Нявеста... з бензапілой i ў шлеме
Нявеста... з бензапілой i ў шлеме
За кадрам Гэта не завязка фiльма жахаў, а цалкам рэальны пачатак забаўляльнага тэлевiзiйнага праекта "Пасаг для нявесты", што зусiм хутка стартуе на канале АНТ. Днямi патэнцыйныя нявесты праходзiлi кастынг перад камерамi. Як гэта адбывалася, удалося раней за гледачоў убачыць карэспандэнту "Звязды". Кастынг у Нацыянальнай школе прыгажосцi доўжыўся тры днi. У першы, праўда, мы спачатку вырашылi, што не туды трапiлi — у холе блукалi зусiм маладзенькiя дзяўчаты, гадоў па 20—25, больш падобныя да ўдзельнiц якога-небудзь мадэльнага конкурсу. "Мы проста падзялiлi кандыдатак на групы, каб i журы было лягчэй працаваць, i нiхто не адчуваў сябе не ў сваёй талерцы, — патлумачылi арганiзатары праекту. — А так сярод удзельнiц ёсць i жанчыны за 40. З Мiнска i вобласцi заявак паступiла, вядома ж, больш за ўсё, але хапае ахвотнiкаў i з iншых рэгiёнаў, вельмi многiя дзяўчаты — з вёсак". Усяго на адрас АНТ, дарэчы, прыйшло каля 3000 заявак ад ахвотнiц уступiць у барацьбу за пасаг. Пасля дэталёвага разгляду да кастынгу было дапушчана толькi 500 кандыдатак, а выбiраць журы трэба было толькi дзесятую частку — 50 чалавек. У "камеру катаванняў" — пакойчык, дзе знаходзiлася адборачная камiсiя i здымачная група — дзяўчат запускалi па трое. Ахоўнiкi, прайшоўшыя ўжо загартоўку на "Мiс Беларусь", падбадзёрвалi самых нервовых i вучылi: "Галоўнае — ашаламiць! Так што не губляйцеся i будзьце самi сабой". Дзяўчаты паслухмяна кiвалi, ледзьве што не занатоўваючы парады ў блакнот — i сапраўды разнявольвалiся. — Чаму вы вырашылi ўзяць удзел у шоу? — дапытваўся ў прэтэндэнтак прадзюсар АНТ Ягор Хрусталёў. — Сядзела дома, рабiць не было чаго, — бясхiтрасна прызналася Вольга з Барысава, — а тут убачыла па тэлевiзары такую цудоўную рэкламу, i падумала: чаму б не? Малады чалавек Вольгi, дарэчы, паставiўся да рашэння сваёй палавiнкi гэтак сама: "Табе што — рабiць няма чаго?!". Але потым махнуў рукой i пагадзiўся. Вядомы ўрач-псiхатэрапеўт Дзмiтрый Сайкоў, якi таксама прысутнiчаў у камiсii, агарошваў сваёй прафесiйнай цiкавасцю: — А якiя ў вас стасункi з алкаголем? — Усё пад кантролем... Хлопцы кантралююць! — рапартавалi нявесты. Удзельнiцы расказвалi аб сабе — хто ў прозе, а хто i ў вершах. Усе ў прынцыпе ведалi, што будзе дадзена творчае заданне. Але яўна гублялiся, калi арганiзатары прапаноўвалi сiтуацыю: "Вы даведалiся пра здраду каханага, i падыходзiце да дома сапернiцы. На выбар у вас два прадметы — бейсбольная бiта цi бензапiла. Пакажыце, што будзеце рабiць?". А каб дзяўчаты ўяўлялi абставiны больш рэалiстычна, з-за шырмы даставалi сапраўдную бiту i сапраўдную бензапiлу! Дзяўчаты рэагавалi па-рознаму: хтосьцi гаварыў, што не трэба падручных сродкаў, "я яе... голымi рукамi", хтосьцi размахваў бiтай з iмпэтам прафесiйнага бейсбалiста. Але ў вынiку ўсе атрымлiвалi аднолькавую фразу на развiтанне: "Дзякуй, чакайце званка". І толькi пасля таго, як удзельнiцы пакiдалi пакой, камiсiя — дырэктар Нацыянальнай школы прыгажосцi Вольга Сярожнiкава, акцёр Яўген Нiкiцiн, шэф-рэдактар "Жаночага часопiса" Юлiя Дарафеева, спявачка Анжалiка Агурбаш, прадзюсар праекту Анжалiна Мiкульская — пачыналi абмеркаванне: каго варта дапусцiць да "забегу". Справа ў тым, што канчатковы адбор пройдзе ў выглядзе самага сапраўднага забегу: 50 дзяўчат у вясельных сукенках i спартыўнай экiпiроўцы павiнны будуць прабегчы пэўную дыстанцыю. Пераможца забегу трапiць у тэлешоу "Пасаг для нявесты" аўтаматычна, яшчэ шасцярых залiчаць па вынiках кастынгу. (Спярша планавалася, што забег адбудзецца ў Мiнску ўжо ў гэтыя выхадныя, 14 верасня, але ў сувязi з Днём горада спаборнiцтва вырашылi перанесцi на больш познi тэрмiн). Сярод кандыдатак, што чакалi сваёй чаргi, мы са здзiўленнем заўважылi хлопца. 