Пабудаваць адно крэсла арэны Еўра-2012 каштуе 3000 еўра
Пабудаваць адно крэсла арэны Еўра-2012 каштуе 3000 еўра
У гэтыя днi Мiнск наведаў Прэзiдэнт польскага футбольнага саюза Мiхал Лiсткевiч. Ён прыбыў у беларускую сталiцу ў якасцi дэлегата УЕФА на адборачны турнiр чэмпiянату Еўропы сярод юнiёраў (U-19). Разам са старшынёй аргкамiтэта чэмпiянату Еўропы-2012 Адамам Альховiкам яны сустрэлiся з журналiстамi i расказалi, як iдзе падрыхтоўка да Еўра-2012, а таксама не абышлi ўвагай i нядаўнi скандал мiнiстэрства спорту Польшчы з футбольным саюзам гэтай краiны, з-за якога нашу суседку маглi пазбавiць права правядзення еўрафоруму. Адам Альховiк расказаў, што iдэя сумеснага правядзення Еўра-2012 належыць Украiне. Кiраўнiк федэрацыi футбола Украiны Рыгор Суркiс звярнуўся ў Польшчу з такой прапановай. "Спачатку мы адмовiлiся, бо гэта нерэальна. А потым перадумалi. Наша прэзентацыя на паперы — тэксты, планы, карты, урадавыя гарантыi — заняла каля трох тысяч старонак. Калi з усiм гэтым мы накiравалiся ў штаб-кватэру УЕФА, у аэрапорце лiшняя вага багажу склала 286 кiлаграмаў, за што дадаткова прыйшлося даплацiць чатыры тысячы долараў. Але гэтае таго варта..." Адам Альховiк растлумачыў, што шматлiкiя прэтэнзii УЕФА да арганiзатараў Еўра-2012 звязаныя з тым, што ў Польшчы дагэтуль не было нiводнага стадыёна, якi адпавядае патрабаванням УЕФА, ва Украiне быў толькi адзiн. І вось два тыднi таму ў Днепрапятроўску была адкрыта арэна, якая ўмяшчае 33 тысячы гледачоў. Гэта будзе самы малы стадыён, якi арганiзатары будуюць да першынства кантынента. Мяркуецца, што матчы еўрафоруму змогуць убачыць паўтара мiльёна гледачоў, што дазволiць пераўзысцi дасягненне мiнулага першынства Еўропы на 450 тысяч. Арэна ў Варшаве будзе ўмяшчаць 50 тысяч гледачоў, у Кiеве — 73 тысячы. Дарэчы, стадыён у Варшаве будзе самым дарагiм праектам Польшчы да чэмпiянату Еўропы. Ён цалкам фiнансуецца з бюджэту дзяржавы (iншыя стадыёны будуюцца за бюджэтныя сродкi гарадоў) i каштуе 315 мiльёнаў еўра. У будаўнiцтве астатнiх стадыёнаў дзяржава бярэ на сябе толькi трэць расходаў. "Мы лiчым наступным чынам: адно крэсла — тры тысячы еўра. Калi на арэне сорак тысяч месцаў, то яе бюджэт — 1,2 мiльёна еўра", — расказаў старшыня аргкамiтэта. Увогуле Польшча рыхтуе шэсць стадыёнаў, хоць задзейнiчаны будуць максiмум чатыры. Да таго ж, у краiне збiраюцца адкрыць 44 трэнiровачныя цэнтры, хоць УЕФА патрабуе ўсяго 16. Плануецца пабудаваць 2012 палёў памерам 60 на 30 метраў. 126 будоўляў ужо завершаны, 590 — у самым разгары. Кошт аднаго поля — каля 300 тысяч еўра. "Акрамя гэтага, нам трэба будзе адрамантаваць больш за тысячу кiламетраў аўтадарог, зрабiць сучаснай чыгунку, каб цягнiкi ехалi з хуткасцю не 60 кiламетраў у гадзiну, а 160", — расказаў Адам Альховiк. Мiхал Лiсткевiч заявiў, што ўнутраны канфлiкт памiж польскiм мiнiстэрствам спорту i федэрацыяй ужо вычарпаны, i Еўра-2012 ад Польшчы нiкуды не дзенецца. Ён расказаў, што за апошнi год у федэрацыi прайшло не менш за 50 розных праверак. "Былi знойдзены невялiкiя неадпаведнасцi патрабаванням статута, з-за чаго у футбольны саюз быў прызначаны камiсар, якi павiнен быў кантраляваць i дапамагаць нам адпавядаць нарматыўным дакументам. Аднак ФIФА i УЕФА былi супраць такога ўмяшання. Два гады таму ў нас быў аналагiчны канфлiкт з ранейшым мiнiстрам спорту, якi, дарэчы, зараз у турме... Знаходзячыся ў Мiнску, я, магчыма, сотню разоў размаўляў па тэлефоне з прадстаўнiкамi польскага ўрада i кiраўнiцтвам УЕФА i ФIФА. Канфлiкт вычарпаны, шкада толькi, што рахунак за гэтыя размовы будзе немалы", — расказаў кiраўнiк польскага футбола. У блiжэйшую пятнiцу ў Цюрыху (Швейцарыя) сустрэнуцца прадстаўнiкi ўсiх канфлiктуючых бакоў i "польскае пытанне" канчаткова будзе вырашана. Алена АЎЧЫННIКАВА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У гэтыя днi Мiнск наведаў Прэзiдэнт польскага футбольнага саюза Мiхал Лiсткевiч. Ён прыбыў у беларускую сталiцу ў якасцi дэлегата УЕФА на адборачны ту
|
|