21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Пенсiйны ўзрост можа змянiцца. Аднак не з наступнага года

26.08.2009 10:28 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Пенсiйны ўзрост можа змянiцца. Аднак не з наступнага года

(Заканчэнне. Пачатак у нумарах за 26 і 27 жніўня.)

* — Праз 3 гады мне споўнiцца 55 гадоў. За якi час праз 3 гады будзе разлiчвацца каэфiцыент заробку?

Таццяна Пятроўна, г. Валожын

— У 2010 годзе iндывiдуальны каэфiцыент будзе разлiчвацца за любыя 16 гадоў запар з 26 апошнiх гадоў работы, а ў 2011 годзе пачне працаваць формула "17 з 27".

* — Патлумачце, калi ласка, якой павiнна быць даплата да пенсii iнвалiду III групы з дзяцiнства?

Iван Васiльевiч Смiрноў

— Дэкрэтам ад 13 чэрвеня 2008 года былi вызначаны новыя памеры сацыяльных пенсiй i iншы парадак iх вылiчэння — у працэнтных адносiнах да "сярэдняга" бюджэту пражытковага мiнiмуму. I пры гэтым адначасова была скасавана ранейшая даплата да гэтых пенсiй.

Такiм чынам, цяпер iнвалiдам III групы з дзяцiнства сацыяльная пенсiя прызначаецца ў памеры 55 працэнтаў ад БПМ. Iнакш кажучы, у лiпенi гэта пенсiя склала 115 570, а ў жнiўнi — 123 840 рублёў. Для параўнання: зыходзячы з ранейшага заканадаўства лiпеньскi памер такой пенсii адпавядаў бы 47 430 рублям.

* — Як дзяржслужачы, я выйшаў на пенсiю ў 1993 годзе. Чаму здарылася так, што мае былыя падначаленыя, якiя выходзiлi на пенсiю ў 1994 годзе i пазней, цяпер атрымлiваюць цi не ўдвая больш?

I яшчэ. На мой погляд, каэфiцыент ад заробку для працуючых пенсiянераў павiнен працаваць па-рознаму. Скажам, цi не было б больш правiльна вызначыць пэўную градацыю i па адных правiлах залiчваць каэфiцыент да 2, па другiх — каэфiцыент ад 2 да 4 i па трэцiх — каэфiцыент ад 4 i больш?

— У 1993 годзе выйсцi на пенсiю як дзяржслужачы вы не маглi. Справа ў тым, што сам па сабе iнстытут дзяржаўнай службы ў Беларусi быў створаны паводле Закона ад 23 лiстапада 1993 года "Аб асновах службы ў дзяржаўным апараце", якi пачаў дзейнiчаць толькi з 1 сакавiка 1994 года. Статус дзяржслужачага з усiмi прававымi наступствамi, якiя вынiкаюць (абавязкамi, адказнасцю, абмежаваннямi на пэўныя вiды дзейнасцi, правамi, умовамi пенсiйнага забеспячэння i г.д.), набылi работнiкi, што займалi пасады ў дзяржапараце, на дату ўступлення закона ў сiлу i пазней. Прычым пацвярджэннем наяўнасцi ў работнiка такога статусу служыць прысваенне яму адпаведнага класа дзяржслужачага, аб чым уносiцца запiс у працоўную кнiжку. У той жа час на работнiкаў органаў дзяржаўнай улады i кiравання, якiя выйшлi на пенсiю да 1 сакавiка 1994 года, заканадаўства аб дзяржслужбе не распаўсюджваецца.

I па другiм пытаннi. Выплата пенсiй працуючым пенсiянерам працягвае заставацца прадметам спрэчак, да таго ж iнтарэсы розных катэгорый работнiкаў i пенсiянераў тут дыяметральна супрацьлеглыя. Няма сумненняў толькi ў адным: абмежаванне пенсii ў перыяд работы — мера неабходная, яна дазваляе рацыянальна выдаткоўваць пенсiйныя сродкi i пераразмяркоўваць iх унутры сiстэмы. Прычым паўтаруся: на наш погляд, больш правiльным будзе падыход, якi абмяжоўвае пенсii ў залежнасцi не ад мiнулага, а ад цяперашняга заробку пенсiянера. Iнакш кажучы, чым большы яго працоўны даход — тым большыя павiнны быць i абмежаваннi па выплаце пенсiй. I, да слова, менавiта такi падыход у меншай ступенi датычыўся б пенсiянераў, занятых на нiзкааплатных работах.

* — Не сакрэт, што сёння многiя маюць не пастаяннае месца работы, а часовыя заробкi. На якiх умовах тут можа быць зроблены залiк стажу? I якiм чынам такiя людзi могуць плацiць узносы на сацыяльнае страхаванне?

I другое пытанне. Цi ёсць якiя-небудзь надбаўкi да пенсii былым "афганцам"?

Марыя Купрыянаўна Вярбiцкая, Нясвiжскi раён

— За кожнага наёмнага работнiка ўзносы дзяржаўнага сацыяльнага страхавання абавязаны пералiчваць яго работадаўца — юрыдычныя асобы, iх прадстаўнiцтвы i фiлiялы, iндывiдуальныя прадпрымальнiкi, якiя прадастаўляюць грамадзянам работу па працоўных дагаворах i дагаворах падраду; фiзiчныя асобы, якiя прадастаўляюць грамадзянам работу па працоўных дагаворах, а таксама юрыдычныя асобы, якiя прадастаўляюць работу на падставе членства (удзелу). Адначасова вызначана кола фiзiчных асобаў (iндывiдуальныя прадпрымальнiкi асабiста "за сябе", рамеснiкi, прыватныя натарыусы, творчыя работнiкi, грамадзяне, якiя выконваюць работу па дагаворах падраду ў фiзiчных асобаў, грамадзяне, што працуюць за межамi Беларусi), якiя плацяць сацстрах самастойна i павiнны рэгiстравацца ў органах Фонду сацыяльнай абароны насельнiцтва персанальна.

Пры гэтым вызначана: любы перыяд работы, за якi выплачваецца сацстрах, "iдзе" ў стаж. I, дарэчы, каб праверыць, цi рабiлiся выплаты на сацыяльнае страхаванне за той або iншы перыяд дзейнасцi, можна звярнуцца ў аддзяленне Фонду сацыяльнай абароны насельнiцтва па месцы жыхарства.

Што ж да пытання наконт "афганцаў", то тут трэба мець на ўвазе наступнае. Наша заканадаўства сапраўды прадугледжвае павышэнне пенсii ваеннаслужачым, асобам кiруючага i радавога складу органаў унутраных спраў, што бралi ўдзел у баявых дзеяннях пры выкананнi iнтэрнацыянальнага абавязку, на 250 працэнтаў мiнiмальнага памеру пенсii па ўзросце — скажам, у жнiўнi гэта павышэнне складае 140,4 тыс. рублёў.

* — Праз год пасля чарнобыльскай аварыi ўладкаваўся ў мясцовы лясгас, працаваў спачатку майстрам, потым ляснiчым, саджаў на забруджаных тэрыторыях лес, упарадкаваў адселеныя вёскi, тушыў пажары. Зусiм побач з намi знаходзiцца радыелагiчны запаведнiк, прычым яго работнiкi, што былi прынятыя з 1993 года i пазней, пасля 10 гадоў адпрацоўкi iдуць на датэрмiновую пенсiю. Цi змагу пайсцi на пенсiю раней i я?

Аляксей Iванавiч, Брагiнскi раён

— Права на датэрмiновую пенсiю за "чарнобыльскую" работу прадастаўляецца пры пэўных умовах. Так, права выйсцi на пенсiю па ўзросце ў 50 гадоў у сувязi з асаблiвымi ўмовамi працы маюць мужчыны, якiя занятыя поўны дзень на вызначаных Спiсам № 1 работах i якiя маюць прынамсi 20 гадоў агульнага i 10 гадоў "шкоднага" стажу. Прычым у гэтыя 10 гадоў спецыяльнага стажу залiчваецца час работы цi службы на эксплуатацыi ЧАЭС i ў зоне эвакуацыi (адчужэння). I, да слова, час работы цi службы на эксплуатацыi ЧАЭС i ў зоне эвакуацыi (адчужэння) з моманту аварыi i да 31 снежня 1987 года залiчваецца ў працоўны стаж (выслугу гадоў) i ў стаж, якi дае права на льготную пенсiю па Спiсу № 1, у трохразовым памеры, а час работы цi службы пасля 1 студзеня 1988 года — у памеры паўтара раза.

Можна таксама заўважыць, што пры наяўнасцi не менш за палову (не менш за 5 гадоў) спецыяльнага стажу паводле Спiсу №1 i наяўнасцi не менш чым 25-гадовага агульнага стажу пенсiя прызначаецца са змяншэннем узросту — на 1 год за кожны поўны год "шкоднай" работы.

Зрэшты, Аляксей Iванавiч, усё сказанае вышэй — канстатацыя заканадаўства. Даць жа канкрэтны адказ на пытанне цяжка, бо мы не ведаем, нi ў якой зоне забруджвання вы працуеце, нi працягласць гэтай працы. Таму, калi ласка, звярнiцеся з дакументамi аб сваёй працоўнай дзейнасцi ва ўпраўленне па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне па месцы жыхарства або па месцы знаходжання наймальнiка.

* — У свой час, калi ствараўся завод "Вымяральнiк", нас прыцягвалi да работ па будаўнiцтве ў выхадныя. Потым, калi выйшаў на пенсiю, даведаўся, што гэта можа павялiчыць яе памер. Звярнуўся ва ўпраўленне па працы i сацыяльнай абароне, i там сапраўды адказалi: прыносьце дакументы — зробiм пераразлiк. Але бяда ў тым, што на заводзе дакументы не захавалiся. Што рабiць у такой сiтуацыi?

Уладзiмiр Iванавiч Вiткоўскi, г. Наваполацк

(Падобнае пытанне аб страце дакументаў — ад жыхара Барысава Аляксея Iванавiча Станкова)

— У заробак для вылiчэння пенсii сапраўды ўключаюцца ўсе вiды выплат (даходаў, узнагароджанняў за выкананую работу), на якiя налiчвалiся страхавыя ўзносы. Калi ж дакументы аб такiх выплатах не захавалiся з прычыны халатнасцi, крадзяжу, наўмыснага знiшчэння i г.д., то адказнасць за нанесены ў вынiку матэрыяльны ўрон пенсiянеру ўскладаецца на вiнаватых асобаў.

Пры незахаванасцi дакументаў факт атрымання работнiкам тых цi iншых выплат можа быць вызначаны праз суд. А ў якасцi доказаў суд можа ўзяць пад увагу выпiску са штатнага раскладу аб акладзе па адпаведнай пасадзе, укладыш да працоўнай кнiжкi, улiковую картку члена партыi, партыйны i прафсаюзны бiлет, паказаннi сведак i г.д. Устаноўлены судом заробак будзе ўлiчаны пры разлiку iндывiдуальнага каэфiцыента.

Прычым паралельна работнiк можа звярнуцца ў суд i з iскам аб спагнаннi з вiнаватай у незахаваннi дакументаў асобы матэрыяльнага ўрону, i ў тым лiку — з патрабаваннем кампенсаваць судовую пошлiну.

* — Мой працоўны стаж складае 36 гадоў. Чаму сёння я атрымлiваю такую нiзкую пенсiю — усяго крыху больш за 300 тысяч рублёў?

Марыя Iванаўна Альшук, Вiлейскi раён

— Пенсiя, Марыя Iванаўна, залежыць як ад стажу, так i ад ранейшых заробкаў. На жаль, як паказала праверка, вашы заробкi былi невялiкiя. А адсюль нiзкi каэфiцыент 0,67533 i невысокi памер пенсii.

* — Я перажыла вайну, з’яўляюся iнвалiдам, маю амаль 39 гадоў працоўнага стажу. Чаму ж такая нiзкая пенсiя — 260 тысяч?

Надзея Аляксандраўна Белабародая, г. Мiнск

— Зноў-такi прычынай нiзкай пенсii з’яўляецца невысокi каэфiцыент заробку — 0,55462. Пры гэтым варта заўважыць: пенсii, прызначаныя да 1 студзеня 1993 года, могуць быць пераразлiчаныя зыходзячы з заробкаў за любыя 5 гадоў запар з 15 апошнiх гадоў работы. Таму, каб разгледзець магчымасцi павышэння выплат, я магу параiць вам прадаставiць ва ўпраўленне сацыяльнай абароны свайго раёна даведкi аб заробках за ўсе 15 гадоў работы перад прызначэннем пенсii.

* — Я нарадзiўся 18 лiпеня 1947 года i з 26 красавiка летась выйшаў на пенсiю як iнвалiд II групы. Пры гэтым мой стаж складае 39 гадоў 1 месяц i 14 дзён, iндывiдуальны каэфiцыент — 1,24632. Не маглi б вы патлумачыць, чаму я атрымлiваю пенсiю меншую, чым жанчына з горшымi паказчыкамi стажу (38 гадоў 5 месяцаў i 28 дзён) i iндывiдуальнага каэфiцыента заробку (1,22343)?

Аляксандр Васiльевiч Кiслы, г. Узда

— Як iнвалiду II групы вам была прызначана пенсiя па iнвалiднасцi ў памеры пенсii па ўзросце з адпаведным стажам.

Пры гэтым варта нагадаць: поўная пенсiя па ўзросце ў аднолькавым памеры 55 працэнтаў заробку прызначаецца мужчынам пры наяўнасцi 25-гадовага i жанчынам — пры наяўнасцi 20-гадовага стажу. А за кожны поўны "дадатковы" год пенсiя павышаецца на 1 працэнт заробку, але не менш чым на 1 працэнт мiнiмальнай пенсii па ўзросце. Прычым такое павышэнне робiцца ў межах 20 працэнтаў заробку (мiнiмальнага памеру пенсii).

Такiм чынам, атрымлiваецца: пры стажы 38 гадоў пенсiя па ўзросце ў жанчыны складзе 73 працэнты заробку, што прымаецца для вылiчэння пенсii. А пенсiя па ўзросце (i пенсiя па iнвалiднасцi II групы, што вылiчана ў памеры пенсii па ўзросце) мужчыны з 39-гадовым стажам будзе адпавядаць толькi 69 працэнтам заробку.

Таму памер пенсii жанчыны пры стажы 38 гадоў 5 месяцаў 28 дзён i iндывiдуальным каэфiцыенце заробку 1,22343 у жнiўнi складае 443 310 руб., а памер вашай пенсii па iнвалiднасцi пры стажы 39 гадоў 1 месяц 14 дзён i iндывiдуальным каэфiцыенце 1,24632 — 420 380 рублёў.

* — Мой муж адпрацаваў качагарам на кардоннай фабрыцы 17,5 года i цяпер нiбыта мае права на датэрмiновую пенсiю. Аднак пенсiю яму не прызначаюць, бо на фабрыцы не была праведзена атэстацыя працоўных месцаў. Парайце, што рабiць у такой сiтуацыi, куды можна звярнуцца? Бо сiтуацыя няпростая яшчэ i таму, што фабрыка мае новага ўласнiка i нiякiх дакументаў тут не захавалася.

Ала Iванаўна Жукоўская, Маладзечанскi раён, пас. Раёўка

— Неатэставаныя па вiне работадаўцы перыяды работы могуць быць залiчаныя ў стаж для прызначэння датэрмiновай пенсii з улiкам заключэння органаў дзяржаўнай экспертызы ўмоў працы з удзелам прадстаўнiка галiновага прафсаюза аб фактычнай занятасцi работнiка ва ўмовах, прадугледжаных Спiсамi № 1 i № 2. Дзяржэкспертыза робiцца на падставе дакументаў таго цi iншага перыяду, а падставай для яе правядзення можа быць зварот работнiка.

I тут жа нялiшне нагадаць наступнае. Работадаўца павiнен клапацiцца аб своечасовай атэстацыi i аб належным афармленнi ўсiх дакументаў. Калi ж гэта не робiцца цi калi дакументы аб атэстацыi не захавалiся, вы можаце звярнуцца ў суд з iскам аб спагнаннi з вiнаватай асобы (яе правапераймальнiка) матэрыяльнага ўрону. А адмова аб прызначэннi мужу датэрмiновай пенсii з прычыны неатэстацыi працоўнага месца — гэта i ёсць матэрыяльны ўрон.

* — 19 жнiўня выйшаў на пенсiю, таму хацелася б даведацца: як будзе разлiчвацца каэфiцыент заробку за няпоўны месяц i няпоўны год?

Васiль Адамавiч Юдзiцкi, г. Мазыр

— Па вашым жаданнi, заробак за месяцы з няпоўнай колькасцю працоўных дзён у сувязi са зваротам па пенсiю можа ўлiчвацца як заробак за поўныя месяцы.

Такiм чынам, у заробак для вылiчэння пенсii можа быць залiчана зарплата аж да дня звароту па пенсiю.

* — З’яўляюся iнвалiдам III групы i працягваю працаваць. Праз 4 месяцы змагу выйсцi на працоўную пенсiю, на той час буду мець амаль 37 гадоў стажу. А пытанне такое: цi магу я часова адмовiцца ад атрымання пенсii з тым, каб павялiчыўся яе памер? I цi захаваецца на час гэтай адмовы выплата пенсii па iнвалiднасцi?

Тамара Мiкалаеўна, Вiлейскi раён

— Пасля дасягнення 55 гадоў працаваць i часова адмовiцца ад атрымання працоўнай пенсii вы зможаце, прычым за кожныя 2 месяцы такой адмовы пенсiя будзе павялiчвацца на 1 працэнт заробку, што прымаецца для яе вылiчэння. Аднак трэба мець на ўвазе: такое павелiчэнне магчыма толькi ў выпадку, калi адначасова вы не будзеце атрымлiваць i iншай дзяржаўнай пенсii, i ў тым лiку — пенсii па iнвалiднасцi.

* — Такая сiтуацыя. Чалавек вельмi доўгi час адпрацаваў па Спiсе № 1 i таму мае вялiкi працоўны стаж — 40 гадоў. Хутка надыходзiць 50-гадовы ўзрост, а разам з iм — i права на датэрмiновую пенсiю. Аднак тут узнiкаюць пытаннi. Па-першае, цi можа такi чалавек адмовiцца ад атрымання пенсii на год з тым, каб надалей мець яе ў большым памеры? I, калi можа, то калi ён атрымае прыбаўку — ужо ў 51 год або пасля дасягнення агульнаўсталяванага 60-гадовага ўзросту?

I па-другое. З улiкам вялiкага стажу атрымлiваецца, што чалавек i без таго будзе мець максiмальную прыбаўку (75%). Цi ёсць тады ўвогуле сэнс адкладваць выхад на пенсiю?

Аляксандр Iванавiч Рылькоў, г. Магiлёў

— Пачнём з апошняга. У выпадку работы з адмовай ад атрымання пенсii яе павелiчэнне можа "выходзiць" за 75-працэнтную планку заробку. Разам з тым трэба мець на ўвазе наступнае: заканадаўства вызначае, што павелiчэнне пенсii на 1 працэнт заробку, што прымаецца для яе вылiчэння, робiцца за 2 месяцы работы з адмовай ад атрымання пенсii, што была прызначана на агульных умовах. Iнакш кажучы, адмовай ад пенсii, што была прызначана мужчыне пасля 60 гадоў. Таму, Аляксандр Iванавiч, да дасягнення 60-гадовага ўзросту гэты варыянт для вас не падыходзiць.

— Патлумачце, калi ласка, як будзе залiчвацца ў стаж час работы на 0,5 стаўкi?

Святлана Сарокiна, г. Мiнск

— Год работы на палову стаўкi будзе залiчвацца за год стажу толькi пры ўмове, што ў гэты час вы атрымлiваеце больш чым мiнiмальную зарплату. Калi ж заробак на 0,5 стаўкi будзе меншым за "мiнiмалку", то гэты перыяд пойдзе ў стаж з паправачным панiжаючым каэфiцыентам.

Апроч таго, трэба мець на ўвазе: занятасць на няпоўную стаўку не ўключаецца ў спецыяльны стаж для прызначэння датэрмiновай пенсii за работу ў "шкодных" умовах.

* — Маю 4 сваiх дзяцей i плюс да таго нядаўна ўсынавiла 1 дзiця ў 6-гадовым узросце. Цi атрымаю я права на датэрмiновую пенсiю?

Алена Аляксандраўна, Рагачоўскi раён

— Жанчыны, якiя нарадзiлi пяць цi больш дзяцей i выхавалi iх да 8-гадовага ўзросту, могуць выйсцi на пенсiю ў 50 гадоў — пры ўмове, што на той час яны маюць не менш чым 15-гадовы працоўны стаж. Прычым у дадзеным выпадку ўсыноўленыя дзецi ўлiчваюцца на роўных з дзецьмi роднымi.

Да слова, сам факт выхавання шматдзетнай мацi дзяцей да 8-гадовага ўзросту вызначаецца камiсiяй па прызначэннi пенсiй райвыканкама або рашэннем суда. Таму калi камiсiя або суд гэты факт пацвердзiць i ў вас назбiраецца 15 гадоў працоўнага стажу, то магчымасць выхаду на датэрмiновую пенсiю будзе.

Матэрыялы "прамой лiнii" падрыхтаваў Сяргей ГРЫБ. Фота аўтара.

 

 

 

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На пытаннi чытачоў "Звязды" адказвае намеснiк мiнiстра працы i сацыяльнай абароны Беларусi Валянцiна Вiкенцьеўна КАРАЛЁВА
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика