Здаровы чалавек — паспяховы чалавек
Здаровы чалавек — паспяховы чалавек
У незвычайным фармаце прайшлi 1 верасня ў сталiчных школах урокi ведаў. На сустрэчу са школьнiкамi ў гэты дзень прыйшлi прадстаўнiкi органаў дзяржаўнай улады, вядомыя дзеячы культуры, славутыя спартсмены, знакамiтыя архiтэктары, скульптары, кiраўнiкi ВНУ, пераможцы конкурсу педагагiчнага майстэрства. А пляцоўкамi для сустрэч сталi Нацыянальная бiблiятэка i Дзяржаўны музей народнай архiтэктуры i побыту, Нацыянальны мастацкi музей Беларусi i Мiнгарвыканкам, Дом афiцэраў i Цэнтральны батанiчны сад, Унiверсiтэт фiзiчнай культуры i Мiжнародны экалагiчны ўнiверсiтэт iмя Сахарава, Палата прадстаўнікоў. Беларускi дзяржаўны медыцынскi ўнiверсiтэт сустракаў учора вучняў класаў медыцынскага профiлю сталiчнай гiмназii № 12. Рэктар БДМУ Павел Беспальчук назваў вiзiт гiмназiстаў у вядучую медыцынскую навучальную ўстанову краiны вельмi сiмвалiчным. Хоць бы таму, што 2008 год аб’яўлены ў Беларусi Годам здароўя. Да таго ж медунiверсiтэт i 12-ю гiмназiю звязваюць два дзесяцiгоддзi цеснага супрацоўнiцтва, i штогод выпускнiкi гэтай навучальнай установы папаўняюць рады студэнтаў медунiверсiтэта. Вось i сёлета 30 выхаванцаў гiмназii сталi першакурснiкамi БДМУ. "Вам дастаткова толькi перайсцi дарогу, каб атрымаць прафесiю на ўсё жыццё, — жартуе рэктар. — І не мае значэння, якi шлях вы выбераце: станеце лечачым урачом цi будзеце стаяць каля вытокаў здароўя, займацца прафiлактыкай захворванняў. Дарэчы, у БДМУ дзейнiчае адзiны ў краiне медыка-прафiлактычны факультэт (раней ён называўся санiтарна-гiгiенiчным факультэтам). I сёння адзiн з яго выпускнiкоў, якi цяпер, праўда, жыве i працуе ў ЗША, намiнiраваны за свае даследаваннi на сушуканне Нобелеўскай прэмii. Атрыманне прэмii, безумоўна, стане грандыёзнай падзеяй не толькi для нашай ВНУ, але i для ўсёй Беларусi, але i сам факт намiнiравання на Ноблеўскую прэмiю — не менш ганаровая падзея". Мiж iншым, прафесiя ўрача — не толькi самая гуманная i самая высакародная, але i самая складаная ў эмацыянальным i маральным плане прафесiя. Прарэктар па вучэбнай i выхаваўчай рабоце БДМУ Уладзiмiр Манулiк падкрэслiў, што неабыякавасць, мiласэрнасць, адчувальнасць да чужога болю, уменне пачуць свайго пацыента — гэта тыя якасцi, без якiх немагчыма прафесiйнае станаўленне ўрача. Любоў i дабрыня дапамагаюць лячыць хваробы. Невыпадкова на эмблеме медунiверсiтэта напiсана "Майстэрствам i чалавекалюбствам, працай i ведамi". Менавiта такiмi якасцямi павiнен валодаць кожны яго выпускнiк. Уладзiмiр Манулiк нагадаў гiмназiстам, што непасрэдна ад медыцыны здароўе чалавека залежыць усяго на 15 працэнтаў. А больш чым на 50 працэнтаў — ад ладу жыцця. Невыпадкова лейтматывам усяго ўрока сталi словы "Здаровы чалавек — самы каштоўны твор прыроды". Дзецi дзялiлiся сваiм бачаннем здароўя: "Здаровы чалавек — паспяховы чалавек", "Здароўе: калi ўсе органы i часткi цела здаровыя", "Здароўе — гэта ўнутраны камфорт" i г.д. Гiмназiстам было прапанавана на аркушыках даць адказ на пытанне, што я магу зрабiць для ўмацавання свайго здароўя. I затым, пасля аб’яднання "зялёных галiначак", атрымалася сiмвалiчнае "Дрэва здароўя", якое сабрала "рэцэпты здароўя" ўсiх падлеткаў. Спорт, актыўны лад жыцця, правiльнае харчаванне, адсутнасць дрэнных звычак — гэта, зразумела, аксiёмы здароўя. Але, на думку падлеткаў, не менш важна быць шчаслiвым чалавекам, бо толькi шчаслiвы i гарманiчна развiты чалавек можа заставацца фiзiчна здаровым... Надзея НIКАЛАЕВА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У незвычайным фармаце прайшлi 1 верасня ў сталiчных школах урокi ведаў. На сустрэчу са школьнiкамi ў гэты дзень прыйшлi прадстаўнiкi органаў дзяржаўна
|
|