Вясельнае застолле:
Вясельнае застолле:
(Заканчэнне. Пачатак у нумары за 23 верасня.) Публiчнае цалаванне Сёння даволi цяжка вызначыць тую эпоху або той дакладны час, калi ў структуры вясельнага абраду ўзнiкла такое выключнае па сваёй эмацыянальнай афарбоўцы рытуальнае дзеянне, як публiчнае цалаванне жанiха i нявесты. Звычайна яно суправаджаецца аглушальным заклiкам гасцей, якiя разам скандзiруюць "Горка!". I вось якраз пад гэты калектыўны iмператыў-загад жанiх i нявеста павiнны ўстаць з-за стала i некалькi разоў пацалаваць адно аднаго. У адным з тамоў серыi "Беларуская народная творчасць", прысвечаным апiсанню вясельнага абраду, знаходзiм наступную спробу патлумачыць сутнасць абрадавай дзеi: "Каханне маладых было асновай добрага настрою ўсiх гасцей. Гэта падкрэслiвалася звычаем крычаць "горка", пасля чаго жанiх i нявеста павiнны былi даказаць усiм прысутным адданасць адно аднаму". (Вяселле. Абрад, с. 23). Зразумела, што тлумачэнне мае, хутчэй, апiсальны характар, чым тлумачальны. А што ж усё-такi стаiць за тым рытуальным дзеяннем, калi жанiха i нявесту лiтаральна прымушаюць цалаваць адно аднаго ў прысутнасцi ўсёй радзiны i аднавяскоўцаў? Магчыма, гэта не што iншае, як далёкiя водгукi тых архаiчных абрадаў, калi хлопец выкрадаў дзяўчыну ў суседняга племенi i тут жа пазбаўляў яе цнатлiвасцi, каб нi яна, нi сваякi затым не пярэчылi стварэнню новай сям’i. За вясельным сталом пацалунак памiж жанiхом i нявестай адбываўся на вачах усёй радзiны, прычым пад яе прымусам i, што вельмi цiкава, калi маладыя стануць нейкiм чынам пярэчыць калектыўнаму патрабаванню, то гэта нязгода можа атрымаць катэгарычную негатыўную ацэнку. Магчыма, калектыўнае падбухторванне на пацалунак было знакам таго, што юнак i дзяўчына пераходзiлi ў дарослае жыццё, якое вымагала зусiм iншага характару i ўзроўню адносiнаў памiж мужчынам i жанчынай. У дадзеным выпадку ўдзельнiкi святочнага застолля станавiлiся свайго роду настаўнiкамi моладзi ў iх першых кроках сумеснага жыцця. Яшчэ раз у сувязi з гэтым нагадаем, што за вясельны стол не дапускалася тая моладзь, якая не прайшла абрад iнiцыяцыi i не атрымала права на стварэнне сям’i. Не баючыся перабольшанняў, можна сцвярджаць, што вясельныя пацалункi — гэта старажытны народны звычай. Аднак у рытуальных дзеяннях, якiя адбываюцца ў храме ў час вянчання, яны не прадугледжаны. Але пачынаючы з 1917 года, яны вельмi паспяхова былi ўключаны ў цырымонiю рэгiстрацыi шлюбу ў ЗАГСах. Цалавацца, што называецца "на вачах у грамады" стала навамоднай традыцыяй, запазычанай з класiчнага вясельнага абраду. I ўсё ж давайце яшчэ раз зiрнём на агульную паслядоўнасць вясельнага абраду канца XIX — пачатку XX стагоддзяў. Пасля даволi "цнатлiвага" вянчання пачыналася вясельнае застолле, падчас якога першыя тры чаркi выпiвалiся (без асаблiвых эмацыянальных узлётаў) за радаводныя каранi маладых. Гэта была свайго роду падзяка продкам i адначасова прэзентацыя тых, хто бярэ на сябе адказансць працягваць радавод. I толькi пасля рытуальнага дыялогу з продкамi ўвага прысутных пераключалася на жанiха i нявесту, прычым пераключэнне мела ўзрыўны характар. Адны эмоцыi змянялiся iншымi: зварот да продкаў — цiхi, удзячны, узважаны; зварот да маладых — спакуса, эратызм, гарэзлiвасць. Ускосным доказам таго, што пацалункi на вяселлi — гэта абрадавае пасвячэнне ў дарослае жыццё, можа служыць рытуальнае дзеянне, якое зрэдку яшчэ сустракаецца на нашых сучасных вяселлях. Госцi настойлiва заклiкаюць