Дзiрван
Дзiрван
Некалi ў нас, местачковых хлапчукоў, з вулiц, якiя будавалiся па-над берагам ракi Мядзелкi, было любiмае месца ад апошняга снегу да першага. Называлi мы яго "палянка". Гэта быў досыць вялiкi лапiк удзiрванелай зямлi, на якой раслi стогадовыя лiстоўнiцы, пасаджаныя па iнiцыятыве ксяндзоў з касцёла на другiм беразе рэчкi. І вельмi распаўсюджанай гульнёй былi "клiны" цi проста "дзiрван". Збiралiся мы на ўдзiрванелым пагорку пад лiстоўнiцамi. Нехта адварочваўся, а астатнiя выразалi сцiзорыкам у дзiрване круглы кавалачак, заганялi яго назад. Гулец адварочваўся i на пэўным участачку дзiрвана павiнен быў з трох спробаў вырваць гэты клiнок, запусцiць у каго-небудзь, хто разбягаўся, такiм чынам выбiраўся наступны гулец. А калi з трох спробаў не лучыў на той клiнок? У дзiрван заганялася запалка, каб толькi тырчаў тонкi яе кончык — той, хто прайграў, павiнен быў зубамi выцягнуць яе... Так мы бавiлiся на сваёй палянцы ў пачатку шасцiдзясятых гадоў. А ў нашых бацькоў у гэтыя гады былi iншыя забавы. Сяк-так пабудаваўшыся ў мястэчку пасля ўцёкаў з вёсак, яны пачалi атрымлiваць, акрамя пляца пад будаўнiцтва, i ўчастак пад агароды, на ўскрайку мястэчка, недалёка ад нашых вулiц. Зразумела, якiя гэта былi агароды — дзiрваны, што ляжалi тут дзесяцiгоддзямi, выкарыстоўвалiся пад пашу для местачковых кароў i коней. Узарваць такi дзiрван — не клiнок з зямлi выпрастаць. Перш за ўсё яго пераварочвалi, зразумела, коннымi плугамi. У Янкi Купалы прыгожа: Выходзяць на поле плугi, Ўзнiмаюць плугi дзiрваны. А потым пачыналася карпатлiвая i цяжкая праца — вытрасцi пясок з гэтых плiнтухоў дзiрвана, вынесцi траву i каранi з поля. Але затое па дзiрване вельмi радзiла бульба. Ужо потым зямля перараблялася, бяднела, патрабавала гною. А па дзiрване — ураджай будзе ў любы год. Увогуле ж дзiрван цi дзёран паходзiць з лiтоўскай мовы — dirvonas. Гэта няворная зямля, густа парослая травой. Дык вось тады, у шасцiдзясятыя, вельмi хутка вялiкае зялёнае поле за мястэчкам ператварылася ў добра апрацаваныя палоскi прыватных надзелаў новых жыхароў райцэнтра. Толькi памiж гэтымi палеткамi зелянелi дзiрваном узмежкi i ўзмежжы, якiя аддзялялi адзiн участак ад другога, давалi нейкi праезд i праход. У Аляксея Пысiна чытаем: А ў сад зайдзi узмежжам да рабiн — Гараць, iрдзеюць на марозе. Некалi напiсаў кнiжачку вясковых гiсторый, галоўным героем у якой быў звычайны селянiн сталага ўзросту, дзядзька Пётра. Адна з гiсторый так i называлася "На ўзмежку". А пачыналася так: "Жонка Альбiна прыбегла да Пётры ўся ў слязах: — Сядзiш, тэлевiзар усё глядзiш. А там Юзiк ад нашага ўзмежка зноў адараў. — Што адараў? Не крычы ты. — Бульбу яны за садам садзяць. Iдзi паглядзi. Зноў на наш узмежак залез. Дзядзька Пётра неахвотна ўзняўся. Стамiўся за дзень. А тут бабскiя разборкi. Ды жонка не адступiцца. Калi ён выйшаў у сад, Юзiк ужо выпраг з плуга каня. Пётра кiнуў вокам на ўзмежак, па якiм можна было праехаць на калёсах. Узмежак гэты быў месцам гiстарычным. Калiсьцi яшчэ дзядуля ягоны i дзядуля Юзiкаў хадзiлi тут "у калы". I таксама з-за лiшне адрэзанай баразны. Бацькi таксама не тое што варагавалi, але бывала — i не вiталiся. Але нi Альбiна, нi Юзiкава Ганна ўжо не маглi ўцягнуць выпетраных цяжкой калгаснай працай мужыкоў, былых механiзатараў у свае канфлiкты. Яны прызвычаiлiся глядзець на кавалак зямлi найперш як на будучую працу, а не як на сваю ўласнасць. Што ж да боку юрыдычнага, то належаў ён Пётру, той яго i касiў. Юзiк сустрэў суседа весела: — Ну што, паслала на вайну. — А