Тачка
Тачка
Сямiдзесятыя гады. У Брасла-ве праходзiць семiнар твор-чай моладзi. Сабралiся маладыя i ўжо не зусiм лiтаратары, мастакi, акцёры, музыканты, кiнематаграфiсты... Прыехалi мэтры. Як правiла, на такiх семiнарах не абыходзiлася вечарамi без чаркi i добрай чаркi. Кiраўнiцтвам гэта не тое што заахвочвалася, але i не каралася. І вось засядзелiся ўначы доўга. А ранiцою аднаму акцёру трэба ехаць у Вiцебск. У яго адказны спектакль. Аўтобус з Браслава выходзiць рана, да таго ж ад нашага начлегу да аўтастанцыi пару кiламетраў. А падняць акцёра не можам нiяк. За шэсць гадзiн у аўтобусе ён праспiцца. Толькi як даставiць да аўтобуса? I тут нехта вынаходлiвы ўспамiнае, што бачыў ля качагаркi турбазы тачку. Давай! Вытралёўваем небараку з пакоя на двор, падганяем тачку, грузiм. I ўсёй маладой кампанiяй кiруем на аўтастанцыю. Смех, жарты. Маладыя былi, у галовах — вецер. Але акцёр даехаў да Вiцебска, спектакль адбыўся. Трыццаць гадоў назад гэта было... Тачку, дарэчы, мы вярнулi на месца. Не так, як у тым анекдоце пра тачку. На прахадной начальнiк аховы спрабуе злавiць патэнцыйнага злодзея, якi вывозiць з тэрыторыi завода тачкi са смеццем. Кожны раз, як той зламыснiк з’яўляецца на прахадной, начальнiк сам, уласнаручна перапорвае ўсё смецце, якое вывозiцца. Сапраўды смецце, каштоўнага нiчога няма. Так паўтараецца не адзiн i нават не дзесяць разоў. У рэшце рэшт начальнiк аховы ў роспачы звяртаецца да рабочага: — Ведаю, што ты нешта крадзеш, але не магу зразумець, што. Прызнайся. Табе нiчога не будзе. Дык што ты крадзеш? — Тачкi. Энцыклапедычныя слоўнiкi падаюць, што тачка — ручная каляска на адным коле, якую возяць, трымаючы за ручкi i штурхаючы перад сабой. Дарэчы, у старой беларускай мове тачцы адпавядала — турляжка (турляць — пхнуць перад сабой). Гэта крыху састарэла. Бо тачкi ёсць i на двух колах, i на чатырох. I вельмi часта iх цягаюць за сабою. Але класiчная тачка менавiта такая — адно жалезнае кола, жалезны альбо ў лепшым выпадку драўляны кузаў i дзве ручкi, за якiя трымаецца чалавек. Прашу садоўнiкаў i агароднiкаў спынiць параўнаннi. Вашы сённяшнiя тачкi лёгкiя, на гумавым хаду. На iх вы, вядома, часам i гной, i грунт перавозiце, у iх ураджай са сваiх участкаў забiраеце. Цяжкавата, але не так, як было раней. Тачка ў класiчным яе выглядзе — зусiм не для садовых i агароднiцкiх забаў. Тачка ўзнiкла для таго, каб крыху аблегчыць працу чалавека, аднаго чалавека, па перамяшчэннi цяжкiх грузаў. Узнiкла яна, зразумела, адразу пасля ўзнiкнення кола — аднаго з найважнейшых вынаходнiцтваў чалавецтва. А пасаджаная на кола пляцоўка, думаю, выкарыстоўвалася i тысячагоддзi назад, калi чалавеку трэба было перамяшчаць грузы. I ў час пабудовы егiпецкiх пiрамiд тачкi ўжо былi неабходнымi, самымi прымiтыўнымi машынамi. Але ж тачкi iснавалi, iснуюць, будуць iснаваць i надалей. Мадыфiкаваныя, зручныя, але вельмi патрэбныя людзям у невялiкай iх гаспадарцы. У пэўныя перыяды тачка — сiмвал стваральнай працы. Успомнiце кiнахронiкi нашай былой радзiмы СССР дваццатых — трыццатых гадоў. Будаўнiцтва Днепрагэса, Беламорска-Балтыйскага канала, iншых буйных аб’ектаў таго часу. Асноўныя прылады працы — рыдлёўка, насiлкi i... тачка. Так, тачка. Для яе стваралiся спецыяльныя насцiлы, каб вывозiць грунт з катлаванаў. Нормы выпрацоўкi даводзiлiся па тачках. Угледзьцеся ў твары людзей, якiя патрапiлi ў тагачасную кiнахронiку: яны нiбыта i вясёлыя, але... пры тачках. А што большасць з iх пры гэтым лiчылася зняволенымi, пазбаўленымi ў правах, прымусова абавязанымi для гэтых работ — заставалася па-за кадрам. I яшчэ мне ўспомнiлася з гiсторыi Расiйскай iмперыi. Здаецца, дзекабрыстаў у Нерчынскiх руднiках цi не прыкоўвалi да гэтых самых тачак. Бо ў тыя часы руду альбо вугаль з шахты можна было вывезцi толькi на тачцы. Прыкаваць да тачкi. Мая памяць нейкая выбiральная. Чытаў i чытаю шмат. А вось калi саджуся пiсаць, усплывае нешта толькi самае яркае альбо тое, што ўразiла сваёй недарэчнасцю. Успомнiў. Быў у СССР такi пiсьменнiк Валянцiн Пiкуль. Дарэчы, не вельмi прыхiльна ставiўся да нас, беларусаў, да нашай гiсторыi. Але тут возьмем iншае. Ёсць у яго раман "Катарга" пра Сахалiн. Дзеянне рамана — гэта час руска-японскай вайны i перадваення. Гэта самы пачатак дваццатага стагоддзя. Японскiя разведчыкi пад выглядам дыпламатаў i журналiстаў звяртаюцца да губернатара Сахалiна з просьбай даць iм магчымасць паздымаць краявiды, людзей. Ды працытую, знайшоў: — Желательно бы представить известных рецидивистов, прикованных к тачкам, — это так экзотично! Лепишев (губернатар — А.К.) задумался. Раньше, когда здесь еще была Сонька Золотая Ручка, местные власти здорово наживались на продаже фотооткрыток, изображающих сцены заковывания в кандалы. Эти снимки были тогда популярны в России. — Я распоряжусь, — сказал губернатор консулу, — чтобы заковали в кандалы старых уголовников, они будут позировать вместе с тачками. Экзотика пусть остается экзотикой!" Тут трэба патлумачыць, што тады, у пачатку мiнулага стагоддзя, Сахалiн пастаўляў Расii не толькi лес, рыбу, але i каменны вугаль. На каменнавугальных шахтах працавалi ў асноўным i пераважна зняволеныя, бо Сахалiн быў востравам-катаргай для крымiнальных i палiтычных злачынцаў. Вугаль па якасцi быў цудоўны, але якасцi паставак не давалi прыкаваныя да тачак зняволеныя. Iм абы норму адкалоць i вывезцi — а якая там якасць, iх не датычыла. Думаю, што з тых, калi не ранейшых, часоў увайшло ў мову паднявольных рабацяг, калi адказвалi яны начальству: — Перакурым, тачкi змажам. Гэты выраз iснуе i сёння, асаблiва ў асяроддзi грузчыкаў маленькiх баз, перавалачных пунктаў, дзе выкарыстоўваюцца не электракары, а яшчэ самыя звычайныя тачкi, на якiх перавозяцца тавары з аднаго склада ў другi, альбо са склада ў якi цэх, альбо са склада ў краму. Адно з удасканаленняў тачкi — ваганетка. Ваганетка — большая ёмiстасць альбо платформа, прыстасаваная для перавозкi грузаў па вузкакалейных цi падвясных дарогах. Яны выкарыстоўвалiся i на лесаперапрацоўцы, i на iншых работах, але найбольш у шахтах. Ваганетка вельмi цяжкая рэч, у нагружаным выглядзе аднаму чалавеку яе i не скрануць. Патрабуецца некалькi рабочых рук. Калi ж у шахце некалькi такiх ваганетак з вугалем — тут патрэбна