Горад на Магiле Льва
Горад на Магiле Льва
Паспрабуйце спытаць карэннага жыхара якога-небудзь горада пра адметнасцi яго роднага месца. Знянацку, хутчэй за ўсё, ён вам нiчога i не адкажа. Затое потым, калi павядзе па вулiцах, то зможа прыгадаць мiльён дробязяў, якiя адбiлiся ў памяцi i непарыўнымi нiцямi ўспамiнаў звязваюць яго i горад. Аднак заезджы вандроўца заўсёды прыкмецiць у новым горадзе нешта iншае, да чаго вока карэннага жыхара даўно прызвычаiлася. Вось так i давялося пабываць мне ў горадзе на Дняпры, над якiм яшчэ бывае лётаюць старыя легенды пра Машэку ды пра Магiлу Льва . І паспрабую з вамi падзялiцца тымi ўражаннямi, якiя мне ў спадчыну пакiнуў стары i адначасова сучасны Магiлёў. Сэрца
Паспрабуйце спытаць карэннага жыхара якога-небудзь горада пра адметнасцi яго роднага месца. Знянацку, хутчэй за ўсё, ён вам нiчога i не адкажа. Затое потым, калi павядзе па вулiцах, то зможа прыгадаць мiльён дробязяў, якiя адбiлiся ў памяцi i непарыўнымi нiцямi ўспамiнаў звязваюць яго i горад. Аднак заезджы вандроўца заўсёды прыкмецiць у новым горадзе нешта iншае, да чаго вока карэннага жыхара даўно прызвычаiлася. Вось так i давялося пабываць мне ў горадзе на Дняпры, над якiм яшчэ бывае лётаюць старыя легенды пра Машэку ды пра Магiлу Льва . І паспрабую з вамi падзялiцца тымi ўражаннямi, якiя мне ў спадчыну пакiнуў стары i адначасова сучасны Магiлёў. У сэрцы Магiлёва, як i ў большасцi беларускiх гарадоў, непахiсна стаiць з савецкiх часоў Уладзiмiр Iльiч. I пазiрае з гранiтнага пастамента на так званы "нулявы кiламетр". А за спiной у яго высiцца будынак аблвыканкама. Амаль такi самы, як i ў Мiнску Дом урада на плошчы Незалежнасцi. Мяркую, што ўсе ведаюць пра калiсьцi задуманую рэзервовую функцыю Магiлёва: надакучыць беларусам мець сталiцу ў Мiнску, то можна яе пераносiць ў Магiлёў — Дом урада ўжо гатовы. Цiкава, што на будынку яшчэ вiсiць герб БССР. Ну й хай сабе вiсiць — усё роўна адрозненнi мiнiмальныя, а напамiн пра гiсторыю — добры. А вось калi спытаць у моладзi, дзе ў Магiлёве "цэнтравое" месца, то яны вас завядуць на вулiцу Ленiнскую. О!.. Гэта вельмi спецыфiчная вулiца са сваiмi ўласнымi правiламi. Яшчэ зусiм нядаўна яна была ну цалкам звычайнай гарадской транспартнай артэрыяй. Ды некалькi гадоў таму Ленiнскую вулiцу зрабiлi пешаходнай: машынам рух перакрылi, асфальтавае пакрыццё змянiлi на брукаванку, старыя дамы вакол адрэстаўравалi, паадкрывалi кавярняў i нават усталявалi фiгуру бронзавага астролага. У вынiку — вулiца Ленiнская стала самым папулярным месцам адпачынку для магiлёўскай моладзi. Са сваiмi сакрэтамi i традыцыямi. Напрыклад, ведаеце, як тут правiльна знаёмiцца? Расказваю. Дзяўчыне трэба апрануць самую прыгожую i самую кароценькую спаднiцу i абуць пантофлi на шпiльках. Узяць адпаведна апранутую сяброўку i ўвечары выйсцi на шпацыр. Далей неабходна некалькi разоў пераадолець на шпiльках (!) з пачатку ў канец i назад брукаваную (!) вулiцу Ленiнскую. У гэты час хлопцы павiнны сядзець на лаўках, якiх хапае паабопал вулiцы, i пiльна сачыць за "праплываючымi" мiма дзяўчатамi. Калi дзяўчына праходзiць у трэцi цi чацвёрты раз i ты паспеў яе агледзець з усiх бакоў, то можна пакiнуць нагрэтае месца на лаўцы i падысцi да паненкi з якiм-небудзь банальным пытаннем, накшталт "як прайсцi ў бiблiятэку". Калi не даяце мне веры, то ў вас з’яўляецца добрая нагода завiтаць у Магiлёў ды праверыць усё на уласным досведзе! А вулiцу Ленiнскую вам пакажа i малы, i стары. (Не)Савецкая плошча Калi iсцi па ўжо вядомай нам вулiцы Ленiнскай, то апынешся на плошчы Савецкай, дзе вось толькi-толькi адбудавалi нанава старую ратушу. Мне пашанцавала — я змог патрапiць унутр будынка. Побач з новай ратушай знаходзiцца ЗАГС, i таму з будаўнiцтвам ратушы фатографы атрымалi новы гожы заднi план, а маладыя — фоткi сябе любiмых з гэтым фонам. На самой плошчы ёсць мемарыяльны комплекс "Змагарам за савецкую ўладу" ў выглядзе жанчыны на высокiм пастаменце, каля якога гарыць Вечны агонь. Зусiм нядаўна прайшла iнфармацыя, што тапанiмiчная камiсiя пры гарвыканкаме ўнесла на разгляд прапанову аб перайменаваннi Савецкай плошчы. Каб тая пачала адлюстроўваць шматвекавую гiсторыю. Прапанаваныя варыянты — плошча Герояў, плошча Славы... Плануецца вынесцi гэтае пытанне на абмеркаванне гараджан, толькi вось цi знойдзе iнiцыятыва па "адмене савецкасцi" падтрымку? Бо колькi часу таму гараджане ўжо адмовiлiся рабiць плошчу "несавецкай". I, дарэчы, калi апеляваць да гiсторыi, то варта прыгадаць, што раней гэтая плошча звалася "Губернатарскай". Схадзiць нельга з’ехаць Калi ў вас хапае вольнага часу пры наведваннi Магiлёва, то пастаўце коску ў назве пасля слова "схадзiць"i паслухайце, што б я паказаў гасцям горада, калi б быў магiляўчанiнам. Ну, па-першае, павёў бы вас па металiчных прыступках над кветкамi ўнiз па доўгай-доўгай лесвiцы да манастыра св. Мiкалая. Здаецца, некалькi сотняў метраў ад цэнтра, i якi кантраст — нi шуму, нi пылу, нi гарадской мiтуснi... Толькi цiша, спакой ды супакаенне. Адчуваеш сябе недзе ў васемнаццатым стагоддзi, пазбаўляешся думак пра людскую марнасць, пачынаеш думаць пра вечнае i духоўнае, губляеш рытм мегаполiса, i час пачынае iсцi павольна-павольна... Пунктам нумар два рэкамендую пабыць на Буйнiцкiм полi, што знаходзiцца на выезде з горада ў бабруйскiм напрамку. Вядома, вы там не знойдзеце атракцыёнаў i шапiкаў з пiвам, але прыехаць туды варта хаця б для таго, каб пакланiцца савецкiм салдатам i апалчэнцам, што загiнулi тут у 41-м у цяжкiх баях пры абароне Магiлёва... Дарэчы, насупраць мемарыяльнага комплексу на Буйнiцкiм полi, праз дарогу, размешчаны аб’ект нумар тры у маiм спiсе — магiлёўскi заасад. Спадарства, аналагаў на Беларусi я больш не бачыў — гэта такая мешанiна заапарку i парку адпачынку. Там можна не толькi за звяркамi пацiкаваць, але i шашлычкоў у кафэ паесцi, i з каханай дзяўчынай на лаўцы ў патаемным кутку пасядзець. Пра звяркоў. Можа, вы спачатку паўсмiхалiся iранiчна: маўляў, раiць нам схадзiць на тры вароны палюбавацца! Не, спадарства, тут выбар ого-го: сапраўды ад птушак i ажно да... зуброў! Ага, прычым частка звяроў, у тым лiку i любiмцы Мiколы Гусоўскага, жывуць у вялiкiх вальерах. Не, нават не ў вальерах. Гэта проста куточак лесу, абгарожаны сеткай. Так што, каб убачыць зубра, яго яшчэ пашукаць трэба! Затое як прыемна потым у зараснiку выявiць постаць "калматай кароўкi" i адчуць, як у жылах пачынае прачынацца i бурлiць паляўнiчая кроў, што засталася ў спадчыну ад продкаў, апiсаных у "Песнi пра зубра". Эх!.. Цiкава, што ў планах развiцця заасаду пазначана мiнi-чыгунка, фунiкулёр i нават рачны трамвайчык! Дай жа божа спраўдзiцца гэтым планам!.. Наступныя аб’екты, якiя не варта прапускаць, — гэта Магiлёўскi абласны драматычны тэатр (не толькi на будынак канца ХIХ стагоддзя палюбавацца, але варта i на спектакаль схадзiць), парк з атракцыёнамi, дзе захавалiся савецкiя электрычныя машынкi на аўтадроме i манцiруецца "Супер-8" са сталiчнага парку Чалюскiнцаў, касцёл Св. Станiслава, сабор трох Святых. Як мiнiмум — трэба наведаць гэтыя аб’екты, каб сказаць без нацяжак, што былi ў Магiлёве. Разыначкi для гурманаў Ну й, нарэшце, яшчэ трохi мёду у бочку з мёдам. Самае i самае адметнае, як i патрабуе закон жанру, пакiнуў напрыканцы. Напрыклад, я дагэтуль быў упэўнены, што самая доўгая назва прыпынку грамадскага транспарту ў Мiнску: "Паварот на фiлiял Беларускага дзяржаўнага ўнiверсiтэта". Ажно не! Магiлёў больш круты ў гэтым плане: як вам прыпынак "Адкрытае акцыянернае таварыства "Завод штучнага валакна iмя Куйбышава"? Ну, яшчэ б iнiцыялы Куйбышава ў тралейбусах ды аўтобусах прагаворвалi, дык i наогул было б, што пакуль назву прыпынку паслухаў, то i да наступнага даехаў! Яшчэ адна "разынка" — хата з... пластыкавых бутэлек! Знайсцi яе няцяжка: калi будзеце вяртацца з манастыра Св. Мiколы, то не спяшайцеся падымацца па лесвiцы, а збочце налева i трохi прайдзiце ўперад. I падзiвiцеся на хату, упрыгожаную тысячамi пластыкавых бутэлек... Эх, хапае ж на нашай зямельцы арыгiнальных людзей!.. А яшчэ я доўга разважаў над iнфармацыяй з аб’явы ў тралейбусе: "У мэтах вынiшчэння п’янства, самагонаварэння, незаконнага абароту алкагольнай прадукцыi ў палку патрульна-паставой службы УУС Магiлёўскага аблвыканкама створана "прамая лiнiя" ў рамках правядзення акцыi "П’янству — не", куды Вы можаце паведамiць пра вядомыя факты i асобаў па тэлефоне... ". Вось скажыце, калi з "фактамi" самагоннаварэння i незаконнага абароту ўсё зразумела, то што рабiць з "фактамi" п’янства? Вось, напрыклад, убачу, як за магазiнам пасля працоўнага дня мужыкi бутэлечку на траiх "раздаўлiваюць", то таксама тэлефанаваць i расказваць пра "вядомыя факты i асобаў"?.. ...Вось такi ён, Магiлёў, стары i новы, звычайны i незвычайны, дзiўны i ўнiкальны. Калi вы тут жывяце, то паспрабуйце прайсцi па вулiцах i паглядзець вачамi прыезджага на свой родны горад — шмат чаго ўбачыце цiкавага. Ну а калi вы тут яшчэ нi разу не былi, то абавязкова завiтайце. Толькi будзьце асцярожныя з "вядомымi фактамi i асобамi". Жартую :) Павел БЕРАСНЕЎ
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Паспрабуйце спытаць карэннага жыхара якога-небудзь горада пра адметнасцi яго роднага месца. Знянацку, хутчэй за ўсё, ён вам нiчога i не адкажа. Затое
|
|