21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Медальны дождж аказаўся надзвычай працяглым

26.08.2009 10:28 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Медальны дождж аказаўся надзвычай працяглым

Алімпiяда-2008. Спецыяльны карэспандэнт перадае з Пекiна

У нядзелю на Нацыянальным стадыёне Пекiна "Птушынае гняздо" ўрачыста быў патушаны алiмпiйскi агонь XXIX Гульняў. Алiмпiйская эстафета перададзена Лондану. 

Упершыню за гады самастойнага выступлення на Алiмпiядах беларуская каманда змагла дабiцца фенаменальнага вынiку, заваяваўшы 19 камплектаў медалёў, з якiх чатыры — залатыя, пяць — сярэбраных i 10 бронзавых.

Цiкава, што медальны дождж прыйшоўся на Беларусь пад самы канец Алiмпiйскiх гульняў. Субота аказалася не такой шчодрай, хоць галоўны трэнер нашых весляроў на байдарках i каноэ Уладзiмiр Шантаровiч казаў: "Чакайце, нашы павiнны яшчэ раз усiх здзiвiць". Вiдавочна, што Уладзiмiр Уладзiмiравiч "перастараўся" ў сваiх прагнозах, бо з трох фiнальных заездаў беларусам удалося здабыць толькi адну бронзу. Але калi ўлiчыць, што алiмпiйскія ўзнагароды дасталiся нашай двойцы ў складзе нядаўнiх герояў Рамана Петрушэнкi i Вадзiма Махнёва — вынiк можна лiчыць цудоўным.

У гэты вечар медальны пачын беларускiх весляроў-мужчын падтрымалi дзяўчаты-гiмнасткi. Мiнчанка Iна Жукава ўпершыню ў гiсторыi айчыннай мастацкай гiмнастыкi ў асабiстым шматбор’i заваявала сярэбраны медаль.

Заключны дзень Алiмпiйскiх гульняў у Пекiне быў звязаны ў беларусаў толькi з дзвюма дысцыплiнамi. Калi марафонец Андрэй Гардзееў з ранiцы пасеяў песiмiзм у душах беларускiх балельшчыкаў, бо 42 км 195 м яму не ўдалося прайсцi поўнасцю, то выступленне ў шматбор’i беларускай каманды "мастачак" чакалася з вялiкiм нецярпеннем. У многiм таму, што нашы дзяўчаты цудоўна выступiлi на папярэднiх спаборнiцтвах, заняўшы там першае месца, i адразу заваявалi судзейскiя сiмпатыi. Заставалася толькi паставiць на сваiм выступленнi тлустую кропку. Прыемна, што чаканнi беларусаў не аказалiся марнымi. Падначаленыя Iрыны Ляпарскай паказалi свае магчымасцi ў поўным аб’ёме i рэальна прэтэндавалi як мiнiмум на сярэбраныя медалi, следам за расiянкамi. Праўда, пасля першага раздзелу праграмы са скакалкамi беларускам у спiну дыхалi кiтаянкi, якiх суддзi "за вушы" цягнулi ў прызёры. На жаль, меркаваннi наконт таго, што нашы з гаспадынямi на фiнiшы могуць памяняцца месцамi, аказалiся прарочымi. Зноў жа не без "добрых" адзнак арбiтраў азiяткi з даволi сцiплай праграмай па колькасцi складаных элементаў, змаглi прасунуцца на другую пазiцыю. Нашы дзяўчаты выступалi перадапошнiмi, маючы стратэгiчную перавагу над сапернiцамi. Аднак па вынiках выступлення беларусак ацанiлi на "бронзу". Яна з’явiлася вянцом на заканчэннi Алiмпiйскiх гульняў i, без сумненняў, пралогам далейшых поспехаў.

