Добрыя людзі
Добрыя людзі
Мiлiцыянтка i форма
Жанчына ў форме мiлiцыянта выглядае гермафрадытычна... Так мне ўбачылася ў метро. А шыкоўныя доўгiя светлыя валасы мiлiцыянткi, наогул, глядзелiся чужымi i прыклеенымi да сiнявата-шэрай пiлоткi. Калi ўжо жанчына пайшла ў сiлавыя структуры, калi ўжо яна пагадзiлiся на мiлiцыянцкую форму, дык i форма мусiць праектавацца i шыцца менавiта для жанчын. Форма не павiнна капiяваць i падпарадкоўвацца мужчынскаму строю, яна мусiбыць асобным, iншым i выразна жаночым убраннем. Фрыш i ВалераПрачытваеш аповесць, раман, прачытваеш тры тамы выдатнага пiсьменнiка Макса Фрыша... Што запомнiцца, што застанецца? У мяне застаўся вобраз, адно апiсанне сiтуацыi ў ванне. Фрыш пiсаў, як стомлены ляжыць у ваннай, як сабраўся быў вылазiць i ўжо адкрыў вадасцёк, i не вылез, i застаўся ляжаць, а вада выцекла, а ён усё ляжаў i не мог устаць. Ён так ляжаў i ляжаў, ажно пакуль яго не выгнаў з той ванны холад. З усiх прачытаных твораў Макса Фрыша больш за ўсё мяне ўсхвалявала дзённiкавая нататка пра ляжанне ў ваннай, з якой выцякае вада... Седзячы за столiкам кавярнi "Акварыум", я распавёў знаёмым пра занатоўку Фрыша. На што Валера расказаў пра свае нядаўнiя паводзiны ў ванным пакоi. Валера трое сутак ехаў на машыне, спаў ён таксама ў машыне, не распранаючыся. Ехаў ён з Урала ў Беларусь. А калi прыехаў дамоў, дык зайшоў у ванны пакой, зняў з сябе ўсё, акрамя шкарпэтак. "Я ўсё зняў, а зняць шкарпэткi сiлаў не было. Так я ў шкарпэтках i залез у ванную. Ляжу брудны, ляжу ў бруднай вадзе, ляжу ў брудных шкарпэтках. Хвiлiнаў двадцаць я так праляжаў. Потым ваду спусцiў, шкарпэткi сцягнуў i памыўся пад душам..." Ірусiк i каханкi"Каханкi майго мужа — мае каханкi!" — так Iрусiк i самасуцяшаецца. Падслепаваты i сабачка Бачыў, як крываногi сабачка цягнуў па бульварчыку падслепаватага, некалi моднага рыфмаплёта. Сабачку было шкада. Фатограф i квадратны метрНа вулiцы мяне спынiў знаёмы фатограф: "Ты ўсё ў нас ведаеш. Скажы... Куды можна прадаць мой фотаархiў?" — "Цяжкае пытанне..." — "У мяне ёсць усе нашыя шэсцi i мiтынгi! Партрэты ўсiх нашых артыстаў i мастакоў, лiтаратараў i палiтыкаў. Няўжо нiхто не купiць?" — "Бацькаў архiў я нiкому не прадаваў..." — "Колькi можна ўзяць за архiў? Ты думаеш, што я шмат прашу. Не! Колькi ў нас каштуе квадратны метр кватэры? Тысячу даляраў. Я прашу адну тысячу, адзiн квадратны метр за працу ўсяго майго жыцця. Нiхто не дае. Маё жыццё нiкому не трэба..." Кудлаты i фiнансавая пiрамiдаФiнансавыя пiрамiды мяне заўсёды цiкавiлi. Што за людзi iх робяць? Чаму чалавек, ведаючы пра вялiкую ступень рызыкi, укладае свае грошы ў пiрамiду? Як бы паглядзець на пiрамiдчыкаў зблiзу? Такi шанец мне падараваў Кудлаты — паэт Анатоль Кудласевiч. Усхваляваным i салодкiм голасам ён запрасiў мяне на сустрэчу ў таннае пiўное кафэ "Крынiца" i пачаў распавядаць, як мае грошы будуць працаваць двадцаць чатыры гадзiны ў суткi. За суседнiмi столiкамi сядзелi iншыя агiтатары-пiрамiдчыкi i на розныя галасы паўтаралi тое ж самае, што казаў Кудлаты. Вярбоўка ў пiрамiду iшла поўным ходам. Мая цiкаўнасць да пiрамiды змянiлася на спачуванне да Анатоля. "Ты лiчыш сябе разумнейшым за мяне?" — секануў я. "Не!" — Кудлаты здзiвiўся. "Тады паслухай... Пiрамiда разбурыцца. Ты згубiш свае грошы. Адзiнае, што ты можаш зрабiць, гэта паназiраць за пабудоваю пiрамiды, а потым напiсаць пра гэта сумленную аповесць!" Кудлаты паспрабаваў зрабiць выгляд, што зразумеў мяне, але чарнавусы твар застаўся пакрыўджаным. На гэтым маё знаёмства з пiрамiдаю не скончылася, бо праз год Кудлаты прынёс мне рукапiс кнiгi "Як зарабiць мiльён даляраў...". "Анатоль, пiрамiда разбурылася?" — "Так!" — "Ты грошы згубiў?" — "Згубiў!" — "Чаму ты думаеш, што можна падмануць чытача? Чаму ты думаеш, што чытач набудзе кнiгу беднага Анатоля Кудласевiча "Як зарабiць мiльён..."? Каб напiсаць кнiгу пра мiльён даляраў, трэба той мiльён зарабiць або напiсаць кнiгу ў суаўтарстве з людзьмi, якiя мiльёны зарабiлi..." Не пераканаў я Кудлатага. Ён панёс рукапiс у iншае выдавецтва. А я падумаў, што фiнансавыя пiрамiды будуюцца людзьмi з вялiкай пыхаю. Пiрамiдчыкi вераць у сваю хiтрасць, у свой розум, у сваю выключнасць. Яны перакананыя ў тым, што лепшыя за астатнiх. Калi разбураецца фiнансавая пiрамiда, яны думаюць, што iм не пашанцавала гэтым разам, але наступным разам iм абавязкова пашанцуе. На руiнах адной фiнансавай пiрамiды яны пачынаюць будаваць наступную. Пiрамiды будуюць адны i тыя ж пiрамiдчыкi. Яны няшчасныя ў сваёй зацятай веры ў фарт. Яны няшчасныя, але яны нiколi не павераць у гэта, як мне два разы ўзапар не паверыў Кудлаты. Адам ГЛОБУС.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Жанчына ў форме мiлiцыянта выглядае гермафрадытычна... Так мне ўбачылася ў метро. А шыкоўныя доўгiя светлыя валасы мiлiцыянткi, наогул, глядзелiся чуж |
|