Каб рэчы вiртуальныя не пераўтварылiся ў праблемы рэальныя, або што трэба ведаць пры набыццi тавараў
Каб рэчы вiртуальныя не пераўтварылiся ў праблемы рэальныя, або што трэба ведаць пры набыццi тавараў праз iнтэрнэт-магазiны
Як сведчыць практыка, апошнiм часам усё больш спажыўцоў i ўсё часцей пачалi набываць розныя тавары ў iнтэрнэт-магазiнах. Карысць ад такога кроку, здавалася б, вiдавочная: на пошук патрэбнага iдзе значна менш часу, чым пры паходах па магазiнах, сам працэс адбываецца ў больш камфортных умовах, выбраны тавар могуць даставiць у любое месца па жаданнi пакупнiка. Усё гэта сапраўды так. Але, як у любога медаля, у азначанага спосабу набыцця тавараў ёсць i iншы бок, магчыма, часам не вельмi прыемны для клiентаў. Прынамсi, тых з iх, хто не зусiм дасведчаны ў прававых нюансах iснавання i працы iнтэрнэт-магазiнаў. Не выпадкова ж апошнiм часам па тэлебачаннi вядомыя асобы беларускага шоу-бiзнэсу праз невялiкiя ролiкi праводзяць своеасаблiвы спажывецкi лiкбез сярод патэнцыяльных пакупнiкоў: што трэба абавязкова ведаць, карыстаючыся паслугамi вышэйназваных iнтэрнэт-магазiнаў. Сёння мы вырашылi пагаварыць аб гэтай праблеме больш падрабязна. Дапаможа нам у гэтым эксперт "Звязды" — <І>галоўны спецыялiст упраўлення абароны правоў спажыўцоў i кантролю за рэкламай Мiнiстэрства гандлю Святлана Вайцэхоўская .
Што ёсць iнтэрнэт-магазiн? Напачатку важна разабрацца: чым жа ўласна з’яўляецца iнтэрнэт-магазiн, цi любы сайт, на якiм маецца пэўная iнфармацыя пра тавар i прадаўца, можна аднесцi да тэмы нашай гутаркi? — Iнтэрнэт-магазiн — гэта сайт, якi забяспечвае продаж праз iнтэрнэт з выкарыстаннем электроннага каталога цi iншага спосабу прадстаўлення прадукцыi i якi ўтрымлiвае адпаведную патрабаванням заканадаўства iнфармацыю або звесткi пра суб’ект гандлю i тавары, — тлумачыць Святлана Вiктараўна. Большасць сайтаў, якiя прысутнiчаюць у беларускiм сегменце сеткi iнтэрнэт i што належаць суб’ектам прадпрымальнiцкай дзейнасцi, якiя займаюцца рознiчным гандлем, — не што iншае, як "вiтрына" для сваiх тавараў, рэкламная аб’ява. Спажыўцу прапануецца набыць тавар, аформiўшы свой заказ адным з наступных спосабаў: патэлефанаваць па пэўным нумары, указаным на сайце, або "загрузiць тавар у кошык" i адправiць паведамленне на электронны адрас, што ўказаны на гэтым сайце, i пры дастаўцы тавару разлiчыцца з кур’ерам. Такiя сайты з’яўляюцца iнтэрнэт-магазiнамi. У дадзеным выпадку даменнае iмя такога магазiна павiнна быць зарэгiстравана суб’ектам прадпрымальнiцкай дзейнасцi ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку, пацверджана дакументам, якi выдаецца Аператыўна-аналiтычным цэнтрам пры Прэзiдэнце Рэспублiкi Беларусь. Акрамя таго, даменнае iмя павiнна быць указана ў лiцэнзii на рознiчны гандаль (уключаючы алкагольныя напоi i тытунёвыя вырабы) i грамадскае харчаванне як месца рэалiзацыi тавару. Тыповая памылка спажыўцоў Тут варта прыпынiцца i зрабiць важнае адступленне, якое мае дачыненне да вышэйпералiчаных звестак. Паводле слоў Святланы Вайцэхоўскай, аналiз зваротаў грамадзян засведчыў: адной з памылак спажыўца пры набыццi тавару праз iнтэрнэт-магазiн з’яўляецца купля яго праз сайты, размешчаныя ў даменнай прасторы iншай дзяржавы (напрыклад, com цi ru). У гэтым выпадку iнфармацыю пра ўладальнiка (прадаўца) такога сайта, калi яна на iм адсутнiчае, атрымаць вельмi праблематычна. Даменнае iмя такiх сайтаў, як правiла, зарэгiстравана на староннюю асобу, якая тавар спажыўцу не прадавала. У такой сiтуацыi практычна немагчыма даказаць факт продажу спажыўцу тавару з дадзенага сайта, калi рэальны прадавец яго адмаўляе. Пры разглядзе Мiнiстэрствам гандлю зваротаў грамадзян аб набыццi няякасных тавараў праз сайты, размешчаныя ў даменнай прасторы com цi ru, было ўстаноўлена, што iх рэалiзацыя адбывалася фiзiчнымi асобамi, якiя не былi зарэгiстраваны ў якасцi iндывiдуальных прадпрымальнiкаў. У дачыненнi да такiх асобаў, калi яны ажыццяўлялi сваю дзейнасць на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь, былi прыняты меры адмiнiстрацыйнага ўздзеяння з боку праваахоўных i падатковых органаў. А вось што датычыцца падманутых спажыўцоў... Iм было рэкамендавана па абарону сваiх правоў звярнуцца ў суд. Чаму? Пад дзеянне Закона Рэспублiкi Беларусь "Аб абароне правоў спажыўцоў" трапляюць толькi адносiны памiж грамадзянамi i суб’ектамi прадпрымальнiцкай дзейнасцi, i забяспечыць першым дасудовую абарону не ўяўляецца магчымым... Калi проста рэклама — гэта сайт Што ёсць iнтэрнэт-магазiн — разабралiся. Якiя могуць быць iншыя варыянты i ў чым iх адрозненне? Калi сайт утрымлiвае толькi рэкламную iнфармацыю пра тавар у выглядзе ўказання яго кошту, апiсання, калi маюцца фотаздымкi тавару, водгукi пакупнiкоў i г.д., а таксама ўказаны толькi найменне i адрас гандлёвага аб’екта, дзе можна набыць дадзены тавар (без указання нумара тэлефона i iншай кантактнай iнфармацыi), такi iнтэрнэт-сайт не з’яўляецца iнтэрнэт-магазiнам. — У дадзеным выпадку не патрабуецца ўказання даменнага iмя ў лiцэнзii на рознiчны гандаль (уключаючы алкагольныя напоi i тытунёвыя вырабы) i грамадскае харчаванне. Каб пазбегнуць непаразуменняў са спажыўцамi суб’ектам прадпрымальнiцкай дзейнасцi, якiя размяшчаюць на сайтах толькi iнфармацыйна-рэкламныя звесткi, мэтазгодна рабiць на сайце адзнаку, маўляў, дадзены сайт не з’яўляецца iнтэрнэт-магазiнам i для набыцця тавару, што рэкламуецца, неабходна звяртацца па адрасе, якi тут i ўказаны, — кажа галоўны спецыялiст упраўлення абароны правоў спажыўцоў i кантролю за рэкламай мiнiстэрства Святлана Вайцэхоўская. Каб не было ў будучым прэтэнзiй Пра плюсы набыцця тавараў праз iнтэрнэт-магазiны мы сказалi ў самым пачатку. Каб не сутыкнуцца з мiнусамi — а вiртуальнасць часам ставiць перад спажыўцом такое пытанне рубам — варта запомнiць некалькi нескладаных парад. — Самае галоўнае: пры набыццi тавараў па ўзорах праз iнтэрнэт-магазiн за пакупнiком захоўваюцца ўсе правы, гарантаваныя Законам Рэспублiкi Беларусь "Аб абароне правоў спажыўца", — адназначна падкрэслiвае Святлана Вiктараўна. Набываючы тавар праз iнтэрнэт-магазiн, каб не былi парушаны вашы правы, запомнiце: — набываць яго лепш праз iнтэрнэт-магазiны, размешчаныя ў прасторы нацыянальнага сегмента сеткi iнтэрнэт, г. зн. зоне by; — афармляючы заказ, трэба абавязкова правяраць на сайце наяўнасць неабходнай iнфармацыi, а канкрэтна: — пра суб’ект гандлю — найменне арганiзацыi (прозвiшча, iмя, iмя па бацьку для iндывiдуальных прадпрымальнiкаў), юрыдычны адрас, пасведчанне аб дзяржаўнай рэгiстрацыi (для iндывiдуальных прадпрымальнiкаў), iнфармацыя пра нумар лiцэнзii, тэрмiн яе дзеяння, дзяржаўны орган, якi выдаў лiцэнзiю, кантактны нумар тэлефона, рэжым працы; — пра тавар — найменне тавару, яго цана i ўмовы аплаты, гарантыйны тэрмiн (калi ён устаноўлены), тэрмiн дастаўкi тавару, цана i ўмовы аплаты дастаўкi; — iншая iнфармацыя пра прадаўца i тавар можа быць даведзена прадаўцом у вуснай форме. Не саромейцеся ўсё правяраць! Але i гэта яшчэ не ўсё. Выбар зроблены, заказ — таксама (дарэчы, адмовiць у прыняццi заказу вам не могуць, паколькi дадзены дагавор куплi-продажу з’яўляецца публiчным, адпаведна, умовы аднолькавыя для ўсiх), вы чакаеце дастаўкi тавару. Падчас дастаўкi ў абавязковым парадку праверце: — наяўнасць у прадаўца дакумента на права продажу тавару (адрас iнтэрнэт-магазiна павiнен быць указаны ў лiцэнзii, з арыгiналам цi копiяй — аформленай ва ўстаноўленым парадку, — якой прадавец абавязаны азнаёмiць спажыўца па яго запатрабаваннi); — якасць тавару (камплектнасць, наяўнасць знешнiх пашкоджанняў, яго працаздольнасць, бяспека). Прадавец, у сваю чаргу, павiнен перадаць пакупнiку: — тавар, якi цалкам адпавядае яго ўзору цi апiсанню, якасць якога адпавядае iнфармацыi, прадастаўленай пакупнiку пры заключэннi дагавора, а таксама iнфармацыi, даведзенай да яго ведама пры перадачы тавару, па запатрабаваннi пакупнiка павiнен азнаёмiць яго з дакументамi, што сведчаць якасць i бяспеку тавару; — тэхнiчны пашпарт на тавар; — iнструкцыю па эксплуатацыі; — касавы чэк цi iншы дакумент, што пацвярджае куплю. I апошняе — параўнайце iнфармацыю, атрыманую на сайце праз iнтэрнэт-магазiн, з iнфармацыяй у дакументах на набыты тавар (тэхнiчны пашпарт, гарантыйныя талоны), у якiх у абавязковым парадку павiнна быць адзнака пра прадаўца (найменне, кантактны тэлефон, пячатка прадаўца — калi апошняя маецца). Такiя адзнакi, як проста iмя прадаўца i нумар яго мабiльнага тэлефона на ўказаных дакументах не дапускаюцца, паколькi ў выпадку выяўлення недахопаў потым часам цяжка ўстанавiць прадаўца. Яшчэ адным з асноўных парушэнняў правiлаў гандлю з’яўляецца адсутнасць iнфармацыi аб сэрвiсных цэнтрах. Сяргей РАСОЛЬКА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Каб рэчы вiртуальныя не пераўтварылiся ў праблемы рэальныя, або што трэба ведаць пры набыццi тавараў Як сведчыць практыка, апошнiм часам усё больш спажыўцоў i ўсё часцей пачалi набываць розныя тавары ў iнтэрнэт-магазiнах. Карысць ад такога кроку, здав
|
|