Калі няма ўраджаю, то кепска, а калi ёсць, то яшчэ горш
Калі няма ўраджаю, то кепска, а калi ёсць, то яшчэ горш
Урадзiлi слiвы. Што рабiць? Гадоў з дзесяць таму пры мяжы пасадзiў слiвы. Яны хораша цвiлi, але ўраджаю не было. а сёлета дрэвы слiвамi ўсыпаныя. Напачатку падумалася, што тых слiў будзе з паўтоны, але паразважаўшы, ураджай знiзiў напалову. Тым не меней, трыццаць вёдзер слiў кудысьцi неабходна падзець. На рынку людзi з дарамi саду стаяць у два рады i на кожнага, хто праходзiць, глядзяць з надзеяй. Пра алычу гаварыць не даводзiцца — аддаюць за капейкi, а вось за чарнаслiў просяць 8 тысяч за вядро. Тое ж вядро больш буйных слiў прадаюць па 10—12 тысяч. Прадаўцоў больш, чым пакупнiкоў, а пры такой канкурэнцыi на рынку збыць слiвы праблематычна, ды, увогуле, не стаяць жа з тым вядром. Хоць, калi б прыцiснула, то куды падзеўся б. Помнiцца, як некалi палiцы нашых магазiнаў былi застаўленыя слоiкамi з кампотам з тых жа слiў, i вiно прадавалася "Слiвавае", а яшчэ з чарнаслiву робяць бальзам, сушаць яго. Натуральна, што ўспомнiлiся кансервавыя заводы i нарыхтоўшчыкi, якiя ездзяць па вёсках i скупляюць у людзей розную садавiну. Патэлефанаваў у в. Вольна, што за пяць кiламетраў ад маёй дачы i там ёсць нарыхтоўчы пункт. — Прымаем толькi яблыкi, а лепш пазванiце на камбiнат харчовых прадуктаў, — параiлi ў трубку. Баранавiцкi камбiнат вырабляе вiно, але высветлiлася, што толькi з яблыкаў, рабiны, а слiва не патрэбная. На Ляхавiцкiм кансервавым заводзе прапанавалi звязацца з "Брэстпладгароднiнапрамам". Маўляў, там усё ведаюць. Сапраўды, сiтуацыя трохi праяснiлася. Слiвы закупляе Пiнскi вiнзавод i там ужо набылi больш за 600 тон гэтай сыравiны. А за лепшае параiлi звярнуцца ў спажыўкааперацыю, бо яна працуе непасрэдна з насельнiцтвам, нарыхтоўшчыкi там атрымалi на закуп садавiны крэдыты i магчыма набываюць i слiвы. У Баранавiцкiм райспажыўтаварыстве сказалi, што закупiлi 110 тон слiвы i адправiлi яе на Слонiмскi вiнзавод, але больш закупляць не будуць, бо няма каму збываць. Калi выйшаў на Брэст, то абласная спажыўкааперацыя зусiм расчаравала. Аказалася, што дробныя слiвы нiхто не прымае не толькi на Брэстчыне, але i ў краiне, ды ад гэтай слiвы адны праблемы, бо для яе патрэбна асобная тэхналогiя i ва ўсiм вiнаваты костачкi... У Пiнск за 150 км слiвы не павязеш, але ўсё ж вырашыў патэлефанаваць на вiнзавод. — А мы слiвамi ўжо насыцiлiся, — заявiў дырэктар Сяргей Табуноў, — закупiлi алычы i будзем выпускаць вiно. А што датычыцца тэхналогii перапрацоўкi костачкавых, то на кожным заводзе ведаюць, як гэта рабiць. Калi няма ўраджаю, то кепска, а калi ён ёсць, то яшчэ горш. Справа, вядома, не ў маiх слiвах. Праходзячы па вясковай вулiцы бачыш, як тыя ж слiвы ляжаць на зямлi пры плоце i нiкому не патрэбныя. Усё ж гэта не тая сыравiна, каб яе таптаць нагамi цi слiвамi кармiць свiней. Хоць другi варыянт не горшы. Цiкава, а цi можна са слiў вырабляць спiрт? Напэўна ж, можна. Знаёмы паляшук, пачуўшы пра маю праблему, толькi ўсмiхнуўся. — У мяне слiў таксама хапае. Калi яны добра выспеюць i пачынаюць ужо асыпацца, я запаўняю iмi бочкi. Можна, счакаўшы, слiвы адцiснуць i атрымаецца з соку добрая слiвавiца, а яшчэ лепш калi яны перабродзяць — перагнаць. Добрая гарэлка атрымлiваецца, — расказвае паляшук i запрашае, калi буду ў iх баку, зазiрнуць i пакаштаваць тое пiтво. Пусцiць слiвы на гарэлку цi не — пытанне не стаiць. Зусiм iншая была б справа, каб чалавек мог без праблем i валакiты ўзяць лiцэнзiю на выраб алкагольных напояў, то тады можа, слiвы не валялiся б пад нагамi, а наш чалавек паступова перайшоў бы на натуральныя напоi. — Мне вялiкую, — кажа пакупнiк, i прадавец моўчкi падае яму бутэльку "чарнiла". Менавiта гэтага "вiна", якое часам вырабляецца з рознага канфiскату, найбольш i спажываецца ў нас. Мы п’ём i пiць будзем, а калi так, то няхай тое пiтво вырабляецца i са слiў. А магчыма, уся праблема ў тым, што тыя, ад каго гэта залежыць, смакуюць зусiм iншыя напоi. Сымон Свiстуновiч.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гадоў з дзесяць таму пры мяжы пасадзiў слiвы. Яны хораша цвiлi, але ўраджаю не было. а сёлета дрэвы слiвамi ўсыпаныя. |
|