Беларусь уступае ў вайну За ўсё жывое на зямлі
Беларусь уступае ў вайну За ўсё жывое на зямлі
У сусветнай гiсторыi ёсць нямала прыкладаў таго, як неабдуманае ўмяшанне чалавека ў натуральныя прыродныя комплексы, экасiстэмы прыводзiла да катастрафiчных наступстваў. Напрыклад, завоз трусоў у Аўстралiю, дзе цяпер тыя, не сустракаючы рэгуляратарў-драпежнiкаў, знiшчаюць лiтаральна ўсю раслiннасць, чым наносяць велiзарныя страты эканомiцы гэтай краiны. У пачатку ХХІ стагоддзя Беларусь, як i шэраг iншых краiн, таксама мусiць уступiць у самую сапраўдную вайну. I хоць галоўным ворагам у ёй з’яўляецца раслiна, iлюзiй быць не павiнна, паколькi насамрэч гаворка — нi больш, нi менш — пра захаванне ўсяго жывога. Гэта адзiная цана перамогi. А iмя ворага — баршчэўнiк Сасноўскага. Яшчэ "захопнiк" надзвычай атрутны, небяспечны для чалавека. На жаль, Мiнiстэрства аховы здароўя не вядзе асобнай статыстыкi, але ўскосныя звесткi даюць падставы гаварыць пра дзясяткi, сотнi пацярпелых ад апёкаў у краiне штогод. Гэтыя апёкi доўга не зажываюць, пасля iх на ўсё жыццё могуць застацца рубцы. Дарэчы, у асобных выпадках не выключаецца i лятальны зыход... Карацей, калi спахапiлiся, "джын ужо быў выпушчаны з бутэлькi": баршчэўнiк, якi яшчэ гадоў 30 таму быў рэдкiм, стаў самым небяспечным iнвазiйным (заносным) вiдам раслiн для экасiстэм шэрагу краiн. Ваенныя тэрмiны ў гэтым матэрыяле ўжываюцца практычна па сваiм прамым прызначэннi: пад Санкт-Пецярбургам для барацьбы з баршчэўнiкам выкарыстоўваецца бранятэхнiка. Толькi гэтым шматтонным баявым машынам аказалася пад сiлу пераараць сваiмi гусенiцамi плошчы, занятыя "агрэсарам"... — Нашу краiну гэтая навала таксама не абмiнула. Але, па-першае, на шчасце, у Беларусi няма значных ачагоў паражэння, як у навакольных краiнах. Па-другое, са стварэннем дзяржаўнага кадастру раслiннага свету ў нас з’явiлася магчымасць дакладна i адназначна даведацца пра сiтуацыю ў кожным канкрэтным раёне Беларусi. Такая праца дагэтуль нiдзе не праводзiлася, але цяпер па гэтым шляху ўслед за намi плануюць пайсцi Расiя, Украiна, Балгарыя, краiны Балтыi, — гаворыць загадчык сектара кадастру раслiннага свету Iнстытута эксперыментальнай батанiкi АН Беларусi кандыдат бiялагiчных навук Алег Маслоўскi. — У рамках стварэння кадастру праводзiўся суцэльны параённы ўлiк. Пакуль былi абследаваныя Гродзенская, Мiнская i Вiцебская вобласцi. Калi ўбачылi ўсю сур’ёзнасць сiтуацыi, па iнiцыятыве Мiнпрыроды, было прынята рашэнне аб рэалiзацыi нацыянальнага плана барацьбы з гэтым шкодным вiдам — баршчэўнiкам Сасноўскага. Такiм чынам услед за Расiяй, Украiнай, Польшчай i iншымi краiнамi гэта праблема была ўзнята на дзяржаўны ўзровень. План дзеянняў пакуль разлiчаны на чатыры гады, яго галоўная мэта — прыняцце мераў па мiнiмiзацыi ўрону i распаўсюджваннi ў нас баршчэўнiку. У прыватнасцi, на падставе ўжо атрыманых звестак будзе рыхтавацца неабходная рэкамендацыйная iнфармацыя для органаў кiравання — выканкамаў, раённых падраздзяленняў Мiнпрыроды, леснiкоў, дарожнiкаў, работнiкаў сельскай гаспадаркi. — Алег Мечыслававiч, раскажыце больш падрабязна пра ўжо выяўлены маштаб навалы. Цi ёсць у яе нейкiя асаблiвасцi? Якiя шляхi барацьбы прапануюцца? — Згодна з папярэднiмi ацэнкамi, на тэрыторыi Беларусi ёсць некалькi тысяч ачагоў паражэння, у шэрагу рэгiёнаў яны даволi сур’ёзныя. Найперш гэта датычыцца Браслаўскага раёна, нашага нацыянальнага парку Браслаў. Ён практычна цалкам "акупаваны" баршчэўнiкам. Сур’ёзныя ачагi знаходзяцца ў раёне Вiцебска, у Гарадоцкiм раёне, Ваўкавыскiм, на поўдзень ад Мiнска — у Дзяржынскiм, а таксама ў Лагойскiм, Клецкiм, каля Плешчанiц i г.д. Для кожнага раёна будуць падрыхтаваны дакладныя карты з указаннем усiх вядомых кропак, iх маштабаў, будзе прапанавана стратэгiя дзеянняў. Яна можа быць рознай у залежнасцi ад ступенi паражэння. Калi баршчэўнiк толькi пачаў пранiкаць у экасiстэму i колькасць яго невялiкая, трэба знiшчаць лiтаральна кожную кропку. У iншых выпадках выкарыстоўваць комплекс мерапрыемстваў — ад скошвання i пераворвання да гербiцыдаў. Апошнiя, праўда, нельга выкарыстоўваць на ахоўных тэрыторыях, у водаахоўных зонах, на тэрыторыi населеных пунктаў. Ачагi павiнны быць узяты ў блакаду, нельга дапусцiць распаўсюджвання папуляцыi, яе павелiчэння. У залежнасцi ад канкрэтных умоў папуляцыя можа "перасунуцца" за год на адлегласць ад некалькiх кiламетраў да некалькiх дзясяткаў кiламетраў. Баршчэўнiк найперш распаўсюджваецца на абочынах дарог, рэчышчах, вакол закiнутых фермаў i населеных пунктаў. Галоўнае, нельга дапусцiць, каб шкодная раслiна трапiла ў лясныя ўгоддзi. Калi гэта адбудзецца, "выцягнуць" баршчэўнiк адтуль будзе немагчыма. Увогуле, ёсць некалькi стадый укаранення агрэсiўнай раслiны: занос, напрыклад, на абочыну дарогi, затым утварэнне суцэльнага зараснiку, пад якiм гiне ўсё жывое, i трэцяя стадыя — пранiкненне ў натуральныя комплексы. Напачатку на перыферыi, а затым суцэльнае выцясненне абарыгенных вiдаў i ўтварэнне гiганцкага зараснiку на плошчы ў дзясяткi i сотнi гектараў. — I ў нас такiя ачагi ёсць? Як папярэдзiць iх узнiкненне? — Так, у шэрагу абследаваных рэгiёнаў яны былi выяўлены. Прычым часам з дапамогай насельнiцтва, бо спецыялiсты не могуць абследаваць лiтаральна кожны куток. Нам патэлефанавалi ўжо сотнi людзей i з дапамогай, напрыклад, аднаго такога звароту ў паўночна-заходняй частцы Дзяржынскага раёна, большая частка якога практычна чыстая ад баршчэўнiку, была выяўлена самая вялiкая ў Беларусi на сёння папуляцыя гэтай шкоднай раслiны. Дагэтуль, пакуль не патэлефанавалi грамадзяне, пра яе нiчога не было вядома. А што да сродкаў барацьбы... Ведаеце, часам дастаткова захоўваць i выконваць элементарныя — арганiзацыйныя, адмiнiстрацыйныя, тэхналагiчныя — правiлы i патрабаваннi. Як я ўжо гаварыў, баршчэўнiк Сасноўскага найперш распаўсюджваецца ўздоўж аўтадарог. Але, скажам, уздоўж нашых галоўных аўтастрадаў — Брэст — Масква, напрыклад, яго практычна няма. А ўсё таму, што дарожнiкi належным чынам выконваюць тэхналагiчны рэжым па доглядзе тэрыторыi. Тое ж можна сказаць i пра сельскую гаспадарку: дзе выконваюцца належныя санiтарна-гiгiенiчныя нормы, шкоднай раслiны амаль няма. Ёсць практычна чыстыя раёны, дзе прысутнiчаюць толькi адзiнкавыя ачагi паражэння. Таму, у адрозненне ад навакольных краiн, асноўны ўпор у Беларусi ў справе барацьбы з баршчэўнiкам мы хацелi б зрабiць на арганiзацыйныя моманты. — У iншых краiнах для гэтага час ужо згублены? — Так, па ацэнках спецыялiстаў, для вынiшчэння аднаго гектара баршчэўнiку патрэбна 600—1000 еўра. А калi гаворка iдзе пра сотнi тысяч гектараў? У Латвii, напрыклад, штогод на гэтыя мэты выдаткоўваецца каля 20 мiльёнаў еўра, прычым без асаблiвага поспеху. У прылеглых да Беларусi абласцях Расiйскай Федэрацыi на барацьбу з баршчэўнiкам штогод iдзе па некалькi мiльярдаў рублёў. — Алег Мечыслававiч, але ж навука не стаiць на месцы. Няўжо няма спосабаў не толькi iстотна знiзiць выдаткi на барацьбу з агрэсарам, але i, наадварот, атрымлiваць хоць бы нейкую карысць ад гэтай раслiны? Цi ўсё ў вынiку рызыкуе быць зведзеным да выкарыстання памянёных вышэй танкаў супраць зараснiкаў баршчэўнiку?.. — Мiнiстр прыродных рэсурсаў i аховы навакольнага асяроддзя даў даручэнне разгледзець мэтазгоднасць стварэння ў Беларусi спецыяльнага фармiравання з прыцягненнем ваенных i пажарных-выратавальнiкаў. Магчыма, такое падраздзяленне, аснашчанае спецыяльнай тэхнiкай, магло б у выпадку неабходнасцi на асаблiва буйных аб’ектах комплексна вырашаць нейкiя задачы па барацьбе з баршчэўнiкам... У кожнай прапанове ёсць зерне рацыянальнасцi. Што да карысцi, дык iснуе такi паўжартоўны выраз: каб вывесцi нейкую раслiну, трэба аб’явiць яе карыснай. Калi ж сур’ёзна, дык ужо прапрацоўвалiся розныя магчымыя моманты па выкарыстаннi баршчэўнiку. I ў якасцi палiва, але гэты варыянт аказаўся эканамiчна нявыгадным, i на сувенiры са сцябла раслiны. Аднак ва ўсiх гэтых выпадках iснуе рызыка далейшага распаўсюджвання. Ужо iснуюць методыкi, якiя паспяхова выкарыстоўваюцца. Яны не проста дапамагаюць знiшчаць шкодную i небяспечную раслiну, але i перашкаджаюць яе распаўсюджванню. Скажам, ёсць спецыяльныя травасумесi, якiя забяспечваюць пакрыццё глебы дзёрнам, што не дае нiякiх шанцаў укаранiцца баршчэўнiку. Адначасова такiм чынам можна атрымлiваць i дадатковыя сельскагаспадарчыя ўгоддзi. Акрамя пэўных планаў барацьбы ў блiжэйшыя чатыры гады давядзецца правесцi вялiкую даследчую працу. З наступнага года распачнецца вялiкая комплексная тэма па ўсебаковым вывучэннi, якая ставiць сваёй мэтай у тым лiку пошук нестандартных метадаў барацьбы з баршчэўнiкам. У батанiкаў, спецыялiстаў сельскай гаспадаркi ўжо ёсць арыгiнальныя задумкi адносна распрацоўкi такiх метадаў. Гаварыць пра гэта пакуль рана, заўважу толькi, што размова iдзе пра тое, як кропкава вынiшчаць агрэсiўны вiд, не шкодзячы iншым. — Чалавек неабдумана ўмяшаўся ў прыроду, парушыў нейкi баланс, а цяпер сам жа прыкладае тытанiчныя намаганнi, каб лiквiдаваць, цi хоць бы мiнiмiзаваць наступствы таго кроку. А сама па сабе прырода здольная аднавiцца? — Прыродныя комплексы валодаюць пэўнай стабiльнасцю i яны сапраўды могуць справiцца з гэтай задачай. Адзiнае, мы не павiнны парушаць стабiльнасць i ўстойлiвасць. Дзе найперш з’яўляецца баршчэўнiк Сасноўскага? На спустошаных, парушаных участках, дзе аголеная глеба, дзе адбылася яе дэградацыя. Заўважу, у вынiку дзейнасцi чалавека. Працэсы аднаўлення найбольш яскрава можна прасачыць на забруджаных тэрыторыях, дзе зараз няма iнтэнсiўнага выкарыстання зямель чалавекам. Як чалавек, якому, каб справiцца з iнфекцыяй, трэба быць моцным, дужым, прырода аднаўляе там свае "сiлы" i выцясняе баршчэўнiк. Iснуе логiка развiцця экасiстэмы, калi кожная стадыя заканамерна змяняе папярэднюю. Там, дзе чалавек не парушае цэласнасць, дзе зводзiць да мiнiмуму антрапагенную нагрузку на прыроду — там заносных вiдаў, у тым лiку i баршчэўнiку, амаль няма, i прыродныя комплексы пакрысе, але аднаўляюцца. — Дзякуй за гутарку! Сяргей РАСОЛЬКА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У сусветнай гiсторыi ёсць нямала прыкладаў таго, як неабдуманае ўмяшанне чалавека ў натуральныя прыродныя комплексы, экасiстэмы прыводзiла да катастра
|
|