Скутар для фельчара
Скутар для фельчара
Загадчыца Бялевiцкага ФАПа Надзея Пятроўна Азаранка называе свой новы службовы скутар "красой жыцця". Яна прыехала на працу ў вёску Бялевiчы 33 гады таму. Дзяўчына была адной з лепшых на сваiм курсе ў Магiлёўскiм медыцынскiм вучылiшчы, але пры размеркаваннi аддала перавагу Магiлёўскаму раёну, дзе нарадзiлася. Праўда, калi бацька павёз яе на трактары (аўтамабiль не праехаў па бездарожжы) да першага месца службы, то яна моцна плакала. Усё навакольнае падавалася не такiм, як дома, i ад таго чужым. Аднак жыццё пайшло сваiм парадкам: праца наладзiлася i сама фельчарка пайшла замуж за мясцовага хлопца, нарадзiла дзяцей. І вось ужо 33 гады Надзея Пятроўна Азаранка лечыць людзей у цяпер ужо родных Бялевiчах! Як яна сама кажа, "вока балiць альбо душа" — усе вяскоўцы iдуць на прыём да ветлiвай i ўсмешлiвай фельчаркi. Бялевiцкi ФАП абслугоўвае дзясятак вёсак у акрузе, самыя аддаленыя з якiх — за 10-11 кiламетраў. Шмат гадоў яна дабiралася да хворых у далёкiя паселiшчы на веласiпедзе — дарога да iх займала каля гадзiны. Цяпер скутар, верны сябра Надзеi Пятроўны, даiмчыць яе да любога пацыента не болей чым за 15 хвiлiн. — Аднойчы здарылася, што я выпадкова сустрэла на дарозе наша кiраўнiцтва з раённай палiклiнiкi № 11, — расказала фельчарка. — Мне тады даводзiлася штодзень ездзiць на веласiпедзе да праблемнай сям’i за дзясятак кiламетраў. А была такая непагадзь! I менавiта тады мне паабяцалi, што на працягу месяца набудуць мне скутар. Так i адбылося. ...Каля ганка акуратнага блакiтнага будынка Бялевiцкага ФАПа стаiць скутар. Кiтайскi транспартны сродак коштам у 2,8 мiльёна рублёў у чырвона-белых колерах, як i пасуе медыцынскай дапамозе, блiшчыць на сонцы. Надзея Пятроўна сабрала медыцынскiя прылады i белы халат для вiзiту да пацыентаў у чорны "дыпламат". Яна спрытна вырульвае на вясковую вулiцу i за лiчаныя секунды знікае. — Ну вядома, скутар больш круты за веласiпед, — спынiўшыся, смяецца Азаранка. — Я ўжо развiваю хуткасць да 45 кiламетраў у гадзiну! А потым можна будзе яшчэ хутчэй ляцець! Фельчарка спынiлася каля хаты, дзе на лаўцы сядзяць састарэлыя муж i жонка i побач грэюцца на сонцы два каты. Надзея Пятроўна пытаецца, як пачуваюць сябе пенсiянеры. Справа ў тым, што Уладзiмiру Мiхайлавiчу Пракапенку зрабiлi ў сталiцы шунцiраванне: з гэтага i асаблiвая ўвага да яго здароўя з боку ФАПа. — А медычка ў нас будзь здароў! — хвалiцца стары. — Раней то пешшу, то на велiку, а цяпер — вжык i паехала! I яшчэ рукой памахае нам па дарозе. Няхай ёй Бог здароўе дае! Надзея Пятроўна накiроўваецца далей, i з лёгкасцю бывалай скутаршы спрытна абганяе фурманку. Наступны прыпынак — каля хаты адзiнокай пенсiянеркi Ганны Iларыёнаўны Кацiбнiкавай. Жыллё былой даяркi, якую цяпер адольваюць шматлiкiя хваробы, робiць уражанне сваёй стэрыльнай чысцiнёй. Бабуля з сястрой, якая зайшла пабачыць фельчарку, абмяркоўваюць скутар i прыходзяць да высновы, што новая тэхнiка iм даспадобы. Азаранка апранае белы халат i правярае цiск бабулi. Дарэчы, новым апаратам, якi дастаўся ФАПу разам са скутарам. Артэрыяльная гiпертэнзiя i праблемы з сэрцам i сасудамi — гэта, па словах Надзеi Пятроўны, самыя распаўсюджаныя хваробы вясковых жыхароў. Апошнiм часам гэтыя хваробы закранаюць не толькi старых, але i даволi маладых людзей. А цiск у Ганны Iларыёнаўны сёння зусiм не катастрафiчны, i фельчарка прыступае да ўколаў i масажу... — Я цяпер шмат часу эканомлю i не губляю сiлы на вярчэнне педаляў, — гаворыць Надзея Пятроўна. — Напрыклад, у сераду я праводжу днi прафiлактыкi. I калi раней за дзень я паспявала наведаць толькi адну вёску, то апошнiм разам агледзела 26 чалавек у трох паселiшчах! Пацыенты задаволеныя, i я таксама. Што ж, разам з "красой" у загадчыцы ФАПа сёння з’явiлiся i клопаты зусiм iншага кшталту: яна атрымала ў ДАI права i рэгiстрацыйны нумар, а цяпер плануе пасля прабегу ў 300 кiламетраў змянiць маторнае масла. Добра, што дапамагае муж, якому давялося вывучыць спецыяльную лiтаратуру. Але мужчына добра разумее, як неверагодна палегчыў скутар працу яго жонкi. — Я хацела б выступiць з прапановай, калi яе хто пачуе i прызнае за слушную, — папрасiла Азаранка. — Няхай бы ў спаборнiцтвах памiж ФАПамi, калi якую медыцынскую ўстанову прызнаюць лепшай, то давалi скутар. Няхай ён каштуе i немалых грошай, але гэта будзе добрае выдаткаванне сродкаў дзеля людзей. Дарэчы, сацыяльны работнiк з Бялевiчаў, якая даглядае некалькiх старых, паглядзела на новае жыццё фельчаркi i набыла сабе скутар за ўласныя грошы. Без тэхнiчнага прагрэсу — нiкуды! Iлона Iванова. Магiлёўскi раён.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Загадчыца Бялевiцкага ФАПа Надзея Пятроўна Азаранка называе свой новы службовы скутар "красой жыцця". Яна прыехала на працу ў вёску Бялевiч
|
|