Вясельны стол: рытуальныя атрыбуты і традыцыйная ежа
Вясельны стол: рытуальныя атрыбуты і традыцыйная ежа
Народная энцыклапедыя Мы працягваем гаворку пра вясельнае застолле ў хаце нявесты. Перш чым распачнецца вясельная ўрачыстасць, яшчэ раз удакладнiм некаторыя дэталi. Месца маладых — у чырвоным куце хаты, пад абразамi. Над iх галовамi вiсеў ручнiк-"набожнiк", абодва канцы якога даволi часта былi ўпрыгожаныя выявай пары вышытых галубоў, дзюбкi якiх былi звернуты адно да аднаго: яны "цалавалiся". Нешматслоўны iнтэр’ер вясковай хаты, але якi глыбокi фiласофскi сэнс закладзены ў паэзii гэтага сегмента сямейнага мiкрахрама i агульнародавай мадэлi свету! Белае поле ручнiка сiмвалiзавала паднябесны Рай i адначасова свяшчэнны покрыў Багародзiцы, якiм яна быццам прыкрывала заручаную пару ад нястачы i няшчасцяў. Сам вэлюм нявесты ўяўляецца нам невялiкай часцiнкай гэтага покрыва i знакам таго, што маладыя з гэтага часу i да самай смерцi будуць парай iсцi па дарозе спазнання хрысцiянскай iсцiны. Маладая пара ў чырвоным куце хаты, зарыентаваным на ўсход — гэта не што iншае, як новы дзень, новае пакаленне прадстаўнiкоў гэтага роду, якое, iдучы ўслед за Сонцам, будзе доўжыць яго гiсторыю i множыць славу продкаў. У шэрагу рэгiёнаў Беларусi нам расказвалi аб тым, што пасадка маладых за сталом у хаце жанiха i нявесты адрознiвалася самiм размяшчэннем галоўных вiноўнiкаў урачыстасцi. Памятаем, што зыходным правiлам традыцыйнай культуры з’яўляецца замацаванне "правага" (месца, боку, паўсферы) за мужчынамi, а "левага" — за жанчынамi: менавiта таму нявеста на ручнiку станавiлася злева ад жанiха. Разам з тым у кантэксце вясельных падзей гэта фундаментальнае правiла магло карэктавацца. У хаце нявесты жанiх садзiўся ў самiм чырвоным куце, нявеста — побач з iм, але з боку парога. Сiмволiка такога размяшчэння маладых "чыталася" наступным чынам: жанiх быццам бы выцясняў нявесту з яе хаты, забiраў ад бацькоў. А вось калi яны прыедуць у дом жанiха, адбудзецца недвухсэнсоўная ракiроўка: цяпер ужо нявеста сядзе з другога боку ад жанiха, г. зн. ён будзе блiжэй да парога, тым самым паказваючы, што ён быццам бы "запiрае" нявесту, перагароджвае ёй дарогу да парога, да хаты яе мацi i бацькi. Далей побач з маладым рассаджваюцца прадстаўнiкi яго роду, а побач з нявестай — яе радзiна. Блiжэй да iх — шафер i шаферка, тыя, хто наступным павiнен будзе падхапiць эстафету прадаўжэння роду (зразумела, што так здаралася далёка не заўсёды, але ж прынцып падабенства прасочваўся вельмi выразна). Затым вылучалася месца для самых ганаровых гасцей — хросных бацькоў жанiха i нявесты i сватоў (часам iх функцыi сумяшчалiся: хросныя бацькi маглi выконваць ролю сватоў на вяселлi сваiх жа хрэснiкаў). Следам за сватамi садзiлi моладзь перадшлюбнага ўзросту, тых, хто фактычна ўжо атрымаў права стварыць сям’ю i працягваць род. Другую палову стала займалi старэйшыя прадстаўнiкi аднаго i другога родаў. Калi выводзiць агульнае правiла, то яно можа быць сфармулявана наступным чынам: чым блiжэй да чырвонага кута, тым маладзейшыя людзi, i, наадварот, чым далей ад покуцi i блiжэй да парога (адпаведна — зоны смерцi), тым старэй. Асобна, блiжэй да парога ставiлi стол для самых старых гасцей (вось адкуль бярэ пачатак сучасны стол па форме лiтары "П", але ж насамрэч форма была зусiм iншай i сэнс гэтай формы таксама быў iншым) — яны быццам бы гаварылi ўсiм прысутным: вам жыць i множыцца, а нам прыйшоў час збiрацца ў вырай. Як у такiм разе разумець сучасных бабуль, якiя просяцца пасядзець побач з жанiхом i нявестай, а моладзь "выцiскаюць" на край стала? Яшчэ раз паўторымся i скажам, што ў вясельным абрадзе кожная дэталь была важнай, а часам i лёсапрадказальнай, таму лiтаральна на кожным кроку былi адпаведныя парады i рэгламентацыi. А калi што рабiлася не так, як гэтага патрабавала традыцыя, на пярэднi план вясельнай дзеi выходзiлi павер’i i прадказаннi, якiя нiхто не прамiнаў падмацаваць сваiмi ўласнымi ўспамiнамi i шматлiкiмi спасылкамi на сведчаннi родных i блiзкiх. Напрыклад, У.А. Невяровiч заўважае: "На вясельнай бяседзе нявеста садзiцца поруч з жанiхом моўчкi i апусцiўшы галаву. Усаджваючы нявесту, стараюцца, каб яна сядзела як мага блiжэй да жанiха i так, каб мiж iмi не магло нiшто прайсцi. Просты народ верыць, што калi мiж жанiхом i нявестай хто-небудзь цi руку, цi няўмысна яшчэ што-небудзь працiсне — будзе разлад". Менавiта таму iмкнулiся рабiць вясельныя сталы суцэльнымi, без нiякiх стыкаў, каб тым самым не справакаваць "разломаў" у жыццi навастворанай пары. Акрамя таго, маладых нельга было садзiць на "голую" лаву. Каб жыццё маладых было ў дастатку, каб у iх нарадзiлiся здаровыя дзецi, лаву абавязкова засцiлалi саматканай дарожкай або кажухом, вывернутым поўсцю наверх. У некаторых рэгiёнах, напрыклад, у Ашмянскiм раёне маладых усаджвалi на спецыяльна падрыхтаваную для гэтага "вясельную падушку". Роля падушкi ў рытуальна-абрадавых комплексах усходнiх славян Малаверагодна, што нашы продкi ведалi пра егiпецкiя пiрамiды, якiя з’яўлялiся месцам абрадавых пахаванняў i захавання мумiй фараонаў, аднак практычна ў кожным доме была свая "егiпецкая пiрамiда", дакладней, яе своеасаблiвая мiкрамадэль (а часам i не адна) — пiрамiда з падушак. Кожную ранiцу гаспадыня засцiлала ложак (гэту сiмвалiчную <І>ложе-усыпальницу) , складвала падушкi ў адпаведнасцi з памерам, пачынаючы ад самай вялiкай i заканчваючы самай маленькай. Колькасць падушак магла быць рознай: ад трох да дванаццацi (столькi сузор’яў праходзiць Сонца за гадавы колазварот), але часцей за ўсё сем (вiдаць таму, што доўгi час зямляне ведалi толькi пра сем планет сонечнай галактыкi). Прычым самая маленькая падушка была па памерах не больш за галаву чалавека, каб толькi пакласцi пад вуха (пад вушка). Падушка — квадратны мяшок, пашыты з больш шчыльнай тканiны (насыпка). Яна напаўнялася пер’ем хатнiх птушак (курэй, качак, гусей), а зверху надзявалi бялюткую навалачку, упрыгожаную раслiнным арнаментам. У дачыненнi да ложка, на якiм ноччу адпачывала сям’я, iснавала шмат прадпiсанняў, аднак у дадзеным выпадку мы назавём толькi два асноўныя. Па-першае, засцiлаць ложак адразу ж пасля сну нельга, трэба каб ён "астыў" (параўнайце: нябожчыка мылi толькi праз гадзiну пасля смерцi: трэба, каб цела астыла). Па-другое, дамачадцам забаранялася садзiцца на падушку — "адсядзiш" свой розум. Але як толькi падушка аказвалася ў полi дзеяння сямейна-родавых абрадаў, адносiны да яе станавiлiся прынцыпова iншымi. r З-пад галавы памiраючага чалавека даставалi звычайную, паўсядзённую падушку i падкладвалi спецыяльна падрыхтаваную. Яе напаўнялi саломай (часцей гарохавай), таму што курынае пер’е "не дае лёгка памерцi", дадавалi лiсце i галiнкi з венiка, а таксама маглi пакласцi валасы i пазногцi, якiя збiралiся на працягу ўсяго жыцця чалавека. r Гэтую ж падушку маглi затым пакласцi i ў труну. Я. Крук: "Добра памятаю: калi памерла мацi, то мужчыны прама на дварэ, перад хатай абiвалi труну чырвонай тканiнай, а ўсе да адной стружкi сабралi i паклалi ў падушку, якую палажылi пад галаву нябожчыцы". r Адна з незвычайных парад народнай медыцыны: калi вы доўга не можаце заснуць, перавярнiце падушку другiм бокам — сон хутка адолее вас. r Лiчылася, што падушка, набiтая курыным пер’ем з чужых падворкаў, таксама з’яўляецца эфектыўным сродкам ад бяссоннiцы. Аксана Катовіч, Янка Крук. (Працяг будзе.)
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мы працягваем гаворку пра вясельнае застолле ў хаце нявесты. Перш чым распачнецца вясельная ўрачыстасць, яшчэ раз удакладнiм некаторыя дэталi. Месца м
|
|