Сапраўдныя скаргі ў... "лiпавых" кнiгах
Сапраўдныя скаргі ў... "лiпавых" кнiгах
28 кастрычнiка мiнулага года ў магазiне № 2 ААТ "Гроднахлебапрадукт" жыхарка абласнога цэнтра Вера Якушава купiла дзве ўпакоўкi курынага набору для супу i прадавец узяла з яе на 1010 рублёў больш, чым трэба. Палiчыўшы, што гэта была не памылка, а падман, жанчына папрасiла "кнiгу скаргаў" (так яе называюць у народзе яшчэ з савецкiх часоў) i зрабiла там адпаведны запiс. І што ў вынiку? Прайшоў год, аднак нiякай рэакцыi на сваю заяву Вера Якушава так i не дачакалася. I тады яна звярнулася ў Камiтэт дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласцi. Вось што выявiла праверка. Аказваецца, у гэтым магазiне былi ... дзве "кнiгi скаргаў". Адна ("Книга замечаний и предложений) — афiцыйная, яе выдалi ў падатковай iнспецыi Кастрычнiцкага раёна г. Гродна ў адпаведнасцi з патрабаваннямi Дэкрэта Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь № 2 "Аб удасканаленнi работы з насельнiцтвам". Згодна з загадам па адкрытым акцыянерным таварыстве "Гроднахлебапрадукт", адказнай за вядзенне гэтай кнiгi з’яўлялася загадчыца магазiна Лiлiя Гайкова, кiраўнiцтва ААТ абавязала яе "неадкладна iнфармаваць аб заўвагах i прапановах грамадзян для своечасовага прыняцця мераў". У гэтай кнiзе з моманту яе выдачы 29 снежня 2005 года нiводнай скаргi не было. Усё ў ажуры? Аднак зусiм iншае ўражанне аб рабоце гэтай крамы застаецца пасля знаёмства з "Книгой отзывов и предложений", якую атрымлiвалi абураныя пакупнiкi. За перыяд з 24 лютага 2006-га па 11 кастрычнiка гэтага года свае "аўтографы" ў гэтай фiктыўнай кнiзе, якая была не прашытая i не зарэгiстраваная ва ўстаноўленым парадку, пакiнулi 13 чалавек, у тым лiку i Вера Якушава. Пакупнiкi скардзiлiся не толькi на факты аблiку, але i на грубасць з боку прадаўцоў, нязручны рэжым работы i антысанiтарны стан крамы, на тое, што не выдавалiся касавыя чэкi... "Вы пiшыце, пiшыце, а мы...". Нiхто i не збiраўся разглядаць скаргi i адказваць заяўнiкам аб прынятых мерах, як таго патрабуе прэзiдэнцкi Дэкрэт № 2. Толькi на адну заяву (грошы не прыходавалiся па касавым апараце) загадчыца магазiна адрэагавала запiсам, што прадавец пазбаўлены прэмii за месяц, а ўвесь калектыў — на 15 працэнтаў. Але i гэтага, як аказалася, зроблена не было. Паводле iнфармацыi начальнiка ўпраўлення кантролю спажывецкага рынку i сферы паслуг Камiтэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласцi Аляксандра Тарасевiча, па матэрыялах праверкi загадчыцу магазiна Лiлiю Гайкову i двух прадаўцоў звольнiлi з працы i, напэўна, "лiпавай" кнiзе для зваротаў грамадзян у гэтай краме пакладзены канец. А ў iншых? 22 лiпеня гэтага года ў размешчаным у Гродне магазiне СВК "Абухава" Данута Сушынская пакiнула запiс, што пры набыццi мясных вырабаў яе аблiчылi на 12 040 рублёў. Аднак i праз два месяцы скаргу не разгледзелi i адказ не далi. А да "Книги замечаний и предложений", якую выдалi пакупнiцы, падатковая iнспекцыя зноў жа нiякага дачынення не мае. У гэтай сувязi варта нагадаць, што згодна з Дэкрэтам Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь № 2 "Аб удасканаленнi работы з насельнiцтвам" кiраўнiкi арганiзацый нясуць персанальную адказнасць за неналежную работу з заўвагамi i прапановамi грамадзян, выкладзенымi ў кнiзе, якая выдаецца i рэгiструецца падатковым органам. Кнiга павiнна прад’яўляцца па першым патрабаваннi грамадзянiна, тэрмiн разгляду заўваг i прапаноў — 15 дзён. Гэты тэрмiн можа быць падоўжаны пры неабходнасцi спецыяльнай праверкi i атрымання дадатковай iнфармацыi, але не больш чым на 15 дзён, аб чым трэба паведамiць заяўнiку. Грамадзяне маюць права абскардзiць адмову ў прад’яўленнi кнiгi, а таксама ў разглядзе па сутнасцi сваiх заўваг i прапаноў у вышэйшую арганiзацыю альбо суд. А ў выпадку сiстэматычнага (тры i больш разоў на працягу каляндарнага года) парушэння заканадаўства пры вядзеннi гэтай кнiгi, разглядзе зваротаў лiцэнзуючы орган абавязаны прыняць рашэнне аб прыпыненнi дзеяння лiцэнзii на тэрмiн да шасцi месяцаў. Дзеяннi ж па фальсiфiкацыi дакументаў строгай справаздачнасцi могуць, вiдавочна, карацца i ў крымiнальным парадку. Барыс ПРАКОПЧЫК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
28 кастрычнiка мiнулага года ў магазiне № 2 ААТ "Гроднахлебапрадукт" жыхарка абласнога цэнтра Вера Якушава купiла дзве ўпакоўкi курынага наб
|
|