Спакойна і адкрыта
Спакойна і адкрыта
Каб унiкнуць у працэс галасавання на гэтых выбарах, я вырашыў "не лётаць" па выбарчых участках горада, а выбраў адзiн i прасачыў за галасаваннем 28 верасня ад "А" да "Я". На выбарчы ўчастак № 9 я прыйшоў да пачатку галасавання. Члены камiсii, а яны ўсе работнiкi баваўнянага аб’яднання, ужо сядзелi за сталамi — да васьмi гадзiн заставалiся хвiлiны. Здавалася б, калi можна прагаласаваць датэрмiнова, то хто хацеў, зрабiў ужо свой выбар, i людзi на ўчастак не будуць спяшацца. Але яшчэ да таго, як адчынiлi ў пакой для галасавання дзверы, сюды зазiрнула некалькi чалавек. Участак № 9 знаходзiўся ў iнтэрнаце баваўнянага аб’яднання, i думалася, што першымi прыйдуць яго жыхары — спусцiўся ўнiз у халаце i прагаласаваў. Нехта так i зробiць, але пазней, а першай аддала свой голас Людмiла Абрамовiч. — Хоць сёння i нядзеля, а ў мяне рабочы дзень. Да птушкафабрыкi далекавата, то i давялося прыйсцi раней, — растлумачыла жанчына. На працягу першай гадзiны пасля адкрыцця ўчастка прагаласавала некалькi дзясяткаў чалавек. У асноўным iшлi па адным, хоць наведала ўчастак i маладая сям’я. Нельга сказаць, што галасаваць выстройвалiся ў чаргу, але з невялiкiмi перапынкамi людзi iшлi на працягу ўсяго дня, i апошнi выбаршчык наведаў участак за 15 хвiлiн да закрыцця. На выбарчым участку № 9 прыкладна трэць выбаршчыкаў прагаласавала датэрмiнова. I такая тэндэнцыя назiралася не толькi па горадзе, але i па краiне. Прысутнiчалi i назiральнiкi, а за парадкам сачылi два супрацоўнiкi мiлiцыi. Выйшаў размяцца на ганак i пачуў, як адна ўжо немаладая жанчына паскардзiлася другой: — Некалi выбары весялейшыя былi, у буфеце народ тоўпiўся... людзi iншыя былi. Да выбараў у былым Саюзе рыхтавалiся як да свята. На кожным участку працавалi буфеты i там можна было ўхапiць нейкi дэфiцыт — маглi "выкiнуць" мандарыны цi каўбасу. А сёння перайдзi вулiцу — у магазiне бананы, апельсiны i ананасы... толькi выкладвай грошы. Магчыма, справа ўся i ў тым, што мы былi маладзейшыя! На ўчастку № 9 на працягу дня буфет не зачыняў дзверы i за столiкамi можна было пасядзець, а яшчэ сiламi Палаца тэкстыльшчыкаў для выбаршчыкаў далi канцэрт. Усё быццам бы як некалi, але жыццё не стаiць на месцы. Раней у спiсах быў толькi адзiн кандыдат у дэпутаты i нiхто не абураўся адкрыта. Старшыня камiсii Ядзвiга Прыгароўская праводзiць ужо трэцюю выбарчую кампанiю. — Не магу сказаць, што выбары гэтага года чымсьцi адрознiваюцца ад мiнулых. Можа ў параўнаннi з прэзiдэнцкiмi выбарамi ўсё больш будзённа. А ў цэлым усё спакойна i па-дзелавому, — сказала старшыня. А якiя ж вынiкi галасавання? За дэпутацкi мандат барацьбу вялi двое: генеральны дырэктар ААТ "Гарант-Сэрвiс" Святлана Пiшч i iндывiдуальны прадпрымальнiк Алег Пашко. На выбарчым участку № 9 зарэгiстравана было 2060 выбаршчыкаў i з iх 568 на галасаванне не прыйшлi, супраць усiх прагаласавала 176 чалавек i 54 бюлетэнi былi сапсаваны. У вынiку С. Пiшч аддалi свае галасы 975 выбаршчыкаў, а А. Пашко — 227 чалавек. Цi былi выбары адкрытымi i справядлiвымi? Магу сказаць, што 28 верасня на выбарчым участку № 9, на мой погляд, нiякiх парушэнняў не было. Дзень галасавання — гэта кульмiнацыя выбараў, а выбарчая кампанiя складваецца з вылучэння кандыдатаў, агiтацыйнага перыяду... А яшчэ важнейшым уплывовым фактарам з’яўляецца маральна-псiхалагiчны стан грамадства. Вось не любяць у нас прадпрымальнiкаў i нiчога тут не зробiш, хоць калi трэба нешта танней купiць, спяшаюцца да iх. Але змянiць сiтуацыю можа толькi час. Сымон Свiстуновiч.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Каб унiкнуць у працэс галасавання на гэтых выбарах, я вырашыў "не лётаць" па выбарчых участках горада, а выбраў адзiн i прасачыў за галасав |
|