ЯК ЗАРАБIЦЬ МIЛЬЁН?
ЯК ЗАРАБIЦЬ МIЛЬЁН?
А вы заўважылi, што +10 вясной — гэта цёпла, а +10 увосень — халодна? ЯК ЗАРАБIЦЬ МIЛЬЁН?Вырашыла сёння купiць печыва. Даю грошы, называю гатунак i атрымлiваю ў запаяным пакецiку нешта, што яўна падгарэла. Колерам яно адрознiвалася ад таго, што ляжала на вiтрыне, як я ад Вупi Голдберг. Указваю на гэта прадавачцы i прашу замянiць пачак. На што мне гаворыцца, што яно ўсё такое, а на вiтрыне проста выгарала. Ад такога дзiўнага адказу я анямела, адышла, думаючы над тым, дзе гандляры знаходзяць цяпер такое сонца... Але роўна праз два крокi зразумела, што ўсё роўна не змагу есцi вуглi з пакецiка, развярнулася i папрасiла памяняць мне печыва на другi гатунак з даплатай. Увесь гэты час я была ў полi зроку прадавачкi, але на маю просьбу яна адрэагавала генiяльна. Яна сказала гнеўна: — Небось уже съела половину! I кiнула пачак — паўтаруся, запаяны! — на вагi, каб праверыць, колькi я змагла з’есцi за дзве секунды. Тут я анямела другi раз... На гэты раз задумаўшыся: нафiга я трачу столькi грошай на дарагiя рэчы, калi ўсё роўна выглядаю, як чалавек, якi крадзе пячэнькi... Пасля мне прыйшло ў галаву, што мне не крыўдзiцца трэба, а браць метад на ўзбраенне. Вымаючы з пачкаў па адной пячэнiнцы ў дзень, я змагу зэканомiць за дваццаць дзён на цэлым пачку! Калi выцягваць па адной пельменiне з пачка штодзённа, то за месяц у мяне зноў жа накопiцца цэлы пачак пельменяў. Пару iкрынак, выцягнутых з бляшанкi, дадуць мне ў канцы года цэлую бляшанку!!! Карацей, уражаная сваiмi будучымi эканамiчнымi выгодамi, нiчога не сказала прадавачцы, хоць у сувязi з тым, што вага пачка супала з напiсанымi на этыкетцы паўкiлаграмамi, магла б патрабаваць прабачэння з яе боку... Але не прайшло i дзвюх секундаў, як я была адпомшчаная. У злыднi-прадавачкi ад нялоўкага руху пачкi паляцелi ўнiз i паразбiвалiся. Ля-ля-ля-ля... ПРА НЕЛЮДЗЯЎ Вечар, прыцемкi... Падмерзлыя бабулькi на вакзале каля метро спрабуюць прадаць такiя ж падмерзлыя кветкi. Мiма iдзе мiлiцэйскi чын i на хаду, не спыняючыся, гаворыць iм: — Снова вы тут! И не стыдно? Вы люди или нелюди... с цветами? "Нелюдзi" з кветкамi разбеглiся... СЕМ БОСКIХ ДАБРАДЗЕЙНАСЦЯЎЗдаецца, усе могуць пералiчыць сем смяротных грахоў. Цiкава, а цi многiя з вас здольныя назваць сем боскiх дабрадзействаў? Прызнаюся, я была вымушана падгледзець, каб адказаць... Цi азначае гэта, што дрэннага ў мяне больш, чым добрага? ШУКАЙЦЕ ЖАНЧЫНУ! Гiсторыя — адзiная навука, якую не ўспрымаю ўсур’ёз. Нiчога больш спекулятыўнага, чым яна, i прыгадаць не магу. Бо як толькi памiраюць апошнiя сведкi здарэння, кожны здатны зрабiць з мiнулым што заўгодна. Учора паглядзела чарговую перадачу, дзе распавядалi пра таямнiцу смерцi Купалы. У такой сучаснай манеры, дзе вылучаецца шмат версiй, а аўтар пераконвае, што толькi ён здолеў дазнацца праўду. Не буду казаць, што ведаю, як яно было, але тое, што ў расказаным шмат недарэчнасцяў — дакладна. Карцiнка была такая. Масква. Гасцiнiца "Масква". 