21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Алё, народ на провадзе!

26.08.2009 10:28 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Алё, народ на провадзе!

"Быў час, быў век, была эпоха..."

калі кожны, прынамсi, хто трапляў у Маскву, лiчыў сваiм абавязкам наведаць Маўзалей, пабачыць Ленiна. Чэргi там фармiравалiся зранку. Людзi ў iх з’язджалiся з розных куточкаў. Пакуль стаялi, здаралася, досыць блiзка знаёмiлiся, размаўлялi. Але ж гэта — калi да ўваходу яшчэ далёка было. Калi блiжэй, — зацiхалi. Толькi не ўсе...

Дзве мае прыяцелькi ну нiяк нагаманiцца не маглi: лiчы, дастаялiся ўжо, сталi па прыступках унiз спускацца, а ўсё перамаўляюцца, вачыма па баках страляюць.

А там — ахова. Не хлопцы, а проста дубы, адзiн у адзiн... I галоўнае — стаяць не зварухнуцца, нават не мiргаюць! Ды што там, здаецца, i не дыхаюць?!

— Мусiць, нежывыя? — шэпча адна з сябровак. — Мусiць, i iх заспiртавалi, забальзамiравалi?

"Хто iх ведае", — пацiскае плячыма другая.

А ведаць жа карцiць. Прычым — абаiм. Вось смялейшая i адважылася: руку працягнула i да "дуба" таго дакранулася — цёплы! Значыць, жывы! Кабета ад радасцi аж пахiснулася. А пахiснуўшыся (ведама, прыцемак), на нагах не ўтрымалася i спiнай на другога ахоўнiка...

Той далiкатненька падтрымаў яе i папрасiў: "Тише".

Кабету ад гэтага i наогул прарвала:

— Яны — жывыя! — сказала прыяцельцы i ўсiм астатнiм. I ў рогат... Абедзве.

Карацей, iх ледзь не затрымалi там, ледзь не вывелi.

...Меў прыгоды на подступах да галоўнай савецкай святынi i мой муж (на вялiзазны жаль, нябожчык). Не тое каб ён дужа хацеў туды, але ж лiчылася, што ты i ў Маскве не быў, калi Iльiча не бачыў.

А як пабыць, калi чарга? Мы, жанкi, да iх змалку прывычныя (прынамсi, былi...), а мужчынам яны, як костка ў горле... Вiктар вось пастаяў крыху i стаў выйсце шукаць. Прайшоўся — уздоўж... Раз, потым другi. Бачыць — блiжэй да ўваходу замежнiкi нейкiя, цэлай дэлегацыяй. Да iх прымкнуў. Сунецца разам ды цiха радуецца, што зараз двух зайцаў заб’е: i на Iльiча паглядзiць, i дзень не патрацiць.

Але ж, не так там проста ўсё: хвiлiн праз колькi перакладчык сваiх пералiчваць стаў — лiшняга ўмомант выкрыў. I да мужа, з роспытам...

Ды той таксама не лыкам шыты — давай штось гергетаць яму ў адказ.

Перакладчык насцярожыўся, бо "мовы" такой не ведаў...

Але ж (не наш, мусiць, быў?) абрыдацца таксама не стаў. Так мой Вiктар Ленiна ўбачыў.

Бачыла яго i я. Але (хоць i грэх прызнавацца) помнiцца найбольш, як жа потым балелi ногi!

Алена Саўко,

в. Рэпля, Ваўкавыскi раён

Урок

Здарылася гэта яшчэ да рэвалюцыi, з маiм дзедам Iванам Савельевiчам. Ён адзiн з нямногiх тады быў у вёсцы пiсьменным. Чым i зарабляў — нешта некаму пiсаў, чытаў над памерлымi пацеры, а людзi за гэта плацiлi — хто бульбай, хто салам, хто збажыной, а хто — i жывымi грашыма.

Ну дык вось. Аднойчы ў вёсцы памёр чалавеча. Блiжэй да вечара сямейнiкi яго паклiкалi дзядулю малiтвы чытаць, паселi вакол труны самi, смуткуюць, слухаюць, хрысцяцца...

Але ж тут гiсторыя не данесла, мо, нябожчык iм не дужа дарагi быў, мо, iнтанацыя ў дзядулi не тая, а мо проста за дзень натамiлiся... Факт, што спярша стала радня пазяхаць, потым насамi кляваць, а потым i зусiм разышлася па каморках, па сенях — паснулi ўсе. Чытальнiк адзiн застаўся. Цяжка аднаму, крыўдна...

Вось i рашыў ён iх правучыць. Не ведаю ўжо, як, але пасадзiў у труне нябожчыка, на каленi яму паклаў кнiжку з малiтвамi, а сам за занавескай стаў ды i чытае iх па памяцi.

А на дварэ мiж тым свiтае ўжо — сонейка ўстае. Услед за iм — паўставалi i сямейнiкi. Зiрк у залу — нябожчык... сядзiць у труне, сам па сабе малiтвы чытае.

Напалохалiся... Як насы не паразбiвалi з той залы бегучы. А ўжо як потым сорамна стала!..

Карацей — дзесятаму яны заказалi, што няможна так, грэх вялiкi.

Вось людзi i помняць. Дагэтуль.

А.Я. Мартыненка,

п.а. Краснае, Брагiнскi раён

Налева? Не трэба!

Гэту гiсторыю яе ўдзельнiк расказаў нядаўна, гадоў праз 30 пасля таго, як яна адбылася.

Тады, калi помнiце, апроч "Ладаў", "Жыгулёў" ды "Запарожцаў" на вулiцах нiчога не было. Купiў штось i ты ўжо багаты — дзеўкi табунамi будуць хадзiць...

Альбо хлопцы...

Зрэшты, у той час дзяўчына за рулём — было з’явай рэдкай. А таму — бясконца прыцягальнай. Увесь калектыў, прынамсi, ведаў, што ў Наташы новыя "Жыгулi", што яна здала на правы i цяпер на работу-дамоў ездзiць на машыне.

А з начальнiкам ёй па дарозе было. Падышла неяк, загадкава ўсмiхнулася, сказала:

— Хочаце — падвязу? Сёння...

Ну хто б тут адмовiўся?! Сеў ён. Паехалi. Што цiкава — зусiм не ў той бок. У чалавека i сэрца з грудзей: куды вязе, што далей будзе?..

Але ж вiду не падае, трымаецца, нават наадварот — як бы цану сабе набiвае: пытаецца, а што ж вы, маўляў, не сказалi мне, што яшчэ па справах паедзеце, што не адразу дамоў?

Яна:

— Дык мы ж адразу...

— Але ж дом не ў той бок.

— Разумееце, у тым — скрыжаванне, а за iм — левы паварот...

— Ну дык што?..

(Лепш бы ён не цiкавiўся!..)

— А я не ведаю, як яго праязджаць, — шчыра прызналася дзеўка. Праўда, тут жа спахапiлася. — Але вы не хвалюйцеся: па гэтай дарозе я ехаць умею. Зараз на разварот, па крузе...

Далей мужчына не слухаў, бо адчуў, як у яго халаднеюць вантробы. Адно — пацiкавiўся:

— А як жа ты ў iншых месцах налева ездзiш?

— А нiяк. Перад скрыжаваннем спыняюся, прашу кагось з мужчын, каб сеў за руль, перагнаў машыну. А потым еду далей.

...Дзякаваць богу, дамоў яны дабралiся без прыгод. Але пасля гэтага, колькi нi прапаноўвала тая бландзiнка паехаць разам, начальнiк нiколi не згаджаўся: сцеражонага, казаў, сам бог сцеражэ.

Н. Шведава,

г. Мiнск

Агонь без дыму? Бывае!

Мая сваячка на выдатна скончыла медыцынскае вучылiшча, працуе акушэркай у радзiльным доме (на жаль — не ў нашым...). У яе вышэйшая катэгорыя, больш, чым дзесяцiгадовы вопыт, але ж пры такой рабоце без нечаканасцяў, мусiць, нiяк.