жанiха i нявесту пацалавацца, а тым часам шаферка — блiжэйшая сяброўка нявесты — iмкнецца "адкупiцца" ад гасцей цукеркамi, раскiдаючы iх у розныя бакi. Кожнае новае пакаленне людзей дапаўняла сэнс ключавых рытуальных дзеянняў сваiм разуменнем. У цяперашнi час на некаторых вяселлях можна пачуць сакраментальнае пажаданне, якое мае прамое дачыненне да разглядаемай праблемы: "Няхай толькi сёння жанiху i нявесце будзе горка, а ўсё астатняе жыццё — соладка". Пры гэтым госцi дадаюць: чым больш разоў прагучыць слова "горка", тым лепшым будзе жыццё новай сям’i. Магчыма, i ў гэтым пераасэнсаваннi ёсць пэўная доля праўды. Разам з тым людзi сталага веку прапаноўваюць некалькi iншую трактоўку зместу рытуальнага заклiнання "Горка!". Каб зразумець сакральна-магiчны аспект гэтага тлумачэння, нам зноў спатрэбiцца звярнуцца да шэрагу тыпалагiчна блiзкiх абрадавых сiтуацый. Давайце яшчэ раз узгадаем пачатак заручынаў, калi нечаканыя госцi з’явiлiся на парозе хаты будучай нявесты i завялi iншасказальны дыялог, каб, крый Божа, не сурочыць запланаваную акцыю. Хрэсьбiны нованароджанага, як правiла, iмкнулiся прымеркаваць да саракавога дня. А да таго часу немаўля называлi незвычайным iмем — Багданька — г.зн. дадзены Богам (параўнайце: адно з найбольш пашыраных сярод украiнцаў iмя — Багдан). Iдэальнай лiчыцца сiтуацыя, калi чалавек мае два iменi: храмавае, духоўнае, якое не павiнен ведаць нiхто, акрамя хросных бацькоў i святара, а таксама свецкае iмя або вулiчную мянушку, якое, па перакананнi бiяэнергетыкаў i знаўцаў народнай традыцыi, не можа быць транслятарам шкоднага ўздзеяння на чалавека. А ўзгадайце, як мы паводзiм сябе тады, калi першы раз наведваем парадзiху i яе дзiця? Баючыся сурочыць немаўля, мы тройчы плюнем праз левае плячо, а затым тройчы прамовiм загадзя лжывую, але амаль абавязковую i ўсiм зразумелую ў дадзеным кантэксце формулу-зман: "Цьфу! Якi ж ты гiдкi, непрыгожы, плюгавы!" Гэты прынцып мiжасабовых стасункаў захоўваецца i ў сучасным жыццi соцыума. Мы не хочам гаварыць пра свае блiзкiя планы, каб не разбурыць задуманае. Калi ў нас пытаюцца пра наша матэрыяльнае становiшча, мы сцiпла заўважаем: "На хлеб з маслам хапае". Усе ўзгаданыя сiтуатыўныя кантэксты даюць нам нечаканую падказку i дапамагаюць расшыфраваць сэнс пажадання "Горка" ў структуры вясельнага абраду: маладым сапраўды жадалi сямейнага дабрабыту, узаемапаразумення i салодкiх пацалункаў, але каб зберагчы iх ад людской зайздрасцi i жадання нашкодзiць, крычалi зусiм iншае, каб збiць нячыстую сiлу з панталыку. Даць душы волю, а таленту прастор Знаёмства з этнаграфiчнымi даследаваннямi ХIХ—ХХ стст., у якiх падаецца апiсанне беларускага вясельнага рытуалу, сведчаць аб тым, што на нашых "вяселлях" на самай справе пераважала весялосць, прыўзняты настрой, iмправiзаваныя жарты, якiя дапаўнялiся прыпеўкамi непрыкрытага эратычнага характару. Святочны настрой залежаў не ад колькасцi выпiтага моцнага напою, а, хутчэй, якраз наадварот, яго строга абмежаванай колькасцi. У "Могилевских губернских ведомостях" за 1856 г. прыводзяцца надзвычай павучальныя i паказальныя звесткi. Аўтар аднаго з артыкулаў, прысвечанага апiсанню мясцовага вяселля, незадаволена заўважае: беларусы празмерную ўвагу надаюць выпiванню моцных напояў — за тры днi вяселля ўсёй вёскай яны выпiлi "аж тры лiтры самагонкi!". Калi мы сёння расказваем аб гэтых нотках незадавальнення нашым слухачам, то яны шчыра здзiўляюцца пачутаму, пры гэтым заўважаюць: аўтар, вiдаць, не дапiсаў некалькiх важных слоў: "Па тры лiтры на кожнага!" Так, яшчэ ў пазамiнулым стагоддзi, калi людзi дакладна ведалi, дзеля чаго яны прыйшлi на вяселле, асноўнае месца ў iх паводзiнах займалi спевы i танцы, а на апошнiм была спакуса падняць кiлiшак за маладых. Аснову вясельнай фальклорнай традыцыi гэтага перыяду складалi песнi, якiя суправаджалi абрадавыя дзеяннi "пасагу". Пасля таго, як маладых тройчы па сонцы абвядуць вакол стала, пачыналi спяваць "пасаг" — "блаславенне або закляцце, якому надавалi асаблiвае значэнне i без якога нi шлюбу, нi вяселля не прызнавалi": Як сцякалi дзвi рэчанькi, Тож обiдвi быстрысенькi! Як зайшоўся мiсяц з сонцам, Тож абое яснэсенькi Да й абiдва маладэсенькi. Першы пасаг з-пад мiсяца, Другiй пасаг з-пад сонейка. З-пад мiсяца маладый жэнiшок, З-пад сонэнька малада дзiвонька. "Пасаг" спявалi доўга, да ўсiх родных i людзей добрых, кожны раз паўтараючы яго спачатку. Пасля "пасагу" падавалi частаванне..." (Беларусы. Сям’я, с. 280). Вясельныя песнi, якiя спявалi ў адрас маладой, можна падзялiць на некалькi груп. На першае месца мэтазгодна паставiць вуснапаэтычныя творы, прысвечаныя роду дзяўчыны, яе бацькам, якiя пеставалi-гадавалi дзiця: — Малада дзевачка, якая ты харошая! Цi не сонца цябе радзiла, Цi не месяц цябе гадаваў, Цi не ветры цябе калыхалi, Цi не зоркi цябе забаўлялi? Часцей за ўсё нявесту параўноўвалi з кветкай, якая цешыць вока сваiм хараством у веснавую пару: Не мак цвiцiць, не ружовы цвяточак — А расцвiла ўся Галiнчына галоўка... А якi глыбокi жыццёвы сэнс пакладзены ў аснову песень, адрасаваных жанiху! Услухайцеся, задумайцеся, паразважайце над тым, якога бяздоннага багацця мы пазбавiлi нашы сучасныя гарадскiя вяселлi: Маладзенькi Ванечка, Умеў жонку выбiрацi, Умеў жонку выбiрацi — Умей яе шанавацi: Каб босая не хадзiла, Каб лапцiкаў не насiла, Часта ў госцейкi хадзiла. Не карай яе дубцом, Карай шчырым слаўцом. Яна дубца не баiцца — Шчыру слоўцу пакарыцца. Высокiм паэтычным сэнсам былi напоўнены творы, адрасаваныя адначасова абодвум маладым. Iх глыбокi сiмвалiзм дае права лiчыць iх актуальнымi i ў нашы днi i друкаваць на запрашальнiках, якiя маладыя дасылаюць сваёй радзiне напярэдаднi сваёй урачыстасцi: У нас сёння нядзелечка-васкрасенне, Зачынаецца таццянчына вяселле. Пiва з мёдам злiваецца — на пiццё, Пара людзей злучаецца — на жыццё. Пiва з мёдам злiваецца — пiць будуць, Пара людзей злучаецца — жыць будуць. Корпус беларускай вясельнай паэзii — адзiн з самых прадстаўнiчых жанраў ва ўсiм традыцыйным фальклоры. Песеннае спаборнiцтва магло доўжыцца не адну гадзiну. Часта яно перапынялася заклiкамi музыкаў да танцаў. А гэта быў чарговы этап творчага спаборнiцтва. Гармонiк, дуда, скрыпка, цымбалы i бубен маглi "падняць мёртвага".Танцы на вясковым вяселлi немагчыма параўнаць нi з чым. Гэта несупынная экспрэсiя, моцны выплеск станоўчай энергii, фантастычны конкурс-спаборнiцтва, падчас якога сямейныя пары або проста пары аднавяскоўцаў дэманстравалi не толькi адчуванне рытму, валоданне сваiм целам, але i адчуванне партнёра, павагу да яго. Адзiн танец мог доўжыцца амаль гадзiну, калi ўжо, здавалася, не было сiлаў нi ў танцораў, нi ў музыкаў. Але аб гэтым больш падрабязна гаворка пойдзе далей. Аксана Катовiч, Янка Крук.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сёння даволi цяжка вызначыць тую эпоху або той дакладны час, калi ў структуры вясельнага абраду ўзнiкла такое выключнае па сваёй эмацыянальнай афарбоў
|
|