ўжо i конская сiла. А для паганяння каня i канагон. Вось-вось, зноў успамiн i якраз пра канагона. У рэдакцыю часопiса "Маладосць" я ўпершыню патрапiў яшчэ ў салдацкiх пагонах, на другiм годзе службы. Папярэдне паслаў туды вершы. А аднойчы скарыстаў звальненне ў Мiнск, адважыўся зайсцi ў рэдакцыю. Зразумела, адправiлi мяне да загадчыка аддзела паэзii Мiкалая Якаўлевiча Аўрамчыка. I тут аказалася, што некалькi маiх вершаў падрыхтавана да друку. Патрэбен толькi фотаздымак. — Ёсць пры сабе? Пры сабе аказаўся толькi вайсковы, у пiлотцы. Такi i надрукавалi. Прызнаюся, толькi потым учытаўся ў кнiгi самога Мiколы Аўрамчыка. А сярод iх была i такая — "Сустрэча былых канагонаў". Гэта сёння нам лёгка гаварыць пра мiнулыя ваенныя нягоды. А Мiкалай Якаўлевiч глынуў iх нагбом. Франтавiк, якi трапiў у палон у 1942-м. Хапiла яму пасля вайны тагачаснай паметкi ў анкеце аб гэтым палоне. А ў палоне патрапiў паэт на каменнавугальныя шахты Рура. I працаваў там... канагонам. I пра гэта — у вершы: Ты ж канагон, як кажуць, па прызваннi, А я, брат, паняволi канагон... Заплюшчу вочы — ўсё як ёсць дазвання Прыгадваю, нiбы жахлiвы сон. Паўзмрочная капальня ў дымным Руры, I ў ёй не я, а сноўдае штодзень Шкiлет, якi яшчэ абцягнут скурай, Ды на сцяне — чужы сутулы цень. У гэтым вершы паэт звяртаецца да сябра па зняволеннi, якi i да палону быў канагонам у Данбасе. Але i самому паэту пасля вайны давялося шмат папрацаваць у тым Данбасе, пакуль змог ён вярнуцца на Радзiму. Так складвалася жыццё, што маё пакаленне правiнцыялаў проста не магло не працаваць на зямлi ад маленства, дапамагаючы бацькам, а потым i наладжваючы свае стасункi з ёю. Быў у мяне перыяд, калi даводзiлася думаць пра апрацоўку некалькiх дзесяткаў сотак, а потым i пары гектараў, потым зноў некалькiх дзесяткаў сотак. I заўсёды цяжка было абысцiся без звычайнай тачкi. Сёння яна ў гаспадарцы патрэбна асаблiва ў асеннюю пару — вывезцi з участкаў тое калiўе i пустазелле, якое зямлi не патрэбна зiмою, развезцi па ўчастках гной, калi ён ёсць, — вельмi патрэбны зямлi пад будучы ўраджай. Але тачка патрэбна, як i многiм, многiм iншым. Разумею, што для маладых беларусаў слова тачка гучыць у зусiм iншым сэнсе. "Тачкамi" яны называюць аўтамабiлi i найперш замежных марак, бо "масквiч" цi "жыгулi" пад гэта вызначэнне неяк i не падпадаюць. "Крутая тачка" — вось адзiн з фактараў таго, што чалавека можна назваць паспяховым. Пярэчанняў тут i быць не можа. Чалавек у гэтым свеце павiнен быць паспяховым. Павiнен дабiвацца вельмi многага (праўда, калi гэта заваёвана ўласным розумам, iнiцыятывай, працай, ды ў рэшце рэшт i ўмелымi рукамi, але не звязана з нечым крымiнальным). Нашы дзецi iдуць далей за нас, а ўнукi пойдуць яшчэ далей. Проста, магчыма, i не трэба iм забывацца на такую простую i звычайную рэч, як тачка, на адным, цi двух, цi больш колах. Алесь Касцень. Фота Анатоля КЛЕШЧУКА.Вiцебская вобласць.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сямiдзесятыя гады. У Брасла-ве праходзiць семiнар твор-чай моладзi. Сабралiся маладыя i ўжо не зусiм лiтаратары, мастакi, акцёры, музыканты, кiнематаг
|
|