21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублiкi Беларусь

26.08.2009 10:37 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублiкi Беларусь

Рашэнне Канстытуцыйнага Суда Рэспублiкi Беларусь

Аб тэрмiне дзеяння даверанасцi на атрыманне грашовых сродкаў з укладу (дэпазiту) фiзiчнай асобы, адкрытага ў банку, на якi пералiчваецца пенсiя (дапамога)

Канстытуцыйны Суд Рэспублiкi Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшынi Канстытуцыйнага Суда Мiклашэвiча П.П., намеснiка старшынi Марыскiна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Данiлюка С.Я., Ізоткi У.П., Козыравай Л.Р., Падгрушы В.В., Рабцава Л.М., Сяргеевай В.Г., Цiкавенкi А.Г., Чыгрынава С.П., Шуклiна В.З. разгледзеў зварот адкрытага акцыянернага таварыства "Ашчадны банк "Беларусбанк" аб праверцы палажэнняў нарматыўнага прававога акта, што ўстанаўлiвае гадавы тэрмiн дзеяння даверанасцi на атрыманне грашовых сродкаў з укладу (дэпазiту) фiзiчнай асобы, адкрытага ў банку, на якi органамi па працы i сацыяльнай абароне пералiчваюцца пенсii (дапамогi).

Прааналiзаваўшы палажэннi Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь, Грамадзянскага кодэкса Рэспублiкi Беларусь (далей — ГК), Банкаўскага кодэкса Рэспублiкi Беларусь (далей — БК), Закона Рэспублiкi Беларусь "Аб пенсiйным забеспячэннi" (далей — Закон), iншых нарматыўных прававых актаў Рэспублiкi Беларусь, якiя рэгулююць пытаннi пенсiйнага забеспячэння, Канстытуцыйны Суд устанавiў.

Згодна з артыкулам 47 Канстытуцыi грамадзянам Рэспублiкi Беларусь гарантуецца права на сацыяльнае забеспячэнне ў старасцi ў выпадку хваробы, iнвалiднасцi, страты працаздольнасцi, страты кармiцеля i ў iншых выпадках, прадугледжаных законам.

У Законе ўстаноўлены парадак рэалiзацыi грамадзянамi канстытуцыйнага права на атрыманне працоўных, сацыяльных пенсiй i iншых выплат шляхам вызначэння крынiц выплаты пенсiй, арганiзацый, куды на выбар пенсiянераў пералiчваюцца пенсii, i iншых умоў iх выплаты.

Так, у артыкуле 8 Закона прадугледжана, што выплата працоўных пенсiй, назначаных у адпаведнасцi з Законам, ажыццяўляецца са сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельнiцтва Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны Рэспублiкi Беларусь. Выплата сацыяльных пенсiй, прадугледжаных Законам, ажыццяўляецца за кошт сродкаў рэспублiканскага бюджэту.

У адпаведнасцi з падпунктамi 6.35 i 6.49 пункта 6 Палажэння аб Мiнiстэрстве працы i сацыяльнай абароны Рэспублiкi Беларусь, зацверджанага пастановай Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 31 кастрычнiка 2001 г. № 1589, на ўказанае Мiнiстэрства ўскладзены ў тым лiку арганiзацыя работы па назначэннi i выплаце пенсiй, дапамог i iншых сацыяльных выплат; ажыццяўленне кантролю за рэалiзацыяй заканадаўства аб сацыяльнай абароне насельнiцтва i iнш.

Згодна з часткай чацвёртай артыкула 83 Закона выплата пенсiй праводзiцца на выбар пенсiянера праз арганiзацыi паштовай сувязi, банкi, арганiзацыi, якiя ажыццяўляюць дзейнасць па дастаўцы пенсii.

Асаблiвасцi выплаты пенсii (дапамогi) праз банкi ўстаноўлены, у прыватнасцi, Палажэннем аб парадку выплаты пенсiй (дапамог) шляхам пералiчэння на рахункi фiзiчных асобаў у падраздзяленнi адкрытага акцыянернага таварыства "Ашчадны банк "Беларусбанк", зацверджаным пастановай Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны Рэспублiкi Беларусь ад 3 кастрычнiка 2002 г. № 129 (далей — Палажэнне). У пункце 4 Палажэння прадугледжана, што пералiчэнне пенсii (дапамогi) ажыццяўляецца органам па працы i сацыяльнай абароне на падставе заявы пенсiянера (атрымальнiка дапамогi) аб пералiчэннi яго пенсii (дапамогi); заява сапраўдная на працягу трох гадоў з дня яе падачы ў орган па працы i сацыяльнай абароне i аднаўляецца пенсiянерам (атрымальнiкам дапамогi) не пазней чым за адзiн месяц да заканчэння тэрмiну яе дзеяння.

Выплата пенсii (дапамогi) шляхам пералiчэння на рахунак фiзiчнай асобы мае iстотныя адрозненнi ад iншых спосабаў яе атрымання. У гэтым выпадку грамадзянiн самастойна заключае з банкам дагавор адпаведнага банкаўскага ўкладу (дэпазiту). Умовай такога ўкладу з’яўляецца захоўванне грашовых сродкаў, распараджэнне iмi i атрыманне працэнтаў. Папаўненне ўкладу праводзiцца залiчэннем на рахунак укладчыка як пенсii, так i сум, што паступiлi ва ўклад шляхам унясення наяўных грашовых сродкаў i (або) у безнаяўным парадку.

Указаныя праваадносiны, звязаныя з заключэннем дагавора банкаўскага ўкладу (дэпазiту) i адкрыццём рахунку фiзiчнай асобы, куды паступаюць грашовыя сродкi, атрыманыя грамадзянiнам у законным парадку, а таксама з наступным валоданнем iмi, карыстаннем i распараджэннем, сведчаць аб наяўнасцi ў грамадзянiна права ўласнасцi на гэтыя грашовыя сродкi i рэгулююцца грамадзянскiм i банкаўскiм заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.

Так, у артыкуле 773 ГК, артыкулах 181 i 185 БК прадугледжаны адпаведна абавязак банка, якi з’яўляецца ўкладаатрымальнiкам, прыняць ад укладчыка грашовыя сродкi ва ўклад (дэпазiт), забяспечыць iх захаванасць, выплацiць працэнты на ўмовах i ў парадку, вызначаных дагаворам, а пры спыненнi дагавора — вярнуць iх укладчыку. Грашовыя сродкi носяць абязлiчаны характар, i ўкладчык мае права распараджацца iмi: даваць даручэннi банку аб пералiчэннi грашовых сродкаў з яго рахунку на iншыя банкаўскiя рахункi i (або) iншым асобам; карыстацца iншымi вiдамi банкаўскiх паслуг у адпаведнасцi з заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь i дагаворам банкаўскага ўкладу (дэпазiту). Згодна з артыкулам 189 БК ва ўклад (дэпазiт) могуць залiчвацца грашовыя сродкi, якiя паступiлi на рахунак укладчыка ад iншых асобаў, калi iншае не прадугледжана дагаворам банкаўскага ўкладу (дэпазiту).

Аналагiчныя падыходы знайшлi адлюстраванне ў Палажэннi. У iм прадугледжана, што выдача грашовых сродкаў з рахункаў фiзiчных асобаў праводзiцца ў адпаведнасцi з банкаўскiм заканадаўствам (пункт 13); на сумы пенсiй (дапамог), залiчаныя на рахункi фiзiчных асобаў у падраздзяленнях банка, пенсiянерам (атрымальнiкам дапамог) налiчваецца даход у выглядзе працэнтаў або ў iншай форме, якая прапаноўваецца банкам, у адпаведнасцi з банкаўскiм заканадаўствам (пункт 3).

Абарона права ўласнасцi грамадзянiна на грашовыя сродкi, размешчаныя ва ўкладзе (дэпазiце), адпавядае артыкулу 44 Канстытуцыi, якi прадугледжвае, што дзяржава гарантуе кожнаму права ўласнасцi; уласнiк мае права валодаць, карыстацца i распараджацца маёмасцю як аднаасобна, так i сумесна з iншымi асобамi; уласнасць, набытая законным спосабам, ахоўваецца дзяржавай; дзяржава заахвочвае i ахоўвае зберажэннi грамадзян, стварае гарантыi вяртання ўкладаў.

На ўказаных падыходах заснаваны i нормы ГК, якiя рэгулююць, у прыватнасцi, пытаннi прадстаўнiцтва i даверанасцi (артыкулы 183—190).

У адпаведнасцi з грамадзянскiм заканадаўствам тэрмiн дзеяння даверанасцi не можа перавышаць трох гадоў (пункт 1 артыкула 187 ГК). Такiм чынам, грамадзянскiм заканадаўствам фiзiчнай асобе прадастаўлена права ў межах трох гадоў вызначаць тэрмiн дзеяння даверанасцi на атрыманне грашовых сродкаў з укладу (дэпазiту).

Разам з тым у артыкуле 87 Закона прадугледжана, што даверанасць на атрыманне пенсii можа быць выдадзена на тэрмiн не больш за адзiн год. У пункце 17 Палажэння таксама ўстаноўлены гадавы тэрмiн дзеяння даверанасцi на атрыманне грашовых сродкаў з рахунку пенсiянера ў банку.

У адказе на запыт Канстытуцыйнага Суда Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны ўказала, што банкi пры выплаце пенсii павiнны кiравацца артыкулам 87 Закона, якi вызначае гадавы тэрмiн дзеяння даверанасцi (пiсьмо ад 18 чэрвеня 2008 г. № 06-10/3349п).

Паводле меркавання Канстытуцыйнага Суда, адносiны, звязаныя з атрыманнем пенсii (дапамогi) па даверанасцi, i адносiны па распараджэннi банкаўскiмi ўкладамi (дэпазiтамi) на падставе даверанасцi па сваёй прававой прыродзе — розныя праваадносiны. Яны з’яўляюцца адносiнамi, якiя рэгулююцца ў першым выпадку пенсiйным заканадаўствам, а ў другiм — грамадзянскiм i банкаўскiм заканадаўствам.

Такiм чынам, можна зрабiць выснову аб тым, што артыкул 87 Закона рэгулюе пытаннi, якiя ўзнiкаюць у працэсе выдачы даверанасцi на атрыманне пенсii ў арганiзацыях, што ажыццяўляюць дзейнасць па дастаўцы пенсii, а таксама паштовай сувязi. Праваадносiны па выдачы даверанасцi на атрыманне грашовых сродкаў, якiя захоўваюцца ва ўкладзе (дэпазiце) фiзiчнай асобы, па сваёй сутнасцi з’яўляюцца грамадзянска-прававымi i рэгулююцца не артыкулам 87 Закона, а пунктам 1 артыкула 187 ГК. У сувязi з гэтым артыкул 87 Закона, якi вызначае гадавы тэрмiн дзеяння даверанасцi, не можа i не павiнен распаўсюджвацца на выпадкi атрымання грашовых сродкаў з укладу (дэпазiту) грамадзянiна, адкрытага ў банку, на якi пералiчваецца яго пенсiя (дапамога), як тыя, што падпадаюць пад дзеянне нормаў грамадзянскага i банкаўскага заканадаўства.

З улiкам выкладзенага Канстытуцыйны Суд лiчыць, што пункт 17 Палажэння ў частцы ўстанаўлення гадавога тэрмiну дзеяння даверанасцi на атрыманне грашовых сродкаў з рахунку пенсiянера ў банку не адпавядае нормам грамадзянскага i банкаўскага заканадаўства Рэспублiкi Беларусь.

У той жа час для выключэння магчымых негатыўных вынiкаў, якiя могуць быць выклiканы акалiчнасцямi, што цягнуць за сабой спыненне выплаты пенсiй (дапамог), у мэтах абароны эканамiчных iнтарэсаў дзяржавы, забеспячэння мэтавага выкарыстання сродкаў сацыяльнага страхавання на выплату пенсiй (дапамог), кантролю за iх расходаваннем, паводле меркавання Канстытуцыйнага Суда, у Палажэннi можа быць устаноўлены як гадавы, так i iншы тэрмiн дзеяння заявы пенсiянера (атрымальнiка дапамогi) аб пералiчэннi пенсii (дапамогi) на яго рахунак, адкрыты ў банку.

На падставе выкладзенага, кiруючыся артыкуламi 40, 116 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь, артыкуламi 22, 24 Кодэкса Рэспублiкi Беларусь аб судаўладкаваннi i статусе суддзяў, Канстытуцыйны Суд

ВЫРАШЫЎ:

1. Прапанаваць Савету Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь разгледзець пытанне аб удасканальваннi нормаў пенсiйнага заканадаўства шляхам замацавання ў артыкуле 87 Закона Рэспублiкi Беларусь "Аб пенсiйным забеспячэннi" палажэння аб тым, што ўказаны ў iм тэрмiн дзеяння даверанасцi не распаўсюджваецца на выпадкi атрымання грашовых сродкаў з укладу (дэпазiту) грамадзянiна, адкрытага ў банку, на якi пералiчваецца яго пенсiя (дапамога).

2. Звярнуць увагу Мiнiстэрства працы i сацыяльнай абароны Рэспублiкi Беларусь на неабходнасць унясення змяненняў у пункт 17 Палажэння аб парадку выплаты пенсiй (дапамог) шляхам пералiчэння на рахункi фiзiчных асобаў у падраздзяленнях адкрытага акцыянернага таварыства "Ашчадны банк "Беларусбанк", зацверджанага пастановай ад 3 кастрычнiка 2002 г. № 129, што вызначае гадавы тэрмiн дзеяння даверанасцi на атрыманне грашовых сродкаў з укладу (дэпазiту) фiзiчнай асобы, на якi пералiчваецца яго пенсiя (дапамога), з улiкам нормаў грамадзянскага i банкаўскага заканадаўства Рэспублiкi Беларусь, а таксама падыходаў, выкладзеных у гэтым рашэннi.

3. Гэта рашэнне ўступае ў сiлу з дня прыняцця.

4. Апублiкаваць гэта рашэнне ў адпаведнасцi з заканадаўствам.

Старшынствуючы —

Старшыня Канстытуцыйнага Суда Рэспублiкi Беларусь П.П. Мiклашэвiч

6 лiстапада 2008 г., г. Мiнск

№ Р-299/2008

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аб тэрмiне дзеяння даверанасцi на атрыманне грашовых сродкаў з укладу (дэпазiту) фiзiчнай асобы, адкрытага ў банку, на якi пералiчваецца пенсiя (дапа
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика