21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Сапраўдны цуд у божай вёсцы

26.08.2009 10:30 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Сапраўдны цуд у божай вёсцы

Штогод жыхары Ляцягаў, што на Слаўгарадчыне, хросным ходам з абразом Божай Мацi "Неапалiмая купiна" абходзяць сваю вёску, каб абаранiць яе ад агню ды ўсiх бедаў. Гэтай традыцыi сёлетняй восенню споўнiлася 65 гадоў.

 

Ахоўны абраз

 

Ахоўны абраз

 

...Вясковая дарога. Па збочыне няспешна крочаць людзi з крыжамi, абразамi i свечкамi. Святар ва ўрачыстым чорна-залатым адзеннi звяртаецца да святых угоднiкаў па падтрымку, i бабулi падхоплiваюць просьбу.

Гiсторыя гэтага хроснага ходу бярэ свой пачатак у 1943 годзе. Ураджэнка Ляцягаў Таццяна Сяргееўна Сазонава, якой цяпер 82 гады, — сведка тых падзей.

— Фронт наблiжаўся, i нашы жанчыны захвалявалiся: хутка немцы назад пойдуць i, не дай Божа, спаляць вёску, — расказвае бабуля. — Каб уратавацца, аб’ядналiся i замовiлi ў Магiлёве, дзе яшчэ заставалiся майстры, абраз. Так з’явiлася на свет наша Матачка Божая "Неапалiмая купiна", якая выратавала нас.

З гэтым абразом жыхары вёскi абышлi родныя Ляцягi па руху сонца.

— І я, падлетак, за бабамi ўслед, — працягвае Сазонава. — Пайшлi па шляху, а ў баку ў некалькi дзесятках метраў стаяла гумно. Вырашылi ўжо не збочваць i не абышлi яго. I калi немцы адступалi, то спалiлi толькi гэтае гумно, а ўся вёска засталася!

Бабулi расказваюць, што на золку аднога дня "нiбыта ва ўсе трубы трубанулi". Немцы спахапiлiся i з’ехалi.

— Тады нам сказалi, што фронт прарвалi, — тлумачыць Таццяна Сяргееўна. — А насамрэч гэта наша Матачка Божая не спачывала, а нас ахоўвала. Нашы перамаглi, а мы засталiся жывыя!

У Ляцягах усё спакойна

Сёння той самы цудатворны абраз захоўваецца ў сям’i Таццяны Сяргееўны. Яна атрымала яго ў спадчыну ад сваякоў разам з грамадскiм абавязкам. Ужо дзесяць гадоў жанчына "адпраўляе абраз". Гэта свята: вяскоўцы памоляцца Богу, ушануюць абраз, а потым разам пасядзяць за сталом.

У акрузе Ляцягi ўвогуле маюць рэпутацыю божай вёскi. Тутэйшых вернiкаў, паводле ўспамiнаў старажылаў, не ганялi нават за Саветамi, а ў вайну — наадварот, "велiчалi".

Са старадаўнiх часiн жыхары старанна адпраўлялi Святых Мiколу i Варвару, Спас ды Пакроў. Гэтыя абразы былi "свячнымi", належалi ўсёй вёсцы i пераходзiлi з хаты ў хату. Першымi ў чарзе былi тыя, каму была вельмi патрэбна падтрымка па здароўю цi жыццёвай сiтуацыi.

Рознае было ў жыццi жыхарак Ляцягаў. Яны ўзгадваюць, як цяклi ручаiны слёз ад страху перад немцамi i як давялося перажыць голад, калi шчаўе было дэфiцытам, а хлеб пяклi з арэшнiка. Але ўсё ж вялiкiя страсеннi абышлi Ляцягi бокам.

— Ведаеце, немцаў няма, а мы ўсе ходзiм i молiмся, ды i недарэмна, — лiчыць 80-гадовая Марыя Васiльеўна Гарэлiкава. — У суседнiм паселiшчы i ў мiрны час хаты гараць: то маланка трапiць, то праводка загарыцца. А ў Ляцягах усё спакойна. Захавай нас, Госпадзi, ад агню, буры i ветру, граду i навальнiцы, ды ўсякай iншай бяды!

Царква па-за часам

Старыя абразы ў вясковых акладах, упрыгожаныя штучнымi кветкамi i карункамi з фольгi. Аздабленне — вышыванкi i рушнiкi, букеты гладыёлусаў i астраў. Гараць свечкi, пахне ладанам. Дзве жанчыны спяваюць тонкiмi галасамi, якiя кранаюць. Адчуванне спакою i знаходжання нiбыта па-за рэальнасцю.

У вясковай царкве iдзе святочная служба ў гонар абраза Божай Мацi "Неапалiмая купiна". Вядзе яе айцец Георгiй Сакалоў, ураджэнец i знаўца Слаўгарадчыны, кандыдат багаслоўя i любiмы бацюшка вясковых прыхаджанак. Бабулi ў яркiх хустках, пуховых кофтах i старадаўнiх крымпленавых палiто ўважлiва слухаюць i старанна хрысцяцца. Цяпер яны моляцца за ўсiх добрых праваслаўных хрысцiянаў, каб "памянуў iх Гасподзь Бог у царствii сваiм".

Свята-Пакроўская царква, якая была пабудавана ў Ляцягах больш за 150 гадоў таму, была разбурана ў гады вайны. Гавораць, яе купалы служылi добрым арыенцiрам для абстрэлу, таму савецкiя салдаты разабралi будынак, а драўнiну выкарысталi для пераправы праз раку Проню.

Таму сёння царква ў Ляцягах — гэта звычайная хата на вясковай вулiцы. Праўда, з вельмi незвычайным лёсам: у ёй жылi людзi — на хутары i ў вёсцы, вучылiся школьнiкi, тут было праўленне калгаса i, нарэшце, царква.

Сюды трапляюць старыя абразы з усяго наваколля. Старыя людзi памiраюць, а iх дзецi перадаюць сямейныя каштоўнасцi ў царкву.

Напрыклад, абраз Архангела Гаўрыiла. Свячны абраз суседняй вёскi Харанеў, якi пераходзiў з хаты ў хату, цудам захаваўся у вайну. Жанчына закапала яго на двары i з’ехала ў эвакуацыю. Хата згарэла, а абраз шчаслiва выкапалi.

Ад усiх напасцяў

Хросны ход у Ляцягах уражвае сваёй шчырасцю, але не вялiкай колькасцю людзей. Як гэта нi сумна, расказала старшыня Гiжэнскага сельсавета Тамара Мельнiкава, вёска паступова вымiрае: тут жыве толькi каля сотнi жыхароў, многiя з якiх — пенсiянеры.

— Ах, як мы хадзiлi хросным ходам! — на вачах Марыi Васiльеўны з’яўляюцца слёзы. — Паток людзей быў вялiкi, бо ўсе мы былi крапчэйшыя. Прыгожа iшлi, са старажытнымi абразамi, i на кожным скрыжаваннi гаспадары выносiлi з хат гасцiнцы. Цяпер нашы дзецi параз’ехалiся, маладзейшыя не вельмi хочуць хадзiць. Ну а мы пакуль будзем жыць — будзем соўвацца...

Бабулi пачынаюць хросны ход. У руках вернiкаў — "Неапалiмая купiна". Абраз адразу пазнаецца: Божая Мацi, якая трымае ў руках лесвiцу выратавання, у цэнтры 8-кутнай зоркi. Чырвоны колер сiмвалiзуе агонь. Зялёны колер — куст: тую самую купiну, якая гарэла ў агнi, але не згарала.

Крыж, якi застаўся яшчэ ад старой царквы, бярэ ў рукi самая маладая з удзельнiц хода — Ларыса Емяльянава, даярка i шматдзетная мацi.

— Мне няцяжка, — гаворыць яна. — Я гэта раблю для ўсёй вёскi, але для сябе i сваiх дзяцей таксама. Каб абаранiць iх ад усiх напасцяў. I я сапраўды веру, што хросны ход дапаможа ў гэтым.

Працэсiя абыходзiць хату-царкву, праз яблыневы сад памiж клумбаў з кветкамi, якiя i халодным восеньскiм днём усё яшчэ радуюць па-летняму яркiмi фарбамi.

Хросны ход iдзе да помнiка ахвярам Вялiкай Айчыннай вайны. Менавiта там стаяла за мiнулым часам царква. "Нiхто не забыты, нiчога не забыта..." Мужчыны трымаюць "Неапалiмую купiну", бабулi цалуюць абраз i са словамi "Святая Багародзiца, дапамажы нам!" праходзяць пад iм.

Пераканала камунiста

Дочкi Таццяны Сяргееўны Сазонавай сустракаюць гасцей на парозе хаты i вядуць iх у залу, дзе ў чырвоным куце стаiць той самы абраз, якi ўратаваў Ляцягi ад немцаў.

Бабулi застаюцца ў хаце чытаць акафiст, а самыя моцныя фiзiчна вяскоўцы iдуць хросным ходам далей. Каб абысцi ўсю вёску i фермы, патрабуецца нямала часу i сiл.

Лiчыцца, што абразы павiнны насiць мужчыны альбо ўдовыя жанчыны. Малодшы зяць Таццяны Сяргееўны Мiхаiл штогод бярэ на сябе гэты абавязак.

— Я ўжо гадоў 15 нашу абраз, i гэта сапраўды мужчынская праца — ён вельмi цяжкi, — усмiхаецца мужчына. — Што ж, гэта для мяне вялiкi гонар, i цешча задаволеная.

Сазонавы — вялiкi род, якi налiчвае каля сотнi чалавек. Любоў да працы i павага да старэйшых — яго падмурак. Дочкi Таццяны Сяргееўны штогод рыхтуюць вялiкi стол на адпраўленне абраза i лiчаць гэта не цяжарам, а радаснай i хвалюючай падзеяй.

— Бацькоў нашай мацi раскулачылi, i яна трапiла ў вельмi набожную сям’ю, — расказвае гiсторыю сям’i Кацярына Шаўкунова. — Мацi захавала на ўсё жыццё цвёрдую веру. Яна малiлася заўсёды, хоць наш бацька быў камунiстам i забараняў ёй. Але i ён урэшце паверыў: на сконе жыцця вырашыў узяць у хату i адпраўляць "Неапалiмую купiну".

Дарэчы, бацька Сазонаў таксама завяшчаў дочкам абвянчацца са сваiмi мужамi. Так яны i зрабiлi гэтым летам: у Ляснянскай царкве тры пары ўжо немаладых людзей урачыста абвянчалi.

З iмi Бог

Застолле на адпраўленне абраза — абсалютна цвярозае i сёлета поснае, бо серада. Кiруе гатаваннем страў Антанiна Каткова. Фасоля, грыбы, бульба, рыба, гароднiна — усё прыгатавана ў печцы i проста неверагодна смачнае. Да ягаднага кампоту падаюць пiрагi з яблыкамi.

— Тут мука, вада, дрожджы i... душа, — усмiхаюцца сёстры Сазонавы.

— Дочачкi мне дапамагаюць, — хвалiцца гаспадыня хаты i свята. — У мяне 4 дачкi, 8 унукаў i 5 праўнукаў. I ўсе яны людзi добрыя. Гэта яна, святая Матачка Божая, дапамагла.

— I мы шчыра верым, што дапамагае, — падхоплiваюць Кацярына i Антанiна. — Бог з намi ў жыццi!

Бабулi хвалююцца, цi будуць маладыя людзi без iх падтрымлiваць традыцыю хроснага ходу.

— Будзем спадзявацца на гэта, — разважлiва гаворыць айцец Георгiй. — Гэта ўнiкальная падзея, нiдзе на Слаўгарадчыне такога больш няма. Усё ж такi ў 1943-м годзе ў Ляцягах здарыўся сапраўдны цуд, i людзi вырашылi штогод абыходзiць вёску хросным ходам. I як бы нi было складана, рабiлi гэта. I мы будзем, пакуль жывыя. Заступнiцтва ў Божай Мацi трэба прасiць не толькi ў горы i бядзе, але i заўсёды. Як у нас кажуць, без Бога нi да парога.

Лятаць i цягнуць

Ляцягi — нiбыта звычайная вёсачка, якая, на першы погляд, наўрад цi прыцягне ўвагу вандроўнiка. Мiж тым, як, падаецца, i ў любым беларускiм кутку, тут ёсць свае адметнасцi i легенды. Тут i старажытныя курганы, i крынiца Цароў калодзеж — нiбыта выкапаны па загадзе Пятра І роўна трыста гадоў таму...

А вось, напрыклад, назва вёскi. Ляцягамi ўвогуле называюцца вавёркi пэўнага вiду, аднак якраз у гэтых мясцiнах яны не водзяцца. Ёсць паданне пра нейкiх чарцей, якiя ляталi, i нiбыта з чортавай сiлай тутэйшыя справiлiся пабудовай царквы. Аднак найбольш верагодная версiя — ад прозвiшча пана Ляцягi, якi меў тут маёнтак.

— Дык Ляцягi — ад "лятаць" альбо "цягнуць"?

— Лятаць! Хаця i цягнуць мы можам!

— Працаваць трэба, — раяць ляцягаўскiя бабулi. — Таму што самыя гультаi ўжо там, а мы вечна спiны гнулi i ўсё яшчэ тут!

— Мы жадаем усiм людзям дабра, — гаворыць са слязамi на вачах Таццяна Сяргееўна Сазонава. — Каб Бог быў у дапамогу, тады будзе ўсё добра.

I каб Бог не кiдаў Ляцягi, на наступны год 17 верасня зноў пойдзе вакол вёскі хросны ход з абразам святой Матачкi Божай "Неапалiмая купiна".

Iлона Iванова.

Слаўгарадскi раён.

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Штогод жыхары Ляцягаў, што на Слаўгарадчыне, хросным ходам з абразом Божай Мацi "Неапалiмая купiна" абходзяць сваю вёску, каб абаранiць яе а
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика