21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Па закону бутэрброда

26.08.2009 10:38 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Па закону бутэрброда

Гiсторыю гэту, праўдзiвую ад пачатку да канца, расказвала мая цётка Марыя. Ва ўсiх, хто слухаў, ледзь жываты не палопалiся — мастачка яна расказваць... У мяне, напэўна, так не атрымаецца — перадаць яе iнтанацыю, каларыт, але ж паспрабую. І пачну, як яна, здалёк.

Патрэбная рэч самагоначка, асаблiва ў вёсцы — то агарод заараць, то нешта прывезцi-адвезцi, то госця прыняць. Ды i самiм зрэдчас кiлiшак-другi не пашкодзiць.

У краму па яго, аднак, не набегаешся — сваё добра мець.

Дык вось аднойчы мой Антось i рашыў заняцца "вытворчасцю". Прычым — сярод белага дня. Сварылася на яго, казала, а што, калi чужы нехта ў хату зойдзе — нечаканы-нежаданы, а што, калi ўчастковага раптам прынясе? Ён не заходзiў, праўда, дагэтуль, але ж бутэрброд, калi падае, то абавязкова маслам унiз. Так i тут можа здарыцца — да лiха не далёка...

Але ж калi мужык рашыў, — яго не перайначыш. Сабраў прылады ўсе, распачаў працэс — глядзiш i першыя кроплi ўжо закапалi. А я ж нервуюся... Давай з таго страху бялiзну мыць. Думаю — па ваду да калодзежа бегаць буду, нешта вешаць на вулiцы, а заадно — пазiраць, каб не прынесла каго.

Шчыруем, значыць, пры занятку ўсе: Антось самагонку цiсне, я мыю, сонейка свецiць, нiхто нiкому не перашкаджае. Ужо i да завяршэння справы iдуць: у Антося (прадэгуставаў не раз) слабая пайшла. Мне — толькi чыстае спаласнуць засталося. Добра, i вадзiчка цёплая пад рукой — цэлае вядзерца. Вынесла яго на падворак, плюхнула ў балею, палашчу ды вешаю, палашчу ды вешаю. Добранька ўсё. Вось толькi... самагонкай дужа смярдзiць. Халера на яе!.. Мала таго, што ў хаце, у двары, — усё наваколле ёю прапахлася. Ведама — сонца, дзень. Казала ж мужыку, што нармальныя людзi гэту, можна сказаць, iнтымную справу ноччу робяць, прасiла ж, каб да вечара пачакаў. Не, прыспiчыла... Ну ж зараз i ўвалю!

З гэтым цвёрдым намерам шыбую я ў хату i спынiць мяне, здаецца, не можа нiшто. Хiба гэта — цiхае Антосева пытанне:

— А дзе-та, Маруся, вядзерца з гарэлкай падзелася? Стаяла во тут...

Нямая сцэна доўжылася з хвiлiну. Далей — былi словы, але спрэс нецэнзурныя. Вы здагадалiся, чаму?

А. Шумчык, г. Мiнск

г. Мiнск Чаго шкадаваць...

Здарылася гэта ў нашай вёсцы напрыканцы 70-х (калi помнiце, падчас татальнага дэфiцыту!..) — у Яўхiмавай жонкi забалеў жывот. Прычым нясцерпна, справа, пасярод ночы... "Мусiць, апендыцыт, — спалохалiся блiзкiя, — трэба ў "хуткую" званiць.

Лёгка гэтак сказаць, — зрабiць цяжэй, калi тэлефонаў на ўсю вёску раз-два i аблiчыўся, блiжэйшы — у другiм канцы вулiцы... Але ж у сваяка. Яўхiм ногі ў боты, ускiнуў на плечы ватоўку i панёсся туды.

— Сцяпанка, адчыняй! — забарабанiў у дзверы.

З таго боку загрукала засаўка.

— Чаго табе? — спытаў гаспадар.

— Нюрцы дрэнна. Мусiць, апендыцыт? Трэба "хуткую" выклiкаць.

— Ну тады разувайся.

— ?

— Палас у мяне, разумееш?

— Што ў цябе?

— Ды дыван такi... На падлозе. Новы, з Польшчы прывезлi. Так што, калi хочаш пазванiць...

Яўхiм — чалавек культурны, але тут не стрываў — аблажыў сваяка мацюкамi, павярнуўся i пабег далей, на суседнюю вулiцу. Там другая сваячка жыла, таксама з тэлефонам. I, дзякаваць богу, без паласа... Ды каб i быў — яна ведала, што трэба шкадаваць чалавека, а нейкай там анучы, хай i дэфiцытнай, хай i дарагой.

Дз. К. Дубадзелава,

в. Ленiна, Добрушскi раён

Чароўныя словы

Лянота — рухавiк прагрэсу: пульт да тэлевiзара, упэўнены, нехта з гультаёў прыдумаў. А мы цяпер карыстаемся.

Сяджу вось, з канала на канал пераключаюся. На адным — падарожжа нейкае. У сэнсе — што бачаць, тое i здымаюць. А потым — нам паказваюць.

Я — гляджу: вёска на экране, падворак, студня паводдаль.

— Давай вадзiцы пап’ём, — кажа дзеўцы хлапец. Апускае ў калодзеж вядро, выкручвае. Дзеўка ад захаплення аж млее, бо, мусiць, гарадская нейкая, "канапная" — нiчога такога нiколi не бачыла.

А потым — я вачам не паверыў — рукi лодачкай склала i ў ваду, зачэрпвае i... над вядром п’е!

Камера ўсё здымае, хлопец — маўчыць. Потым — яго чарга — нахiляе вядро, робiць колькi глыткоў, але ж пiць не можа...

Гэты эпiзод напомнiў мне другую гiсторыю.

Значыць, мiнулы век, пачатак 70-х, Заходняя Беларусь, вяселле — Ванда замуж выходзiць. Але ж вёска сышлася, каб паглядзець не толькi на яе — на бяседу цётка Польця "з-за кардону" прыехала.

Ну, вядома ж разадзетая ну зусiм не так, як бабы тутэйшыя! I прычасаная... I расфуфыраная... А ўжо танчыла, як... Прытамiлася, прыпынiлася i згледзела заадно, што туфлi яе ўжо не белыя, а мякка кажучы, трохi мурзатыя. Трэба ж з гэтым нешта зрабiць?

Кiруе, значыць, цётка да студнi, выкручвае вядро вады, ставiць яго... на зямлю. А далей — руку ў вядро i... абмыла носiк ў туфлях, руку ў вядро — працерла бачок...

У бяседнiкаў ад жаху аж скiвiцы адвiслi, мову адняло! Але ж да асобных яна б вярнулася, калi б госця не з замежжа была, а так...

Кабета адна не вытрымала, Маруся. Яе — гэткi ў чалавека характар быў — не тое, што мясцовае начальства, сам участковы як смерцi баяўся...

То падыходзiць яна да студнi, бярэ вядро i ваду з яго шух на тую паненку.

Польця ў пiск! Польця ў крык! Лямантуе нешта... I людзi зноў-такi — пачуццi яе разумеюць, але маўчаць, бо што ж тут тлумачыць?

Толькi Маруся на месцы не стаiць: яшчэ раз да госцi падышла, на вуха штосьцi сказала, панi i заткнулася. А потым i наогул схавалася дзесь...

Што цiкава, вёска, мусiць, i дагэтуль не ведае, што ж канкрэтна ёй сказала Маруся?

А. Рэзнiк,

г.п. Гарадзея, Нясвiжскi раён

Вынаходнiк

Хто б там што нi бурчэў наконт "суцэльнай флiкерызацыi", справа гэта карысная. Асаблiва — у цёмны час сутак (якiм стаў цяпер ледзь не ўвесь дзень), на, так бы мовiць, безлiхтарных вулiцах i ў вёсках. Там без "Светувозвращающего" элемента (помнiце рэкламу?) пешаход не пешаход, а патэнцыяльны ўдзельнiк ДТЗ...

Пра ўсё гэта Павел Мiкалеевiч ведаў i флiкеры меў: яго законапаслухмяная жонка назапасiла iх на ўсе выпадкi жыцця. Але ж у той вечар — не збiраўся недзе затрымлiвацца... А тут кампанiя — слова да слова, чарка да чаркi...

Дамоў рушыў позна — па цёмных аддаленых вулiцах... Чуе — машына даганяе.

— Выпiлi, грамадзянiн? — пытае з яе мiлiцыянер.

— Не без таго, — кажа Павел Мiкалаевiч, ведаючы, што галаву (ну павiнную...), меч не сячэ.

— I без флiкера? — працягвае "допыт" служывы.

— Ну...

— То плацiце штраф.

— Дык гэта... Грошай з сабою няма, — разводзiць рукамi парушальнiк. — Хiба што дахаты падвезяце, — там i заплачу.

— Добра.

Сеў Павел Мiкалаевiч у машыну, даехаў пад самыя веснiчкi, у жонкi грошы ўзяў — як належыць, штраф заплацiў. Мiлiцыя з’ехала. А палавiна яго ў гвалт...

Праўда, ён спынiў яе хутка. Спытаў:

— Ну i чаго ж ты сварышся? Мужыка твайго з гэткiм камфортам, з гэткай аховай дадому прывезлi... I ўсяго за тры з паловаю тысячы! Ды я на таксi ўсе сем заплацiў бы!

Зацiхла жонка, згадзiлася: не дурны мужык — зэканомiў! I галоўнае — здагадаўся ж, як!

Нiна Рыбiк, г. Астравец

г. Астравец

Рубрыку вядзе Валянцiна Доўнар.

Ад яе ж... На гэты раз байка. У тэму. Аўцюк адзiн на апошнi аўтобус спазнiўся. Думае, што ж рабiць, як у вёску заехаць?

У мiлiцыю даўся, заяўляе:

— У мяне па суседстве ёсць чалавек з аўтаматам.

Дзяжурны, соладка пазяхаючы, расцяжна кажа яму:

— Сядайце вось, пiшыце заяву... Заўтра прыйдзе начальства, можа i разбяром.

Асечка, значыць? Аўцюк тады з другога боку:

— Дык гэта... Я ж кажу: ёсцека чалавек з аўтаматам... Але вам — слабо: не забераце.

— Хто?.. Мы?.. Не забяром?! Мужык, ты думай, што кажаш.

— Думаю-думаю — не забераце! Аўтамат ён вам нiколi не аддасць! У заклад iду!

— Ну калi так, — паехалi!

I па газах...

Прыязджаюць у Вялiкiя Аўцюкi, спыняюцца... ля помнiка воiну-вызвалiцелю.

— Во, у яго аўтамат, бачыце — паказвае мужык. — Але ж я казаў вам, што ён не аддасць.

...То i я вам, яшчэ раз кажу — званiце 287-18-51, пiшыце!

 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гiсторыю гэту, праўдзiвую ад пачатку да канца, расказвала мая цётка Марыя. Ва ўсiх, хто слухаў, ледзь жываты не палопалiся — мастачка яна расказваць..
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика