Дзённiк бландзiнкi
Дзённiк бландзiнкi
ШЧАСЦЕ — ГЭТА... ...у спякотны дзень гушкацца на арэлях, прывязаных да высокай галіны старой грушы, з кавуном у руцэ... У ЧЫМ СIЛА, БРАТ? Бабулька гадоў сямiдзесяцi апошняй забягае ў тралейбус. Жанчына немаладога ўжо веку саступае ёй месца i кажа: — Бачыла, як вы беглi... Адкуль толькi сiлы ў такiм узросце! Бабулька хвiлiну думае i кажа: — А я скажу... Сiла — у каленях! Паўза. Яшчэ праз хвiлiну. — Колькi на каленях перад Богам прастаю, столькi ён мне сiлаў i дае... Запалi мне ў галаву яе словы. Спачатку я думала, што кожнаму даецца сiлаў па сiле яго веры. Але пасля зразумела, што ключавое слова ўсё ж "каленi". Кожнаму даецца па яго пакоры. НЕПЕРАКЛАДАЛЬНЫ ПОСТСАВЕЦКI ЖАНОЧЫ ГУМАР Сустракаю аднакласнiцу. "Хаўдуюду"... Я, змрочна: "Якое жыццё, калi мне восем батарэй тры месяцы мяняюць i яшчэ не скончылi..." Яна, па-фiласофску: "Мммм... Жыла я i з Еўрарамонтам, i з Катэджам... Ат, нiдзе шчасця няма..." Я — ФАТАЛIСТКА Днямi на станцыi метро плошча Незалежнасцi жанчына трапiла пад цягнiк. З яе боку платформы людзей было мала, таму толькi нейкi мужык закрычаў, замахаў рукамi, заскакаў на месцы, як звар’яцелы, падаючы сiгналы машынiсту, каб спынiўся... Жанчына апынулася мiж рэек, а машынiст нацiснуў на экстраны тормаз. Яна ляжала мiж першымi коламi, а на станцыi раўла песня "паляцела душа..." Пасажыры сталi зазiраць пад колы, але бачна была толькi жоўтая куртка i сумачка... А пасля жанчыну, жывую, толькi з калатуном, дасталi лiтаральна з-пад вагона i вынеслi на насiлках. Усё заняло дзесяць хвiлiнаў... Не лёс! Мяне заўсёды здзiўляе, што з адных i тых жа сiтуацый людзi выходзяць па-рознаму. На ўсё жыццё запомнiла выпадак, як з акна лiцэя выпаў хлопец i разбiўся насмерць, а дзяўчыну, якая скокнула з таго ж акна, пры мне ж хуткая дапамога забiрала адно з пераломам канечнасцяў. Але найбольш уразiла мяне адна цётка, якую я бачыла падчас практыкi ў 9-й бальнiцы. Яна хацела скончыць жыццё самагубствам i кiнулася з дзевятага паверха. Здавалася б — якiя тут варыянты? Не, яна паразбiвала сабе ўсё-ўсё, акрамя мозгу. Ляжала пры поўнай свядомасцi i пальцам варухнуць не магла... Карацей, не ведаю, як вы, а я — фаталiстка! САЛОДКАЯ ЖАНЧЫНА Сёння сустрэлася з выключным выпадкам непатрыятызму... Жанчына ў чарзе перада мной расхвальвае ўкраiнскiя цукеркi, шукаючы падтрымкi ў тых, хто побач. Я якраз побач, таму спяшаюся згадзiцца, маўляў, таксама вельмi люблю ўкраiнскi шакалад... I тут яна прыводзiць проста такi забойны аргумент. — Беларускi шакалад нават на маску для твару не гадзiцца, скочваецца ў шарыкi!!! Ну што тут скажаш? ГУЛЬЦЫ I НЯБОЖЧЫКI Неяк чытала пра дзiўны звычай. Быццам бы на ўкраiна-беларускiм Палессi раней садзiлi нябожчыка ў карты гуляць. Такая вось забаўная перадпахавальная фантазiя... Не ведаю, было тое цi не... Але вось давялося мне сёння быць ранiцай у казiно. Карцiна, скажу я вам, сюррэалiстычная. У касе грошы стопкамi стаяць... Ахоўнiкi стомленыя хiстаюцца... А ў пустой зале за адным сталом сядзiць восем гульцоў з тварамi выцягнута-зялёнымi. Ну чыста нябожчыкi! СУЧАСНАЯ МАГIЯ Еду па праспекце Пераможцаў. Бачу — грошы ляцяць. Глюк, думаю. А яны ўсё ляцяць i ляцяць! Вочы працерла... — Ой, што ж вы так дзiвiцеся? Сёння ж 08.08.08. Вось усе i жэняцца... — пракаментавалi побач. Не адразу я зразумела сувязь мiж пабачаным i пачутым... Новабеларускiя традыцыi, аднак. ЛЕКI АД КАХАННЯ Даволi часта даводзiцца чытаць, што каханне выклiкае змену хiмрэчыва ў арганiзме. А калi гэта так, то значыць можна вынайсцi i медычны прэпарат, якi зможа ўсё адвярнуць назад, да нармальнага стану... Во ўжо ўзбагацяцца фармакалагiчныя кампанii, калi такiя лекi будуць вынайдзены! Упэўнена, мiльёны людзей заплацяць за тое, каб спынiць свае пакуты. А яшчэ пару мiльёнаў складуць сябры i сваякi закаханых. Бо iншым разам глядзець на iх глупствы, слёзы, дэпрэсii, трызненнi абсалютна невыносна... Зноў жа, харошая iдэя для псiхатэрапеўтаў пiсаць у аб’явах: кадзiрую ад нераздзеленага кахання... Ганна КIСЛIЦЫНА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
ШЧАСЦЕ — ГЭТА... ...у спякотны дзень гушкацца на арэлях, прывязаных да высокай галіны старой грушы, з кавуном у руцэ... |
|