Лоўля на "жыўца" Канцэртны мікрафон для спевакоў — інструмент або антураж
Лоўля на "жыўца" Канцэртны мікрафон для спевакоў — інструмент або антураж
У апошнiя тыднi ў мяне з’явiлася новая забава — у чаканнi грамадскага транспарту разглядваць на прыпынках афiшныя тумбы. Там увогуле шмат чаго цiкавага пiшуць. Або не пiшуць, гэта як паглядзець... Пачалася гэтая гiсторыя яшчэ летам, калi на разгляд парламентарыяў паступiў законапраект, якi прадугледжваў змяненнi i дапаўненнi ў некаторыя законы па пытаннях рэкламы. Напрыклад, нагадаем, прапанавалася не дапускаць рэкламавання паслуг астролагаў, варажбiтак, гiпнатызёраў ды iншых майстроў уздзеяння на чалавечую псiхiку. Другi адметны пункт датычыўся рэкламы культурна-вiдовiшчных мерапрыемстваў, у якой прадпiсвалася ўказваць не толькi звычайныя звесткi, але таксама папярэджваць аб "спецыфiцы мерапрыемства, якое праводзiцца (наяўнасць або адсутнасць фанаграмы)". Апошняя фармулёўка хоць i выглядае маштабна, але зразумела, "пад раздачу" ў першую чаргу трапiлi спевакi i спявачкi, а таксама ВIА, выканальнiцкiя гурты i ансамблi ўсiх масцей. Бо толькi на iхнiх канцэртах, а не ў тэатры оперы цi ў фiлармонii, часта бярэ сумнеў, што артыст працуе жыўцом. О, колькi доўгiх размоў i гарачых спрэчак папярэднiчалi прыняццю гэтага закона! Большасць людзей узрадавалася: ну, нарэшце нас перастануць падманваць, i кожны будзе дакладна ведаць, набывае ён бiлет на "жывы" канцэрт або яму прапануюць "танную кiтайскую падробку", у сэнсе, выкарыстоўваюць фанаграму. Пры гэтым, заўважым, у нас не iшло, як у суседняй Расii, гаворкi аб тым, што фанаграму трэба ўвогуле забаранiць. Нормы заканадаўства проста прадпiсвалi арганiзатарам канцэртаў быць шчырымi з публiкай. Праўда, узнiкала рэзоннае пытанне — цi многiя пагодзяцца iсцi на фанаграмныя выступленнi няхай сабе нават самых раскручаных зорак? З другога боку, скептыкi цiкавiлiся: а хто, скажыце, i як будзе кантраляваць, цi выконваецца гэта прадпiсанне? У кожнай зале будзе сядзець чалавек з бiноклем i пiльна высочваць, цi рухаюцца вусны артыста сiнхронна словам, якiя гучаць у песнях, i цi падключаныя iнструменты музыкаў да ўзмацняльнiкаў?.. Так цi iнакш, з 12 верасня закон уступiў у сiлу. I што мы чуем, дакладней, спярша бачым? Канцэрт знакамiтага расiйскага рок-гурта "Алiса" 5 кастрычнiка. Пасярод афiшы буйным шрыфтам надпiс "Жывы гук". I тры клiчнiкi. Рокеры, зрэшты, заўжды выступалi актыўнымi барацьбiтамi з фанаграмай, так што дзiўна было б чакаць чагосьцi iншага. А што нам скажуць поп-выканаўцы? Калi ласка, 25 кастрычнiка чакаюцца Мiкалай Баскаў i Мантсерат Марцi Кабалье (дачка опернай дзiвы, калi хто не ведае). Унiзе рэкламнай абвесткi, але даволi прыкметна, пазначана — "Жывы гук". Калi праўда, то ахвотнiкаў выкласцi ад 45 да 160 тысяч беларускiх рублёў будзе шмат. Што яшчэ цiкавага на афiшнай тумбе? 14 кастрычнiка — выступленне заслужанага ансамбля народнай музыкi "Бяседа". Поперак афiшы наклеена дадаткова папяровая палоска з усё тымi жа запаветнымi словамi — "Жывы гук". У чым, уласна кажучы, адносна "Бяседы" нiхто i не сумняваўся. I бiлеты даступныя — усяго 15—40 тысяч рублёў. А вось пра канцэрт Сяргея Мазаева i гурта "Маральны кодэкс", што чакаецца 9 кастрычнiка, я такiх падрабязнасцяў не знайшла, хоць старанна, сантыметр за сантыметрам, вывучыла ўсю плошчу афiшы. Можа, падрабязнасцi былi напiсаныя на адваротным баку — не ведаю. А бiлет, мiж iншым, да 100 тысяч каштуе... У любым выпадку, гэта непарадак. Прыкладна чацвёртая частка афiш, а таксама рэкламных аб’яў па радыё i ТБ, не ўтрымлiвае патрэбнай iнфармацыi аб наяўнасцi цi адсутнасцi фанаграмы. Хто ў нас за гэтым павiнен сачыць? На кантроль! — Кантраляваць выкананне гэтага закона будзе нiяк не Мiнiстэрства культуры, — расчараваў мяне начальнiк упраўлення мастацтваў Мiнкульта Мiхаiл Казловiч. — Праект прапаноўвала Мiнiстэрства гандлю, вiдаць, яно i зоймецца арганiзацыяй праверак. На пытанне, цi ёсць якiя-небудзь рэкамендацыi адносна таго, як павiнна выглядаць iнфармацыя пра спецыфiку культурна-вiдовiшчнага мерапрыемства — скажам, памер шрыфту або дакладная фармулiроўка — адказ таксама быў адмоўным — Мiнiстэрства культуры падобных рэкамендацый нiкому не давала. — Я ўвогуле не бачу асаблiвага сэнсу ўздымаць такi ажыятаж вакол гэтай тэмы, — адзначыў суразмоўца. — Хiба ў рабоце канцэртных агенцтваў нешта змянiлася? Мяркуючы па водгуках арганiзатараў канцэртаў, iм працы сапраўды не тое каб прыбавiлася — у лепшым выпадку наклеiць на загадзя надрукаваныя афiшы тую самую налепку "жывы гук". Але ёсць ва ўсёй гэтай сiтуацыi адзiн пiкантны момант. Практычна тая ж самая норма наконт выкарыстання фанаграм дзейнiчае ў Беларусi... ужо чатыры гады! I ўтрымлiваецца яна ў Законе "Аб культуры", прынятым у маi 2004 года. Параўнаем: арт. 43, "Гастрольна-канцэртная дзейнасць", п. 2.1: "Не дапускаюцца: распаўсюджванне друкаваных рэкламных матэрыялаў аб тэатральна-вiдовiшчных мерапрыемствах без выхадных даных, прадугледжаных дзяржаўнымi стандартамi, а таксама рэкламнай iнфармацыi ў любой форме без указання спецыфiкi праводзiмага тэатральна-вiдовiшчнага мерапрыемства (наяўнасць або адсутнасць фанаграмы)". Толькi фармулёўка крыху iншая, мерапрыемствы названыя "тэатральна-вiдовiшчнымi", але сутнасць тая самая. I што, атрымлiваецца, усе гэтыя гады закон не дзейнiчаў? — У любым заканадаўстве прадугледжана адказнасць за парушэнне закона, але ў нас не было выпадкаў прыцягнення нядобрасумленных рэкламадаўцаў цi арганiзатараў канцэртаў да такой адказнасцi, — паведамiў Мiхаiл Казловiч. Некаторую яснасць у пытанне ўдалося ўнесцi пасля званка ва ўпраўленне абароны правоў спажыўцоў i кантролю за рэкламай Мiнiстэрства гандлю. — Праверкi рэкламы мы праводзiм пастаянна, але акцэнт менавiта на культурна-вiдовiшчных мерапрыемствах пакуль не робiм, — расказала начальнiк упраўлення Iрына Барышнiкава. — Напрыклад, у выхадныя (у сярэдзiне верасня) правялi манiторынг тэлевiзiйнай рэкламы — здаецца, там была i рэклама канцэртаў — i прыкладна праз два тыднi будуць падведзеныя вынiкi. Па гэтых вынiках, калi будзе выяўлены парушальнiк, мы маем права вынесцi прадпiсанне, папярэджанне, а таксама прымянiць адмiнiстрацыйныя меры ўздзеяння. — Якое максiмальнае пакаранне прадугледжана за парушэнне Закона "Аб рэкламе"? — Калi гаварыць пра адмiнiстрацыйныя штрафы — ад 20 да 50 базавых велiчынь. (З улiкам цяперашняга памеру базавай велiчынi гэта 0,7—1,75 млн беларускiх рублёў. — Аўт.) Акрамя таго, патлумачыла Iрына Мiкалаеўна, калi рэклама будзе прызнаная неадпаведнай, можа быць прынятае патрабаванне аб размяшчэннi ў пэўны тэрмiн контррэкламы — прычым за кошт рэкламадаўцы. Але гэта — толькi першая частка кантролю, так бы мовiць, папярэдняя. Для праверкi, цi сапраўды канцэрты праходзяць у адпаведнасцi з заяўленымi афiшамi, Мiнгандлю ўсё ж плануе прыцягваць спецыялiстаў з Мiнiстэрства культуры, якiя, напрыклад, будуць выбарачна наведваць канцэрты. Плюс, мiнус i iншыя акалiчнасцi У вераснi-кастрычнiку якраз пачынаецца актыўны канцэртны сезон. Дапусцiм, ва ўсiх афiшах i абвестках абяцаецца жывы гук (iншых фармулёвак асабiста я пакуль што не бачыла i не чула ні ў аднаго выканаўцы i калектыву). I дапусцiм, што на некаторыя з гэтых канцэртаў прыходзiць праверка. Што могуць пачуць "рэвiзоры"? Па вялiкiм рахунку, нас цiкавяць толькi два вiды фанаграм: так званая "мiнус адзiн", гэта значыць, iнструментальная версiя той цi iншай песнi, акампанемент, i "плюсавая", на якой акампанемент запiсаны з голасам выканаўцы. Менавiта пад гэту апошнюю артысты толькi рот адкрываюць — прафесiйнае караоке. Часам яшчэ гавораць пра схему "шматканальная фанаграма, змешаная з жывым выкананнем", а таксама пра "дабл-трэк" — жывы спеў паверх фанаграмы. Каб можна было так проста адрознiць, працуе артыст жыўцом цi спявае пад фанаграму, праблема б увогуле не ўзнiкала. Часта бессаромных "фанершчыкаў" выдае толькi такi канфуз: мiкрафон, якi выпадкова ўключаецца-выключаецца пасярод песнi. Або надзвычай складаныя акрабатычныя трукi ў нумары — зразумела, што чысценька спяваць i выконваць адначасова танцавальныя па амаль немагчыма. (I тое не догма — спявае ж наш Альберт Скараход, стоячы на галаве — за гэта яго нават у Кнiгу рэкордаў Гiнэса занеслi.) Калi ж выканаўца працуе ў палову сiлы, "падпяваючы" ўласнай фанаграме, гэта таксама цяжка выявiць. Наўрад цi ў кожнага правяраючага, як i ў звычайнага слухача, будзе музычная адукацыя i абсалютны слых... А мо i ён не дапаможа? Цi зможа прафесiянал адразу вызначыць, якi тып фанаграмы гучыць? Гэта пытанне я задала вопытнаму гукарэжысёру — Паўлу Пашкоўскаму, якi пачаў працаваць яшчэ ў 90-я, з Лiкай Ялiнскай i дуэтам "Дзi Бронкс i Наталi". — Я сказаў бы, што пры цяперашнiм развiццi тэхнiкi адрознiць фанаграму вельмi складана. Працэнтаў на 99 немагчыма. I не толькi звычайнаму слухачу. Мы цяпер, напрыклад, многа працуем з Аляксеем Хлястовым, ездзiм з канцэртамi — дык вось мясцовыя пракатчыкi часта вераць, што чалавек спявае жыўцом, толькi пасля таго як падыходзяць да мяне i паслухаюць спеў у навушнiку. А ўжо калi спрабаваць зрабiць гэта седзячы ў зале... Напэўна, адрознiць зможа толькi спецыялiст найвышэйшага ўзроўню. Я сябе да такiх, напрыклад, не адношу. Хоць мне асабiста вельмi хочацца, каб нашы артысты часцей спявалi жыўцом. Бо гукарэжысёру за гэта таксама дастаецца. Часта публiка выказвае прэтэнзii наконт фанаграмы не таму, хто на сцэне, а таму, хто за пультам... У нас, у абслуговага персаналу, ёсць выраз "з гэтым артыстам не сорамна працаваць". Напэўна, гэта пытанне прафесiйнага сумлення. Праўда, адзначыў Павел Пашкоўскi, апошнiм часам фанаграму беларускiя артысты выкарыстоўваюць усё радзей. Нават тыя, каго нiхто б нiколi не назваў выбiтным выканаўцам, стараюцца спяваць жыўцом. Так, паводле журналiсцкiх апытанняў, абсалютная большасць нашых артыстаў выступае СУПРАЦЬ фанаграмы — прычым гэта як прадстаўнiкi старэйшага пакалення, загартаваныя эстрадай, так i фарматныя сучасныя поп-выканаўцы. Але... Многiя з iх шчыра вераць, што "жывы гук" — гэта калi ён сам, артыст, спявае жыўцом. Не важна, адкуль пры гэтым льецца музыка. "Я ж не магу пастаянна вазiць з сабой ансамбль, гэта паўплывае на цану бiлетаў, i канцэрты проста не акупяцца", — гучыць у якасцi тлумачэння. Пазiцыя цалкам зразумелая. Толькi атрымлiваецца, што паняцце "фанаграма мiнус адзiн" пры гэтым зусiм знiкае? А што — публiка ж прыйшла паслухаць артыста N., а не мелодыю ў выкананнi сiмфанiчнага аркестра... Другая акалiчнасць, якую ўзгадваюць практычна ўсе артысты — зборныя канцэрты альбо тэлевiзiйныя, дзе наладзiць жывы гук немагчыма па тэхнiчных прычынах. I гэта чыстая праўда — калi ў канцэрце ўдзельнiчае дзясятак i больш выканаўцаў i гуртоў, проста не хопiць часу i апаратуры, каб даць усiм настроiцца. Але ж выйсце таксама ёсць. Для арганiзатараў — пазначыць на афiшы i ў бiлетах цi запрашальнiках (як гэта робiцца ва Украiне) "Канцэрт часткова запiсваецца пад фанаграму". Для прынцыповых выканаўцаў — узяць i адмовiцца ад удзелу ў такiм канцэрце, дзе табе даецца тры цi нават дзесяць хвiлiн у агульным патоку. Пакуль што адзiнымi з нашых артыстаў, хто пайшоў на такi крок, застаецца гурт "DALI", якi летась наўпрост адмовiўся ад выступлення, даведаўшыся, што яно будзе пад фанаграму. "Фанера" — гэта ўзровень самадзейнасцi I аб гэтым можа многа расказаць не толькi лiдар узгаданага гурта Вiктар Рудэнка, якi даведаўся пра стаўленне да "фанеры", напрыклад, у Вялiкабрытанii, калi выступаў у гэтай краiне. Такога ж меркавання прытрымлiваецца, напрыклад, прадзюсар Iрыны Дарафеевай Юрый Саваш. Менавiта з яго вуснаў прагучаў выдатны адказ тым, хто скардзiцца на ўмовы прыёму — маўляў, у правiнцыi часта няма матэрыяльных i тэхнiчных умоў для забеспячэння жывога гуку. Ёсць, аказваецца, рэцэпт барацьбы з гэтай складанасцю, i спявачка, якая ўжо некалькi гадоў праводзiць па гарадах Беларусi вялiкi гастрольны тур "Пад мiрным небам", яго вынайшла. — Мы незнаёмыя з дрэннымi ўмовамi ў рэгiёнах, — агарошыў Юрый Саваш. — Бо ўжо восем гадоў таму вырашылi, што будзем вазiць з сабой усю неабходную тэхнiку i музыкантаў, не разлiчваючы на прымаючы бок. На ўсiх нашых афiшах напiсана "жывы гук". I мы пачалi рабiць гэта спецыяльна, каб паказаць глыбiнцы, што ёсць артысты, якiя не працуюць пад фанаграму. Да таго ж мы добра вывучылi рынак i ведаем тую памежную цану, якую можна ўсталяваць у кожным рэгiёне, бо там прыбыткi людзей не параўнальныя з заробкамi ў сталiцы... Напэўна, падглядваючы за намi, нарэшце ў Беларусi вырашылi ўзаконiць такi прынцып работы. Паводле слоў прадзюсара, трэба ўдакладнiць тэрмiналогiю i адрознiваць паняццi "шоу-праграма" i "канцэрт". Канцэрт — заўжды толькi жыўцом, гэта сусветная практыка. I цана на яго не 20—30 долараў, як на шоу, а ад 100 i больш, бо гэта зусiм iншы ўзровень. "У свеце няма падобнай практыкi, што ў канцэрце выкарыстоўваюцца мiнi-дыскi, магнiтафоны цi iншыя носьбiты. Калi гучыць фанаграма, любая, нават "мiнусавая", гэта лiчыцца самадзейным або непрафесiйным, — расказаў Юрый Саваш. — Дзякуй Богу, што i мы рухаемся ў тым жа накiрунку, што ўвесь цывiлiзаваны свет. Усе ад гэтага толькi выйграюць. Так, iснуюць вялiзныя тэлевiзiйныя шоу, дзе складана рэалiзаваць жывы гук, але гэта не праблема — трэба проста так i напiсаць, "шоу-праграма". — Калi прадставiць сябе ў ролi слухача, на фанаграмнае шоу якога артыста вы пайшлi б? — Не магу сабе нават уявiць. Я, напэўна, вырас на iншай музыцы, таму такое мастацтва не разумею. — А чые жывыя канцэрты, якiя вы наведалi ў апошнi час, найбольш уразiлi? — У Дзiмы Бiлана вельмi добрая праграма, у Валерыя Меладзе. Мы глядзелi яшчэ канцэрт Крыса дэ Бурга з выдатным жывым гукам i адзначылi для сябе, што няма нiчога недасягальнага. Музыка робiцца ўсё больш складанай, жыўцом яе выканаць не заўжды проста — але калi павучыцца ў таго ж Робi Вiльямса цi Пола Макартнi, можна падгледзець некаторыя прыёмы спрашчэння i дабiцца якаснага жывога гучання нават з 4—5 музыкантамi. Безумоўна, патрэбныя вельмi таленавiтыя музыканты i многа працы, але гэта магчыма. ...Дарэчы, пытанне, на чыё выступленне нават пад фанаграму вы пайшлi б, я за час падрыхтоўкi матэрыялу задавала вельмi многiм людзям. I высветлiла, што ёсць усё ж асобы, якiм даруюць нават махровую "фанеру", толькi б прыехалi. У спiсе — "ВIА Гра" (стары склад), "Modern Talking", Madonna, Валерый Лявонцьеў, той жа Дзiма Бiлан. А калi ёсць попыт — будзе i прапанова. I няхай сабе будзе, толькi будзе шчырай i правiльнай. Я не веру, што можна здзейснiць рэвалюцыю ў шоу-бiзнэсе асобна ўзятай краiны — за месяц цi нават за год. Але веру, што можна навучыцца несцi адказнасць за сваю працу. I цярплiва ўглядаюся ў афiшныя тумбы, чакаючы, калi ж хоць на адной з iх з’явiцца надпiс "Канцэрт пройдзе ў суправаджэннi фанаграмы". Я вельмi гэтага чакаю. Каб пацiснуць гэтаму артысту руку — за смеласць i сумленнасць. Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У апошнiя тыднi ў мяне з’явiлася новая забава — у чаканнi грамадскага транспарту разглядваць на прыпынках афiшныя тумбы. Там увогуле шмат чаго цiкаваг
|
|