Спортлато-2008. Успомнiць кiно i злавiць удачу
Спортлато-2008. Успомнiць кiно i злавiць удачу
З мiнулай нядзелi ў эфiры Першага канала "прапiсалася" новая электронная iнтэрактыўная гульня — "Спортлато 5 з 36". Першыя стаўкi ў ёй удзельнiкi зрабiлi падчас прэзентацыi праекта, 2 кастрычнiка, а вынiкi сталi вядомыя ў прамым эфiры першага выпуску "Спортлато", здымкi якога ўдалося падгледзець (i нават паўдзельнiчаць у iх) карэспандэнту "Звязды". ...Гасцей студыi першага тэлевiзiйнага выпуску "Спортлато" цiкавiла толькi адно пытанне: уласна кажучы, што трэба рабiць? "Адказваць на пытаннi, калi пашанцуе", — сустракаючы нас за дзве гадзiны да прамога эфiру, патлумачыла рэдактар. Але ад гэтага нiчога не праяснiлася, таму ўдзельнiкi — пераважна папулярныя артысты i вядомыя беларускiя спартсмены — строiлi версii адна за адну цiкавейшыя. Грымёр Маша тым часам наводзiла прыгажосць на ўсiх без выключэння, угаворваючы асаблiва ўпартых прадстаўнiкоў моцнага полу: "А раптам пасля гэтага эфiру вам усмiхнецца асабiстае шчасце?". Рэдактар праграмы Вольга Капёнкiна раздала прысутным каляровыя бэджыкi з нумарамi i iмёнамi, i правяла кароткi "курс маладога байца". Удзельнiкi — 21 чалавек — падзяляюцца на тры каманды: жоўтая, аранжавая, сiняя. З дапамогай латарэйнага барабана з кожнай каманды выбiраецца па 1 гульцу, i гэтыя шчаслiўчыкi аўтаматычна ўжо выйграюць па 500 тысяч беларускiх рублёў. Астатнiм трэба, седзячы на трыбуне, незалежна ад пачуцця зайздрасцi цi радасцi рабiць шчаслiвы выгляд i апладзiраваць. Далей усё залежыць ад эрудыцыi i рэакцыi трох выбраных — iм задаюць пытаннi, звязаныя з папулярнымi савецкiмi кiнафiльмамi — напрыклад, трэба працягнуць вядомую фразу. У нашай групе, куды трапiлi, у прыватнасцi, спявачкi Жанет i Наталля Тамела, усе чамусьцi рэпецiравалi "Хто возьме бiлетаў пачак...". (Асабiста я была ўпэўненая, што прагучыць што-небудзь тэматычнае са славутага фiльма Гайдая "Спортлато-88" — "Катаванне апельсiнамi працягвалася тры гадзiны", напрыклад.) Наступны этап шоу нагадвае колiшнюю забаўляльную перадачу "Адгадай мелодыю" — хто першы нацiсне на кнопку, той адказвае, i калi адкажа правiльна — атрымлiвае бал. За тры правiльныя адказы гулец "зарабляе" 1 мiльён беларускiх рублёў i прапанову ад вядучага рызыкнуць i згуляць у супергульню. У ёй гульцу паказваецца экран з 36 лiчбамi, 5 з якiх — "залатыя". Глядзець на экран можна лiтаральна некалькi секундаў, а потым трэба па памяцi назваць усе пяць лiчбаў. Калi атрымаецца — будзе i суперпрыз, 6 мiльёнаў рублёў, калi памяць падвядзе — увесь выйгрыш "згарае" да першапачатковай сумы ў 500 тысяч рублёў. Праглынуўшы гэту iнфармацыю, у чаканнi эфiру ўдзельнiкi, як водзiцца, абмяркоўвалi, цi даводзiлася каму-небудзь выйграваць у латарэю (эх, i нешанцоўныя нашы артысты!), а таксама разважалi, на што