Кватэра коштам восем... гадоў турмы
Кватэра коштам восем... гадоў турмы
Мiхаiл Іванавiч (прозвiшчы ў гэтым артыкуле зменены) корпаўся ў сябе на агародзе, калi яго паклiкала жанчына, якая спынiлася каля плота: Мiша, давай пагамонiм. Баркун утыркнуў рыдлёўку ў мяжу, здаля зiрнуў на кабету: недзе, здаецца, бачыў яе. Ага, так i ёсць, з Хойнiкаў яна. Але што занесла яе сюды, у Стралiчаў? Вiдаць, нешта хоча спытаць у яго, падумаў мужчына i паслухмяна падышоў да яе. Тое, што ён пачуў, было неверагодна нечаканым. Бо жанчына прапаноўвала яму... ажанiцца з ёй. Мiхаiл Iванавiч для пачатку пачухаў патылiцу: вось дык "кардэбалет"! Ён у свае 73 гады — жанiх! Кавалер. А яна ў 59 — нявеста. Хоць чаго там: усялякае ў жыццi можа быць. Галавешка да галавешкi, кажуць у народзе, цяплей будзе. Гэта зразумела. Але каб вось так нахрапам незнаёмая жанчына брала быка за рогi — з чаго б гэта? Тут нешта не так. Правiльна, тры гады таму ён пахаваў жонку. Трое дачок у яго засталося, у кожнай свае сем’i. А што ў гэтай жанчыны? Ёсць муж, але яна хоча скасаваць шлюб i распiсацца з iм. Калi той муж памрэ, дык Палiна Акiмаўна возьме да сябе ў Хойнiкi i будзе яго (на столькi гадоў старэйшага за яе) даглядаць. Вось такое каханне на схiле жыцця. Але — для чаго? Загадка. Мiхаiл Iванавiч яшчэ раз паскроб патылiцу i сказаў, што над гэтым пытаннем трэба падумаць. На тым i развiталiся. На некалькi месяцаў. Баркун ужо i не ўспамiнаў пра тую прапанову, як тут зноў з’явiлася Квашнёва. Пацiкавiлася здароўем, закранула iншыя тэмы, расказала крыху пра сваё жыццё-быццё i падвяла яго да высновы, што яму ўсё ж патрэбна ажанiцца. Не, не з ёй, Палiнай Акiмаўнай, бо сiтуацыя змянiлася, а з Аленай Яфiмаўнай Рабянок. Аднавяскоўкай яго. Суседкай, можна сказаць. Праўда, на тры гады яна старэй за яго. Ды нiчога. Так трэба. Для справы. Дапамагчы сям’i Рабянок неабходна. У чым? Яна пра гэта скажа пасля. Калi Мiхаiл Iванавiч дасць згоду, то атрымае адзiн мiльён рублёў. Без падману. А каб не сумняваўся, вось дзве бутэлькi гарэлкi. Не трэба нi аб чым дрэнным задумвацца, нiчога асцерагацца. Так, шлюб будзе фiктыўным, яго потым можна будзе неўзабаве скасаваць. Але калi захочаце, дык жывiце разам. Забягаючы наперад, скажам, што Палiна Акiмаўна завезла "салодкую парачку" ў райцэнтр, i 11 мая мiнулага года Рабянок i Баркун афiцыйна сталi жонкай i мужам. Заяву ад iмя Мiхаiла Iванавiча з-за яго непiсьменнасцi аформiла Квашнёва. "Маладажоны", як можна ўжо здагадацца, нiводнага дня разам не жылi. Баркун нiякага абяцанага мiльёна рублёў не атрымаў. Шлюб быў скасаваны 31 жнiўня, пра што Мiхаiл Iванавiч не ведаў, бо нiякай заявы на гэта ён не падаваў. Яе напiсала Палiна Акiмаўна, якая ў гэты ж самы дзень у афiцыйным парадку стала жонкай сына... Алены Яфiмаўны Рабянок Андрэя. Можна падумаць, што гэта — простае супадзенне. Але, аказваецца, нiчога падобнага. Усё — заканамерна, бо апiсанае вышэй развiвалася па добра прадуманым сцэнарыi пенсiянеркi Палiны Акiмаўны Квашнёвай, якая большую частку жыцця працавала даяркай у калгасе. Справа ў тым, што яна задумала стаць уладальнiцай аднапакаёвай кватэры ў Хойнiках, якая, згодна з рашэннем райвыканкама, была выдзелена Алене Рабянок. Ёй яна прапанавала свае паслугi ў афармленнi дакументаў на прыватызацыю жылля з наступным продажам кватэры. Апошняя хварэла, перанесла хiрургiчную аперацыю i жыла ў Стралiчаве, дзе таксама жылi яе сыны Андрэй i Васiль, якiя ў падобных справах разбiрацца не хацелi. Ацэначны кошт кватэры складаў звыш 25 мiльёнаў рублёў, а Палiна Квашнёва дамовiлася з Аленай Рабянок, шо тая прадасць яе за 15 мiльёнаў. Квашнёва меркавала, што ў Мiхаiла Баркуна маюцца асабiстыя прыватызацыйныя чэкi, выкарыстоўваючы якiя згодна з палажэннем, зацверджаным адпаведнай пастановай Савета Мiнiстраў, можна прыватызаваць кватэры ў дамах дзяржаўнага жылфонду. З далёка iдучымi мэтамi яна i "падкацiлася" да яго. Але тых чэкаў у Мiхаiла Баркуна не аказалася, i наваспечанаму жанiху быў дадзены ад варот паварот, бо, калi не скасаваць шлюб, ён потым можа, маўляў, прэтэндаваць на частку жылля. Здавалася, усё: кропка. За кватэру давядзецца расплачвацца наяўнымi грашыма. Ды дзе там. Сцэнарый Палiне Акiмаўне давялося скарэктаваць у так званым стратэгiчным напрамку. Яна пачала ўгаворваць Алену Яфiмаўну, каб тая перабралася жыць у Хойнiкi ў сваю кватэру, а даглядаць яе будзе яна, Палiна Квашнёва. Але тая не пагадзiлася адрывацца ад сыноў i ўнукаў, якiя гарантавалi ёй падтрымку i дапамогу. Тады Квашнёва вырашыла ажанiць на сабе Андрэя, у якога сям’i не было, пераканаўшы яго ў наступным. Яна з’яўляецца лiквiдатарам наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС i таму мае права на хутчэйшую прыватызацыю кватэры, прычым бясплатна. I вось, калi яны ажэняцца, кватэру трэба афармляць на яе. Так будзе выгадна абодвум бакам, а потым шлюб той можна скасаваць. Андрэй з гэтым згадзiўся, пра што мацi доўга не ведала. Даўшы генеральную даверанасць на ўсе справы па афармленнi кватэры, яна нiколечкi не сумнявалася ў добрых задумах у дачыненнi да сябе Палiны Квашнёвай. А тая дзейнiчала згодна з распрацаваным планам: разышлася з мужам, сышлася з Андрэем, не пражыўшы з iм нiводнага дня, i, забраўшы ў яго пашпарт, прапiсала абодвух у новай кватэры, пра што той i не ведаў, бо са Стралiчава не выпiсваўся нiколi. Квашнёва пасялiлася ў кватэры адна, ключоў ад яе ў Андрэя не было, да таго ж яна паставiла ў дзверы яшчэ адзiн замок, ад якога ключа не было i ў Алены Яфiмаўны. Мiж тым на легкавушцы свайго сына Палiна Акiмаўна вазiла апошнюю то ў Брагiн, то ў Хойнiкi, дзе тая падпiсвала розныя дакументы i ўсё пытала, цi хутка будзе пакладзены гэтаму канец. Справа адным днём не робiцца, бо працэдуры сур’ёзныя, супакойвала яе Квашнёва. Сама бачыш. Набярыся цярпення. I жанчына цярпела. Некалькi месяцаў. I, напэўна, так працягвалася б далей, калi б не другi сын Алены Яфiмаўны Васiль, у якога, калi ён даведаўся пра фiктыўны шлюб Квашнёвай i Андрэя, укралiся нейкiя сумненнi. Ён сам пачаў тэлефанаваць ёй у Хойнiкi: колькi можна чакаць? А аднойчы катэгарычна заявiў: Палiна Акiмаўна, вярнiце ўсе дакументы на прыватызацыю. Калi гэта зроблена не будзе, давядзецца звярнуцца ў праваахоўныя органы. Ды яны ўжо ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы, супакоiла яна яго. I не трэба думаць, што Квашнёва шукае нейкую выгаду для сябе. Яна толькi хоча дапамагчы вам. Дарэчы, ёй кватэра ваша не патрэбна. Ёсць пакупнiкi ўжо на яе, i з iмi неўзабаве адбудзецца сустрэча. Ты сам, Васiль Пятровiч, будзеш дамаўляцца наконт цаны. Гэта быў працяг раней задуманага стратэгiчнага плана. Васiль — лiшняя "фiгура" ў прыватызацыi кватэры i яе продажы, бо можа заявiць свае правы на яе. А тут, бач, пагрозы якiя пусцiў. Тэрмiнова ўбраць яго з дарогi! Знiшчыць. I яна пачала шукаць забойцу. Неяк у горадзе сустрэла аднавяскоўца Уладзiмiра Свярдлова i адразу да яго з канкрэтнай прапановай: забi брата майго мужа. Той нiчога на гэта не адказаў, толькi распытаў, чым ён нашкодзiў ёй. Квашнёва тэлефанавала яму дадому, прасiла аб сустрэчы i ўсё настойвала на сваiм. Свярдлоў пачаў пазбягаць яе, а калi гэта не ўдавалася, лiчыў, што ў жанчыны нешта з галавой, i адмахваўся: зробiм, маўляў. А яна ўжо дабралася да яго брата Сяргея, якi быў неаднаразова асуджаны, наведалася да яго дадому i прыйшла да высновы, што знайшла лепшы варыянт: гэты не падвядзе, згодзiцца. А каб ён не сумняваўся ў яе намерах, паабяцала заплацiць яму два мiльёны рублёў пасля выканання заказу. Квашнёва нават версiю сваю прапанавала. Васiль у кватэры сустрэнецца з ёй, Сяргеем i яго жонкай. Двое апошнiх — пакупнiкi. У часе перамоў яны ўтраiх валяць Васiля на падлогу, Свярдловы ўтрымлiваюць яго, а яна ўлiвае ў яго рот столькi спiрту, што той аддае канцы. Сяргей у душы пасмяяўся над гэтым планам i пра ўсё расказаў жонцы, калi атрымаў 500 тысяч рублёў авансу. Тая дала яму параду iсцi ў мiлiцыю, калi ён не хоча зноў трапiць у турму. Ды i ён сам быў такой жа думкi. Праз каторы час да Свярдлова прыехалi супрацоўнiкi ўпраўлення па барацьбе з арганiзаванай злачыннасцю i карупцыяй, правялi з iм iнструктаж. А Квашнёва ўсё настойвала: хутчэй трэба дзейнiчаць. Сяргей раскрытыкаваў яе план забойства ў кватэры. Нiхто не паверыць у атручэнне Васiля спiртам, i тады мы, тройка змоўцаў, сядзем на лаву падсудных. Патрэбны iншы план. Яго тут жа Палiна Акiмаўна i прапанавала: завезцi Васiля ў лес, атруцiць яго тым жа спiртам i павесiць на сук дрэва. Акт самазабойства. Свярдлоў i гэты план раскрытыкаваў i прапанаваў свой. У яго ёсць сябар, з якiм у турме ён сёрбаў баланду. Надзейны чалавек. За грошы ён i бацьку роднага чырыкне, не тое што незнаёмца. Справу зробiць — камар носа не падаткне. Якiм чынам — яго вучыць не трэба. Квашнёва гэты план ухвалiла i наладзiла ў кватэры сустрэчу Васiля i Сяргея, якi сказаў, што хоча купiць яе для сваёй мацi. На тым i развiталiся. Палiна Акiмаўна яшчэ некалькi разоў турбавала Свярдлова: хутчэй, хутчэй! Той усё спасылаўся, што яго сябар вось-вось з’явiцца. I настаў момант, калi аднойчы ён сказаў, што звазiў апошняга ў Стралiчаў i паказаў хату Васiля. Так што чакаць давядзецца нядоўга. Прайшло некалькi дзён, i Сяргей наведаўся да Квашнёвай у кватэру яе першага мужа, дзе яна знаходзiлася. Ён у калiдоры ўручыў ёй фатаграфii, на якiх выразна было бачна, што труп Васiля ляжыць на снезе ў лясным масiве са слядамi плям бурага колеру на галаве. Палiна Акiмаўна забрала iх, вярнулася ў кватэру i вынесла Свярдлову паўтара мiльёна рублёў. Ён забраў грошы i спытаў: можа, яшчэ патрабуецца якая дапамога? Калi ўсё ўляжацца, зацiхне, быў адказ, праз два—тры месяцы трэба дабрацца да бабулi. Тады знайду цябе. Свярдлоў накiраваўся дадому, а праз тры—пяць хвiлiн Квашнёва была арыштавана. Пра паводзiны яе на судзе трэба сказаць асобна. Яна гаварыла, што на яе наведзены паклёп. Нiякiх карыслiвых мэтаў у яе не было, яна проста як спагадлiвы чалавек вырашыла дапамагчы добрым людзям. Нiякiх пяцiсот тысяч рублёў Сяргею Свярдлову ў якасцi авансу яна не давала, ён украў iх у яе. З Андрэем у яе было каханне яшчэ з 1988 года, калi яны фактычна знаходзiлiся ў грамадзянскiм шлюбе i сустракалiся ўпотайкi. I гэтак далей у падобным накiрунку. Але ж калi пачалi выступаць сведкi, у тым лiку i Андрэй, якi ў мэтлахi разбiў тую лухту, прад’яўляючы сякiя-такiя рэчавыя доказы, Квашнёвай нiчога не заставалася рабiць, як у сваiм апошнiм слове даць праўдзiвыя паказаннi. Яна прасiла строга яе не караць, бо раскайваецца ва ўчыненым, яе "паблытаў нейкi нячысцiк". У сваёй новай кватэры (чытай: у турме, за калючым дротам) Палiна Акiмаўна правядзе восем гадоў. Прыгавор уступiў у законную сiлу. Уладзiмiр ПЕРНIКАЎ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мiхаiл Іванавiч (прозвiшчы ў гэтым артыкуле зменены) корпаўся ў сябе на агародзе, калi яго паклiкала жанчына, якая спынiлася каля плота: Мiша, давай п |
|