Раман ПЕТРУШЭНКА, алiмпiйскi чэмпiён i бронзавы прызёр Алiмпiйскiх гульняў-2008 у Пекiне ў веславаннi на байдарцы:

"Мы з Вадзiмам Махнёвым розныя па характары, аднак у лодцы — адзiнае цэлае"

Медальным дублем беларускiх весляроў-байдарачнiкаў Рамана Петрушэнкi i Вадзiма Махнёва на пекiнскай Алiмпiядзе была пастаўлена кропка ў адказе на пытанне — куды рухаецца айчыннае веславанне на байдарках i каноэ. Адказ напрошваецца сам сабой — у правiльным накiрунку.

Заключны дзень на вяслярным канале кiтайскай сталiцы прынёс беларускаму тандэму "бронзу".

— Раман i Вадзiм, з чарговым поспехам вас!

— Дзякуй! (iнiцыятыву для размовы бярэ Раман). Хочаце спытаць, цi задаволены мы бронзай пасля залатога поспеху? Адкажу: задаволены, бо мы ведаем свае сiлы на дыстанцыi 500 метраў i сiлы сапернiкаў.

— I хто, па-вашаму, павiнен быць сёння на "канi"?

— Немцы Рональд Раўхэ i Цiм Вiскотэр.

— Тады прычым тут iспанцы Кравiота—Перэс?

— А гэта ўжо фартуна. Яна iм усмiхнулася на ўсе 32 зубы. Яшчэ да старту спартсмены Германii лiчылiся фаварытамi, што i пацвярджалася стабiльнасцю на працягу ўсяго сезона. Але на тое i шчупак, каб карась не драмаў. Нямецкi экiпаж з самага старту ўзяўся "пасвiць" мяне з Вадзiмам, каб мы раптам не далi драпака. Пакуль яны кантралявалi нас, iспанцы якраз зрабiлi тое, што павiнны былi зрабiць у гэтай сiтуацыi — рашуча пайшлi ў адрыў i вельмi моцна стартавалi. На майскiм чэмпiянаце Еўропы была абсалютна iдэнтычная карцiна, але тады сённяшнiм сярэбраным "няўдачнiкам" удалося дагнаць уцекачоў. На гэты раз нямецкi экiпаж пралiчыўся.

— Падчас узнагароджання на вачах Раўхэ—Вiскотэра былi слёзы.

— Дакладна, што гэта не слёзы радасцi. Не пакацiла дык не пакацiла. Але ж гэта жыццё, i тут нiчога не папiшаш.

— У звычайным жыццi ты з Вадзiмам падобныя цi наадварот — поўная супрацьлегласць?

— З Вадзiмам мы розныя, але не настолькi, каб нашы погляды былi палярнымi. Махнёў чалавек узрыўны, тэмпераментны, а Петрушэнка больш спакойны i разважлiвы. Зрэшты, нягледзячы на тое, што ў нас у жыццi розныя iнтарэсы, у лодцы мы адзiнае цэлае.

— За некалькi дзён вы з Вадзiмам дасягнулi зайздроснага вынiку. Можаце назваць сябе шчаслiўчыкамi.

— Безумоўна, радасцi, як гаворыцца, "вышэй даху". Але ж каб быць сёння ў фаворы — трэба патрацiць не адзiн год.

— Як збiраецеся адпачываць? Напэўна, ужо заказаны тур на марскi круiз?

— Ды не, бярыце нiжэй. Мяне больш цiкавiць рыбалка, балазе, на Мазыршчыне, адкуль я родам, там шмат цудоўных месцаў для такога актыўнага адпачынку. А Вадзiм больш аддадзены сямейным справам. Тым не менш скласцi кампанiю на Прыпяцi ён заўсёды гатовы. I я гэтым вельмi даражу.

  Андрэй Краўчанка, сярэбраны прызёр Алiмпiяды-2008 у Пекiне ў дзесяцiбор’i:

"У ноч перад фiнальнымi стартамi я не спаў"

Выступленне беларускага дзесяцiборца было прыемнай нечаканасцю на Алiмпiйскiх гульнях у Пекiне. Мець сiлы выступаць за два днi ў дзесяцi дысцыплiнах — далёка не кожнаму спартсмену па сiлах.

— Андрэй, ты задаволены "серабром"?

— А як вы думаеце? Безумоўна. Зрэшты, калi б некаторыя вiды праграмы я не завалiў, сярод якiх кiданне ядра, дыска i кап’я, то мог бы рэальна разлiчваць на першае месца. А так амерыканец Браян Клэй у асноўным роўна прайшоў усю дыстанцыю i заслужана перамог. Але ж я ўклаў у гэтыя старты ўсё, што мог.

— Так атрымалася, што дзесяцiборцы стартавалi ў вялiкi дождж. Гэта не перашкодзiла паказаць яшчэ лепшы вынiк?

— Калi б я адзiн стартаваў у непагадзь, то можна было скардзiцца на лёс. Але ўсе спартсмены былi ў роўных умовах, таму на нябесную канцылярыю крыўды не трымаю.

— Аклiматызацыя прайшла нармальна?

— Не ведаю. Прыляцеў у Пекiн за 2 днi да стартаў. Шчыра скажу, што самаадчуванне на бегавой дарожцы ў сектары для кiдання i скачкоў магло быць i лепшым. У ноч перад спаборнiцтвамi не спаў. Але ж мы прафесiяналы i скардзiцца нам не з рукi. Зараз мне хацелася б сказаць самыя цёплыя словы майму трэнеру, сябрам, родным i блiзкiм. Без iх гарачай падтрымкi мне прыйшлося б вельмi цяжка.

 

Iна ЖУКАВА, сярэбраны прызёр Алiмпiяды-2008 у Пекiне па мастацкай гiмнастыцы ў асабiстым шматбор’i:

"Дагэтуль я забараняла сабе заўчасна радавацца..."

У сярэбраны медаль беларускi Iны Жукавай у асабiстым шматбор’i цяжка было паверыць. I не таму, што беларуская дзяўчына-"трысцiнка" не здольная на высокiя "палёты". Проста так павялося, што мастацкая гiмнастыка зашмат надзеленая элементамi суб’ектывiзму, i даказаць сваю прафпрыдатнасць на медаль нават пры феерычным выступленнi проста цяжка. Суддзям заўсёды бачна больш. Пасля заканчэння спаборнiцтваў у iндывiдуальным шматбор’i на твары наваспечанай сярэбранай прызёркi ўсмешка з’явiлася не адразу.

— Iна, ты адразу не верыла ў свой поспех?

— Ведаеце, у мастацкай гiмнастыцы ёсць столькi падводных камянёў, што я заўчасна перастала радавацца.

— I гэта пры тым, што ёсць афiцыйны пратакол?

— Паўтаруся, што ў нашым вiдзе спорту здараецца, на першы погляд, немагчымае. Напрыклад, аб’явiлi, што я заваявала ўзнагароду той цi iншай вартасцi, пачынаеш ускiдваць рукi ад радасцi, бурна выказваць свае эмоцыi. А тут суддзi: стоп, машына. I пачынаецца перападлiк ачкоў. Маўляў, прабачце, памылачка выйшла, вы чацвёртая. I хоць ты крычы — нiчога не зробiш. Дзякуй богу, што сёння без судзейскiх сюрпрызаў.

— I тым не менш на якое месца ў iндывiдуальным залiку ты разлiчвала?

— Не здзiўляйцеся: я марыла аб бронзавым медалi, а выйграла "серабро". I не таму што сумнявалася ў сваiх магчымасцях. Проста за гады выступленняў на спаборнiцтвах самага рознага рангу судзейскi суб’ектывiзм заўсёды мог збiць веру ў свае сiлы. Мiж тым i да пачатку Алiмпiяды, i ў час цяперашняга выступлення ў шматбор’i я рабiла ўсё, на што была гатовая i здольная.

— Траўма спiны нагадвала аб сабе?

— Вядома ж, нагадвала, але Алiмпiяда — гэта асаблiвыя спаборнiцтвы,таму пра болi давялося забыць. Дзякуй дактарам, якiя дапамаглi мне быць здаровай. А яшчэ трэнерам i асабiста Iрыне Юр’еўне Ляпарскай, якая зрабiла ўсё, каб я не растрацiла тонус i была ў добрай форме.

  Зiнаiда Лунiна, бронзавы прызёр Алiмпiяды-2008 у Пекiне па мастацкай гiмнастыцы ў групавых практыкаваннях:

"Гэты дзень — самы цудоўны ў маiм жыццi"

Бронзавы поспех беларускiх гiмнастак-"мастачак" у заключны дзень Алiмпiйскiх гульняў у Пекiне стаў вянцом паспяховага выступлення беларускiх спартсменаў у Паднябеснай. Грацыёзнае i прыгожае выступленне беларускiх дзяўчат-прыгажунь — Настассi Iванковай, Ксенii Санковiч, Алiны Тумiловiч, Алесi Бабушкiнай, Глафiры Марцiновiч i Зiнаiды Лунiнай — стала сапраўдным сюпрызам i для iх сапернiц. Пасля цырымонii ўзнагароджання каманда беларусак дружна накiравалася на выхад праз мiкс-зону, дзе iх ужо чакалi журналiсты. Суразмоўцу давялося выбiраць на хаду. Ёй аказалася 19-гадовая мiнчанка Зiнаiда Лунiна.

— Зiна, выступленнем сваiм задаволена?

— Безумоўна, хоць мне давялося выступаць толькi ў першым раздзеле са скакалкай.

Але ж дзяўчаты былi настроены на барацьбу i паказалi ўсё, на што былi здольныя. Былi, вядома ж, памылкi, але мы па ходу выступленняў старалiся iх выпраўляць i iсцi далей. Сённяшнi дзень самы цудоўны у маiм жыццi.

— Адкуль у цябе такое цiкавае па сённяшнiм часе iмя?

— Зiнаiдай мяне назвалi ў гонар маёй бабулi Зiнаiды Канстанцiнаўны, якая вельмi хварэла за мяне i думкамi была са мной. Дарэчы, зараз мне хочацца сказаць шмат цёплых слоў сваiм сябрам, знаёмым i блiзкiм за падтрымку.

— Вашы выступленнi прыйшлiся на апошнi дзень Алiмпiяды, калi ўжо беларускай зборнай было заваявана 18 медалёў...

— Гэта таксама ў душы дапамагала нам больш упэўнена трымацца. Хоць мы дагэтуль трымалi кулачкi сцiснутымi за нашых алiмпiйцаў. Думаю, што наша заслуга ў iх паспяховым выступленнi таксама ёсць.

— У цябе ёсць любiмае практыкаванне?

— Так, я люблю выступаць з мячом.

— Кажуць, што спартыўнае жыццё ў мастацкай гiмнастыцы вельмi кароткае. У твае 19 гадоў, бадай, аб гэтым задумвацца яшчэ рана?

— Пакуль не задумвалася над гэтым пытаннем. На мой погляд, узрост — гэта важны фактар у спартыўнай кар’еры любога спартсмена. Але ж гэта не значыць, што на чалавеку, якi, напрыклад, мае багаты вопыт i надзелены яшчэ нейкiмi адмысловымi якасцямi, толькi па даце нараджэння ў пашпарце можна ставiць крыж.

— Пасля ўрачыстага ўзнагароджання, лiчыце, ужо пачаўся новы алiмпiйскi цыкл. Думкi аб Гульнях у Лондане яшчэ не наведалi?

— За чатыры гады яшчэ многа вады сплыве. Тым не менш сёння я адчуваю ў сабе сiлы, каб дастойна абараняць гонар Беларусi на самых прэстыжных мiжнародных спаборнiцтвах.

Уладзiмiр ЗДАНОВIЧ,

фота БЕЛТА.

 

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У нядзелю на Нацыянальным стадыёне Пекiна "Птушынае гняздо" ўрачыста быў патушаны алiмпiйскi агонь XXIX Гульняў. Алiмпiйская эстафета перада
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика