне — ралеты, жалюзi... Зрэшты, блiн, за падворак i вулiцу мы не ў адказе! Для таго ёсць вартаўнiкi, гарадскi патруль, участковы... — Тады чаму ты зрання душу шманаеш, чаму так шаршнееш? — кажу я, хоць разумею: кiдаецца "блiнамi" Васiль не без падставы. Яму, вiдаць, ужо нагарэла ад камандзiра аддзялення. Нагарыць яшчэ i сёння. Мно-о-га больш. Да пахi даб’юць не банкаўскiя, а ўзводны, ротны i камбат... Пасажыраў у салоне ўсё меншае i меншае: у цэнтры працуюць нямногiя, а на дарагi тутэйшы рынак у буднi нашы людзi не ездзяць. Цяжка пасопваючы, сусед ладкуе ямчэй на плячы лямку чорнай сумкi, затым лезе ў бакавую кiшэню курткi, дастае бэзавага колеру насоўку i трэ ёю па ўзмакрэлым твары, затым здымае шапку i паспешлiва працiрае лысiну. Праз хвiлiну, азiрнуўшыся, Васiль займае край даўно пуставаўшага сядзення i соўгаецца блiжэй да акна, пачынае па-дзiцячаму хукаць на мерзлае шкло. Я стаю побач. Суседа мне шкада. А мiлiцыянер роўна хукаў на шкло i думаў, думаў: "Добра, калi да нашага ўпраўлення гэтая гiсторыя пра ёлкi дойдзе не сёння-заўтра, а, скажам, праз тыдзень... Хоць што з таго: на смерць няма зёлак... Пагоны, лiчы, на нiтцы вiсяць!.. Ды што пагоны, i сама пенсiя — на сухi лес!" — Наступны прыпынак "Завод Кiрава", — бадзёра абвяшчае вадзiцель. — Васiль Леанiдавiч, выходзiм? — Каб ты ведаў, як мне не хочацца сёння iсцi на развод!.. Там жа, блiн, сотня нашых "жарабцоў" — усе вочы праглядзелi! — Васю чакаюць, каб парваць кiшкi з рогату! — Кiнь дурное, адкуль iм што вядома? — Адкуль? Ды з нашай жа дзяжуркi!.. Думаеш, нiхто з маладых дасюль не рассарочыў такую навiну па батальёне?.. Эт, сусед, шкада, што з "дзядоў" у аддзяленнi засталiся толькi Вiцька-камандзiр ды я... "Дзяды" сваiх на смех выстаўлялi!.. ...Да месца работы я дабег хутка: тратуары з ночы былi шчодра "падпясочаны". Цiкава, чаму гэта дворнiкi ў цэнтры працуюць намнога спрытней i якасней, чымсьцi iх калегi са "спальных" мiкрараёнаў? Можа, "цэнтравым" што даплачваюць, так бы мовiць, адмэрваюць? Мiнуўшы наш, галоўны, ганак — стары, з пабiтымi бетоннымi прыступкамi, я спакваля падыходжу да суседняга, банкаўскага, — мармуровага, з блiскучымi, пад золата, парэнчамi. Хачу няспешна, дэталёва агледзець месца Васiлёвай ганьбы. Дзiўна, але нi сiнякi, нi цавiнкi — нiчога такога не прыкмячаю. Вяртаюся, зварочваю на спецпляцоўку, на якой ужо стаiць знаёмая iншамарка (i багатым не спiцца). А дзе ж сляды крадзяжу? Нi пянькоў, нi пiлавiння, нi галiнак цi хоць iголак... Гурбы снегу i тыя не парушаны... Стаяць i ялiны. Стаяць годна, вольна, пацвельваючы сiнiчак-жаўтлячкоў купкамi шышак-сасулек... Але стоп! Нештачкi хохлiць вока. Ага!.. Наш ельнiк i сапраўды нехта "прарадзiў"! Пятнаццацiмятровыя елкi засталiся, а чатырохмятровых, тых, што цягнулi свае колкiя i лiпкiя лапы ў акно дзяжуркi, не стала. Звезлi iх i, зразумела, яшчэ ўчора рэалiзавалi "белым людзям Белай Русi", тым, у каго столi ў катэджах пад пяць метраў... Я зiрнуў на гадзiннiк — роўна восем. Увiшна слiзгаю на работу: мой шэф з маладых, але раннi. I ў прамым сэнсе. Сеўшы за пiсьмовы стол, "пераварваю" ўсё ўбачанае. "Ёлкi ўкрала добра арганiзаваная група", — канстатаваў ранiцай Васiль.. Што ж, з гэтай яго тэзай нельга не пагадзiцца. Але вiдавочна i iншае: аператыўна лiквiдавалi сляды начнога злачынства не менш вопытныя таварышы, якiя вокамгненна, хiтра-мудра правялi такую маскiроўку. А дзе такiя хлопцы — дэсантура, пагранцы? Упэўнены на ўсе сто: дарэмна прапаршчык Банцэўкiн грашыў на моладзь свайго аддзялення! Сон на заўтра адкладзi, а справу сёння давядзi... Гэта ж яны ўсё i падчысцiлi: добра там жывецца, дзе гуртам сеецца i жнецца! ...Пра знiкненне трох блакiтных ялiн з-пад акна ахоўнiкаў банка нiхто з тутэйшага начальства не празнаў да самага цяпла. Такое бывае не часта. У пачатку красавiка, калi, як масла на патэльнi, распаўзлiся апошнiя гурбы заляжалага снегу, удзельнiкi традыцыйнага суботнiка разам з мiнулагодняй iглiцай, шышкамi, iншым смеццем выграблi на свет божы з-пад лапнiку адной са старых ялiн тры ладныя смалiстыя паленцы, а неўзабаве "засвяцiлi" i тры пянькi... З гэтай нагоды асаблiва абураўся-плiскаў слiнай начальнiк службы бяспекi банка, былы палкоўнiк мiлiцыi Макар Эдмундавiч Драч. Драч шкадаваў не ёлак, пярун iх калядны спалi. Яго свая ржа тачыла: "Эттта... пачччаму... нiхто не далажыў!" Цiкава, што сталыя фiнансiсты навiну нават не абмяркоўвалi. Яны эмацыянальна больш устойлiвыя, i зусiм нiякiя гурткоўцы, калектывiсты. Вы паспрабуйце, дзеля смеху, узгадаць хоць бы аднаго банкiра-агiтатара, банкiра-рэвалюцыянера! Юрысты, настаўнiкi, iнжынеры, афiцэры былi, салдаты, матросы, рабочыя i нават сяляне былi... А банкiраў не было. Дробныя "каменьчыкi", кшталту "толькi i ўмеюць, што па сто разоў на дзень дакументы правяраць", раз-пораз кiдалi ў бок "банкаўскiх мiлiцыянераў" самыя юныя фiнансiсты — унукi i ўнучкi былых партыйна-камсамольскiх функцыянераў. Яны, гiмназiсты-аднакласнiкi i студэнты-аднакурснiкi, пакуль яшчэ кучкавалiся. ...Суботняя знаходка, гвалт, узняты кiраўнiком службы бяспекi банка, гарантавалi абавязковую "разборку палётаў" у кабiнеце кiраўнiка. Апошнi, набыўшы без адрыву ад вытворчасцi ажно шэсць постсавецкiх дыпломаў, заставаўся iнтэлiгентам у першым пакаленнi, таму размаўляў з тымi, "хто нiжэйшы ростам", без паўзаў i не прасейваючы слоў са свайго лексiкону. ...Загадчык гаспадаркi банка Антон Казiмiравiч Няпруха, якi за савецкiм часам выкладаў родную мову ва ўнiверсiтэце, быў першым i адзiным, хто не толькi адразу заўважыў адсутнасць ёлак, але i асабiста дапамагаў маскiраваць месца злачынства. Спачатку Васiлю а шостай ранiцы, а затым i маладому зменшчыку Мiшу, i камандзiру аддзялення Вiктару. Няпруха вёў складаную гаспадарку банка трэцi год, дбайна, асцярожна, нават насцярожана, "даючы Богу шанц падмагчы мне ў новай прафесii". Банкiраў, хай i новых, 55-гадовы кандыдат фiлалогii, мякка кажучы, пакуль не палюбваў, дакладней, любiў iх на парадак менш, чымсьцi, скажам, мiлiцыянераў. А таму свайму босу, земляку i аднакласнiку, за якога з восьмага класа пiсаў сачыненнi, загадчык гаспадаркi банка Няпруха "на разборцы палётаў" — пачцiва i на "вы" — абвясцiў наступнае: — Мiкалай Васiльевiч, нiякага крадзяжу ялiн не было. Толькi рарытэтныя тупнi палезуць з пiлою пад мiлiцэйскае акно. Дзе дрэвы? Паспiльваў. Чаму ноччу? А так спакайней. У прыватнасцi, не трэба кожнаму тлумачыць, што аперацыя "ёлкi-палкi" — рэалiзацыя вашай дырэктывы. Не памятаеце? Тым летам ладная шышка мiнскаму аўдытару па галаве трэмкнула!.. Тады вы i загадалi: "Усё жывое ў радыусе пяцi метраў па перыметры стаянкi маёй "шкоды" — пад сякеру". Цяпер — парадак. Вечарам ваш "даiшнiк" спецзнак падвязе — установiм. Слуп я ўжо ўкапаў". * * * ...Абласное мiлiцэйскае начальства пра тое прыкрае пераднавагодняе здарэнне так нiчога i не даведалася — нiхто не далажыў. Чаго не хочацца самому — не рабi другому. Лагiчна. Мой сусед Банцэўкiн, як жадаў, яшчэ амаль тры гады пасля законных дваццацi пяцi без прыгод прасядзеў дзяжурным, вартаваў камерцыйны банк. Сёння Васiль Леанiдавiч атрымлiвае добрую — "нерабочасялянскую" пенсiю i, блiн, працуе. У ахове мясакамбiната. Як кажа мая цешча, хто на што вучыўся. г. Гомель.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Анатоль Бігайдараў — журналiст. З самага распаўсюджанага i, што таiцца, не заўсёды ацэненага племенi руплiўцаў пяра, племенi журналiстаў раённых газет
|
|