варта патрацiць выйгрыш, калi сёння ўсмiхнецца ўдача. — Я так думаю, пераможца аплацiць бензiн усiм удзельнiкам, хто сюды прыехаў на машыне, — жартам прапанавала тэлевядучая Алена Спiрыдовiч. — А некаторыя, мiж iншым, пешшу прыйшлi! — парыравала спявачка Іскуi Абалян. — Так што лепш — усiх у рэстаран. — Хоць бы на метро праезд аплацiлi, — пад агульны смех уступiў у гутарку салiст гурта "Дразды" Вiталь Карпанаў. — Не, лепш усё ж у рэстаран. Так што калi барабан абярэ мяне (а як iнакш, з маiм прозвiшчам?), я частую! — абнадзеiла спартсменка, спявачка i тэлевядучая Вольга Барабаншчыкава. Пакуль грымiравалiся, запаўнялi карткi ўдзельнiкаў i жартавалi, час мiнуў незаўважна. Папярэджанне рэжысёра — хутка прамы эфiр, трэба iсцi ў студыю — застала ўсiх знянацку. Дарэчы, гэта была першая праверка прамым эфiрам тэлевiзiйнай студыi ў новым будынку факультэта журналiстыкi БДУ. I стала зразумела, што ўсе расповеды выкладчыкаў i студэнтаў пра самае сучаснае абсталяванне — не пахвальба, а канстатацыя факта. Што да гульнi, то 15 хвiлiн эфiру, здаецца, увогуле прайшлi вокамгненна. Толькi што трое вядучых — а праграму будуць па чарзе весцi Павел Шастакоў, Дзянiс Кур’ян i акцёр Анатоль Голуб — пiкiравалiся, каму дастанецца першы эфiр, а ўжо i барабан выбраў траiх шчаслiўчыкаў, i гучаць вiдэапытаннi з вядомых кiнастужак — "Iронiя лёсу", "Не можа быць", "Iван Васiльевiч мяняе прафесiю", "Джэнтльмены ўдачы". Удача на гэты раз, да слова, усмiхнулася спявачцы Нiне Багданавай, якая аказалася самай спрытнай i дасведчанай. Але ад супергульнi пераможца катэгарычна адмовiлася: "Мне i так ужо вельмi пашанцавала. Хочацца, каб першы вялiкi выйгрыш дастаўся "чалавеку з народа", i каб гэтыя грошы прынеслi яму шчасце". Пасля эфiру, зрэшты, Нiна прызналася, што гуляць далей проста не змагла б: — Нават не ведаю, як здолела правiльна адказаць на ўсе пытаннi. У мяне трэслiся рукi i ногi, думала, што ад хвалявання ўпаду. — Але ж павiнен быць прафесiйны iмунiтэт да працы перад камерай? — пацiкавiлiся мы. — Не, якi там iмунiтэт, хвалюешся заўжды, як у першы раз. Мiж iншым, па вынiках першага розыгрышу "Спортлато 5 з 36" 5 лiчбаў не ўгадаў нiхто, а вось колькасць супадзенняў 2—4 лiчбаў (i адпаведна прызёраў) перавысiла 1000. Сума выйгрышу складала ад 4230 да 319 850 рублёў. Наступны розыгрыш адбудзецца ўжо ў гэтую сераду, 15 кастрычнiка, i далей будзе працягвацца двойчы на тыдзень — па серадах i нядзелях. Вiкторыя ЦЕЛЯШУК. Фота аўтара. Тры пытаннi наўздагон Як можна трапiць у тэлестудыю? Як растлумачыла "Звяздзе" рэдактар праграмы Вольга Капёнкiна (яна якраз працуе з гасцямi ў студыi), групы гульцоў фармiруе арганiзатар гульнi — ЗАТ "Спорт-пары". Удзельнiкаў праграмы будуць выбіраць з усiх, хто зрабiў стаўкi (па ўсёй рэспублiцы). Якiм чынам складаюцца вiдэапытаннi? Яны будуць датычыцца толькi кiно? У блiжэйшы час у гульнi сапраўды будуць заданнi толькi па савецкiх кiнафiльмах, а як павернецца справа далей, вырашаць сцэнарысты праграмы. Як атрымаць выйгрыш i колькi з яго здымаецца падаткаў? Калi сума выйгрышу складае да 1,5 мiльёна беларускiх рублёў, яго выплачваюць у фiрменных пунктах арганiзатара гульнi, калi перавышае гэту лiчбу — у офiсах арганiзатара. Падаткамi выйгрыш не абкладаецца. Даведка Арганiзатарамi праекта выступаюць ЗАТ "Спорт-пары" i Рэспублiканскае дзяржаўна-грамадскае аб’яднанне "Прэзiдэнцкi спартыўны клуб". Паколькi з гэтага года ўсе падобныя гульнi ў Беларусi рэгулююцца на дзяржаўным узроўнi, умовы i парадак правядзення гульнi былi ўзгодненыя ў шэрагу ведамстваў мiнiстэрстваў — ад Мiнфiна да Мiнздрава. Сама iдэя "Спортлато" не з’яўляецца чымсьцi новым — першы розыгрыш у СССР, напрыклад, адбыўся яшчэ ў 1970 годзе (што адметна, таксама ў кастрычнiку). Iснавала некалькi варыянтаў розыгрышу: 5 з 36, 6 з 45, 6 з 49. Папулярнасць гульнi была фенаменальнай. Як i ў той час, цяпер правiлы гульнi даволi простыя: гулец (важная рэмарка — поўнагадовы) набывае купон у спецыяльным кiёску або ў кiёску "Саюздруку", i робiць стаўку — выбiрае камбiнацыю 5 любых лiчбаў ад 1 да 36. Далей застаецца толькi чакаць вынiкаў розыгрышу. Бачылi — ведаем Дарэчы, некалькi гадоў таму ў рускамоўным сектары iнтэрнэт было праведзена сацыялагiчнае апытанне з мэтай высветлiць, якiя крылатыя фразы савецкага кiнематографа — самыя папулярныя сярод гледачоў. У апытаннi ўзялi ўдзел каля 10 тысяч чалавек. Аказалася, што большасць перлаў сканцэнтраваныя лiтаральна ў некалькiх карцiнах — у лiдарах, напрыклад, апынулiся "Брыльянтавая рука", "Iван Васiльевiч мяняе прафесiю" i "Формула кахання". Цалкам топ-10 любiмых публiкай кiнафраз выглядае так: 1. Я патрабую працягу банкету! ("Iван Васiльевiч мяняе прафесiю") — 30,6 % галасоў. 2. Навошта нам каваль, каваль нам не патрэбны ("Формула кахання") — 10,6 %. 3. Нашы людзi ў булачную на таксi не ездзяць ("Брыльянтавая рука") — 9,1 %. 4. А вас, Шцiрлiц, я папрашу застацца ("17 iмгненняў вясны") — 8,9 %. 5. Хто не працуе, той есць. Вучыся, студэнт! ("Аперацыя "Ы" i iншыя прыгоды Шурыка") — 8,6 %. 6. Хто ж яго пасадзiць, ён жа помнiк! ("Джэнтльмены ўдачы") — 8,16 %. 7. Я цябе пацалую. Потым. Калi захочаш. ("Прывiтанне, я ваша цётка") — 7,8 %. 8. Ну i рожа ў цябе, Шарапаў ("Месца сустрэчы змянiць нельга") — 6,9 %. 9. Ларысу Iванаўну хачу ("Мiмiно") — 4,4 %. 10. Бамбарбiя кергуду ("Каўказская палоннiца") — 2,5 %. Яшчэ 2,2 % галасоў дасталiся iншым фразам, пераважна з камедый i iншых кiнахiтоў савецкай класiкi.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З мiнулай нядзелi ў эфiры Першага канала "прапiсалася" новая электронная iнтэрактыўная гульня — "Спортлато 5 з 36". Першыя стаўкi |
|