Хутар унука генерала Уласіка
Хутар унука генерала Уласіка
Гаспадары з Новай Вадвы адраджаюць гонар сялянскай працы
У прыватнiкi — без апладысментаў На Шклоўшчыну Уласiк прыехаў дваццаць чатыры гады таму. Сам родам з вёскi Парэчча Слонiмскага раёна — там скончыў школу. Адвучыўся ў Жыровiцкiм саўгасе-тэхнiкуме. Пайшоў у войска, а як звольнiўся, то ўладкаваўся ў калгас. Спачатку працаваў на Гродзеншчыне, а пасля, як кажа, "жонка перацягнула" ў свае родныя мясцiны, у Шклоўскi раён. І з 1984 года Аляксандр Уладзiмiравiч у калгасе "Зара". Займаўся пераважна iнжынернай справай — быў спецыялiстам па сельгасмашынах, загадчыкам майстэрняў, праз пэўны час дайшоў нават да пасады намеснiка старшынi гаспадаркi. У пачатку 1990-х гадоў у аграпрамысловым комплексе пакрысе пачалi ўкараняцца новыя эканамiчныя адносiны. Далёка не ўсе цягнулiся да навацый, лягчэй, вядома ж, трымацца за парадак, устаноўлены дзесяцiгоддзямi. Аднак знаходзiлiся i больш рашучыя — у 1995-м Уласiк i яшчэ трое работнiкаў "Зары" напiсалi заявы аб звальненнi з калгаса. — Мы цвёрда вырашылi стаць фермерамi, — узгадвае Аляксандр Уладзiмiравiч. — Па гэтым пытаннi праводзiлi ажно тры сходы калгаснiкаў. Я прасiў выдзелiць 50 гектараў зямлi, а калi падлiчылi пай, то далi толькi 14. Пайшлi з гаспадаркi зусiм не пад апладысменты — на падтрымку не разлiчвалi. Умовы аказалiся сапраўды экстрэмальныя: фермерскую гаспадарку "Уласiк" зарэгiстравалi ў красавiку 1995 года, якраз падчас сяўбы. Нi тэхнiкi, нi насення, нi ўгнаенняў у прыватнiка тады не было. Давялося ўсё пазычаць. Як з горыччу кажа фермер, "пасеяў ячмень па ячменю, бо нiчога iншага не знайшлося". Жонка Тамара Iванаўна працавала бiблiятэкарам i атрымлiвала 110 рублёў у месяц. На гэтыя грошы сям’я Уласiкаў пражыла год. Двое сыноў тады ў школу хадзiлi, старэйшы Вiталь вучыўся ў дзявятым класе. Калi завяршылi жнiво, то бацька па аб’яве набыў невялiчкi трактар за вялiкiя па тых часах грошы — 2 тысячы долараў. Вiталь пачаў асвойваць тэхнiку. — Мы дапамагалi адно аднаму, трымалiся разам, — кажа Тамара Уласiк. — Было вельмi цяжка, але разумелi, што працуем на сябе, i гэта, здаецца, дадавала сiлаў. На працягу дзесяцi гадоў фермерская гаспадарка трымалася выключна на членах сям’i — нiводнага наёмнага работнiка, з усiм спраўлялiся самастойна. Старэйшы сын добра засвоiў "зямельную навуку" i калi настала пара выбару прафесii, доўга не задумваўся. Вiталь паступiў у Горацкую сельскагаспадарчую акадэмiю, стаў дыпламаваным iнжынерам-механiкам. Пасля службы ў войску прыйшоў працаваць да бацькоў у фермерскую гаспадарку. Хлопец адказны за тэхнiку, выконвае большасць работ на палетках. Гэта вельмi таленавiты чалавек, напэўна, адзiн з лепшых спецыялiстаў у раёне. Другi сын Дзмiтрый цяпер вучыцца завочна ў Магiлёўскiм педынстытуце на эканамiста. Бацькi не губляюць надзеi, што ў блiжэйшы час i малодшы актыўна далучыцца да сямейнай справы. Навошта капiраваць калгас? Спачатку 14 гектараў, пасля 60, 115, 180, 250... Цяпер фермерская гаспадарка "Уласiк" апрацоўвае 326 га ворыва. Даволi вялiкi "кавалак", асаблiва калi мець на ўвазе, што ўвесь штат прыватнага сельгаспрадпрыемства складаецца з шасцi чалавек. Тры гады таму Уласiкi ўзялi да сябе першага наёмнага работнiка, а пасля яшчэ дваiх. Гэта жыхары блiжэйшай вёскi, iх штодня прывозяць на работу, а пасля адвозяць дадому. Нiякiх "аўралаў" у распарадку працоўнага дня ў прыватнiка не здараецца. Нават падчас сяўбы, жнiва. Смачнае харчаванне работнiкаў — заўсёдны клопат гаспадароў. — Калi працаваць як належыць, то можна абысцiся невялiкiм калектывам, — упэўнены Аляксандр Уласiк. — Не бачу нiякай неабходнасцi капiраваць калгас. Я ж не з Месяца звалiўся i добра ведаю, як была арганiзавана справа ў большасцi дзяржаўных сельгаспрадпрыемстваў. У нашай гаспадарцы ўсё дакладна спланаванае i людзi ведаюць, што будуць рабiць праз месяц, паўгода. Кожны займаецца тым, чым яму належыць займацца. У фермера ёсць уся неабходная тэхнiка — чатыры трактары, навясное абсталяванне. Два камбайны: адзiн з першага пакалення гомельскiх машын, другi — сапраўдны рарытэт — "Колас". Тэхнiка працуе без прастояў. Бо i бацька, i старэйшы сын — iнжынеры, што называецца, ад Бога. У свой час Аляксандр Уладзiмiравiч сваiмi рукамi сабраў многiя агрэгаты проста з металалому. А Вiталь Аляксандравiч увесь тэхпарк клапатлiва даглядае, своечасова рамантуе. Дарэчы, за кожным работнiкам у гаспадарцы замацавана тая цi iншая тэхнiка. У залежнасцi ад яе стану чалавеку выплачваецца надбаўка (да 30 працэнтаў заробку) альбо адпаведна змяншаецца ўзровень аплаты працы. Прычым тэхнiка правяраецца незалежна ад сезона i неабходнасцi яе выкарыстання. Пагадзiцеся, вельмi правiльны падыход. У такiм разе прастойваць па прычыне "пазапланавых" паломак не прыйдзецца. Цяпер Уласiк займаецца выключна збожжавымi, сярод якiх перавагу аддае пшанiцы. Культура няпростая, аднак цiкавая, ды i даход прыносiць нядрэнны. Яе прадаюць па 712 тысяч рублёў за тону. Прычым уся пшанiца ў прыватнiка прымаецца як харчовая, а не фуражная. Адпаведна, прыбытак большы атрымлiваецца. З рэалiзацыяй апошнiм часам нiякiх праблем не ўзнiкае — тэлефануюць i з птушкафабрык, i з буйных жывёлагадоўчых комплексаў. Нават авансам увесну грошы прапануюць — у залiк будучых паставак. Так што была б прадукцыя, а пакупнiк заўсёды знойдзецца. Праўда, i ва ўмовах такой спрыяльнай рынкавай кан’юнктуры Аляксандр Уладзiмiравiч аддае перавагу дзяржзаказу. У такiм разе фермер гарантавана рэалiзуе пэўную колькасць той жа пшанiцы. Калi прадасць запланаваныя аб’ёмы, то, магчыма, папросяць адгрузiць яшчэ. Так што дзяржава для прыватнiка — надзейны партнёр. Яшчэ фермер вырошчвае грэчку. Гэтая культура не так шырока распаўсюджаная, а на палетках прыватнiка пад яе адведзена ажно 80 гектараў — чвэрць усёй плошчы. Аляксандр Уладзiмiравiч лiчыць, што грэчка — нядрэнны варыянт. I тлумачыць свой выбар тым, што затраты адносна невялiкiя. На вырошчванне пшанiцы патрабуецца ўдвая больш сродкаў. Такiм чынам, за кошт грэчкi такi дысбаланс можна лiквiдаваць. Пры гэтым рэалiзуецца яна выключна для рэспублiканскiх дзяржаўных патрэб, перавозка бясплатная — толькi заказвай машыну. Была магчымасць працаваць на iншых умовах: здаваць сыравiну i атрымлiваць з завода гатовую прадукцыю, а пасля яе прадаваць. Цi набыць, да прыкладу, крупадзёрку i наладзiць уласную перапрацоўку. Уласiк прааналiзаваў усе варыянты i выбраў самы выгадны — дзяржзаказ. Фермерскi "холдынг" Калi iнжынерную справу Аляксандр Уладзiмiравiч ведаў вельмi добра, то агранамii прыйшлося вучыцца. Прыватнiк чытае шмат спецыяльнай лiтаратуры, аднак, бадай, самы лепшы падручнiк — практыка. Структура пасяўных плошчаў, якая iснуе зараз, не ўзнiкла адразу. Усё прыйшло з вопытам. Уласiк заўсёды iмкнуўся працаваць па тэхналогii, паколькi лiчыць, што ўсе адхiленнi проста знiжаюць ураджай. I прыводзiць прыклад. — Апошнiя пяць гадоў займаюся вырошчваннем лубiну, — кажа фермер. — Надзвычай каштоўная кармавая культура. Аднак не менш карысная, як папярэднiк у севазвароце. Калi пасля лубiну пасеяць пшанiцу, па навуцы правесцi увесь комплекс агратэхнiчных работ, то ўраджайнасць незалежна ад умоў надвор’я будзе не меншая, чым паўсотнi цэнтнераў з гектара. Для нашага суглiнку гэта нямала. Пшанiца ў мяне вырастае добрая, суседзi-фермеры прыязджаюць па насенне. Ва Уласiка хоць i не спецыялiзаваная гаспадарка, аднак зарэгiстравана ў раённай насенняводчай iнспекцыi. Таму на зерне выпiсваюцца ўсе неабходныя дакументы. Ды i нават без папер можна сказаць, што насенне добрае — па палетках вiдаць. Некалi Аляксандр Уладзiмiравiч займаўся i жывёлагадоўляй — трымаў каля 80 свiнняў. Думаў пашырацца i нават зрабiў праект рэканструкцыi закiнутага кароўнiка пад свiнаферму. Аднак абследаванне будынка паказала яго ненадзейнасць. Прыватнiк знайшоў больш рацыянальнае прымяненне ўласным сродкам — узвёў дыхтоўнае памяшканне для захоўвання збожжа. Тут жа ўстаноўлена падлогавая сушылка з цеплагенератарам, якi працуе на дровах. Уласiк падлiчыў, што выдаткi на будаўнiцтва сховiшча акупяцца даволi хутка. А вось развiццё свiнагадоўлi пакуль застаецца толькi ў планах. "Калi б знайсцi добрую сям’ю, якая б даглядала жывёлу, то i жыллём бы забяспечыў. У СВК ёсць некалькi недабудаваных домiкаў, iх гаспадарка гатовая перадаць", — кажа прыватнiк. Так што ўсе ахвотныя могуць звяртацца з прапановамi. Таксама сярод магчымых праектаў — стварэнне "холдынга" з некалькiх фермерскiх гаспадарак. Такое аб’яднанне магло б займацца той жа жывёлагадоўляй цi, да прыкладу, вырошчваннем i перапрацоўкай агароднiны, бульбы. Зямля ў Аляксандра Уладзiмiравiча знаходзiцца ў самай што нi на ёсць глыбiнцы — 30 кiламетраў да Шклова, столькi ж да Магiлёва. Таму "транспартнае плячо" даволi доўгае для яго атрымлiваецца. Целаахоўнiк №1 У вёску Новая Вадва сям’я Уласiкаў пераехала амаль адразу пасля таго, як сталi фермерамi. Дагэтуль жылi ў Старой Вадве ў службовым доме. Набылi "фiнскi домiк" у перасяленцаў i пачалi асвойваць новае месца. Сто гадоў таму ў Новай Вадве дзейнiчаў вадзяны млын, а непадалёк быў маёнтак. Цяпер тут засталася толькi сям’я фермераў — сапраўдны хутар. — Амаль зусiм як прадзед абуладкаваўся — ён меў колькi дзесяцiн зямлi. Вось толькi апрацоўвалi яе без наёмных работнiкаў, сям’я была вялiкая, спраўлялiся, — кажа Аляксандр Уласiк. — У дзеда ўжо сваёй зямлi не было. Бацька працаваў шафёрам у калгасе, а мацi на ферме. А стрыечны дзед фермера з Новай Вадвы — той самы Мiкалай Сiдаравiч Уласiк, кiраўнiк аховы Сталiна! Нарадзiўся "целаахоўнiк № 1" у вёсцы Бабынiчы Слонiмскага раёна тагачаснай Баранавiцкай вобласцi ў сям’i селянiна. Скончыў тры класы царкоўна-прыходскай школы. Працаваў землякопам, чорнарабочым. У сакавiку 1915 года быў прызваны ў войска, за мужнасць у баях атрымаў Георгiеўскi крыж. Быў цяжка паранены, пасля шпiталя прызначаны камандзiрам узвода. Рэвалюцыю сустрэў у чыне ўнтэр-афiцэра. Разам з усiм узводам перайшоў на бок чырвоных. Пасля ваяваў на Паўднёвым фронце, дзе, магчыма, упершыню сустрэўся са Сталiным. У вераснi 1919 года накiраваны ў органы УНК (па-руску — ВЧК), працаваў пад кiраўнiцтвам Дзяржынскага. У 1927-м даволi маладому Мiкалаю Уласiку (яму быў 31 год) даручылi ўзначалiць спецахову Крамля. Доўгi час ён быў асабiстым целаахоўнiкам Сталiна. I не толькi — займаўся выхаваннем дзяцей, арганiзацыяй адпачынку, з’яўляўся гаспадарчым i фiнансавым распарадчыкам. Дачныя рэзiдэнцыi са штатам аховы, кухараў, аканомак i пакаёвак падпарадкоўвалiся Уласiку. Ён адказваў за ўтрыманне i ахову маўзалея Ленiна, арганiзацыю святочных парадаў i дэманстрацый на Краснай плошчы. За бяспеку Сталiна i савецкiх дэлегацый на мiжнародных канферэнцыях у Тэгеране, Ялце i Патсдаме таксама нёс адказнасць Мiкалай Уласiк. Генерал-лейтэнант, кавалер трох ордэнаў Ленiна, чатырох — Чырвонага Сцяга, ордэна Кутузава, многiх медалёў — здаецца, заслугi начальнiка Галоўнага ўпраўлення аховы МДБ СССР былi ацэненыя як належыць. Аднак i Мiкалаю Уласiку давялося прайсцi праз засценкi — у снежнi 1952 года ён быў арыштаваны, у студзенi 1955-га прыгавораны да ссылкi ў Краснаярск. Родныя з вялiкай удзячнасцю ўзгадвалi, як генерал Уласiк дапамог iм у галодныя пасляваенныя часы Па яго загаду па чыгунцы ў Бабынiчы прывезлi жывёлу — тры каровы, быка i двух коней. Пасля гэты падарунак таксама будзе ўзгадвацца ў крымiнальнай справе. У 1956-м былы галоўны целаахоўнiк быў памiлаваны, аднак рэабiлiтаваны толькi ў 2000 г. Унук узгадвае свайго знакамiтага дзеда заўсёды добрымi словамi. Аляксандр Уладзiмiравiч шкадуе, што даведаўся пра таямнiчага генерала толькi ў юнацтве. Фермер з Новай Вадвы захоўвае газетныя артыкулы, дзе распавядаецца пра калiсьцi ўсёмагутнага сталiнскага целаахоўнiка. А нядаўна ўбачыў свайго дзеда... па тэлебачаннi — на НТБ фiльм паказвалi. Аляксандр Уласiк спадзяецца стаць такiм жа аўтарытэтам для сваёй двухгадовай унучкi Яначкi, якая жыве на хутары i часта ездзiць разам з Аляксандрам Уладзiмiравiчам па гаспадарчых справах. Малая ўсмешлiвая i ўсё песенькi спявае, а дзядулi сказала: як падрасце, то абавязкова ў фермеры падасца. Не знiкне Новая Вадва! Мiкалай ЛIТВIНАЎ, Шклоўскi раён. Фота аўтара
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На Шклоўшчыну Уласiк прыехаў дваццаць чатыры гады таму. Сам родам з вёскi Парэчча Слонiмскага раёна — там скончыў школу. Адвучыўся ў Жыровiцкiм саўгас
|
|