Што прададуць без рэцэпта?
Што прададуць без рэцэпта?
Пералiк лекавых сродкаў, якiя рэалiзуюцца ў аптэчных установах без рэцэпта ўрача, пашыраны на 51 пазiцыю. Адпаведнае рашэнне зацверджана пастановай Мiнiстэрства аховы здароўя i днямi ўступiць у сiлу. — Пералiк лекавых сродкаў, даступных для безрэцэптурнага водпуску, перыядычна пераглядаецца, паколькi ў нашай краiне рэгiструюцца новыя лекавыя сродкi айчыннай i замежнай вытворчасцi або новыя формы выпуску ўжо зарэгiстраваных лекавых сродкаў, — паведамiла журналiсту "Звязды" вядучы спецыялiст упраўлення фармiнспекцыi i арганiзацыi лекавага забеспячэння Мiнiстэрства аховы здароўя Ірына Шаўчэнка. — Адначасова з гэтым завяршаецца тэрмiн дзеяння рэгiстрацыйных пасведчанняў на некаторыя прэпараты. Да таго ж пастаянна вядуцца работы па вывучэннi эфектыўнасцi i бяспечнасцi лекавых сродкаў, якiя выкарыстоўваюцца ў практычнай медыцыне, прычым не толькi рэцэптурных, але i безрэцэптурных. Дарэчы, апошнi раз пералiк пераглядаўся ў вераснi 2007 года. Пры распрацоўцы новага дакумента, у прыватнасцi, улiчвалiся практыка i аналiз прымянення безрэцэптурных лекавых сродкаў з ранейшага пералiку, выкарыстоўвалiся апошнiя звесткi аб iх бяспечнасцi, пераноснасцi, эфектыўнасцi, тэрапеўтычнай распаўсюджанасцi, прымалiся пад увагу таксама дазiроўка дзеючага рэчыва i форма выпуску. Так, напрыклад, з пералiку былi выключаны рэтардныя формы таблетак (капсул) iндаметацыну (мiжнароднае непатэнтаванае найменне лекавага сродку), напрыклад, метындол рэтард, а таксама таблеткi з замаруджаным вызваленнем такога лекавага сродку, як глiцэрыл трынiтрат (нiтронг фортэ, сустак фортэ). Новы пералiк уключае 198 мiжнародных непатэнтаваных найменняў лекавых сродкаў i 682 гандлёвыя назвы камбiнаваных лекавых сродкаў — усяго 880 пазiцый. "Выданне абноўленага пералiку лекавых сродкаў, якiя рэалiзуюцца без рэцэпта ўрача, накiравана на забеспячэнне даступнасцi для пацыентаў найбольш запатрабаваных i бяспечных лекавых сродкаў. А што датычыцца лекавых сродкаў, не ўключаных у дадзены пералiк, то яны павiнны рэалiзоўвацца толькi па прызначэннi ўрача. I аптэкi не павiнны заахвочваць безадказнае самалячэнне пацыентаў", — падкрэслiла Iрына Шаўчэнка. Паводле слоў начальнiка ўпраўлення фармiнспекцыi i арганiзацыi лекавага забеспячэння Людмiлы Рэуцкай, апошнiм часам пачасцiлiся звароты грамадзян са скаргамi на работу аптэк, звязаныя з няправiльным, паводле меркавання заяўнiкаў, водпускам лекаў. Праведзеныя праверкi паказваюць, што нярэдка прычына ўзнiкнення канфлiктнай сiтуацыi заключаецца ў няправiльна выпiсаным так званым "рэцэпце", якi з’яўляецца шматком паперы адвольнай формы з неразборлiва надрапанай назвай лекавага сродку без указання дазiроўкi, формы выпуску i спосабаў прымянення. Нярэдка ўрачы-практыканты ўвогуле не выпiсваюць пацыенту рэцэпт, а даюць рэкамендацыi ў вуснай форме. — У сувязi з гэтым хочацца ўсiм нагадаць, што рэцэпт урача — гэта яго медыцынская дакументацыя i пiсьмовы зварот да фармацэўта з просьбай адпусцiць пацыенту неабходныя яму лекi, — звярнулася да калег на I з’едзе урачоў амбулаторнай практыкi Людмiла Рэуцкая. — I гэты зварот павiнен афармляцца належным чынам, на зацверджаных рэцэптурных бланках з подпiсам i асабiстай пячаткай урача. Пацвярджаючы рэцэпт сваiм подпiсам i пячаткай, урач нясе такiм чынам адказнасць за прызначэнне лякарства. Тэрмiн дзеяння рэцэпта на наркатычныя сродкi складае 5 дзён з дня выпiскi рэцэпта, на псiхатропныя — 30, а на ўсе астатнiя лекi — да 2 месяцаў. Для пацыентаў жа з хранiчнымi захворваннямi, каб не прымушаць iх кожны раз звяртацца ў палiклiнiку, пры выпiсцы рэцэптаў па форме 1 дазваляецца ўстанаўлiваць тэрмiн дзеяння рэцэпта ў межах курса iх лячэння — тэрмiнам да трох месяцаў. Варта ўказваць таксама перыядычнасць рэалiзацыi лекавага сродку ў аптэцы. Аптэка кожны раз пры водпуску прэпарата робiць адпаведныя адзнакi ў рэцэпце i вяртае яго хвораму. У Мiнiстэрстве аховы здароўя не хаваюць сваёй заклапочанасцi размахам самалячэння насельнiцтва, якое заахвочваецца шматлiкiмi публiкацыямi i перадачамi па радыё i тэлебачаннi, а таксама актыўнай рэкламай лекавых сродкаў. Па тэлевiзары нам расказваюць у рэкламным ролiку, як жыць з адэномай прастаты цi як дапамагчы свайму страўнiку, па радыё — даюць парады, як прымаць аспiрын для прафiлактыцы сардэчна-сасудзiстых захворванняў... Арсенал лекавых сродкаў, якiя падыходзяць для прафiлактыцы i самалячэння з высокiм профiлем бяспекi, насамрэч пастаянна расце, аднак няправiльнае выкарыстанне лекавых сродкаў i iх узаемадзеяння з iншымi прэпаратамi можа прывесцi да сур’ёзных наступстваў для здароўя чалавека цi стаць прычынай несвоечасовага звароту па квалiфiкаваную дапамогу, — папярэджваюць ўрачы. Дарэчы, па звестках рознiчнага аўдыту, прыведзеных у часопiсе "Рэцэпт", у першым паўгоддзi 2008 года дзясятка вядучых гандлёвых найменняў па аб’ёмах аптэчных продажаў выглядала ў Беларусi наступным чынам: лiдзiруючыя пазiцыi, як i год таму, займаў эналапрыл. Далей за iм iдуць дзiратон, мiлдранат, аугменцiн, лiзiнапрыл, эссэнцыале Н, прэдуктал MR, тэрафлю ад грыпу i прастуды, лiнэкс i актавегiн. А пакiнулi першую дзясятку рэйтынгу мезiм фортэ, тэрафлекс, амладзiн, прастамол Уна i карвалол. Сярод асобных груп лекавых сродкаў трэцюю прыступку ў аб’ёмах продажу займаюць вiтамiны, чацвёртую — анальгетыкi, пятую — прэпараты для лячэння захворванняў сэрца, а лiдзiруюць у гэтым рэйтынгу антыбактэрыяльныя прэпараты, прызначаныя для сiстэмнага выкарыстання. Спецыялiсты канстатуюць рост продажаў у першым паўгоддзi антыбактэрыяльных прэпаратаў, вiтамiнаў, прэпаратаў для пазбаўлення ад сiмптомаў прастуды i кашлю i анальгетыкаў. Надзея НIКАЛАЕВА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пералiк лекавых сродкаў, якiя рэалiзуюцца ў аптэчных установах без рэцэпта ўрача, пашыраны на 51 пазiцыю. Адпаведнае рашэнне зацверджана пастановай Мi
|
|