Расказвала, аднойчы ў iх маленькi перадышак быў — адны роды прынялi, а другiя не пачалiся яшчэ. Рашылi з дзяўчатамi гарбаткi папiць. Паселi ўсе, кубкi пабралi. А санiтарачцы — пазванiць закарцела, да тэлефона-аўтамата пайшла. Стаiць (гэта ў другiм канцы калiдора), размаўляе, глядзiць у акно... I вачам не верыць: у двор пажарная ўязджае... Паўз iх будынак паўзе... А потым (сэрца ў пяты!) лесвiца адтуль вытыркаецца i... на iх паверх, да палаты, дзе дзве парадзiхi ляжаць.

Панiку — яна ведала — падымаць нельга. Значыць, моўчкi — трубку кiнула i куляй да дзяўчат. "Крычыць": "Гарым!". Паказвае: "Там"...

Усе з месцаў пазрывалiся i "туды", цiха, але бягом...

Калiдор даўжэзны. Думкi — ва ўсiх адны: адкуль пажар i што рабiць? У палаце дзве жанчыны. Нарадзiлi — толькi што. Значыць, нi адна, нi другая ўстаць не зможа... i ложкi шырокiя — праз дзверы не выкацiш... На прасцiнах трэба... Выносiць. А яны абедзве кiль па сто...

Карацей, пакуль беглi да палаты, чаго не перадумалi! Не заўважылi нават, што дыму няма.

Дзверы адчынiлi, — пажару, бачаць, таксама...

А пажарнiкi там...

У аднаго, як высветлiлася, толькi што сын нарадзiўся. Ён, на радасцях, жонцы кветкi прывёз. I вось так даставiў...

Жонка (што тут казаць!) была шчаслiвая, мужык i яго саслужыўцы — таксама. Нават медсястрычкi потым ад смеху зайшлiся...

А вось доктарку (яна за галоўную ў той змене была), мусiць, доўга "адкачвалi б". Калi б...

Калi б не новыя роды.

А. Мiхалюк,

г. Баранавiчы

I ўсiм добра!

Завуць гэтага чалавека Вальдэмарам, хоць на самай справе ён Уладзiмiр. Леснiком калiсь працаваў, i якiх толькi конiкаў не выкiдваў! То аб’яўляў, што будзе прымаць сушаных камароў, то загадваў пасвiць буслоў, а тут чутку пусцiў, што ў вёску на бульбу... iншаземцы прыедуць — iх па хатах будуць рассяляць.

Вясковы камутатар, дзякаваць богу, працаваў без збояў. Пачуўшы гэту навiну, нехта з дому сышоў, нехта — у хаце замкнуўся. А Макараўна мераў перасцярогi не прыняла. Вось Вальдэмар i зайшоў — павiтаўся, нагадаў пра шэфаў. Сказаў, што ёй — ёсць рашэнне — пяць чалавек трэба ўзяць.

Бабуля аж за галаву хапiлася: дужа ж многа — як з iмi размаўляць, чым кармiць, дзе ўсiх спаць папакласцi?

— Уладзiчак, — пляснула ў ладкi, — а каб крышачку менш?

— Менш? Ну нiяк не выходзiць, — гледзячы ў сшытак, сказаў "госць", але за вухам пачухаў. Гаспадыня "намёк" зразумела — плясь паўлiтровiк на стол. Вальдэмар падабрэў — выпiў адну чарачку, потым другую. Сказаў:

— Так i быць, Макараўна, — возьмеш трох.

А кабета ўбачыла, што чалавека задобрыць можна, i яшчэ налiвае. Выпiў ён — лiчбу "3" на "2" пераправiў...

— Ну, добра, — выдаў нарэшце, — давай паўлiтровiк з сабой, i я ў гэтым сшытку нуль напiшу.

...Лiшнi клопат нiкому не патрэбен — бабуля задаволеная згадзiлася. Вальдэмар — задаволены — сышоў. Рад быў i мясцовы самагоншчык: бабка ў яго яшчэ лiтруху купiла. Каб была. Бо цi мала што...

Рады (ну напэўна ж) былi і iншаземцы, якiм не трэба было ехаць у наш раён — выбiраць бульбу.

А. Лiпень,

Iўеўскi раён.

Рубрыку вядзе Валянцiна Доўнар.

 

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
калі кожны, прынамсi, хто трапляў у Маскву, лiчыў сваiм абавязкам наведаць Маўзалей, пабачыць Ленiна. Чэргi там фармiравалiся зранку. Людзi ў iх з’язд
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика