У гонар хлопца ў вышыванцы
У гонар хлопца ў вышыванцы
У кашулi-вышыванцы Анатоль Сыс чытаў свае вершы, у ёй быў пахаваны. Але жыццё яго вершаў — працягваецца. Трэцi раз у роднай вёсцы Анатоля Сыса Гарошкаве адбудзецца свята паэзii ў яго гонар. Беларускi паэт пайшоў з жыцця заўчасна, у 45 гадоў. Але шмат тых, хто любiць i памятае яго. Шмат тых, каго кранула яго слова. Шмат i тых, хто адкрыў для сябе такога паэта ўжо пасля смерцi. Чаму так здараецца? Адказ на гэтае пытанне шукаюць у тым лiку i людзi, якiя вырашылi арганiзаваць свята паэзii ў Гарошкаве, што на Гомельшчыне. Адзiн з iх — Эдуард Акулiн, якi патлумачыў, дзеля чаго 26 кастрычнiка ў Гарошкаў паедуць аматары паэзii: — Такое здараецца — генiя прызнаюць пасля смерцi. Яна ўсё расстаўляе па месцах. Анатоль жа сам яшчэ пры жыццi казаў пра сябе: "Я брат Максiма Багдановiча i сын Янкi Купалы". Заяўляў пра роднасць з iмi ў творчым плане. Прызнаюць гэта i многiя iншыя людзi. Некаму, напэўна, спатрэбiўся час на разуменне таго, якога паэта страцiла Беларусь. Некаторым — яшчэ спатрэбiцца. Але тыя, хто памятае Анатоля i чытае яго вершы, хто адчувае дух паэзii, якi працягвае жыць, вырашылi аддаць пашану таленту, арганiзаваўшы Свята паэзii ў яго на радзiме, у вёсцы, дзе ён заўсёды праводзiў лета. Але калi мы там пабывалi, паглядзелi, пабылi на магiле... Вырашылi: трэба, каб у Анатоля Сыса быў годны помнiк. Неўпарадкаваная магiла паэта — сорам для нацыi. Сiмвалiчна тое, што ён будзе адкрыты напярэдаднi задушнага тыдня, да бацькоўскай суботы. Родныя, сёстры паэта хацелi, каб у аснове помнiка быў крыж — сiмвал пакутаў, непрызнання, неразумення, з якiмi ён сутыкаўся ў жыццi. І менавiта такi помнiк з’явiцца на яго магiле. Аўтарам стаў скульптар Генадзь Лойка. Быў конкурс праектаў на лепшы надмагiльны помнiк Анатолю Сысу. Але твор Лойкi адпавядае адчуванню асобы: крыж, барэльеф самога паэта i яшчэ гняздо на цярновым вянцы, адна з галiнак упiваецца ў скронь Анатолю, а побач сядзiць птах-салоўка... Гэты помнiк быў усталяваны летам. А на дзень нараджэння паэта ён будзе адкрыты. Яго дзень нараджэння святкуюць вядомыя паэты, барды, мастакi, якiя спецыяльна прыедуць на Свята паэзii, назву для якога даў адзiн з паэтычных радкоў Сыса: "Дух — гэта, людзi, Я!" Людзi, якiя захочуць далучыцца да гэтай падзеi, могуць таксама паехаць у Гарошкаў, дзе будуць гучаць вершы, песнi — лiтаральна пад адкрытым небам. Амфiтэатрам iмпрэзы стане падворак роднай хаты Анатоля Сыса. Сапраўды, смерць усё расстаўляе па месцах. I тыя, каго пры жыццi маглi лiчыць блазнамi, адкрывацца для людзей па-новаму. А можна ўвогуле не пакiнуць памяцi пра сябе. Таму што пасля жыцця чалавека застаецца яго праца. Яго справа. Яго словы. Ларыса ЦIМОШЫК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У кашулi-вышыванцы Анатоль Сыс чытаў свае вершы, у ёй быў пахаваны. Але жыццё яго вершаў — працягваецца. Трэцi раз у роднай вёсцы Анатоля Сыса Гарошк |
|