Не пад каўпаком
Не пад каўпаком
Міжнародны назiральнiк ад мiсii СНД адзначае лiберальнасць выбарчых працэсаў у Беларусi Людмiла Рудая кiруе аддзяленнем штаба назiральнай мiсii ад СНД па Мiнскай вобласцi не ўпершыню — у такой якасцi давялося папрацаваць i падчас прэзiдэнцкiх выбараў. Ды i ўвогуле назiральнiк яна са стажам — неаднаразова ўзначальвала аддзяленне мiсii ў паўночнай частцы Казахстана, да таго ж, мае вопыт кароткатэрмiновага назiрання. — Агiтацыйны этап перадвыбарнай кампанii, без сумненняў, — самы цiкавы i найбольш паказальны, — канстатуе суразмоўца. — I мы чакалi ўбачыць напружаную работу ў гэтым плане. Таму падчас маёй мiнулай камандзiроўкi — прыблiзна тыдзень таму — мяне так здзiвiла, што ў некаторых раёнах агiтацыйная кампанiя ў прынцыпе яшчэ i не разгарнулася... Як напрыклад, гэта было ў Мядзельскiм раёне, якi ўваходзiць у Вiлейскую сельскую выбарчую акругу. Мядзел я ведаю няблага, таму сама нетаропка абышла яго пешшу, каб не адымаць часу ў супрацоўнiкаў райвыканкама — тады якраз абласныя Дажынкi былi ў Мар’iнай Горцы, клопатаў у iх хапала... Мяне, мякка кажучы, здзiвiла, што супрацоўнiца арганiзацыйна-кадравага ўпраўлення райвыканкама не ведала нават месцаў размяшчэння агiтацыйных матэрыялаў. Гэта ж якраз у кампетэнцыi выканаўчых камiтэтаў! Мабыць, на тое сапраўды былi нейкiя прычыны, аднак, параўноўваючы з арганiзацыйнiкамi — так мы iх называем — у iншых раёнах (напрыклад, у Крупскiм), уражанне не самае лепшае. Там у iх, што называецца, ад зубоў усё адскоквае, дасведчаныя ў любым пытаннi... Карацей, пункты нагляднай агiтацыi адшукала сама: няцяжка здагадацца, што гэта самыя людныя месцы — крамы, паштовыя аддзяленнi i гэтак далей. Я ўбачыла там толькi лiстоўку з паведамленнем аб выбарах, а вось iнфармацыi пра кандыдатаў — нiякай... Пабывала я i на выбарчых участках у самiм Мядзелi, на адным з iх не было нават схемы ўчастка, толькi пералiк вулiц. У акруговай камiсii адсутнасць iнфармацыi пра прэтэндэнтаў патлумачылi тым, што некаторыя кандыдаты толькi-толькi падалi iнфармацыйныя матэрыялы для вырабу лiстовак. — Пры гэтым я не магу сказаць, што мясцовыя кандыдаты зусiм неактыўныя, — заўважае Людмiла Рудая. — Там якраз разгарнулася сапраўдная добрая барацьба памiж двума прэтэндэнтамi. Аднак чамусьцi яны недаацэньваюць своечасовасць уступлення ў гэту барацьбу. На мой погляд, час iмi крыху ўпушчаны... Падарожжа па Крупскiм раёне было хоць i з суправаджэннем, аднак пры гэтым iмправiзаваным — тым больш прыемнымi сталi яго вынiкi: — Звычайна ж каардынуеш маршрут, кажаш, куды хацеў бы заехаць, — расказвае Людмiла Пятроўна. — Выдасi ўсё — i аб "гасцях" на месцах папярэдзяць... На гэты ж раз я загадзя не iнфармавала, куды збiраюся, — мы проста выпадкова спынялiся недзе. I што высветлiлася? Што паўсюль участковыя камiсii працуюць, хоць законам iм было адведзена яшчэ тры днi да таго, як устанавiць дзяжурства. Паўсюль — i ў школе, i на прамысловым прадпрыемстве, i ў сельсавеце (гэта, дарэчы, рэдкасць для дробных раённых цэнтраў — там звычайна выбарчыя ўчасткi толькi ў школах). Участкi аформленыя, кабiны падрыхтаваныя, супрацоўнiкi кампетэнтныя. Спрабавала падлавiць iх на тым, што не ведаюць, дзе пратаколы пасяджэнняў камiсii — нават гэта не выйшла... Крупскi раён увогуле выдатна сябе паказаў. Мне давялося кантактаваць з начальнiкам аддзела iдэалагiчнай работы райвыканкама Ларысай Глiнскай, дык яна ведала ўсё, што ў яе не спытай. Бачна, што чалавек на сваiм месцы, абсалютна кампетэнтны. Прычым там усведамляюць агiтацыйную кампанiю не толькi з пункту гледжання распаўсюджвання iнфармацыi пра кандыдатаў. Мясцовы выканкам дапамагае кандыдатам тым, што своечасова вырашае найбольш вострыя сацыяльна-бытавыя праблемы жыхароў раёна. Каб да палiтычнай кампанii заставалася як мага менш пытанняў кандыдатам у дэпутаты i ўчастковым камiсiям. Цяпер ужо, дзякую Богу, зжытая тая традыцыя, калi пад выбары ўсе свае бытавыя праблемы выбаршчыкi вывальвалi на кандыдата — цi то дах працякае, цi то водаправод няспраўны... Тым не менш, выканкам на ўсякi выпадак бярэ гэта на сябе. А ў iншых раёнах аб гэтым i не ўспомнiлi... Наконт пытання аб заўважаных парушэннях Людмiла Пятроўна выказалася па-фiласофску — якiмi ж мы былi б назiральнiкамi, калi б не бачылi нейкiх парушэнняў? "Аднак яны вельмi неiстотныя", — падкрэслiвае пры гэтым яна. — Справа ў тым, што мы мiсiя сяброўская i свае заўвагi ў кiшэню не кладзём, каб потым iх у вынiковай заяве выкiнуць як недахопы — мы перадаём гэта ў штаб, штаб — у ЦВК, а тая высвятляе абставiны з акруговымi камiсiямi. Такiм чынам, падчас назiрання мы, можна сказаць, яшчэ i дапамагаем выбарчаму працэсу. I мы гэтага не хаваем. Чым лепш праходзяць выбары, чым вышэйшы ўзровень iх арганiзацыi i чым менш парушэнняў, тым больш мы гэтаму радуемся. I не толькi ў Беларусi — ва ўсiх краiнах СНД. Уражаннi ад стасункаў з калегамi — прадстаўнiкамi iншай назiральнай мiсii ў Людмiлы Рудой цалкам пазiтыўныя: — У мiсii нашых калег з БДIПЧ АБСЕ свая методыка. Мы вельмi высока ацэньваем iх удзел, вучымся ў iх — вядома ж, яны маюць куды большы вопыт работы ў гэтай сферы. У нейкi перыяд многiя з палажэнняў нашых дакументаў прымалiся з улiкам iх напрацовак. Таму сваiм калегам мы вельмi ўдзячныя. I падчас назiрання за выбарамi вельмi цiкава з iмi кантактаваць, абменьвацца iнфармацыяй, усё гэта спрыяе фармiраванню аб’ектыўнага погляду. Я ўжо сустракалася з дзвюма групамi калег з АБСЕ — у Жодзiне i ў Вiлейцы. У iх крыху iншы прынцып: у нас прынцып работы па абласцях, а ў iх — па баках свету, яны могуць больш дробна накрыць усю краiну. У гэтым ёсць сэнс, таму што яны бяруць, скажам, на паўночным захадзе частку Мiнскай i частку Вiцебскай абласцей. Па настроi i паводзiнах нашых калег мы бачым, што мiсii робяць крокi да зблiжэння. Мабыць, дзякуючы рабоце нашага штаба, мабыць, нашага кiраўнiка мiсii Сяргея Лебедзева, якi вельмi шмат сустрэч правёў, i дарэчы, з кiраўнiком мiсii АБСЕ Гертам Арэнсам таксама сустракаўся. Калi я ехала з Мядзела, i заязджала ў Вiлейскую акругу, мой калега з мiсii АБСЕ нават сам пачакаў мяне, захацеў сустрэцца. Мы пагутарылi, абмянялiся меркаваннямi, уражаннямi ад перадвыбарных працэсаў — атрымаўся вельмi канструктыўны дыялог. Мне ёсць з чым параўноўваць. На мiнулых выбарах у Казахстане, нягледзячы на тое, што там былi створаныя штабы садзейнiчання мiжнароднаму назiранню — у кожным гатэлi, дзе жыло шмат назiральнiкаў, быў адведзены асобны пакой для нашай работы з тэлефонам, факсам, камп’ютарамi з доступам у iнтэрнэт. Я, дарэчы, лiчу, што i Беларусь можа такi вопыт пераняць. Там — хочаш не хочаш — сустракаешся з калегамi. Аднак было вiдавочна, што мае калегi пазбягалi кантактаў усiмi праўдамi i няпраўдамi. Напрыклад, ураджэнка адной з краiн былой Югаславii — вядома ж, яна ведала рускую мову, аднак рабiла выгляд, што не разумее мяне. Тады я пайшла на хiтрыкi! Аднойчы падсела да яе падчас сняданку i расказала анекдот. Яна не вытрымала i шчыра рассмяялася. З той хвiлiны мы пачалi размаўляць па-руску... На парламенцкiх выбарах у Беларусi стасункi зусiм iншыя — калегi нярэдка самi выходзяць на кантакт, мы адчуваем тэндэнцыю да зблiжэння. Назiральнiца адзначыла наяўнасць рэальнай канкурэнтнай барацьбы памiж некаторымi кандыдатамi: — Ёсць акругi, дзе спаборнiчаюць вельмi моцныя прэтэндэнты — якiх добра ведаюць мясцовыя жыхары, якiя ўжо шмат для гэтых людзей зрабiлi... Там цiкава назiраць за развiццём падзей. Былi прэцэдэнты, калi прадстаўнiкi апазiцыйных партый шчыра здзiўлялiся, што iх зарэгiстравалi кандыдатамi ў дэпутаты. А чаго ж тут здзiўляцца — усё ж у парадку? Роўна, як ёсць i выпадкi, калi не праходзiлi рэгiстрацыю супрацоўнiкi Савета Мiнiстраў... I калi кажуць, што ў Беларусi ўсё распiсана i загадзя прызначана, хочацца запярэчыць — ёсць факты, якiя сведчаць аб тым, што гэта далёка не так... У Мiнскай вобласцi аказалася ажно чатыры так званыя безальтэрнатыўных акругi (ад якiх балатуецца па адным кандыдаце) — Барысаўская сельская акруга № 63, Вiлейская № 64, Маладзечанская сельская акруга № 71, Нясвiжская № 72. Як ставiцца да гэтага мiжнародны назiральнiк? — Гэта аб’ектыўны працэс, — падкрэслiла Людмiла Рудая. — Некаторыя iнiцыятыўныя групы працавалi з парушэннямi. Скажам, былi выпадкi, калi ў адным падпiсным лiсце аказвалiся подпiсы грамадзян з розных сельсаветаў, завераныя адным старшынёй. Скажу больш, гэта палiтычная кампанiя — не пад цвёрдым каўпаком. Выбарчыя камiсii нярэдка прымаюць даволi лiберальныя рашэннi. Пра адно з такiх мне стала вядома ад калегi па выканкаму СНД — Аляксея Зайкоўскага, з якiм мы разам працуем i ў рамках назiральнай мiсii. Адзiн з кандыдатаў у дэпутаты па Маладзечанскай гарадской акрузе звярнуўся ў выканкам са скаргай аб размяшчэннi сваiх перадвыбарных лiстовак — ён хацеў, каб яго агiтацыйныя матэрыялы з’явiлiся ў адным з мясцовых кафэ. Зразумела ж, разлiк неблагi — гэта, вiдавочна, адно з тых месцаў, дзе збiраецца вялiкая колькасць наведвальнiкаў. Аднак у пералiку месцаў для размяшчэння нагляднай агiтацыi кафэ не значацца. З iншага боку, гэта i не забаронена... Наш назiральнiк Аляксей Зайкоўскi быў сведкам перамоў з супрацоўнiкамi акруговай камiсii, райвыканкама... i яны пайшлi насустрач — кандыдату далi дазвол размясцiць лiстоўкi там, дзе ён захацеў. Так што ўмовы для кандыдатаў у дэпутаты ствараюцца самыя спрыяльныя, — рэзюмавала назiральнiца. Ала МАЧАЛАВА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Людмiла Рудая кiруе аддзяленнем штаба назiральнай мiсii ад СНД па Мiнскай вобласцi не ўпершыню — у такой якасцi давялося папрацаваць i падчас прэзiдэн |
|