Выцiсканне iмпартных сокаў
Выцiсканне iмпартных сокаў
Зроблена ў Беларусi
Харчовая галiна абяцае шмат сюрпрызаў. Да 2010 года харчовая перапрацоўчая прамысловасць будзе скiравана на стварэнне новых прадпрыемстваў i новых вытворчасцяў на дзеючых прадпрыемствах, а гэта абяцае шэраг станоўчых момантаў для звычайнага спажыўца. Паводле слоў начальнiка ўпраўлення навукова-тэхнiчнага развiцця, капiтальнага будаўнiцтва i iнвестыцый Беларускага дзяржаўнага канцэрна харчовай прамысловасцi Ігара ШУСТАВА, толькi сёлета плануецца асвоiць 396 млрд рублёў, што складае 125 працэнтаў да ўзроўню мiнулага года: "Iнвестыцыйная дзейнасць канцэрна скiравана цяпер на асваенне новых вiдаў прадукцыi, пашырэнне асартыменту i павелiчэнне аб’ёмаў вытворчасцi прадукцыi, якая мае ўстойлiвы попыт, у тым лiку прадукцыi iмпартазамяшчальнай". Цукровая галiна. У апошнiя гады iмклiва павялiчваюцца магутнасцi па перапрацоўцы цукровых буракоў, праводзiцца велiзарная рэканструкцыя заводаў. У год чатыры арганiзацыi цукровай галiны iнвестуюць у рэканструкцыю да 200 млрд рублёў. Сёлета ў Слуцку i Скiдалi пабудаваны два новыя аб’екты — комплексы па вырабе сухога грануляванага жому. Гэтыя вытворчасцi арыентаваныя ў першую чаргу на экспарт. У краiнах, якiя не так даўно ўвайшлi ў Еўрасаюз, на гэты жом цяпер высокi попыт. Справа ў тым, што тыя ж Лiтва, Латвiя, Польшча вымушаны былi зачынiць свае падобныя заводы. Сухi бурачны жом, якi прымяняецца для прыгатавання ў тым лiку i айчынных камбiкармоў, мае неабмежаваны тэрмiн выкарыстання i ў адрозненне ад жому сырога каштуе значна даражэй. Кансервавая галiна. Практычна завершана рэканструкцыя Вiцебскага плодаагароднiннага камбiната, якi вырабляе дзiцячае харчаванне. Там ужо запушчана лiнiя замарожвання чарнiц i морквы — пакуль для вытворчых мэтаў, хоць ёсць надзея, што паступова плады з агароднiнай будуць замарожвацца i для спажывання. Працягваецца рэканструкцыя на Клецкiм, i ўжо завершана на Маларыцкiм кансервавым камбiнаце, дзе уведзены ў эксплуатацыю цэх па вытворчасцi дзiцячага харчавання. Дарэчы, практычна ўсё айчыннае дзiцячае харчаванне спажывае ўнутраны рынак. Пасля таго, як айчынныя i iмпартныя вытворцы былi пастаўлены ў аднолькавыя ўмовы, iмпарт дзiцячага харчавання рэзка скарацiўся. Сёння ў рэспублiцы вырабляецца звыш 230 найменняў плодаагароднiннага харчавання для дзяцей. Трохлiтровыя слоiкi з сокам хутка знiкнуць з шырокага гандлю, застануцца, хiба, для арганiзацый грамадскага харчавання. Ужо да канца гэтага года магутнасцi па вытворчасцi сокаў у новых вiдах тары павялiчацца амаль у два разы. Запускаюцца новыя лiнii ў Клецку, Баранавiчах, Гродне. Налета iмпартныя сокi будуць прысутнiчаць працэнтаў на 30, а ў 2010 годзе наогул адпадзе неабходнасць завозiць прадукцыю такога кшталту. На той момант будуць актыўна працаваць ЗП "Завод фруктовых напояў" (г. Высокае), ЗП "Вастэга" (г. Брэст) i ЗПГПП "Старая крэпасць" (г. Бабруйск). Акрамя таго, плануецца ўвесцi ў эксплуатацыю лiнiю па вытворчасцi сокаў у ЗАТ "Завод безалкагольных напояў" (г. Мiнск). У першую чаргу вытворцы будуць скiраваны на выкарыстанне ўласнай сыравiны — яблыка, морквы, чарнiц i г.д. Аднак без "тропiкаў", зразумела, мы не застанёмся: паўфабрыкаты — апельсiн, ананас, персiк, абрыкос, манга i г.д. — будуць завозiцца з iншых краiн. Лiтаральна ў наступным годзе знiкне з палiц i такi анахранiзм, як непрывабныя звонку слоiкi са звычайнымi накрыўкамi i часам досыць нядрэннымi салянкамi, баршчамi, фасоляй, бульбай ды iншымi прысмакамi ўнутры. Новыя лiнii па вырабе "капусна-гарошкавай" прадукцыi дазволяць не толькi палепшыць смакавыя якасцi змесцiва, але i перайсцi на накрыўку-закрутку, новыя этыкеткi. Абнаўленнi поўнасцю забяспечаць краiну айчынным зялёным гарошкам — у бляшанай або шкляной тары. Глыбокае i Тураў пачалi выпуск спаржавай кансерваванай фасолi, Тураў — яшчэ i кансерваванай кукурузы. Алейна-тлушчавая галiна. Уведзена ў эксплуатацыю новая вытворчасць на Вiцебскiм алейна-экстракцыйным заводзе. Сучаснае абсталяванне дазваляе пачаць выраб рапсавага алею — не толькi тэхнiчнага, але i харчовага. Алей-паўфабрыкат будзе паступаць на Гомельскi тлушчавы камбiнат i Мiнскi маргарынавы завод. Апошнi, дарэчы, таксама перажыў маштабную рэканструкцыю з устаноўкай новых лiнiй для павелiчэння аб’ёмаў вытворчасцi фасаванага харчовага алею пад брэндам "Залатая кропля". У Гомелi ж яшчэ намячаецца будаўнiцтва магутнага цэха па дапрацоўцы i фасоўцы алею. Пiваварная галiна. ААТ "Крынiца" завяршыла другi этап рэканструкцыi i падступiла да трэцяга, якi мае на мэце нарошчванне магутнасцяў у 1,5 раза. Ужо ў наступным сезоне мы атрымаем зусiм iншае прадпрыемства, з новымi брэндамi i формамi бутэлек. Ужо ў гэтым месяцы "Крынiца" пачала выпуск новай прадукцыi — пiўных кактэйляў, якiя будуць вырабляцца па славацкай лiцэнзii i прадавацца пад гандлёвай маркай "Бандзiдас". Пачаўся маштабны праект па рэканструкцыi ААТ "Белсолад", у вынiку чаго да 2010 года магутнасцi па вытворчасцi ячменнага пiваварнага соладу павiнны падвоiцца. Лiкёра-гарэлачная галiна. Дзеючыя спiртавыя заводы былi да нядаўняга часу ў надзвычай зношаным стане, з абсталяваннем 70-х гадоў, што рабiла немагчымым атрыманне якаснага спiрту ў краiне. Такое становiшча абумовiла шэраг змен у галiне: мадэрнiзацыю i рэканструкцыю дзеючых вытворчасцяў, увод у эксплуатацыю новых спiртавых вытворчасцяў i цэхаў рэктыфiкацыi — уведзены ў эксплуатацыю цэхi рэктыфiкацыi на Мiрскiм i Iвацэвiцкiм заводах, iдзе рэканструкцыя на заводах у Рэчыцкiм раёне i Клiмавiчах, будаўнiцтва новага спiртавога завода з выкарыстаннем рэсурсазберагальных безадходных тэхналогiй спiрту на РУП "Мiнск Крышталь". У вынiку магутнасцi па вытворчасцi спiрту да канца 2011 года дасягнуць 15,5 млн дал. Дарэчы, за апошнiя два гады спажыванне моцнаградусных напояў вырасла ў рэспублiцы на 30 працэнтаў. Што датычыцца iмпарту, то на сёння ён досыць невялiкi, але, безумоўна, ёсць, паколькi наўрад цi можна замянiць шэраг эксклюзiўных напояў, скажам, некаторых сусветна вядомых марак каньяку. Дарэчы, гэты вiд моцнаградусных напояў у краiне выпускаюць 9 арганiзацый. Да 1 студзеня 2009 года выпуск каньяку павялiчыцца на 20 працэнтаў, а ў 2010-м складзе 182 працэнты да ўзроўню 2007-га. Практыка паказвае, што айчынны спажывец аддае перавагу айчынным напоям на спiрце. Так, знаўцы сцвярджаюць, што каньякi "Радамiр" i "Версаль" маюць адметную якасць. Што датычыцца вiнаў, то на прадпрыемствах галiны наладжана лiцэнзiйная вытворчасць чылiйскiх, аргенцiнскiх, балгарскiх, iтальянскiх, малдаўскiх i арыгiнальных гатункаў. "Якасныя прадукты — здароўе нацыi" — дэвiз арганiзацый канцэрна "Белдзяржхарчпрам", — падкрэслiвае Iгар Шустаў. Святлана БАРЫСЕНКА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Харчовая галiна абяцае шмат сюрпрызаў. Да 2010 года харчовая перапрацоўчая прамысловасць будзе скiравана на стварэнне новых прадпрыемстваў i новых выт
|
|