няго ж. — I я са сваёю пабрахаўся. Кажу: досыць, не будзе чым закрыць бульбу. А яна: "Яшчэ баразёнку". Вось i адараў крыху твайго дзiрвана. — Ну i добра, не так зарастаць будзе. — Закурым? — Закурым..." Так я апiсаў лагоднае вырашэнне канфлiкту, а яны ўзнiкалi i ўзнiкаюць на межах, узмежжах, узмежках. А даходзiць жа i да суда, часам да боек. Праўда, цяпер бачыцца i ў невялiкiх гарадках, i ў вёсцы адваротная тэндэнцыя. Нашы бацькi выпрацоўвалi дзiрваны, а мы, iх дзецi, i нашы дзецi вельмi часта запускаем, пасылаем зямлю пад дзiрван. Пашкадаваўшы свае сiлы, а найчасцей, узяўшы аловак, падлiчыўшы, што затраты на вырошчванне той жа бульбы будуць такiя — лепш купiць яе на кiрмашы, менш грошай пойдзе. Вось i ўтвараюцца дзiрваны ля сядзiб, дач, засяваюцца яны больш далiкатна дзiрванамi з культурных траў, якiя даглядаюцца газонакасiлкамi. Мой любiмы аўтар геаграфii Беларусi пачатку ХХ стагоддзя Аркадзь Смолiч пiсаў: "Абложная або дзярвяная гаспадарка спатыкаецца ў рэдка заселеных мясцовасцях, на беднай зямлi, дзе ў гаспадароў не хапае гною, а без гною зямля не родзiць. Там звычайна пакiдаюць пусцейшую частку поля дзерваном, i на ёй ня сеюць некалькi год. Яна тым часам вылежуецца й крыху папраўляецца сама. Тады яе iзноў гаруць i засяюць". I яшчэ ў Смолiча было сказана пра двор, пад гэтым найменнем у яго выступала панская цi хутарская гаспадарка: "У двары хлеба хапае. Лепшую зямлю гаспадар гарэ, горшую запускае пад лес. Чуць ня ўсе нашыя лясы стаяць на дворнай зямлi. Шмат дворнае зямлi ляжыць пад зарасьнiкамi i дзiрванамi". А яшчэ ўспомнiлася крыху гарэзлiвае i нават крыху не падлягаючае вымаўленню ў прыстойным асяроддзi (але гэта раней, сёння мы сабе дазваляем большае): Iдзе мажная кабета. А з вуснаў маладзён зрываецца: — Неўзараны дзiрван... Кабета не губляецца i праз плячо кiдае дзецюкам: — Плуга такога не знойдзецца... I тут жа ўспомнiлася, што ў Янкi Брыля чытаў нешта падобнае, не пра дзiрван, але пра гэта... Знайшоў: "I яшчэ, браце мой не ажанiўсё. — Тут Цiмох, пераймаючы Косцю, пляснуў у ладкi, звонка зарагатаў i тонкiм голасам усклiкнуў: "Паспеем! Нажывёмсё!" А самому ўжо ... Ну але, ён за мяне на год старэйшы, пяцьдзесят тры. I на вайну пасля партызан не ўзялi... Ка-ва-лер! Я яму ўдоўку нядаўна нагледзеў у Хлюпiчах. Грышку Лазовiча забiлi, баба засталася. Пад сорак будзе. Гладкая, браце мой, адных цыцак колькi! I шые яшчэ на машыне. Праўда, дзяцей няма, але ж няўжо ж табе конча на ўжо гатовае? "Пайшоў бы ты, — кажу яму, — хоць голку ёй зацягнуў. Яшчэ ж у вушка, можа, пападзеш? Там жа, можа, не протар". — Цiмох яшчэ раз перакрывiў Асечку: — "Паспеем! Нажывёмсё!" Збiраўся ён нiбыта, але ж i яна чакаць не будзе. Навалач нейкую знайшла, прымака. Нейкi Швiлi цi Швiляў. Худзiзна — скура ўжо не на рэбрах, а пад рэбрамi. Чорны, як Каiн, i дзве левыя нагi. Тры днi, тры ночы, браце мой, з хаты не выходзiлi! А потым выйшаў ён... Я якраз мiма праходзiў, бачу па-аў-зе i, як п’яны, хiстаецца. "Ты што, — пытаюся, — толькi што з шахты вылез?" Такая вось лiтаратура была ў нашых вёсках. Але цяпер давайце i пра цалiну. Этымалогiя слова, вiдаць, зразумелая кожнаму. У нашай мове з’явiлася слова цэлы, а ад яго нашы папярэднiкi ўтварылi яшчэ i цалкам цi цалком — у поўным аб’ёме, ад пачатку да канца, не па частках. У Кандрата Крапiвы: Кускi смачныя цалком Пан глытае век вяком. А Якуб Колас яшчэ цалкамi называў яечню, у якой жаўткi не змешваюцца з бялкамi: Тарэсяй звалась цётка гэта. Яна так ветла сустракала I надта ж добра частавала: Спячэ "цалкоў" на скавародцы, I так, бывала, наясiся, Што хоць на пупiку круцiся. А цалiк? Гэта ненаезджаная, няходжаная прастора, звычайна снежная. У некага з шаноўных беларускiх пiсьменнiкаў была аповесць "Па цалiку", не змог успомнiць, i не знайшоў — менавiта ў каго. Але можна iсцi цалiком — без дарогi, напрасткi. Мы, жыхары, вёскi прызвычаiлiся хадзiць менавiта цалiком, калi такiм чынам можна значна ўрваць ад далёкай дарогi, скарацiць час i захаваць сiлы. Гэта слова, цалiна, магчыма, мае меншы этнаграфiчны, але больш сацыяльны змест. Памяць часам падводзiць, але нехта з беларускiх празаiкаў пачатку беларускага прыгожага пiсьменства ў савецкiя гады пiсаў раман "Сокi цалiны". Што ж, твор знiк за шэранню гадоў i, вiдаць, толькi вельмi дасведчаныя лiтаратуразнаўцы могуць прывесцi iмя аўтара гэтай рэчы, напiсанай, зразумела, у рэчышчы той барацьбы, якая iшла ў былым СССР па аб’яднаннi сялян у калгасы. А вось "Узнятая цалiна" Мiхаiла Шолахава помнiцца вельмi добра. Раман шмат крытыкавалi за тое, што гэта прамая агiтацыя за калгасы. Зусiм не так. Актывiсты калгасаў i ярыя iх супрацiўнiкi маюць i адмоўнае, i станоўчае. Бальшавiк Мелехаў для поспеху сусветнай рэвалюцыi гатовы расстраляць уласнаручна i дзяцей, i старых. А бальшавiк Размётнаў плача пры раскулачваннi, калi выганяюць з хат дзяцей. Антысаветчык Астраўноў пайшоў супраць улады, бо яна пакрыўдзiла, адабраўшы амаль усё, але i ён, вораг, цяпер прыкiпае да працы на зямлi, на калгаснай гаспадарцы, не можа без яе. Галоўны вораг улады ў хутары есаул Полаўцаў — страшны чалавек, таксама, як i Нагульнаў, гатовы забiваць кожнага, хто супраць, але ж на фронце ваяваў сумленна, застудзiў ногi, абараняючы тагачасную, яшчэ царскую Расiю. Але галоўнае ў рамане — майстэрства, нават генiяльнасць пiсьменнiка. Дастаеўскага неяк рускiя ж назвалi прарокам i драматургам. У яго толькi дзея, выказванне iдэй. А ў Шолахава ў кожным радку — вобраз. Толькi адзiн прыклад, якi стасуецца з нашай тэмай: "В голубой степи снежной целиной пройдет волк. На снегу лягут отпечатки лапных подушек, а там, где когти вырвут обледеневший комочек наста, останется искрящаяся царапина — жемчужный след." Ёсць i яшчэ адно значэнне слова цалiна, якое добра ведаюць пакаленнi, якiя жылi i працавалi ў пасляваенныя гады. I якiя ехалi на цалiнныя землi Казахстана, iншых рэгiёнаў СССР хто добраахвотна, хто па камсамольскай пуцёўцы, а хто i прымушаны збегам абставiнаў. Майму пакаленню таксама часам даводзiлася ў 70-х гадах бываць на цалiнных землях. Але гэта ўжо толькi ў час салдацкай службы, туды пасылалi ў асноўным вадзiцеляў на некалькi месяцаў. А напачатку гэтай адной з буйнейшых цывiльных кампанiй у тагачаснай краiне панаваў сярод моладзi вялiкi энтузiязм. Мяркуйце самi. У 1959-м малады Рыгор Барадулiн выдаў свой першы зборнiчак вершаў — "Маладзiк над стэпам". Старэйшыя. Пiмен Панчанка: А на Алтай цалiнныя пласты Ўздымаць i засяваць паехала ўжо моладзь. Цi Сяргей Грахоўскi: Геолагi свiдруюць горы, Гiдролагi шукаюць брод, I кожнаму — па дваццаць год. А нашы дочкi i сыны Нам пiшуць пiсьмы з цалiны. Эканамiчную патрэбнасць засваення той цалiны хай высвятляюць навукоўцы. Мне ж даспадобы выраз — цалкам i поўнасцю — так толькi, вiдаць, i трэба аддавацца справе, нават калi арэш цi капаеш непадатлiвы дзiрван. Алесь Касцень, г. Паставы.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Некалi ў нас, местачковых хлапчукоў, з вулiц, якiя будавалiся па-над берагам ракi Мядзелкi, было любiмае месца ад апошняга снегу да першага. Называлi
|
|