1942. Купала сядзiць з сябрамi, якiя выпiваюць, у гасцiнiчным нумары. Па версii вядучага — Купала не п’е. Нехта таямнiчы звонiць па тэлефоне. Купала выбягае адзiн на калiдор. Што адбываецца — невядома. Сведкаў, як неаднойчы падкрэслiвае вядучы, няма. Купалу знаходзяць унiзе мёртвым, бо звалiўся ў пралёт (праз сапраўды вельмi нiзкiя парэнчы) i разбiўся. Пасля той жа вядучы гаворыць, што сведкi бачылi двух людзей. Адна з iх — жанчына. Вядучы ўголас думае, што гэта магла быць карэспандэнтка газеты. А пасля намякае, што гэта магла быць i Паўлiна Мядзёлка, любiмая жанчына Купалы (для тых, хто не ведае, любiмай яна была яшчэ да рэвалюцыi, прыблiзна каля 1914 года). Пасля версiя зводзiцца да "ворганаў" i адносiнаў Купалы са Сталiным... Сюжэт, пакладзены ў перадачу, ужо даўно расцяганы па газетах. Чым больш праходзiць часу са смерцi класiка, тым больш забойцаў i таямнiцаў. Аднак, прызнаюся, той, хто звязаны з лiтаратурай, ведае, што яшчэ зусiм нядаўна была вядомая iншая гiсторыя. Праўда, падрабязнасцямi мала хто мог падзялiцца. Але ж распавёў пра акалiчнасцi гэтай трагедыi другi класiк беларускай лiтаратуры — Янка Брыль — у кнiзе "Вячэрняе". I ў мяне няма нiякiх падстаў не верыць Янку Брылю. Менавiта чалавечнасць гэтай версii пераконвае мяне ў яе праўдзiвасцi. Але цяпер яе нiхто не хоча згадваць. Няма скандалу — няма праблемы... КАЧЫНАЕ ЯЙКА СУПРАЦЬ АДРОННАГА КАЛАЙДаРАРазмаўляю з сястрой па тэлефоне, дакладней, кансультуюся, бо яна добры доктар, са стажам, але без прафесiйнага цынiзму. Яна выслухоўвае мяне i кажа: —Ой, нешта ўсё ў цябе непрыемнасцi ды непрыемнасцi... Я нават сваiх пацыентак успомнiла! Апошнiм часам толькi скажу дыягназ, дык яны мне пра КАЧЫНАЕ ЯЙКА расказваюць... Гэта, гавораць, "мынi хтось уробыў!" I пачынаюць пра нейкiя яйкi ад качкi — каму iх, быццам бы, у гародзе закапалi, каму ў двор падкiнулi..." Я смяюся, абяцаю пашукаць яйка, i забываю. А сёння звонiць сястра i пытае: "Помнiш тую размову? Дык вось, наняла рабочых — бацькам комiн пачысцiць... Нагрэблi два вядры, паставiлi ў двор... а праз пару гадзiн бачым, а там яйка качынае!" Я смяюся, а яна прадаўжае: — Вось табе смех, а мне давялося яго выкотваць на скрыжаванне. Гавораць толькi так ад гэтага лiха можна пазбавiцца... Прычым рукой браць нельга. Уяўляеш, дзе дом, а дзе дарога... I кацiла!" Мне смешна: — Слухай, ты ж урач, у што ты верыш! — Ды паверыш тут, калi вакол нас i качак даўно няма, апошняе яйка гадоў дзесяць таму бачылi! Ды i бацькоў шкада... Ганна КIСЛIЦЫНА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вырашыла сёння купiць печыва. Даю грошы, называю гатунак i атрымлiваю ў запаяным пакецiку нешта, што яўна падгарэла. Колерам яно адрознiвалася ад таг |
|