Што ў вас добрага?
Што ў вас добрага?
З дзесяцi апытаных чалавек я выбраў найбольш характэрныя адказы. Нашы людзi, у сваёй масе, радасць бачаць у працы. Жанна Пiваварчык, загадчыца прадуктовага магазiна, вёска Крошын Баранавiцкага раёна: — На мiнулым тыднi вярнулася з адпачынку i было прыемна, што на рабоце ўсё ў парадку. У нас калектыў невялiкi, але цудоўны. План выканалi, а значыць будзе i прэмiя. На выбарах ад нашага магазiна працаваў буфет, i дзень таксама не прайшоў марна. Таiса Шалiк, спецыялiст упраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне, г. Ляхавiчы: — Удалося за адзiн дзень выкапаць бульбу i прадаць яе. Скарб, Дзiна i Молi сёлета ўрадзiлi на славу. Сабралася на копку 14 чалавек — сваякi i знаёмыя. З 30 сотак накапалi пад 300 мяхоў i здалi бульбу па 450 руб/кг. Дзень быў ураджайны! Янiна Смолiч, пенсiянерка, г. Баранавiчы: — У суботу з самага ранку зацягнуў дождж, але я ўгаварыла мужа паехаць у грыбы. Дождж сыпаў увесь дзень, але грыбоў назбiралi — адных баравiкоў набралi пад сотню, а яшчэ былi маслякi, махавiкi... Вымаклi, а дамоў вярталiся ў прыўзнятым настроi. Затым дапазна тыя грыбы марынавала i сушыла. Стамiлася, але на душы было добра. Сымон Свiстуновiч. Сяргей Марозаў, намеснiк старшынi Крычаўскага райвыканкама: Сяргей Марозаў, намеснiк старшынi Крычаўскага райвыканкама:— 5 кастрычнiка Крычаў адзначыў дзень горада i 65-годдзе вызвалення ад нямецкiх захопнiкаў. У гэты дзень мы ўрачыста адкрылi адрэстаўраваны помнiк героям абароны на Сожы ў 1941 годзе. Самае каштоўнае, што грошы на рамонт сабралi працоўныя калектывы: дзеля гэтага ў вераснi ўвесь раён выйшаў на суботнiк. Засталося шмат добрых уражанняў ад свята: ушанавалi герояў жнiва i даярак, якiя ўвайшлi ў клуб 4-тысячнiц. А таксама нашу Аксану Мянькову — першую алiмпiйскую чэмпiёнку, якая нарадзiлася ў Крычаве. Быў канцэрт "зорак" беларускай эстрады, а ўвечары — феерверк. У мяне вялiкая радасць i ў асабiстым жыццi: нарадзiўся сын Iван. Ён гадуецца, не хварэе. Я зраблю ўсё, каб мой сын быў шчаслiвы. Аляксей Несцярэнка, школьны настаўнiк музыкi i ўладальнiк лясной плантацыi буйнапладовых журавiнаў у пасёлку Ганчанскiм Клiчаўскага раёна: — Журавiны сёлета ўрадзiлi! Ды i больш якасныя — ягадкi буйныя i роўныя. Ужо iдзе збор ураджаю: збiраем журавiны сваiмi сем’ямi, прыцягваем сваякоў. Шкада толькi, што спажывецкая кааперацыя ўстанавiла не самую высокую цану на наш тавар: 3,5 тысячы рублёў за кiлаграм. Мiж тым, нашы журавiны — смачныя, нi грама радыяцыi, а растуць у натуральных умовах без усякiх угнаенняў. Ну а ў астатнiм... Жыццё як жыццё. Дзецi на маiх уроках спяваюць добра. Мы працуем i хочам добра зарабляць. Цяпер у жыхароў Ганчанскага з’явiлася надзея на развiццё мясцовага тарфянога завода. I калi гэта надзея спраўдзiцца, будзе яшчэ адна добрая навiна. Нiна Падольская, дырэктар Магiлёўскай гарадской выставачнай залы i мацi вядомай спявачкi Наталлi Падольскай: — Я i мае супрацоўнiкi гэтым часам рыхтуем новую выставу, якая адкрыецца 9 кастрычнiка. Гэта будзе справаздача Магiлёўскага аддзялення Саюза мастакоў Беларусi, i прымеркавана яна да 70-годдзя творчага саюза. У нас ужо даўно не было такой вялiкай зборнай выставы мясцовых мастакоў. I гэта напэўна будзе вельмi цiкава. А што датычыцца майго асабiстага жыцця, то яно цяпер у маiх дочках i ўнучцы. Унучка Наташа займаецца ў мастацкай школе. Дачка Наталля выступiла на шоу "Зорны лёд" у дуэце з Уладзiмiрам Прасняковым. А сама стаць на канькi пакуль не вырашылася: удзел у такiм праекце вымагае часу i сiлаў, а ў яе шмат творчых планаў. У лiстападзе ўсёй сям’ёй паедзем у Маскву i будзем браць удзел у вядомым шоу "Модны прысуд". Праўда, выносiць яго будуць не мне, а маёй старэйшай дачцэ Таццяне. Яна ў нас разумнiца i прыгажуня, аддае перавагу спартыўнаму стылю. Аднак усё ж у сумных чорна-бела-шэрых танах. Таму я спадзяюся, што шоу прынясе ў яе адзенне i жыццё больш яркiх фарбаў. Архiмандрыт Кiрыл, настаяцель Свята-Троiцкага сабора ў Хоцiмску: — Такая прыгожая восень, i каля нашага храма залатое лiсце змяшалася з кветкамi, якiя яшчэ цвiтуць. Гэта ўбранне для нашага важнага высокаўрачыстага дня: 7 лiстапада нашаму храму спаўняецца 135 гадоў. У нас сёлета адны юбiлеi: я 50 гадоў адслужыў святаром у Хоцiмску, а днямi раённы цэнтр адсвяткаваў 65-годдзе вызвалення ад фашыстаў. Я там браў слова i казаў як сведка вайны, што можа савецкая армiя i не была тэхнiчна падрыхтаваная, але нашы салдаты былi багатырамi духам i ваявалi з надзеяй, што Перамога будзе за намi. I праваслаўная царква ў гэтым падтрымлiвала людзей i дапамагала ўдовам i сiротам. Так, Беларусь больш за ўсiх пацярпела ў вайне: спачатку немцы на яе накiнулiся, а потым бязлiтасна ўсё знiшчалi пры адступленнi. Але цяпер мы жывём мiрна, i дзякуй нашым кiраўнiкам, што сёння няма ў Беларусi мiжусобiцаў i лаянкi, а ўсе людзi роўныя незалежна ад нацыянальнасцi, сацыяльнага становiшча i рэлiгiйнай прыналежнасцi. Усе маюць права на працу на карысць нашай Айчыны. Запiсала Iлона Iванова.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З дзесяцi апытаных чалавек я выбраў найбольш характэрныя адказы. Нашы людзi, у сваёй масе, радасць бачаць у працы. |
|