Беларуская паэзія загучала па-літоўску
13 ноября 2008 Культура
Іна Студзінская, Радыё Свабода У сераду ў Амбасадзе Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі адбылася прэзэнтацыя двюх кніг беларускіх аўтараў ў перакладзе на літоўскую мову - кнігі Алеся Разанава “Паляваньне ў райскай даліне” і паэтычнай анталёгіі “Сьвятло ў вокнах”. Імпрэзу на дзьвюх мовах адкрыў Надзвычайны і паўнамоцны пасол Літвы ў Беларусі Эдмінас Багдонас, які ўжо добра размаўляе па-беларуску: “Сёньня мы сабраліся на вечарыну - прэзэнтацыю літоўскіх і беларускіх твораў. Для нас, літоўцаў, беларуская мова зьяўляецца вельмі блізкай мовай”. Пра літоўска-беларускія літаратурныя сувязі, якія распачаліся яшчэ са Скарыны, распавялі два прафэсары - літовец Пятрас Бражэнас і беларус Адам Мальдзіс. Дарэчы, Адам Мальдзіс ў суаўтарстве с Альмай Лапінскене, старшынёй Літоўскай асацыяцыі беларусістаў, выдалі сумесную дасьледчыцкую працу “Перазовы сяброўскіх галасоў”. Прафэсарка Альма Лапінскене адзначыла, што сёньня ня толькі прэзэнтуюцца новыя беларускія кнігі па-літоўску. Сёлета два народы адзначаюць яшчэ і своеасаблівы 100-гадовы юбілей: “Менавіта ў 1908 годзе беларускі верш упершыню загучаў па-літоўску. Гэта верш Алаізы Пашкевіч (Цёткі) “Хрысьціны Свабоды”, які Костас Сьціблюс пераклаў і надрукаваў у Санкт-Пецярбургу. У тым жа годзе “Наша Ніва” надрукавала апавяданьне Ёнаса Бялюнаса “Кветка шчасьця”. У 1977 годзе ў Беларусі выйшла “Анталёгія літоўскай паэзіі”, і больш за 30 паэтаў, у тым ліку і выбітную Саламею Нерыс, на беларускую мову з мовы арыгіналу пераклаў Алесь Разанаў. А потым цягам трох гадзінаў гучала паэзія. Алесь Разанаў прачытаў урывак з “Паляваньня ў райскай даліне”. А Лайма Лапінскене прадэкляравала, як гэты фрагмэнт гучыць па-літоўску. Дарэчы, вэрсэты Алеся Разанава сёньня чытаў і амбасадар Эдмінас Багдонас. Свае вершы з анталёгіі чытаў і тузін беларускіх паэтаў: Раіса Баравікова, Леанід Дранько-Майсюк, Эдуард Акулін, Валянціна Коўтун Алесь Пашкевіч, Андрэй Хадановіч, Міхась Скобла ды іншыя. Гучалі пераклады іх вершаў на літоўскую мову. Паэт Сяргей Законьнікаў прачытаў свой верш “Гусі”, перад якім выказаўся па-філязофску: “Вось зараз, у гэту хвіліну мы слухаем паэзію - і мы ляцім. Мы ляцім на сузор’е Стральца. Мы ляцім з агромістай хуткасьцю. Наша Зямля. І амбасада ляціць. І мы ляцім Гусі апошнія стомленым клінам неба ўзаралі, самотна крычаць. Мне, як заўжды, у такую хвіліну хочацца побач з табой памаўчаць ” Вечарына суправаджалася мастацкай выставай “Цуды маляванкі” - маляваны дыван у прасторы сучаснага беларускага выяўленчага мастацтва. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
13 ноября 2008 Культура Іна Студзінская, Радыё Свабода У сераду ў Амбасадзе Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі адбылася прэзэнтацыя двюх кніг беларускіх аўтараў ў перакладзе на літоўскую мову - кнігі Алеся Разанава “Паляваньне ў райскай даліне” і паэтычнай анталёгіі “Сьвятло ў вокнах”. Імпрэзу на дзьвюх мовах...
|
|