Бо яны — бацькi
Бо яны — бацькi
Ліст у нумар ..."Звязда" ў нашу родную хату прыходзiла, здаецца, заўсёды, паважлiва чыталася, перачытвалася, у многiм дапамагала. На дапамогу мы разлiчваем i цяпер.Справа ў тым, што 28 жнiўня нашы самыя лепшыя ў свеце бацькi адзначаюць 50-годдзе сумеснага жыцця, залатое вяселле! Не расказаць пра ўсё, што давялося iм перажыць, бо лёс iх нiколi не песцiў!.. Але ж яны (як здавалася нам, дзецям) заўсёды разумелi адно аднаго, заўсёды падтрымлiвалi. А яшчэ, не пакладаючы рук, усё жыццё працавалi. У калгасе — гэта само сабой: колькi клопатаў было дома! Нас, дзяцей, у бацькоў чацвёра — чатыры дачкi. I нiводную, нiколi яны не абдзялiлi сваiм клопатам, сваёй увагай. Можна сказаць, трэслiся над намi, пакуль мы былi малымi... З усiх сiлаў дапамагаюць цяпер. Дапамагаюць тым, што проста жывуць на свеце! I нам ёсць да каго прытулiцца, ёсць з кiм падзялiць свае турботы i радасцi, ёсць да каго прыехаць. Вельмi радасна, што ў роднай хаце ўсiм нам, па-ранейшаму, хапае месца, што там цёпла i ўтульна, што на стале, заўсёды, усё тыя ж, любiмыя з дзяцiнства прысмакi, бо бацькi па-ранейшаму трымаюць карову, свiней, курэй. Каля хаты свая, хай невялiчкая, але ж пасека, дагледжаны агарод. Угаворвалi мы iх (маме сёлета 70!) пашкадаваць сябе, паберагчыся, але з гэтага нiчога не выйшла. Бо яны не могуць без працы. I без таго, каб не дапамагаць нам, дзецям. Таму сёння вельмi хочацца нiзка пакланiцца iм, шчыра падзякаваць за пражытыя гады, за ўсё, што яны зрабiлi i робяць для нас. А яшчэ — пажадаць, каб жылi доўга-доўга, каб былi здаровымi, каб радавалiся кожнаму новаму дню... Каб у вокнах нашай роднай хаты заўсёды было святло! З павагай чатыры дачкi, тры зяцi, сем унучак, унук i тры праўнукi Рэгiны Мар’янаўны i Альберта Антонавiча Гарцуновiчаў. Ад рэдакцыi: друкуючы гэты, не зусiм звычайны "лiст у нумар", "Звязда" (як вы разумееце) далучаецца да ўсiх вiншаванняў... А яшчэ — ганарыцца. Што ў яе — такiя падпiсчыкi. I ў падпiсчыкаў — дзецi...
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
..."Звязда" ў нашу родную хату прыходзiла, здаецца, заўсёды, паважлiва чыталася, перачытвалася, у многiм дапамагала. На дапамогу мы разлiчва
|
|