Мільён налева — мільён направа...?
Мільён налева — мільён направа...?
Сёлета восенню Камiтэтам дзяржкантролю Брэсцкай вобласцi сумесна з Галоўным упраўленнем Мiнiстэрства фiнансаў Беларусi па Брэсцкай вобласцi была праведзена комплексная праверка ў Баранавiцкiм раёне. Правяралася выкананне заканадаўства ў сферы фiнансавых i падатковых адносiнаў, i не толькi. Камiсiя адзначыла некалькi iстотных момантаў. У раёне назiраецца тэндэнцыя росту пратэрмiнаванай запазычанасцi па пазыках. Напрыклад, калi на пачатак 2007 года яна складала 4442,5 млн рублёў, то на верасень 2008 года сума вырасла ў два разы. Кантралёры падкрэслiлi, што нягледзячы на бюджэтную запазычанасць, некаторыя гаспадаркi раёна дазволiлi сабе раскошу i набылi легкавыя аўтамашыны, прычым некаторыя —дзве цi нават тры. У народзе ёсць прымаўкi: "Капейка рубель беражэ" цi "Курыца па зярнятку дзяўбе...", якiя падкрэслiваюць, што без беражлiвага стаўлення да кожнага рубля нельга марыць пра заможнае жыццё. Тысячы складваюцца ў мiльёны, а тыя вырастаюць у мiльярды, якiя могуць быць з плюсам цi з мiнусам. На першы погляд, парушэннi быццам бы i не значныя, а набягаюць сумы. Адна справа, калi дапушчаны некаторыя парушэннi з камандзiровачнымi расходамi, але калi ёсць завышэнне падрадчыкамi кошту выкананых работ, спiсвання прадуктаў харчавання цi недахоп матэрыяльных каштоўнасцяў, то гэта расцэньваецца як сур’ёзныя парушэннi. У раённым аддзеле адукацыi такiх парушэнняў набралася на дзевяць мiльёнаў. У пасёлку Мiрным Баранавiцкая ПМК-2 рамантавала мясцовы Дом культуры. Устаноўлена, што ў аддзеле культуры завышэнне кошту работ складае больш чым 15 млн рублёў. Незаконна былi зрасходаваны грошы i ў сельгаскааператыве "Паланэчка". Тут цэлы букет парушэнняў: надбаўкi на закупачныя цэны, спiсанне палiва i яго недахоп, завышэнне будаўнiчых работ... вось i былi панесены страты ў памеры 14,7 млн рублёў. Вышэй прыведзены самыя буйныя лiчбы, шмат арганiзацый i ўстаноў фiгуруе ў справаздачы дзяржкантролю з меншымi сумамi. Нават на незаконным адпусканнi дзiцячага харчавання для малых, узрост якiх за два гады, набегла сума ў 3,6 млн рублёў. Правяраючыя канцэнтравалi сваю ўвагу не толькi на фiнансавых парушэннях, але i на праблемах вёскi. Колькi ў нас гаварылася пра аказанне дапамогi насельнiцтву пры апрацоўцы сельгаскультур на асабiстых падсобных гаспадарках, нарыхтоўцы кармоў. У вобласцi нават iснуе "Праграма развiцця прыватных падсобных гаспадарак грамадзян Брэсцкай вобласцi на 2006—2010 гады". І вось ужо прадугледжана стварыць роўныя ўмовы забеспячэння кармамi, аказання паслуг вяскоўцам, якiя вядуць асабiстыя падсобныя гаспадаркi. Калi не памыляюся, робiцца гэта не ў першыню. Нават плануецца колькi грубых кармоў на карову (не менш за 2 тоны) павiнен накасiць прыватнiк на выдзеленым участку лугу. У высокiх мiнiстэрскiх кабiнетах могуць планаваць (у добрых намерах) усё, што здавалася б, павiнна падтрымаць асабiстыя гаспадаркi. Але ўсе гэтыя планы будзе выконваць старшыня сельгаскааператыва цi кiраўнiк прадпрыемства. А ў яго сваё меркаванне наконт тых планаў. Кiраўнiк СВК — чалавек прагматычны i ведае, што "галаву знясуць", калi на зямлi сельгаскааператыва не будзе своечасова сеяцца i жацца, а тое, што нехта там у вёсцы чакае каня, каб заараць свой агарод, то гэта справа дзясятая — за гэта ў раёне "часаць" не будуць, бо i там найперш думаюць пра грамадскае поле i статак. I той факт, што прыватнiкi ў краiне даюць амаль 90 працэнтаў бульбы, 82,5 працэнта гароднiны, 20,3 працэнта малака... хвалюе далёка не ўсiх. Для многiх старшыняў СВК мясцовы фермер, асаблiва ўдачлiвы — канкурэнт у плане гаспадарлiвасцi. Вось чаму важна, каб у поўным аб’ёме выконвалiся мерапрыемствы рэгiянальных i дзяржаўных праграм. Якраз гэта i падкрэслiла камiсiя дзяржкантролю. Падчас рэвiзii было ўстаноўлена таксама, што не вырашаны пытаннi паляпшэння якасцi бытавога абслугоўвання насельнiцтва вёскi. У раёне было запланавана за 2007—2008 гады стварыць 8 камунальна-бытавых структур, а стварылi толькi адну. Магчыма, не трэба было такiя будаваць планы, а зыходзiць з рэальных магчымасцяў. Улiчыўшы не толькi фiнансавы бок, але i мэтазгоднасць тых структур. Вяртаючыся да фiнансавых парушэнняў, адзначу, што яны выяўлены ў дзяржаўным сектары — гэта там раскiдваюцца народнымi грашыма, а дзе было бачна, каб прыватнiк пераплацiў сваю тысячу? А вось прыхапiць сабе — гэта iншая справа. Па вынiках работы дзяржкантролю Баранавiцкiм райвыканкамам былi зроблены адпаведныя высновы. I пытанне тут не ў дысцыплiнарных спагнаннях i адмiнiстрацыйных штрафах накладзеных на службовых асобаў, а ў тым, каб з новай рэвiзiяй усё не паўтарылася. Сымон Свiстуновiч.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сёлета восенню Камiтэтам дзяржкантролю Брэсцкай вобласцi сумесна з Галоўным упраўленнем Мiнiстэрства фiнансаў Беларусi па Брэсцкай вобласцi была праве |
|