Выбіраем вокны
Выбіраем вокны
Сёння многія пачалi ўстанаўлiваць вокны з полiвiнiлхларыднага профiлю (ПВХ). Нельга сказаць, што замена драўляных вокнаў стала масавай, але можна бачыць, як усё часцей гаспадары аддаюць перавагу "еўравокнам". Прыкiнуў на вока i аказалася, што ў пяцiпавярховых дамах на сваёй вулiцы прыкладна ў 25 працэнтах кватэр стаяць ужо вокны ПВХ. А чым яны лепшыя за драўляныя? Якiя ў iх плюсы i мiнусы? На маёй дачы вокны стаяць з 1924 года, i хоць яны невялiкiя, але каб драўляныя рамы вытрымалi больш за 80 гадоў, то гэта своеасаблiвы рэкорд. Праўда, як нi круцi, ды настаў час iх памяняць. Хацеў паставiць зноў драўляныя, бо падумаў, што будзе танней, але тут мяне чакала расчараванне. Драўляныя рамы сёння ў горадзе нiхто не робiць, а затое розных фiрмаў i прадпрымальнiкаў, якiя ўстанаўлiваюць "еўравокны", дзесяткi. Вось i пачаў iх абзвоньваць — выбiраць, дзе самыя танныя. І адразу скажу, што не трэба спяшацца з выбарам выканаўцы, бо разбежка ў суме можа быць iстотнай. Чатыры акенцы памерам 95х65 см (з якiх толькi адно адчыняецца) у розных прадпрымальнiкаў мелi сваю цану. У адной фiрме за тры "глухiя" акны запрасiлi 528 тысяч рублёў, а ў другой ужо 840 тысяч. Былi i супадзеннi, але здаралася гэта ад таго, што адна фiрма мае ў горадзе некалькi фiлiялаў. За акно, якое адчыняецца, прасiлi 300—400 тысяч. Пазванiў на мясцовы авiязавод, там таксама працуе свая фiрма па ўстаноўцы вокнаў ПВХ. Падумалася, што на дзяржаўным прадпрыемстве ўсё будзе больш надзейна. Сапраўды, тут паабяцалi ўстаноўку з улiкам усiх дзяржстандартаў, даюць гарантыю, але кошт вокнаў не самы нiзкi, ды i мантаж iх каштуе 17 працэнтаў ад цаны вокнаў, а ў прадпрымальнiкаў толькi дзесяць. Пасля разгляду розных варыянтаў замена вокнаў на дачы можа вылiцца ў суму ад аднаго да паўтара мiльёна. Ёсць некалькi фактараў, якiя паўплываюць на кошт вокнаў. Калi вы будзеце ставiць не простае шкло, а энергазберагальнае, то патрэбна будзе заплацiць прыкладна на 15 працэнтаў больш. Кошт залежыць яшчэ ад таго, якi вырашана ўстанаўлiваць шклопакет — аднакамерны цi двухкамерны. Для Беларусi дастаткова аднакамернага з энергазберагальным шклом. У нас паўсюдна ўстанаўлiваюць вокны белага колеру, але высветлiлася, што можна заказаць i каляровыя "пад дуб" цi чорныя, але зноў жа за гэта давядзецца выкласцi больш грошай, дзесьцi на 15 працэнтаў. Вокны з ПВХ-профiлю прыцягваюць да сябе ўвагу найперш тым, што з iмi меней клопату, чым з драўлянымi. Апошнiя неабходна рэгулярна ўцяпляць, фарбаваць, мяняць штапiкi, сачыць за станам рамаў. Акрамя гэтага, вокны ПВХ не прапускаюць у жылое памяшканне скразнякоў, а гэты фактар для зберагання цяпла немалаважны. Усе вокны з полiвiнiлхларыднага профiлю, якiя ўстанаўлiваюцца ў жылых дамах i грамадскiх будынках, павiнны праходзiць абавязковую сертыфiкацыю, а вось калi вокны вырабляюцца на iндывiдуальны заказ i прадаюцца насельнiцтву, то для iх абавязковая сертыфiкацыя не патрэбна, а гэта дае магчымасць розным прадпрыемствам пастаўляць iндывiдуальным заказчыкам прадукцыю нiзкай якасцi, якая не адпавядае абавязковым патрабаванням стандарту СТБ 1108-98 "Вокны i балконныя дзверы з полiвiнiлхларыднага профiлю. Агульныя тэхнiчныя ўмовы". Вось чаму неабходна пастарацца мець справу з фiрмай, у якой ёсць сертыфiкаты адпаведнасцi на вырабленую прадукцыю. Затым трэба заключыць дагавор на выраб i ўстаноўку вокнаў, а калi мантаж зроблены, то перад тым, як падпiсаць акт прыёму, неабходна вокны праверыць, каб выявiць дэфекты (як зачыняюцца, цi вертыкальна ўстаноўлены i г. д.). Некаторыя фiрмы прысылаюць майстра, якi зробiць усе замеры, а затым вокны ўстановiць. Але можа быць, што прадпрыемства гэтым не займаецца i рэкамендуе прыватнага майстра. Той сапраўды вокны хутка ўстановiць, запоўнiць усе шчылiны мантажнай пенай i развiтаецца. Потым прад’явiць яму нiякiя прэтэнзii ўжо немагчыма i дэфект давядзецца выпраўляць гаспадару. Яшчэ невядома, як павядуць сябе вокны з ПВХ-профiлю праз 10—20 гадоў, але ўжо цяпер гаспадынi скардзяцца, што белыя рамы гэтых вокнаў цяжка мыюцца звонку. А што драўляныя, няўжо яны адышлi ў нябыт? Па даўгавечнасцi акно з дрэва не саступае акну з полiвiнiлхларыднага профiлю, тэрмiн службы якога хiстаецца ў межах 30—50 гадоў. А на Захадзе драўляныя вокны ўсё яшчэ папулярныя i карыстаюцца попытам. Калi там "еўраакно" з’яўляецца звычайным шырспажывам, то драўляныя лiчацца экалагiчна чыстымi i ўстанаўлiваюцца, найперш, у дамах для жылля. У заходнiх краiнах увогуле ўсе "памяшалiся" на натуральным. Вялiкiя партыi драўляных вокнаў заказваюць i на беларускiх прадпрыемствах. Напрыклад, з Ляхавiч вокны вязуць у Данiю, дзе iх устанаўлiваюць у дамах на марскiм узбярэжжы. Шкада, што ў нас ужо няма выбару. Мода на вокны ПВХ зрабiла сваю справу i тут нiчога не зробiш. Попыт нараджае прапанову. Сымон Свiстуновiч.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сёння многія пачалi ўстанаўлiваць вокны з полiвiнiлхларыднага профiлю (ПВХ). Нельга сказаць, што замена драўляных вокнаў стала масавай, але можна бач
|
|