У свеце паважаюць беларускіх бульбаводаў
У свеце паважаюць беларускіх бульбаводаў
Напрыканцы 2005 года Генеральная Асамблея ААН абвясцiла 2008 год Мiжнародным годам бульбы. Інiцыятарам яго правядзення выступiла Перу, тэрыторыя якой лiчыцца радзiмай бульбы. Чаму сёння да яе такая ўвага ў свеце, у прыватнасцi, з боку ААН, i што гэта, бадай, самая распаўсюджаная ў нас сельгаскультура, якую ў Беларусi спрадвеку называюць "другiм хлебам", значыць для iншых народаў, чаму iх апошнiм часам усё больш цiкавiць шматвяковы вопыт бульбаводаў нашай краiны? Унесцi яснасць мы папрасiлi кiраўнiка дэпартамента грамадскай iнфармацыi прадстаўнiцтва ААН/ПРААН у Беларусi Вiктара Радзiвiноўскага: — Сёлета ў чэрвенi я ўдзельнiчаў у мiжнароднай канферэнцыi ў Мiнску пад вельмi красамоўнай назвай "Беларуская бульба. Харчовая бяспека краiны". Калi ўжо ў Беларусi пад гэтым вуглом погляду разглядаецца значэнне бульбы, то можна зразумець, чаму тады ў многiх iншых краiнах свету яе роля як важнейшага прадукту харчавання няўхiльна расце. У 2007 годзе глабальная вытворчасць бульбы дасягнула рэкордных 320 мiльёнаў тон. Гэта звязана з шэрагам прычын. Харчовы крызiс пакуль не ўтаймаваны, цэны на прадукты растуць. Сiтуацыя ўскладняецца яшчэ i тым, што колькасць жыхароў сельскiх раёнаў Зямлi да сярэдзiны гэтага стагоддзя скароцiцца на 600 мiльёнаў чалавек i дасягне 2,8 мiльярда. I наадварот, колькасць гараджан да 2050 года павялiчыцца на 3,1 млрд i дасягне 6,4 млрд чалавек. Iх жа ўсiх трэба кармiць. У тым лiку i бульбай, якая можа прыстасоўвацца да розных клiматычных зонаў. Сёння яна расце i на кiтайскiх плато, i ў субтропiках Iндыi, i ў экватарыяльных гарах Явы. Пасевы бульбы займаюць ужо 195 тысяч квадратных кiламетраў. I гэта далёка не мяжа. Бульба, на шчасце, выдатна расце ў так званых праблемных рэгiёнах планеты, дзе мала ўрадлiвай зямлi i зашмат працоўнай сiлы i галодных ртоў. Таму ў значнай ступенi мiжнародная цiкаўнасць да бульбы выклiкана яе бясспрэчнымi перавагамi як прадукту масавага ўжывання, калi можна так сказаць. На адзiнку плошчы бульба дае больш харчавання, чым любая iншая культура. Невыпадкова аб’ёмы вытворчасцi бульбы ў свеце растуць на 4,5 працэнта штогод. Асаблiва гэта датычыцца небагатых краiн Азii, Лацiнскай Амерыкi i Афрыкi. Там бульба не патрабуе вялiкiх затрат i дае адносна высокiя ўраджаi, зразумела, па мясцовых мерках. У тропiках фермер можа лёгка атрымаць за тры месяцы ад 20 да 25 тон з гектара. Невыпадкова каардынатарам Мiжнароднага года бульбы ААН прызначыла прадстаўнiка Дэмакратычнай Рэспублiкi Конга, вядомага спецыялiста ў сферы сельскагаспадарчай навукi i практыкi, аўтарытэтнага эксперта Сусветнай харчовай арганiзацыi (ФАО) па караняплодных сельгаскультурах Небамбi Луталадзiа. На яго погляд, у глабальным маштабе значэнне бульбы пакуль недаацэньваецца. Але чалавецтва пакрысе на ўласным вопыце пераконваецца ў бясспрэчных вартасцях бульбы. І ўжо да 2020 года агульнасусветныя аб’ёмы яе вытворчасцi падвояцца. I ёсць надзея на тое, што дзякуючы гэтаму скароцяцца цэны на iншыя прадукты харчавання.Лозунг Года бульбы "Бясцэнны скарб зямлi" падкрэслiвае яе ўсё ўзрастаючую ролю ў выкананнi мэтаў ААН па пераадоленнi беднасцi i галечы на планеце. Ужо цяпер можна канстатаваць, што ў вынiку шматлiкiх розных мерапрыемстваў, у тым лiку i ў Беларусi, удалося значна павысiць iнфармаванасць людзей аб харчовых якасцях бульбы, яе велiзарным глабальным патэнцыяле. Яшчэ далёка не ўсе ведаюць, што яна вельмi багатая на вiтамiн С, а адна бульбiна сярэдняга памеру ўтрымлiвае пятую частку рэкамендаванай колькасцi калiю. Для многiх яшчэ невядома, што бульба таксама шырока выкарыстоўваецца як нехарчовая сыравiна, напрыклад, крухмал з яе, у фармацэўтычнай, тэкстыльнай, папяровай i дрэваапрацоўчай галiнах, з’яўляецца замяняльнiкам полiсцырэну, iншых пластмас i поўнасцю распадаецца натуральным шляхам. Таму крухмал выкарыстоўваецца пры вырабе аднаразовых вiдэльцаў, нажоў i талерак. Цяпер iдуць даследаваннi, напрыклад, у Канадзе, па выкарыстаннi адходаў бульбы для вытворчасцi альтэрнатыўнага палiва. У свеце, на думку арганiзатараў Мiжнароднага года бульбы, з павагай i ўдзячнасцю ставяцца да Беларусi за яе вялiкi ўклад у справу папулярызацыi i значныя дасягненнi ў вывядзеннi новых гатункаў гэтай культуры: "Архiдэя", "Лазурыт", "Журавiнка", "Дэльфiн", "Атлант", "Скарб", "Жывiца", "Явар", "Арбiта", "Здабытак". Яны не толькi смачныя i прыемныя для ўжывання, багатыя на ўтрыманне крухмалу, але i адрознiваюцца высокай ураджайнасцю i ўстойлiвасцю да хваробаў. Аўтарытэт беларускiх бульбаводаў прызнаны за мяжой. I невыпадкова. Краiна па валавым зборы бульбы займае восьмае месца ў свеце, а па вытворчасцi на душу насельнiцтва (700—900 кiлаграмаў) — першае! Прычым (на гэта многiя iншаземцы звяртаюць увагу) 90 працэнтаў бульбы вырошчваецца ў прыватных гаспадарках. Таксама замежныя спецыялiсты станоўча адгукаюцца аб рэспублiканскай Праграме развiцця бульбаводства на 2006—2010 гады. Яе рэалiзацыя, на iх погляд, ставiць вытворчасць бульбы на навуковую аснову, што дапаможа iстотна павялiчыць не толькi яе аб’ёмы, але i павысiць якасць насеннага матэрыялу, дазволiць стварыць буйнатаварныя спецыялiзаваныя гаспадаркi з пасяўнымi плошчамi не менш як 250 гектараў, сучаснай тэхнiкай i ўкараненнем перадавых тэхналогiй. У Праграме, нагадаю, запланавана, у прыватнасцi, сур’ёзна павысiць да 2010 года валавы збор бульбы, узняць ураджайнасць у 1,8—2 разы, знiзiць сабекошт на 30—40 працэнтаў. I гэтыя здабыткi, без перабольшвання, стануць узорам для iншых. Цiкавыя дынамiка i геаграфiя распаўсюджвання бульбы ў свеце за апошнiя два дзесяцiгоддзi. Да пачатку 1990-х гадоў яе большая частка вырошчвалася i спажывалася ў асноўным у Еўропе, Паўночнай Амерыцы i рэспублiках былога Савецкага Саюза. Потым лiтаральна на працягу некалькiх гадоў значна (у разы) вырас попыт на бульбу на азiяцкiм, афрыканскiм i лацiнаамерыканскiм кантынентах. Лiдары па спажываннi бульбы — Кiтай i Iндыя, дзе яе вытворчасць вырасла з 16 мiльёнаў тон у 1960 годзе да 100 млн тон у 2006 годзе. Там цяпер збiраюць трэцюю частку сусветнага ўраджаю бульбы. I можна не сумнявацца, што тэхналогii, вопыт i ноу-хау беларускiх бульбаводаў будуць запатрабаваныя ў свеце. Леанiд Лахманенка.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Напрыканцы 2005 года Генеральная Асамблея ААН абвясцiла 2008 год Мiжнародным годам бульбы. Інiцыятарам яго правядзення выступiла Перу, тэрыторыя якой
|
|