20-гадовы Аляксей пацвердзiў, што ён сапраўды прыйшоў на кастынг: "У правiлах не было сказана, што хлопцам нельга запаўняць анкету, галоўнае — каб у наяўнасцi мелася пара, якую звязваюць сур’ёзныя адносiны. Таму мы з маёй дзяўчынай палiчылi, што няважна, хто з нас адправiць заяўку i прыйдзе на кастынг. А калi ўсё ж спытаюцца, чаму прыйшоў менавiта я, патлумачу, што мне надакучыла здымаць iншых (я працую аператарам), цяпер вельмi хочацца, каб знялi мяне". Мы прыперлi Аляксея да сцяны з пытаннем, а што, калi яго дапусцяць да ўдзелу ў шоу — пагодзiцца бегчы ў вясельнай сукенцы? Хлопец задумаўся, але ў рэшце рэшт пагадзiўся: "Спатрэбiцца — пабягу!". Таксама вылучалiся з агульнай колькасцi кандыдатак у гераiнi тэлешоу жанчыны з маленькiмi дзецьмi. "Я ў прынцыпе не спадзявалася, што маю заяўку разгледзяць, бо сумленна ўказала, што ў мяне ёсць грамадзянскi муж. Анкету запоўнiла выключна з цiкавасцi, — расказала нам Каця з Брэста, на руках якой утульна ўладкаваўся сын Глеб. — Але справа ў тым, што ў нас не было вяселля, толькi рэгiстрацыя шлюбу. А галоўны прыз праекта — якраз 25 мiльёнаў на арганiзацыю вяселля. Якая ж жанчына ад гэтага адмовiцца?". Мы спрабавалi высветлiць у арганiзатараў, цi ёсць у Кацi шанцы трапiць у лiк 50 "бягунняў", але атрымалi толькi няпэўны адказ: "Паглядзiм...". Але больш за ўсiх уразiла журналiстаў Элеанора Язерская, якая сцiпла сядзела на канапе ўбаку ад удзельнiц. — Вы — таксама на кастынг? — не паверылi мы. — Не, я тут па сваiх справах, прыйшла са сваiм сябрам доктарам Сайковым перагаварыць з прадзюсарамi АНТ. — I ўжо толькi тут даведалася, што iдзе адбор. Удзельнiчаць? Не, што вы! Хоць я i "вечная нявеста", гэты праект не для мяне. Але нявесты, гляджу, як на падбор, прыгажунi, так што за генафонд нацыi можна не хвалявацца. — I як вам iдэя праекта — дзяўчаты змагаюцца за будучае сямейнае шчасце? — Змагацца, натуральна, трэба — хоць, можа, i не такiм шляхам, як бегаць стометроўкi ў вясельнай сукенцы. Але ўсе праекты, якiя робiць АНТ, атрымлiваюцца вiдовiшчнымi i цiкавымi, так што, думаю, нiчога страшнага ў iдэi спаборнiцтва няма. Краiна будзе глядзець гэты праект. Мы ж жывём у век шоу-бiзнэсу, калi за хвiлiну, спеўшы паўтары песнi, можна праславiцца i лiчыць сябе зоркай. Няхай i ў гэтых дзяўчат будзе такая магчымасць, убачыць сябе на экране. Тым больш, прадугледжаны вельмi добрыя прызы ад АНТ — гэта, безумоўна, падмацуе маладую сям’ю. — Можа, дасце ўдзельнiцам параду, як вытрымаць напружанне барацьбы? — Трэба быць проста ўпэўненай у сабе i ў сваiх сiлах. Уставаць ранiцай i гаварыць сабе: "Сёння лепш за мяне не будзе нiкога!". Гэта вельмi дапамагае. Пасля адбору з дзяўчатамi пачне працаваць псiхолаг, прафесiйны харэограф (адзiн з конкурсаў прадугледжвае здымкi вiдэаролiку з танцам нявесты), выкладчыкi па акцёрскiм майстэрстве. Весцi новае шоу, дарэчы, будзе Анжалiка Агурбаш у пары з Ягорам Хрусталёвым. "Мы будзем вельмi шчырымi, спагадлiвымi, але разам з тым бесстароннiмi вядучымi, — паабяцала спявачка. — Вось убачыце, атрымаецца жыццесцвярджальнае, пазiтыўнае i шматабяцальнае шоу, якое будзе цiкавае як зусiм юным стварэнням, так i ўжо сталым людзям, уключаючы бабуль я дзядуляў, якiя прыгадаюць сябе ў ролi жанiхоў i нявестаў. А ў жыццi пар-удзельнiц яно стане запамiнальнай i яркай падзеяй — будзе пра што расказаць потым сваiм дзецям i ўнукам". Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гэта не завязка фiльма жахаў, а цалкам рэальны пачатак забаўляльнага тэлевiзiйнага праекта "Пасаг для нявесты", што зусiм хутка стартуе на к |
|