УПАРТАЯ ФАРТЭЦЫЯ Гісторыя фармiруе грамадзянiна
УПАРТАЯ ФАРТЭЦЫЯ Гісторыя фармiруе грамадзянiна
Лёс iншага горада цi замка часам мае многа агульнага з лёсам чалавека. Вось Д. Бруна адправiлi на вогнiшча, а Г. Галiлей публiчна пакаяўся i цiха памёр у сваёй пасцелi. А ўся праблема ў тым, што Д. Бруна заўпарцiўся — пайшоў наперакор сiле. Гэтаксама i з гарадамi. Вунь Парыж у апошнюю вайну не аказаў супрацiўлення немцам i пазбегнуў долi Кёнiгсберга, якi быў зруйнаваны. Але тут толькi гiстарычныя паралелi, бо мы ўсё ж за тое, каб адстойваць сваё. У нашай гiсторыi ёсць шмат прыкладаў з гераiчнага мiнулага. Напрыклад, шырокавядомая Брэсцкая крэпасць, а калi зазiрнуць яшчэ ў глыбiню стагоддзяў, то нам нiяк не абмiнуць легендарную Ляхавiцкую фартэцыю. Паглядзеўшы на месца дзе ў ХVІ стагоддзi стаяў бастыённы замак, цяжка паверыць, што тут увогуле нешта было. Пустка над ракой Ведзьмай, i калi б не памятны знак, то ў гэты бок i галавы не павярнуў бы. Як магло здарыцца, што ад такога збудавання i каменя не засталося? Калi глядзiш на старадаўнiя гравюры, то бачыш усю велiч той фартэцыi. Напрыканцы ХVI стагоддзя Ян Хадкевiч замест драўлянага замка ўзвёў мураваны — 220х175 метраў з бастыёнамi на вуглах, з брустверамi i байнiцамi для абстрэлу працiўнiка артылерыяй. Замак абнеслi ровам, вада ў яго паступала з Ведзьмы. У фартэцыю можна было трапiць толькi праз мост, якi падымаўся на ланцугах, а пад замкам знаходзiлiся скляпеннi, ад якiх вёў патаемны ход за тэрыторыю фартэцыi. Ляхавiцкi замак адносiўся да новаiтальянскай фартыфiкацыйнай сiстэмы, якая было тады даволi пашыранай у Еўропе. Фартэцыя была самай магутнай не толькi ў Вялiкiм Княстве Лiтоўскiм, але i ва ўсёй Рэчы Паспалiтай. У замку знаходзiўся гарнiзон, якому дапамагалi народнае апалчэнне i навакольная шляхта. Ляхавiцкая фартэцыя знаходзiлася ў стратэгiчным месцы i не дзiўна, што яна прыцягвала ўвагу суседзяў Княства. Тут i схавана адна з прычын, па якой замак знiк. Хоць, як бачым, на тэрыторыi Беларусi iншыя замкi захавалiся поўнасцю, напрыклад, Нясвiжскi цi рэшткi, як у Навагрудку, а ёсць яшчэ замкi у Мiры, Лiдзе, Ружанах... Ляхавiцкi замак упарта супрацiўляўся, але не здолеў вытрымаць бясконцыя аблогi i штурмы. Тэрыторыя Беларусi тых часоў — гэта арэна, дзе высвятлялi адносiны розныя краiны, унутраныя групоўкi. Iншым разам няпроста было разабрацца, хто на чыiм баку выступае. Зiмой 1595—1596 гадоў фартэцыю штурмавалi казакi Налiвайкi i не здолелi ўзяць, а з 1648 па 1654 год замак зноў тройчы бралi ў аблогу ўкраiнскiя казакi i кожны раз гарнiзону ўдавалася адбiцца. Толькi вытрымалi аблогу казакоў, як да замка ў 1655 годзе падышло войска ваяводы А. Трубяцкога. Але i на гэты раз штурм правалiўся. Дарэчы, Ляхавiцкi замак быў адзiным, якi не здолела на той час узяць царскае войска. Падступiцца да фартэцыi сапраўды было цяжка. Я. Хадкевiч i гетман П. Сапега асаблiвую ўвагу надавалi артылерыi, у замку стаялi найноўшыя гарматы. Да iх ставiлiся з любоў’ю, кожная мела назву i выяву iстоты, якой яна была названа, а яшчэ герб гаспадара. Пэўную цiкавасць маюць назвы гармат. "Спявак", "Пярун", "Воўк", "Баба", "Цмок", "Сокал", "Збавiцель"... стралялi рознымi ядрамi — ад аднафунтовых да 24-фунтовых. А ўсяго замак абаранялi 37 гармат i 51 гакаўка — па тым часе ўзбраенне сур’ёзнае. Трэба падкрэслiць, што Вялiкае Княства Лiтоўскае было ўцягнута ў шэраг апусташальных канфлiктаў памiж Польшчай i Расiяй. Цар пасылаў войска на палякаў, але яно да Рэчы Паспалiтай не даходзiла, бо адтуль высылалi насустрач рускiм свае палкi, i бiтвы адбывалiся на тэрыторыi Княства. Фактычна, краiна аказалася закладнiцкай гэтага процiстаяння, якое мела для Княства трагiчныя наступствы — прывяло да знiкнення дзяржавы. Вось у 1660 годзе войска ваяводы I. Хаванскага дайшло аж да Брэста, а затым, калi ён вяртаўся, то аблажыў Ляхавiцкi замак. Хаванскi думаў вырашыць усё мiрна i 20 сакавiка паслаў да каменданта фартэцыi дэлегацыю з дваран i палкоўнiкаў "...каб Ляхавiчы без крывi здалi". Але камендант С. Юдыцкi i жыхары горада, якiя схавалiся ў замку, на перамовы не пайшлi, i 23 сакавiка I. Хаванскi накiроўвае яшчэ адну дэлегацыю, але атрымлiвае адказ "... больш дэлегацый не прысылаць, бо капiтуляцыi горада нiкому i нiколi не будзе". Пасля няўдалых перамоў усе пачалi рыхтавацца да штурму. Пасля столькiх аблог сцены фартэцыi былi ўжо моцна пашкоджаныя i гэта, здавалася б, павiнна было значна аблегчыць задачу штурмуючым. Да ваяводы Хаванскага перабег пакаёвы слуга каменданта замка нейкi С. Вальскi i паведамiў, што хлеба хопiць на год аблогi, дастаткова пораху i ядзер, а вось з вадой праблема, бо на 4 тысячы чалавек яе не хапае. Сярод гэтых тысяч больш за палову былi цывiльныя — жыхары Ляхавiчаў. I вось 26 сакавiка 7-тысячнае войска рынулася на вальны штурм. А вынiкi гэтага штурму зафiксаваны ў пасланнi цару Аляксею Мiхайлавiчу "... литовских людей са стен сбили, а многие твои ратныя люди с знамёнами были на стене; и волею Божией и нашим согрешением литовские люди справясь, твоих ратных людей с стены сбили, и твои ратныя от города отошли". Абодва бакi панеслi страты, але ў такiх выпадках у атакуючых яны заўсёды большыя. Пачалася зацяжная артылерыйская дуэль, i Хаванскi пачаў рыхтавацца да наступнага штурму. Да нападаючых пачала падыходзiць падмога, i на канец мая пад Ляхавiчамi стаяла 11-тысячнае войска. Генеральны штурм адбыўся 24 мая 1660 года, але панёсшы страты ў 2 тысячы чалавек, I. Хаванскi адступiў, бо пад Ляхавiчы з войскам iшоў П. Сапега. Зразумела, што ад усiх гэтых аблог найбольш пакутавала насельнiцтва. У Ляхавiчах засталося толькi 17 двароў. Ляхавiчы на 9 гадоў былi вызваленыя ад усiх падаткаў, а пасля гэты тэрмiн быў павялiчаны яшчэ на дзевяць. Некалькi зруйнаваных вёсак не плацiлi падаткi 30 гадоў. Але самыя цяжкiя выпрабаваннi для Ляхавiцкага замка былi наперадзе. Горад яшчэ не акрэп, як пачалася Паўночная вайна. Каб узмацнiць войска Княства, з Ляхавiцкай фартэцыi забралi 19 гармат i гэтым аслабiлi яе моц. Зiмой 1706 года вайна вялася на тэрыторыi Княства i Карл ХII паслаў войска пад Ляхавiчы, бо тут знаходзiлiся казацкiя палкi Пятра I. Але казакi не адступiлi, а заселi ў замку. У свой час казакi штурмавалi замак, а цяпер за яго сценамi ўкрылiся самi. Аблога зацягнулася, а калi праз паўгода шведы атрымалi падмогу, то казакам давялося здацца. Да аблогi рускае войска не было падрыхтаванае, заканчвалiся харчы i боепрыпасы, а штурм шведаў аказаўся зацяжным. I першае, што зрабiлi шведы пасля перамогi — узарвалi ўмацаваннi замка. Менавiта яны нанеслi найбольшыя пашкоджаннi фартэцыi, але на гэтым лiхiя часiны для замка не закончылiся. У 1709 годзе замак з рускiм гарнiзонам двойчы абкладвала войска польскага караля Ляшчынскага са сваiм саюзнiкам гетманам Мазэпам. Затым войскi Пятра I ўжо з Р. Агiнскiм выбiвалi з замка Мазэпу, а неўзабаве А. Сапега прымусiў Р. Агiнскага пакiнуць замак. Усё перамяшалася, i паспрабуй разбярыся, хто ў каго саюзнiк i чыя iнтарэсы абараняюцца. Пасля такiх аблог i штурмаў замак прыйшоў у заняпад, а самi Ляхавiчы ператварылiся ў невялiкае мястэчка. Яшчэ ў ХVIII стагоддзi можна было бачыць руiны легендарнага замка, але паступова яны разбiралiся, каменнем i цэглай пачалi гандляваць. А цi мог быць у гэтага замка iншы лёс? Калi б фартэцыя пераходзiла з рук у рукi без усякага супрацiўлення, то, верагодна, замкам мы любавалiся б i сёння. Але яго ўмацоўвалi не для гэтага. Сваё прызначэнне Ляхавiцкая фартэцыя выканала да канца... i адышла ў нябыт. Сымон Свiстуновiч. Фота аўтара.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Лёс iншага горада цi замка часам мае многа агульнага з лёсам чалавека. Вось Д. Бруна адправiлi на вогнiшча, а Г. Галiлей публiчна пакаяўся i цiха памё
|
|