Кватэра пачынаецца з... чаргi
Кватэра пачынаецца з... чаргi
Ёсць грошы — няма асаблiвых праблем. Наша заканадаўства не абмяжоўвае магчымасцi куплi нерухомасцi. Па сутнасцi кватэр цi дамоў можна мець колькi заўгодна i да таго ж у любым населеным пункце. Зрэшты, таксама не сакрэт: грамадзян, якiя могуць сабе дазволiць набыццё нерухомасцi на ўласныя сродкi, не так i шмат. А жыллёвая праблема, нягледзячы на павелiчэнне аб’ёмаў будаўнiцтва, была i застаецца адной з найбольш вострых. У цэлым па краiне патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў маюць больш за 700 тыс. сем’яў, i, да прыкладу, зараз у Мiнску "рухаецца" чарга 1989 года. Зрэшты, для абсалютнай большасцi з нас без гэтай чаргi — усё ж анiяк. Яна дае прынамсi на тры перавагi: дзяржпадтрымку ў будаўнiцтве, вызваленне ад аплаты за iнфраструктуру i вылiкi па падаходным падатку. Хто адносiцца да грамадзян, якiя маюць патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў, якiя "асаблiвыя правiлы" тут вызначаны для сталiцы i калi можна "падзялiць" чаргу памiж бацькамi i дзецьмi? Разабрацца з усiм гэтым i iншым мы паспрабуем з дапамогай намеснiка загадчыка юрыдычнай кансультацыi Федэрацыi прафсаюзаў Беларусi Васiля Мiкалаевiча КОРСУКА. Метраж лiчаць не заўсёды Метраж лiчаць не заўсёдыПершая i галоўная ўмова пастаноўкi ў чаргу — адсутнасць уласнага жылля або невялiкi памер кватэры. На кожнага члена сям’i ў ёй павiнна прыпадаць менш за 15 "квадратаў" агульнай плошчы. Разам з тым у заканадаўстве вызначаны катэгорыi, якiя прымаюцца на ўлiк без спасылак на метраж. У прыватнасцi, такiм правам карыстаюцца грамадзяне, якiя ўзялi першы шлюб i не маюць свайго жылля. Найперш тут маюцца на ўвазе маладыя сем’i, якiя жывуць у кватэры бацькоў. Але не толькi. Падобнае ж права пастаноўкi ў чаргу маюць i сем’i ў большым узросце (пры ўмове, што яны зноў-такi ўзялi першы шлюб, не маюць ва ўласнасцi жылля i, да прыкладу, жывуць у кватэры ўжо дарослых дзяцей), а таксама грамадзяне, якiя нарадзiлi або ўсынавiлi i выхоўваюць дзяцей без узяцця шлюбу. — Варта заўважыць, што лiтаральна з 7 кастрычнiка гэтага года катэгорыя грамадзян, за якiмi прызнана права на паляпшэнне жыллёвых умоў без улiку метражу, пашырылася, — кажа Васiль Корсук. — Цяпер да гэтай катэгорыi адносяцца i грамадзяне, якiя выхоўваюць дзяцей пасля скасавання шлюбу, а таксама ўдовы, што не ўзялi новы шлюб. Настаўнiк i ўрач — не выключэннi Зноў-такi з 7 кастрычнiка з’явiлася iстотнае новаўвядзенне ў правiлах прадастаўлення жылля ў вёсцы. Цяпер настаўнiкi, урачы, работнiкi культуры i iншых сацыяльных галiн, якiя абслугоўваюць працоўныя калектывы сельгасарганiзацый, могуць прымацца на ўлiк у гэтых сельгасарганiзацыях i атрымлiваць праз iх домiкi цi кватэры. — Апроч таго, з 7 кастрычнiка работнiкi сельскагаспадарчай сферы, якiм былi прадастаўлены службовыя домiкi, маюць права звярнуцца ў гаспадарку з тым, каб гаспадарка перавяла доўг па крэдыце, зняла з жылля статус службовага i перадала яго ва ўласнасць, — працягвае Васiль Корсук. — Заўважу, што тут маюцца на ўвазе работнiкi ўсiх сельгасарганiзацый — раней такая магчымасць была прадугледжана толькi для СВК. Асаблiвы статус Мiнска Да 1 студзеня гэтага года стаць на ўлiк для паляпшэння жыллёвых умоў у сталiцы можна было без абмежаванняў. Аднак з 1 студзеня правiлы змянiлiся. Па сутнасцi вярнулася старая норма савецкiх часоў — для пастаноўкi ў чаргу неабходна наяўнасць не менш чым 5-гадовай рэгiстрацыi ў найбуйнейшым горадзе Беларусi. Дзеля справядлiвасцi, "адтэрмiноўка" дзейнiчае не заўсёды. Па-першае, яна не датычыцца грамадзян, якiя рэгiструюцца ў жылых памяшканнях мужа цi жонкi, няпоўнагадовых або поўнагадовых непрацаздольных дзяцей, што пастаянна жывуць у сталiцы. Па-другое, — дзяцей-сiрот i дзяцей без бацькоўскай апекi. Па-трэцяе, — маладых спецыялiстаў, якiя навучалiся "на бюджэце" i якiх размеркавалi ў сталiцу. Па-чацвёртых, абмежаваннi не маюць адносiнаў да асобаў, якiя былi запрошаныя (або прызначаныя), i ў тым лiку пераводам у Мiнск на работу цi службу ў арганiзацыях з iншых рэгiёнаў. Па-пятае, гаворка iдзе аб асобах, што былi звольненыя з вайсковай службы па ўзросце, стане здароўя цi па скарачэннi штатаў — у выпадку, калi да вайсковай службы такiя асобы пражывалi ў сталiцы, або ў выпадку, калi ў Мiнску пражываюць iх такiя блiзкiя сваякi, як мацi, бацька, муж, жонка, дзецi, родныя браты цi сёстры, дзед, бабка або ўнук. Падобная ўмова вызначана i для грамадзян, якiя жывуць за межамi сталiцы i працуюць на мiнскiх прадпрыемствах. Прыняць у чаргу на прадпрыемствах такiх грамадзян можна таксама толькi пасля 5 гадоў працы. Аднак не датычыцца дзяцей-сiрот, дзяцей без бацькоўскай апекi, маладых спецыялiстаў i асобаў, спецыяльна запрошаных арганiзацыямi Мiнска работнiкаў з iншых рэгiёнаў. Да слова, асобныя правiлы ў Мiнску iснуюць i непасрэдна па рэгiстрацыi. Калi ў астатнiх рэгiёнах краiны пастаянна зарэгiстравацца можна на 15 квадратных метрах агульнай "свабоднай" жылплошчы, то ў сталiцы гэта планка вышэйшая — 20 "квадратаў". Таксама ёсць пэўныя адрозненнi па рэгiстрацыi без метражу. Без яго ўлiку ва ўсiх рэгiёнах Беларусi павiнны зарэгiстраваць пры пераедзе мужа да жонкi, жонкi да мужа, бацькоў да дзяцей, дзяцей да бацькоў, усыноўленых да ўсынаўляльнiкаў, усынаўляльнiкаў да ўсыноўленых, няпоўнагадовых грамадзян, якiм вызначана апека, да апекуноў, дзеда з бабкай да ўнукаў, унукаў да дзеда з бабкай, роднага брата да роднай сястры i наадварот. У Мiнску ж 20 "квадратаў" не бяруцца пад увагу толькi ў выпадку пераезду мужа да жонкi, жонкi да мужа, бацькоў да дзяцей i дзяцей да бацькоў, усыноўленых да ўсынаўляльнiкаў, усынаўляльнiкаў да ўсыноўленых, няпоўнагадовых грамадзян, якiм вызначана апека, да апекуноў, няпоўнагадовых родных братоў i сёстраў, што не маюць бацькоў, поўнагадовых непрацаздольных родных братоў i сёстраў, што не маюць сем’яў i бацькоў, да родных бартоў i сёстраў. 5-гадовы мараторый Зрэшты, адно iстотнае абмежаванне па часе застаецца i па краiне ў цэлым. У любым рэгiёне не возьмуць у чаргу на працягу 5 гадоў пры так званым "штучным пагаршэннi жыллёвых умоў". Скажам, калi грамадзянiн прадаў сваю кватэру, у якой забяспечанасць агульнай плошчай перавышала 15 квадратных метраў на чалавека. Або ўсялiў у займаемае жылое памяшканне iншых грамадзян — за выключэннем выпадкаў усялення мужа цi жонкi, няпоўнагадовых непрацаздольных дзяцей, непрацаздольных бацькоў як наймальнiка, забудоўшчыка, члена арганiзацыi забудоўшчыкаў, так i членаў iх сем’яў. Плюс да таго, штучным пагаршэннем жыллёвых умоў лiчыцца ўсяленне ў iнтэрнат, заключэнне дагавора найму жылога памяшкання ў дамах прыватнага фонду або дагавора паднайму ў дамах дзяржаўнага фонду — у сiтуацыi, калi грамадзяне раней былi забяспечаныя жылым памяшканнем агульнай плошчай больш за 15 квадратных метраў на чалавека. Чаму спатрэбiцца падзел? У выпадку, калi грамадзянiн па месцы жыхарства прымаўся i працягвае знаходзiцца на ўлiку сумесна з няпоўнагадовымi дзецьмi, дзецi пасля дасягнення 18-гадовага ўзросту могуць пайсцi ў выканкам i вылучыцца ў асобную чаргу. Гэтаксама варыянт вылучэння ў асобную чаргу магчымы ў сiтуацыi, калi падчас знаходжання бацькоў у чарзе дзецi нарадзiлi самi. — Паўтаруся, што асноўная ўмова для паляпшэння жыллёвых умоў — наяўнасць менш чым 15 квадратных метраў на чалавека, — заўважае Васiль Корсук. — Разам з тым можа здарыцца, што муж цi жонка атрымаюць кватэру ў спадчыну. У такiм разе, калi дзецi будуць знаходзiцца ў чарзе разам з бацькамi, права на паляпшэнне жыллёвых умоў, хутчэй за ўсё, знiкне. А калi бацькi i дзецi будуць знаходзiцца асобна, "лiшнiя" метры бацькоў лiчыцца не будуць i права на паляпшэнне жыллёвых умоў у дзяцей па-ранейшаму застанецца. Варта падкрэслiць — у выпадку падзелу чаргi сама дата прыняцця на ўлiк захоўваецца. Да прыкладу, калi бацькi станавiлiся ў 1990 годзе, то з 1990 года працягнуць стаяць i iх дзецi. А калi дзецi нараджалiся ў перыяд знаходжання бацькоў на ўлiку, то дзецi застануцца ў чарзе з даты свайго нараджэння. Шматдзетныя "iдуць" хутчэй Рух любой чаргi залежыць ад яе працягласцi i магчымасцяў будаўнiчых арганiзацый у тым або iншым рэгiёне. Аднак у дадзеным выпадку ёсць выключэнне. Паводле слоў Васiля Корсука, вызначана: шматдзетную сям’ю павiнны ўключыць у будаўнiцтва не пазней чым праз тры месяцы пасля пастаноўкi на ўлiк. Праўда, трэба заўважыць, што тут маецца на ўвазе чарга ў выканкаме — гаворкi аб чарзе па месцы працы не iдзе. Адначасова з уключэннем у будаўнiцтва, шматдзетнай сям’i выдаецца льготны крэдыт — з разлiку на 95 працэнтаў "нарматыўных" 20 квадратных метраў агульнай плошчы на чалавека, тэрмiнам да 40 гадоў пад 3 працэнты гадавых. Плюс да таго, на астатнiя 5 працэнтаў нарматыўнай плошчы налiчваецца аднаразовая бязвыплатная субсiдыя. Інакш кажучы, калi шматдзетная сям’я жылля ва ўласнасцi не мае i будуецца па нарматывах, праблемы "першага ўзносу" для яе не ўзнiкне ўвогуле. Тым больш што ў адрозненне ад астатнiх катэгорый грамадзян, выбiраць памiж iльготным крэдытам i бязвыплатнай субсiдыяй тут не давядзецца — шматдзетныя маюць права i на адно, i на другое. Можна таксама дадаць, што заканадаўства прадугледжвае шматдзетным сем’ям iльготы па пагашэннi запазычанасцi льготных крэдытаў. Пры наяўнасцi ў сям’i 3 няпоўнагадовых дзяцей з рэшты такiх крэдытаў спiсваецца 50 працэнтаў, чатырох няпоўнагадовых — 70 працэнтаў, а пры наяўнасцi пяцi i больш няпоўнагадовых — усе 100 працэнтаў. Нарматыў i варыянты Аб iльготных крэдытах — размова асобная. Апроч шматдзетных сем’яў, у дадзеным выпадку грамадзяне краiны падзелены яшчэ на дзве катэгорыi. Так, чаргавiкам у населеным пункце да 20 тысяч чалавек на льготных умовах можа быць пракрэдытавана да 95 працэнтаў нарматыўнай жылплочшы, тэрмiн крэдыту вызначаны ў 40 гадоў, кошт карыстання — у 3 працэнтаў гадавых. А для чаргавiкоў у населеных пунктах больш за 20 тысяч чалавек гэтыя лiчбы складуць адпаведна 90, 20 i 5. Тым часам адно з галоўных пытанняў — як разлiчваецца крэдытны нарматыў жылплочшчы ў чаргавiка, якi мае ва ўласнасцi iншую, невялiкую па памерах кватэру? — Крэдытуемыя на льготных умовах метры разлiчваюцца з улiкам памяшканняў, якiя грамадзянiн i члены яго сям’i маюць ва ўласнасцi, — распавядае Васiль Корсук. — Скажам, калi грамадзянiн будуецца i мае ва ўласнасцi 1-пакаёвую кватэру, у якой нiхто не застаецца, то крэдытуемая жылплошча будзе вызначацца "за мiнусам" гэтай аднапакаёўкi. Разам з тым тут з’явiлася новаўвядзенне. У выпадку, калi грамадзянiн дасць банку абавязак, што пасля заканчэння будаўнiцтва прадасць кватэру, якая знаходзiцца ва ўласнасцi, i накiруе грошы (не менш за ацэначны кошт) на пагашэнне льготнага крэдыту, то метраж прададзенай кватэры ўлiчвацца не будзе. Двойчы — можна Умова атрымання льготнага крэдыту — даход не больш чым 2 мiнiмальныя спажывецкiя бюджэты на чалавека за апошнiя 12 месяцаў. Або на сёння — не больш за 691 тыс. рублёў. Аднак не сакрэт, што калi-нiкалi гэта планка перавышаецца. I грамадзянiну застаецца адно — карыстацца крэдытам камерцыйным. Зрэшты, у дадзеным выпадку маладыя i шматдзетныя сем’i маюць права на дзяржаўную падтрымку. Так, пры нараджэннi або наяўнасцi 1 няпоўнагадовага дзiцяцi на пагашэнне камерцыйнага крэдыту i працэнтаў такiм сем’ям выдзяляецца 20 бюджэтаў пражытковага мiнiмуму, 2 няпоўнагадовых дзяцей — 40, 3 i больш няпоўнагадовых — 50 бюджэтаў пражытковага мiнiмуму. Апроч таго, пры нараджэннi двайнят прадастаўляецца падтрымка ў памеры 20 БПМ на адно дзiця i 40 БПМ на другое, а пры нараджэннi трайнят дапамога складае 20 БПМ на адно дзiця, 40 — на другое i 50 БПМ — на трэцяе. — Неабходна памятаць, што ў пэўных варунках падобнай падтрымкай можна скарыстацца больш чым адзiн раз, — зазначае Васiль Корсук. — Скажам, сям’я з 1 дзiцем, якая ўжо атрымала 20 БПМ, але не пагасiла крэдыт да канца ў выпадку з’яўлення другога дзiцяцi, мае права зноў звяртацца па дапамогу. Што купiў — укласцi нельга Нарэшце, колькi слоў аб чэках "Жыллё". Сiтуацыя з iмi змянялася неаднаразова, таму нялiшне прыгадаць — як усё ж можна выкарыстаць iх цяпер? — Цяпер чэкi "Жыллё" можна ўкласцi ў будаўнiцтва, выкарыстаць на ўнясенне паявога ўзносу ў жыллёва-будаўнiчым кааператыве, на набыццё цi рэканструкцыю жылля, на пагашэнне банкаўскiх крэдытаў i працэнтаў па iх на гэтыя мэты, — адзначае Васiль Корсук. — Аднак трэба мець на ўвазе два iстотныя моманты. Па-першае, чэкi "Жыллё" павiнны быць перарэгiстраванымi. А, па-другое, наша заканадаўства дае магчымасць скарыстацца толькi тымi чэкамi, якiя належаць непасрэдна грамадзянiну цi членамi яго сям’i i чэкамi, якiя былi атрыманыя ад блiзкiх сваякоў — мацi, бацькi, дзеда, бабулi, унукаў, родных братоў цi сёстраў. Сяргей ГРЫБ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ёсць грошы — няма асаблiвых праблем. Наша заканадаўства не абмяжоўвае магчымасцi куплi нерухомасцi. Па сутнасцi кватэр цi дамоў можна мець колькi заўг |
|