Дзень прымiрэння
Дзень прымiрэння
Мiжнародная навуковая канферэнцыя, прысвечаная Дню прымiрэння, цi 90-годдзю заканчэння Першай сусветнай вайны, прайшла ў вялiкай зале Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi. Навукоўцы, прадстаўнiкi Узброеных Сiлаў, пiсьменнiкi, краязнаўцы, энтузiясты i госцi з iншых краiнаў цэлы дзень вялi гутаркi пра падзеi больш як 90-гадовай даўнiны — пачынаючы ад лёсаў уласных продкаў i да геапалiтычных наступстваў той вайны. Госцi з Расii ў сваiх выступленнях адзначалi, што ў Беларусi вельмi шмат робiцца ў памяць Першай сусветнай вайны ў параўнаннi з Расiяй. Магчыма, такое ўражанне ў iх склалася пасля адкрыцця напярэдаднi канферэнцыi памятнага каменя ахвярам той вайны ў Баранавiцкiм раёне. Бо беларускiя навукоўцы i краязнаўцы, у адрозненне ад калег, шапказакiдальнiцтвам не займалiся i расказвалi пра сiтуацыю са стаўленнем да Першай сусветнай вайны ў Беларусi так, як ёсць насамрэч. Напрыклад, на малую колькасць навуковых даследаванняў беларускiх гiсторыкаў той вайны паскардзiўся Аляксандр Каваленя, дырэктар Інстытута гiсторыi НАН Беларусi: — На жаль, у беларускай гiстарычнай навуцы Першая сусветная вайна слаба распрацаваная, i гэта нягледзячы на тое, што па нашай зямлi праходзiла лiнiя фронту i вялiся вельмi важныя баявыя дзеяннi. Часткова такую няўвагу гiсторыкаў можна растлумачыць тым, што даследаванне гэтай праблемы было аддадзена Iнстытуту ваеннай гiсторыi Мiнiстэрства абароны СССР, але ж i пасля распаду Савецкага Саюза сiтуацыя не змянiлася. Асобныя гiсторыкi нават у 90-я гады сталi сцвярджаць, што паколькi старая армiя была расiйская, то i вывучаць гэтую праблему павiнны расiяне. Але нельга забывацца на тое, што ў расiйскую армiю было мабiлiзавана да 50 працэнтаў працаздольнага мужчынскага насельнiцтва Беларусi — гэта каля 900 тысяч чалавек... Я мяркую, што сёння Iнстытуту гiсторыi трэба выпраўляць становiшча, бо, для параўнання, на тэму Другой сусветнай вайны ў нас выдадзена больш за 10 тысяч публiкацый, сярод якiх i шматтомныя зборнiкi дакументаў, а вось на тэму Першай сусветнай вайны няма нiводнага грунтоўнага выдання. Былi выказаны турботы i наконт пахаванняў салдатаў Першай сусветнай. Слушна сказаў палкоўнiк Анатоль Шаркоў, доктар гiстарычных навук, прафесар Акадэмii МУС Беларусi: — Людзi абаранялi сваю радзiму. Не трэба казаць, што абаранялi цара i што вайна была Мiкалаеўскай. Бо тады трэба будзе казаць, што Вялiкая Айчынная — сталiнская вайна, бо ваявалi за Сталiна, а гэта не так. Палiтыкi, iдэолагi прыходзяць i знiкаюць, а тое, што людзi абаранялi сваю Айчыну — застаецца. I месцы пахаванняў, належны апошнi прыстанак воiнаў, будуць сведчыць аб тым, што пра iх помняць... Сказаць, што нiчога не робiцца ў нас для захавання могiлак Першай сусветнай, нельга, бо вядзе працу ўпраўленне па ўвекавечаннi памяцi абаронцаў Айчыны i ахвяраў вайны Мiнiстэрства абароны Беларусi, за некаторымi пахаваннямi назiраюць мясцовыя жыхары i мясцовыя органы ўлады. Аднак нават палкоўнiк Вiктар Шумскi, начальнiк вышэй узгаданага ўпраўлення па ўвекавечаннi памяцi, адзначыў, што ўлiчаны далёка не ўсе пахаваннi тых часоў i агучыў прапанову да ўвагi мясцовых органаў: — Мiнiстэрства абароны лiчыць першачарговай задачу для мясцовых выканаўчых i распарадчых органаў актывiзаваць выяўленне ўсiх месцаў вайсковых пахаванняў таго перыяду, дзе захавалiся надмагiльныя збудаваннi, бо, улiчваючы 90-гадовы тэрмiн, шанцаў прачытаць iмёны загiнулых усё меней i меней... Так што дакладная фiксацыя зместу надпiсаў — першачарговай важнасцi. Акрамя непасрэдна пахаванняў, важнымi сведкамi той вайны спецыялiсты лiчаць i фартыфiкацыйныя збудаваннi, якiя захавалiся. Абараняльныя аб’екты з’яўляюцца гiстарычнай i культурнай каштоўнасцю, — адзначыў у сваiм выступленнi Аляксандр Базарнаў, навуковы кiраўнiк комплексу "Лiнiя Сталiна". — Але не маючы афiцыйнага статусу помнiкаў фартыфiкацыi, шмат якiя з iх ужо страчаны, а астатнiя могуць быць згублены ў любы час. Сёння неабходна захаваць тое, што яшчэ можна выратаваць. А для гэтага трэба аб’яднаць намаганнi i гiсторыкаў, i грамадскасцi, i дзяржаўных органаў... Гэту мiжнародную навуковую канферэнцыю можна лiчыць важным крокам наперад у пераасэнсаваннi ролi Першай сусветнай вайны ў гiсторыi Беларусi. Але наперадзе яшчэ такiх крокаў будзе шмат, бо тыя ж жыхары Заходняй Еўропы нас значна апярэдзiлi ў гэтым сэнсе. Напрыклад, шанаванне ахвяраў Першай сусветнай вайны там праходзiла на самым высокiм узроўнi: на мяжы Францыi i Германii ў сумнавядомым Вердэне вянкi да пахаванняў салдатаў той вайны ўсклалi прэзiдэнт Францыi Нiкаля Сарказi, наследнiк брытанскага трона прынц Чарльз, генерал-губернатар Аўстралii Квенцiн Брус, прэзiдэнт верхняй палаты парламента Германii Пiцер Мюлер. Радуе, што i ў нас, як кажуць, лёд крануўся... Павел БЕРАСНЕЎ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мiжнародная навуковая канферэнцыя, прысвечаная Дню прымiрэння, цi 90-годдзю заканчэння Першай сусветнай вайны, прайшла ў вялiкай зале Нацыянальнай ака
|
|