О, спорт, ты — шоу!
О, спорт, ты — шоу!
На беларускiм тэлебачаннi амаль адначасова фiнiшуюць два спартыўныя рэалiцi-шоу — "Бiтва гарадоў" на АНТ i "Цудоўная сямёрка" на "ЛАДзе". У блiжэйшыя некалькi тыдняў i там, i там вызначацца прэтэндэнты на перамогу. Але гэта i так убачаць усе ахвотныя, нам жа цiкавей, што засталося па-за кадрам. У праектаў абсалютна розныя бюджэты, таму параўноўваць iх у гэтым сэнсе — справа няўдзячная. Аднак, калi капнуць глыбей, пераконваешся, што для поспеху шоу важныя далёка не толькi яркiя дэкарацыi, "зорныя" ўдзельнiкi ды экстрым... "Бiтва гарадоў" — беларуская версiя праекта "Вялiкiя гонкi", прыдуманага, мiж iншым, былым прэзiдэнтам Францыi Шарлем дэ Голем. У Францыi гульня iдзе з 1962 года, а ўвогуле яна захапiла больш як 30 краiн свету. Удзельнiкi шоу — 6 камандаў (па 12 чалавек у кожнай) з усiх абласцей Беларусi, прычым сярод гульцоў як людзi звычайныя, так i папулярныя асобы — спевакi, мадэлi, спартсмены, тэлевядучыя. На кану — прыз у 50 мiльёнаў рублёў i права прадставiць Беларусь у мiжнародным праекце. А на шляху да перамогi — як забаўныя касцюмаваныя конкурсы (зрэшты, забаўныя яны збоку, насамрэч кожны такi касцюм цяжкi, не заўжды зручны, i ў iм душна — але затое больш-менш бяспечна), так i даволi цяжкiя, звязаныя з купаннем у халодным басейне або з "выхадам на быка". Быкi асаблiвай пароды, не вельмi буйныя i не вельмi агрэсiўныя, але жвавыя — "разынка" ўсяго шоу, i ў першую чаргу з-за iх трэба вывозiць усе каманды ў Францыю. Бо застрахаваныя жывёлы на такую суму, што нават найбагацейшыя кiтайскiя тэлекампанii не рызыкуюць везцi iх да сябе... На сёння ў гульнi засталiся толькi тры каманды — з Брэста, Мiнска i Вiцебска. "Цудоўная сямёрка" — гэта ўласна беларуская задумка ад пачатку да канца. Рэалiцi-шоу складалася з сямi этапаў, у кожным з якiх непрафесiяналам — "зоркам" спорту, эстрады, тэлебачання — трэба было засвоiць i паказаць вынiкi ў пэўным вiдзе спорту. Цяпер iдзе суперфiнал, у якiм у барацьбе сышлiся пераможцы папярэднiх этапаў: спявачка Алеся (гарналыжны спорт, слалам), Вольга Барабаншчыкава (водныя лыжы), Аляксей Хлястоў (конны спорт), спявачка Алена Ланская (бiятлон), 5-разовы чэмпiён свету па бiятлоне Вадзiм Сашурын (скалалазанне), майстар спорту па кiкбоксiнгу Карына Аляксандрава (картынг). Замест пераможцы эпiзоду "Сiнхроннае плаванне" Алены Бiкрэневай, якая нядаўна стала мамай, выступае спявак Тарыел Майсурадзе. Кожны пераможца эпiзоду атрымаў прыз — ноўтбук, але наперадзе яшчэ галоўны прыз — аўтамабiль Shevrole Niva. А дзеля таго, каб яго атрымаць, давядзецца прайсцi агонь i ваду — у лiтаральным сэнсе! Прычым загадзя пра гэта ўдзельнiкi не здагадвалiся, iм выдалi толькi спiс неабходных рэчаў, сярод якiх — спартыўная форма i канцэртны касцюм, сталовыя прыборы i вудачкi, цёплыя рэчы i 2—3 фанаграмы... "Для ўдзельнiкаў была легенда, што сцэнарый праекта робiм не мы, а староннiя людзi, — расказвае рэжысёр праекта Анатоль Вечар, — хоць насамрэч выпрабаваннi падбiрала наша здымачная група. Але рэалiзаваць удалося не ўсе iх — напрыклад, у апошнi момант вырашылi не рызыкаваць жыццямi ўдзельнiкаў, сярод якiх некаторыя адмовiлiся скочыць з парашутам". Затое веласiпедныя гонкi па бездарожжы, начоўку ў лесе, "канцэрт у палявых умовах" i iншыя прыемнасцi жыцця арганiзатары "зоркам" забяспечылi. Мала кашы елi! Не раз даводзiлася чуць ад гледачоў пра конкурсы ў абодвух шоу — маўляў, нiчога цяжкага ў iх няма, зрабiць нескладана, трэба было проста падрыхтавацца як след i больш кашы з’есцi... Як насамрэч складалiся справы i з кашай, i з падрыхтоўкай, мы дазналiся непасрэдна ад арганiзатараў. Прадзюсар шоу "Бiтва гарадоў" Сяргей Хомiч расказаў, што ў Францыi ўсiх удзельнiкаў засялiлi ў звычайны турыстычны комплекс па 2—4 чалавекi ў пакоi, кармiлi таксама звычайнай "сталоўскай" ежай — нiякiх далiкатэсаў, але ўсё дастаткова сытна, большасцi хапала. Толькi два атлеты-цяжкавагавiкi, волаты Кiрыл Шымко i Павел Сарока, баялiся... пахудзець. Таму бралi ў сталоўцы па некалькi порцый, а па начах нават нелегальна варылi макарону цi "лёгкi перакус" — некалькi дзясяткаў яек. Што да падрыхтоўкi, то каманды — а ў iх набiралi па кастынгу, улiчваючы фiзiчную форму — пачалi трэнiравацца за месяц да здымак, наведвалi фiтнэс-клубы, басейны, нават у вайсковых часцях бег з перашкодамi арганiзоўвалi. У "Цудоўнай сямёрцы", паколькi спаборнiцтва не каманднае, i кожны сам за сябе, зоркам давялося добра-такi папацець. Натуральна, усе яны рэгулярна займаюцца ў фiтнэс-клубах, а спартсмены дык i ўвогуле загартаваныя пастаяннымi трэнiроўкамi — але дапамагло гэта далёка не ўсiм. Скажам, у эпiзодзе "Бiятлон" стаўка трэнераў на гiмнастку Жэню Паўлiну не апраўдалася. I наадварот — на скала-дроме спявачка Алеся доўга скардзiлася, што нiчога ў яе не атрымаецца — а ў вынiку ўзяла вышыню з такой хуткасцю, ледзьве не нарматыў кандыдата ў майстры спорту выканала. Вось што з людзьмi адрэналiн робiць. З харчаваннем у шоу здарылася асобная цiкавая гiсторыя. Удзельнiкi ўзялi з сабой вудачкi — адпаведна, атрымалася налавiць рыбы. Дадаткова iм выдалi грошы — улiчваючы беларускiя рэалii, усяго па 10 000 рублёў на чалавека, i адправiлi некалькiх дзяўчат за 5 км у магазiн — набыць хлеб, соль, перац ды крупу, каб з чымсьцi тую рыбу з’есцi. Дзяўчаты прынеслi... бутэльку гарэлкi, пачак грэчкi i бутэльку мiнералкi — каб зварыць крупу. Але, як жартуюць "ЛАДаўцы", дзяўчаты былi бландзiнкамi, таму i мiнералка аказалася газаванай. Словам, паесцi грэчкi не ўдалося — здымачная група прывезла яе назад у Мiнск. Добра хоць, мясцовыя жыхары падзялiлiся перцам i соллю, таму ўдалося запячы рыбу на рашотцы. "Непрыемную мiсiю пачысцiць рыбу нiхто не хацеў на сябе браць, — узгадвае рэжысёр, — пакуль не ўзяўся Лёша Хлястоў. У вынiку яго ж потым i абвiнавацiлi, маўляў, закахаўся — таму што рыба аказалася перасоленай". А няшчасныя выпадкi ў вас на будоўлi былi? "Паводле мiжнароднай статыстыкi, — паведамiлi на АНТ, — у "Вялiкiх гонках" за сезон бываюць 1—2 расцяжэннi i 1—2 пераломы". Аб гэтым усiх удзельнiкаў шчыра папярэдзiлi. I кожны падпiсаў паперу, што не мае супрацьпаказанняў па здароўi, а ў выпадку траўмаў не выставiць прэтэнзiй да арганiзатараў. Праўда, страхоўкi ўсё адно давялося афармляць — для аказання медыцынскай дапамогi непасрэдна ў Францыi. Бо практычна пасля кожнага шоу, расказвае Сяргей Хомiч, даводзiлася адпраўляць людзей у бальнiцу. "Але калi б гэтыя конкурсы не былi дастаткова жорсткiмi, то i гульня не была б такой папулярнай", — лiчыць пра-дзюсар. Нагадаем, сур’ёзныя траўмы сярод беларусаў атрымалi два гульцы — спявачка Iрына Дарафеева i ўдзельнiк каманды Брэста. Ступень рызыкi ў "Цудоўнай сямёрцы" пастаянна кантралявалi прафесiяналы-iнструктары — мабыць таму нi пераломаў, нi разбiтых чэрапаў падчас здымак не было. Але дробныя непрыемнасцi ўсё адно здаралiся — у Бабруйску атрымалi глыбокiя драпiны Алеся i Аляксей Хлястоў, давялося шукаць перавязачныя матэрыялы, а пазней падчас "вогненнага" выпрабавання ў таго ж Хлястова, кажуць, абгарэлi вейкi i бровы. — У двух эпiзодах праекта ўдзельнiчала ваша жонка, Аксана. Не было страшна за гэтым сачыць? — пытаюся ў Анатоля Вечара. — Калi яна ўпала з каня i я бачу, што чалавек устае i яўна губляе арыентацыю, што адбываецца — вядома ж, было страшна, мы потым паўдня яе па бальнiцах вазiлi, — пагаджаецца рэжысёр. — А ў бiятлоне, хутчэй, было крыўдна — страляла Аксана адменна, 9 з 10, але заняла толькi пятае месца. У яе было дзве спробы выйграць прамежкавы прыз — ноўтбук, але абодва разы не атрымалася. Давялося ў вынiку падарыць ёй ноўтбук на дзень нараджэння! (Смяецца.) "Зоркi" як людзi Iншая справа — калi здымкi iдуць у роднай краiне, дзе няма праблем з мовай, валютай i да цябе зусiм iншае стаўленне. Таму ў "Цудоўнай сямёрцы" час ад часу "ўключалi зорку" практычна ўсе ўдзельнiкi, нават любiмы здымачнай групай Вадзiм Сашурын пару разоў штосьцi буркатаў незадаволена... Але дарэмна "зоркi" гэта рабiлi — усё ж будзе ў кадры! Нават тыя цiкавыя эпiзоды, што не ўвайшлi ў асноўны час праекта. З iх вырашана зрабiць асобны выпуск i паказаць, каб паказытаць усiм нервы, блiжэй да ўзнагароджання пераможцаў. Апошнiх, дарэчы, будзе тры: першы вызначыцца па агульнай суме балаў, другога назавуць прадстаўнiкi СМI, трэцяга выберуць тэлегледачы. А галоўнага прызёра з лiку гэтых трох будуць выбiраць удзельнiкi ўсiх папярэднiх эпiзодаў "Цудоўнай сямёркi". * * * Што маем у вынiку? Два розныя i ў той жа час падобныя спартыўныя шоу, кожнае з якiх ёсць за што ўхвалiць i за што пакрытыкаваць. Што цiкавейшае — экзотыка цi беларуская рэчаiснасць, мiжнародны статус цi непаўторнасць iдэi, антураж цi змест? Рашэнне, як заўжды, за гледачом. Вiкторыя ЦЕЛЯШУК. Фота прадастаўлена тэлеканаламi.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На беларускiм тэлебачаннi амаль адначасова фiнiшуюць два спартыўныя рэалiцi-шоу — "Бiтва гарадоў" на АНТ i "Цудоўная сямёрка" на & |
|