Сакрэты сапраўднай мачанкi
Сакрэты сапраўднай мачанкi
На тэлебачаннi — проста "бум" разнастайных кулiнарных шоу. Чаго толькi нi гатуюць госцi i вядучыя такiх праграм, у якiя экзатычныя падарожжы нi накiроўваюцца! Усё для таго, каб знайсцi новы смак i падзялiцца модным рэцэпцiкам з гледачамi. Беларуская кухня пакрысе забываецца i ўсё больш замяняецца "хуткай ежай" (няўжо можна параўнаць дранiкi, якiя пякла бабуля, з "прадуктам" у пунктах грамадскага харчавання? — М.Л.). Мiж тым, гэты пласт культуры надзвычай багаты i пакуль яшчэ даступны для вывучэння. Перш за ўсё ў глыбiнцы, дзе захоўваюцца старадаўнiя традыцыi прыгатавання па-сапраўднаму арыгiнальных страў. У Вобчыне, што за шэсць кiламетраў ад Любанi, яшчэ ў 2001 годзе пры мясцовым Доме культуры арганiзавалi клуб аматараў беларускай кухнi. Гэта даволi вялiкая вёска — цяпер тут каля 800 жыхароў. У склад Вобчына ўваходзяць некалькi пасёлачкаў (раней iх было 22, а цяпер значна менш). Як узгадваюць месцiчы, да вайны ў кожнай хаце было па 7—10 дзяцей. Расказваюць, што нават у самым невялiчкiм "квартале", дзе стаялi лiчаныя хаты, ды i тое гадавалася мо паўсотнi малых. Неяк весела жылi i песнi спявалi, частавалi адзiн аднаго прысмакамi ўласнага прыгатавання. — Пяклi хлеб, — узгадвае Валянцiна Крывальцэвiч, — смачны такi, духмяны. Лусту адрэжаш, маслам намажаш, пасыплеш цукрам, ды як упiшаш — эх! Зараз такога хлеба не спячэш, трэба жытняя мука, а не такая, як у краме прадаецца. Затое пiрагi вобчынская талака пячэ адметныя — выязджаюць на якое свята, цi на кiрмаш, то ўсе адразу iх прадукцыю заўважаюць. Як рассмакуюць, то ў лiчаныя хвiлiны ўвесь запас (звычайна жанчыны печыва цэлымi вялiзнымi кашамi запасаюць) знiкае. У Вобчыне што хочаш табе спякуць: жаўрукоў, барану i нават мудрагелiста заплеценую пугу. А калi яешню ў печы зробяць, дык гараджане здзiўляюцца: чым жа бабулi прывезлi людзей частаваць? — Яйкi, малако, соль i масла ўзбiваеш — i ў печ. Усё проста, астатняе — тэхналогiя, якая ў кожнай гаспадынi нечым адрознiваецца, — кажа Нiна Кандраценка. — Спячэш, дык як сапраўдны пiрог атрымлiваецца. Лыжкай возьмеш i нават адразу не скажаш, што звычайная яешня. Увогуле малочныя прадукты даволi часта ўжываюцца пры прыгатаваннi розных смачных страў. У Вобчыне пачастуешся гамолкамi з тварагу, сырнiкамi. Многiя дасюль трымаюць жывёлу — у агульным статку дзве сотнi кароў. Праўда, пасвяць iх асобна, па пасёлачках. Дапамагае мясцовае сельгаспрадпрыемства — СВК "Вобчын". У гаспадарцы засталiся конi, якiмi без абмежаванняў карыстаюцца вяскоўцы, калi неабходна нешта зрабiць на прысядзiбным участку. Тутэйшыя жыхары задаволеныя старшынёй СВК: кажуць, што "глядзiць людзей". Падарункi заўсёды даюць на святы (на Новы год абавязкова цукеркi), клубу дапамагаюць. Пры такой падтрымцы чаму б не шчыраваць, таму i на падворках у вобчынцаў усяго багата. Калi кароў не ўсе маюць, то свiней, курэй, качак нават самыя старыя (хто пакуль яшчэ дужы) трымаюць. У вёсцы, яшчэ мабыць за савецкiм часам, былi ўзведзены двухпавярховыя дамы. У гэтых будынках калгаснiкi атрымалi кватэры. А побач з пад’ездамi, лiтаральна ў двары, хлявы, дзе i трымаюць жывёлу. Таксама "на паветры" абуладкаваныя летнiя кухнi, дзе зробленыя самыя сапраўдныя печы. У кожнай хаце абавязкова заўважыш дымок з комiнаў. Нават у асобных кватэрах ёсць печы. "Вёска — не горад, — кажуць месцiчы, — тут без печы не абыдзешся. Трэба неяк знаходзiць выйсце". Таму для ўдзельнiц клуба аматараў беларускай кухнi ў Вобчыне спрыяльныя ўмовы. Абавязкова завiхаюцца ля вясковай печы, толькi зрэдку ў мiкрахвалёўках даводзяць нешта да гатоўнасцi. — Адной з удзельнiц клуба ў кастрычнiку споўнiцца 85 гадоў, — заўважае Валянцiна Крывальцэвiч. — Яна многае паказвае з таго, што гатавалi нашыя бабулi. Цяпер самыя паўсядзённыя ў былыя часы стравы на стале не так часта заўважыш. Дранiкi, бабка, калдуны, квас, розныя кашы, куханы, пернiкi (такiя сухары, якiя пяклi ледзь не ў кожнай хаце). Сапраўднай мачанкi сёння не знойдзеш. — А што — ёсць нейкi сакрэт? — Самая простая i самая смачная страва. Бераце рабрынкi i варыце ў печы. Пасля прыпраўкi ўкiнуць (кропу, лаўровага лiсту), муку развесцi i дадаць у гаршчэчак. Зноў ставiце ў печ, каб запрэла. Вось i мачанка. Абавязкова есцi з гарачымi блiнамi. Ад пачутага прама слiнкi бягуць, а калi пакаштаваць! Зрабiць можна самастойна, а майстар-клас правядуць гаспадынi з вобчынскага клуба аматараў беларускай кухнi. Займацца прыходзiць мясцовая дзятва, якой надта цiкава навучыцца гатаваць смачныя стравы. Збiраюцца разам усёй талакой на святы. У тутэйшых мясцiнах заўсёды з размахам спраўляюць Юр’я. Такiх святаў два на годзе — вясной i ўвосень. Месцiчы жартам кажуць: два Юр’i — абодва дурнi, адзiн галодны, другi халодны. Спрадвеку на гэтыя святы ў Вобчыне людзi адзiн да аднаго хадзiлi. Гаспадыня сустракала гасцей у прыгожым вышываным строi. Такiя i цяпер тут можна сустрэць. Удзельнiцы клуба адшукалi ў бабулiных куфрах старое адзенне i па ўзоры пашылi сабе такое ж. Выглядае вельмi нават па-сучаснаму — з густам i арыгiнальна. Такiя строi не толькi ў сталых гаспадынь, але i ў дзяўчынак, якiя ганарацца сваiмi абновамi i ва ўсiм дапамагаюць матулям i бабулям. I не толькi ля печы прысмакi гатаваць. Справа ў тым, што кухня ў Вобчыне незвычайная — пеўчая. — Яшчэ ў 1964 годзе ў вёсцы быў арганiзаваны хор, — адзначае дырэктар Вобчынскага сельскага Дома культуры Нiна Верамейчык. — А пасля стварылi аўтэнтычны фальклорны гурт "Павалякi". Такую назву падабралi з гумарам: маўляў, усе такiя нямоглыя, ледзь iдзём, перавальваемся — ну чым не "павалякi", а пачуйце — якiя песнi спяваем! Цяпер у нашым рэпертуары больш за трыста вакальных твораў. Усе яны захавалiся менавiта ў тым выглядзе, як былi можа сто—дзвесце гадоў таму. Цэлая касета гэтых песень запiсаная. Такiм чынам iмкнёмся захоўваць нацыянальную спадчыну. Нездарма ж сёлета калектыву прысвоены статус гiсторыка-культурнай каштоўнасцi. Выступае i дзiцячы гурт "Верасок" — так што ёсць каму падхапiць справу. У Вобчыне спявалi заўсёды — у кожным пасёлачку аднолькавыя творы па-рознаму выконвалi. — Цяпер удзень заспявай — скажуць п’яны, а раней i на працу i з працы з песняй, а ўвечары на лаўках збiралiся, — узгадвае Валянцiна Крывальцэвiч. — Там Дочкi запелi, далей Цыганкi, Масква, Звярынец — так нашыя "мiкрараёны" тады звалiся. Не сумуюць i цяпер — адзначаюць святы, сустракаюць гасцей у сваiх строях з песнямi, частуюць смачнымi стравамi, прыгатаванымi па старадаўнiх рэцэптах. Вельмi хочацца, каб i надалей самабытны Вобчын захоўваў сваю непаўторнасць. Бо дзе яшчэ пакаштуеш сапраўдную мачанку? Мiкалай ЛIТВIНАЎ, Любанскi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На тэлебачаннi — проста "бум" разнастайных кулiнарных шоу. Чаго толькi нi гатуюць госцi i вядучыя такiх праграм, у якiя экзатычныя падарожжы
|
|