Каляскі з прывадам не стануць дэфiцытам
Каляскі з прывадам не стануць дэфiцытам
За апошнi год колькасць выхадаў "на групу" ў Беларусi зменшылася на 10 працэнтаў. Тым не менш праблема iнвалiднасцi застаецца вострай. Зараз абмежаваныя магчымасцi маюць больш за 511 тысяч грамадзян краiны. І ў тым лiку iнвалiдамi з’яўляюцца 27,4 тысячы дзяцей. Усё вызначае БПМ Галоўнай крынiцай даходаў большасцi iнвалiдаў была i застаецца пенсiя. Варта нагадаць, што пры наяўнасцi стажу чалавеку з абмежаванымi магчымасцямi прадастаўляецца працоўная пенсiя, пры адсутнасцi стажу — пенсiя сацыяльная. Як зазначыла намеснiк мiнiстра працы i сацыяльнай абароны Валянцiна Каралёва, у залежнасцi ад узросту iнвалiда неабходны для атрымання працоўнай пенсii стаж да выхаду на групу павiнен складаць ад 1 да 15 гадоў. Памеры пенсiй тут прызначаюцца паасаблiваму. У звязцы са ступенню страты здароўя пенсii iнвалiдам I групы вызначаныя ў 75, II групы — у 65, III групы — у 40 працэнтаў ад заробку. Для параўнання, "звычайная" пенсiя ў 75 працэнтаў ад заробку прызначаецца мужчынам са стажам у 45 i жанчынам са стажам у 40 гадоў, а пенсiя ў 65 працэнтаў ад заробку — адпаведна пры стажы 38 i 33 гады. Заканадаўства вызначае і дадатковыя гарантыi. Так, iнвалiд, якi адпрацаваў пасля прызначэння пенсii 24 месяцы, можа разлiчваць на яе пераразлiкi. Асобным катэгорыям (iнвалiдам вайны, iнвалiдам з дзяцiнства, карлiкам i лiлiпутам) пенсiя прызначаецца датэрмiнова. Прадугледжаны надбаўкi на догляд: iнвалiдам I групы — у памеры 100 працэнтаў, адзiнокiм iнвалiдам II групы, якiя маюць патрэбу ў доглядзе, i iнвалiдам ва ўзросце ад 80 гадоў i больш — у памеры 50 працэнтаў мiнiмальнай пенсii па ўзросце. Існуе правiла павышэння на 50 працэнтаў мiнiмальнай пенсii па ўзросце выплат iнвалiдам з дзяцiнства, "група" якiм ўстаноўлена пажыццёва. У лiстападзе сярэдняя па краiне працоўная пенсiя па iнвалiднасцi складала 354,7 тыс., а сярэдняя сацыяльная пенсiя — 169,8 тыс. рублёў. I ў тым лiку сацыяльная пенсiя ў дзяцей-iнвалiдаў — 178,2 тысячы. Новыя памеры сацыяльных пенсiй (у залежнасцi ад катэгорыi — у межах ад 50 да 85 працэнтаў бюджэту пражытковага мiнiмуму) былi вызначаны з 1 лiпеня. Пакуль тут усё без змен. — Трэба мець на ўвазе, што да любога павышэння пенсiй пэўным катэгорыям нельга падыходзiць аднабакова, у прыватнасцi, памер сацыяльнай пенсii нiколi не павiнен перавышаць памер пенсii працоўнай — у адваротным выпадку проста знiкне сэнс працаваць, — заўважыла Валянцiна Каралёва. — Разам з тым трэба падкрэслiць: "прывязка" сацыяльных пенсiй да бюджэту пражытковага мiнiмуму гарантуе iх паступовы рост — пераразлiкi такiх пенсiй адбываюцца пасля кожнага павышэння БПМ. Няма групы — ёсць пытаннi Асобная гаворка аб дзецях-iнвалiдах. Апроч пенсiй, тут прадугледжаныя iншыя вiды падтрымкi. Дапамога на такое дзiця перавышае "стандартны" памер на 40 працэнтаў. А сем’ям, якiя выхоўваюць iнвалiда, дапамогi на дзяцей ва ўзросце больш за 3 гады выплачваюцца незалежна ад сукупнага даходу бацькоў. Такiя сем’і маюць права на льготы па падаходным падатку (у бацькоў не абкладаюцца такiм падаткам па 4 базавыя велiчынi на кожнае дзiця), дадатковыя пенсiйныя гарантыi. Сёлета ў працоўным заканадаўстве з’явiлася новая норма — у сям’i, дзе выхоўваецца iнвалiд, магчымасць карыстацца адным свабодным ад работы днём у тыдзень з аплатай па сярэднiм заробку прадастаўлена не толькi мацi, але i бацьку. Дзецям-iнвалiдам захавалася льгота па забеспячэннi сродкамi тэхнiчнай рэабiлiтацыi. Аднак менавiта тут iснуе цi не самае вялiкае пытанне. Справа ў тым, што якiх-небудзь скiдак па дапаможных сродках для дзяцей, якiя iнвалiдамi не лiчацца, але маюць сур’ёзныя захворваннi, няма. Гарсэты, бандажы, "распоркi", iншыя артапедычныя вырабы бацькам такiх дзяцей даводзiцца купляць на ўмовах поўнай аплаты. А не забяспечыць дзiця з захворваннем неабходнымi тэхнiчнымi сродкамi сёння — значыць атрымаць iнвалiда заўтра. У сталiцы ўсё ж прынятае рашэнне — прадастаўляць неабходныя дапаможныя сродкi дзецям, якiя не маюць статусу iнвалiда, за кошт мясцовага бюджэту. Правiла сёння датычыцца толькi мiнчан. — Гэта сапраўды вельмi балючая тэма, таму наша мiнiстэрства падрыхтавала свае прапановы, — зазначае Валянцiна Каралёва. — Больш за тое: цяпер ужо вядзецца падрыхтоўка праекта новага нарматыўнага акта, якi, спадзяюся, i дазволiць вырашыць праблему. Мабiльнiк — не раскоша Тым часам сам пералiк сродкаў тэхнiчнай рэабiлiтацыi, якiмi забяспечваюцца iнвалiды, пашыраецца. Сярод навiнак тут можна адзначыць сотавыя тэлефоны з сiнтэзатарам маўлення, прыстасаваннi для праслухоўвання агучанай лiтаратуры, а таксама каляскi з электрыфiкаваным прывадам. Дарэчы, вытворчасць электракаляскi плануецца паставiць "на паток" ужо ў наступным годзе. Як адзначаюць у Беларускiм пратэзна-артапедычным аднаўленчым цэнтры, магчымасць забяспечыць людзей з абмежаванымi магчымасцямi гэтым сродкам перасоўвання пад поўную патрэбу ёсць. Пры гэтым вызначана, што iнвалiды I групы, якiя будуць мець адпаведныя медыцынскiя рэкамендацыi, змогуць набыць электракаляску на ўмовах 20-працэнтнай аплаты. Што да поўнага кошту, то на сёння ён ацэньваецца ў 3,5-4 млн рублёў. Нятанна. У той жа час нельга не заўважыць: кошт замежных аналагаў пачынаецца ад 6 тысяч еўра. Як пазбегнуць iнтэрната? Тэхнiчныя сродкi рэабiлiтацыi — шанц пазбегнуць дома-iнтэрната. Як, да слова, i безбар’ерны асяродак цi дапамога праз тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельнiцтва. Зараз пры 154 цэнтрах працуюць больш за тысячу самых розных гурткоў i клубаў па iнтарэсах, 69 рэабiлiтацыйных майстэрняў, 2 аддзяленнi кругласутачнага знаходжання для маладых iнвалiдаў, 45 аддзяленняў кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту i iнвалiдаў, а таксама 89 аддзяленняў дзённага знаходжання для iнвалiдаў. Прычым гэтыя лiчбы ўзрастуць. Так, паведамiла Валянцiна Каралёва, да 2010 года тыя ж аддзяленнi дзённага знаходжання павiнны працаваць ва ўсiх без выключэння раёнах Беларусi. Спачатку — навучанне Не сакрэт, што дазвол на працаўладкаванне мае далёка не кожны. Аднак i наяўнасць такога дазволу ў iнвалiда — яшчэ не гарантыя атрымання вакансii. Адпаведна, падкрэслiла Валянцiна Каралёва, працягнецца практыка накiравання людзей з абмежаванымi магчымасцямi на працоўную рэабiлiтацыю i вызначэння спецыяльнай "бронi". На працягу апошнiх трох гадоў менавiта на "зарэзерваваныя" працоўныя месцы ўдалося ўладкаваць 3,7 тыс. iнвалiдаў. А ў цэлым праз службу занятасцi за гэты час работу атрымалi 5,9 тысячы грамадзян "на групе". Адна з галоўных цяжкасцяў у гэтым выпадку — прафесiйная падрыхтоўка цi перападрыхтоўка. Таму магчымасцi для атрымання новых спецыяльнасцяў плануецца пашырыць. У прыватнасцi, непасрэдна пры Беларускiм пратэзна-арапедычным цэнтры наладжана навучанне чарцёжнiкаў, канструктараў-чарцёжнiкаў, майстроў па рамонце абутку. А ў будучым пры цэнтры ёсць намер навучаць на сталяроў, цесляроў i рэзчыкаў па дрэве. Прынамсi, тут ужо распачынаецца набор у адпаведныя групы. Сяргей ГРЫБ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
За апошнi год колькасць выхадаў "на групу" ў Беларусi зменшылася на 10 працэнтаў. Тым не менш праблема iнвалiднасцi застаецца вострай. Зараз
|
|