Хутар Заканоўшчына. І яго гаспадар
Хутар Заканоўшчына. І яго гаспадар
Калi пiсьменнiку, акцёру, мастаку, iншаму дзеячу мастацтва спаўняецца восемдзесят — абавязкова ў друку, на тэлебачаннi будуць вiншаваннi, расказы пра плённую дзейнасць чалавека на той нiве, якую ён для сябе абраў. А мой герой, якому ў снежнi споўнiлася таксама восемдзесят, з простых сялян. Праўда, адметнасць у тым, што ён — хутаранiн, чалавек, якi жыве адасоблена, адзiнотна i пачувае сябе пры гэтым, як цяпер любяць гаварыць, камфортна. Хутароў у нашай мясцовасцi засталося не так i шмат. Былi шасцiдзясятыя гады мiнулага стагоддзя, калi прагрэсiўным лiчылася ссяленне з хутароў iх уладальнiкаў. I гэта сапраўды было прагрэсiўным крокам, бо ў буйных вёсках людзi атрымлiвалi такiя выгоды, як электрычнае асвятленне, радыё, дзецям блiзка было хадзiць у школу, побач — крама, аддзяленне сувязi, медпункт... Ды i старшыня калгаса мог акiнуць вокам свайго работнiка, адзначыць для сябе, якi гэты самы калгаснiк пасля працы, чым дыхае. А вось у Сяргея Дзмiтрыевiча Качанава атрымалася крыху наадварот. Ён жыў у вёсцы, у хацiне, што патрабавала капiтальнага рамонту, а тут i сын з дачкою падраслi, патрабавалася дадатковая плошча (на двух жа ложках сям’я не ўмесцiцца). Таму ў 1970-м купiў хутар Заканоўшчына, не так далёка ад Навадруцка, нейкiх пару кiламетраў. Сёння Навадруцк мы называем Парыжам, той назвай, якую далi яму гадоў 200 таму заваёўнiкi-французы, а хутар i застаецца хутарам. I жыве на iм адзiн насельнiк — Сяргей Дзмiтрыевiч. У яго спраўная гаспадарка. Быў конь, праўда, захварэў, давялося здаць. Але на гектарную з нечым плошчу ёсць карова, свiння, 24 iндыкi, 9 курэй, стаiць у засенi шматгадовых дрэў добры дзясятак вулляў, з якiх у лепшыя гады накачваў флягi мёду. А яшчэ ж i сажалка з карасямi, у яе ў разлiўныя гады i шчупак зазiрае. Бульбы садзiў мiнулым летам сотак пятнаццаць — урадзiла, хопiць i сабе, i тым, хто наведвае хутар летам: унукi, унучка, праўнукi. 5 сотак кукурузы вырасла летам на яго сядзiбе. Гэта — для iндыкоў, любяць яны паласавацца кукурузным зернем. У самы малочны час здаваў пятнаццаць лiтраў малака дзяржаве, цяпер толькi дзесяць. Але кожны ранак адносiць iх у блiжэйшую вёску на каромысле. З 2001 года, калi не стала жонкi Сцепанiды Восiпаўны, толькi адзiн раз не справiўся своечасова аднесцi малако. Гэта ў яго своеасаблiвы ранiшнi "хадж". I не столькi з-за грошай, якiя атрымлiвае за здадзенае, колькi для таго, каб не марнавалася, не прападала прадукцыя, якая заўжды патрэбна людзям. ...Патрапiў на хутар Заканоўшчына я позняй восенню. А ў верандзе хаты яшчэ чырванелi памiдоры, высаджаныя ў вёдрах. З гонарам чалавек паказаў i назапашаную на зiму гароднiну, кансервы, сала — усё, што патрэбна для жыцця. I прыемна ўразiла чысцiня ў хаце, на панадворку. Больш за тое, першы раз у сваiх журналiсцкiх вандроўках убачыў, што карова, свiння, птушкi стаяць у хляве Качанава ў чысцiнi, на гумавых посцiлках. Кожны дзень ён вычышчае гной, тралюе яго на гароды. I ўсё гэта ён робiць адзiн i... з адной рукой. Сяргей Дзмiтрыевiч родам са Смаленшчыны, з-пад Вязьмы. У 1941-м там адбывалiся жорсткiя баi, засталося шмат зброi, бое- прыпасаў. Вось i прынёс трынаццацiгадовы Сяргей дадому запал ад гранаты. Стаў разбiраць — выбух. Пашкодзiла кiсць левай рукi. Нямецкi лекар, мясцовасць ужо была пад акупацыяй, адрэзаў. Некалькi месяцаў хадзiў хлапец з незагоенай ранай. Потым зажыла. А ў 1948 перабраўся да брата на Пастаўшчыну, якi тут партызанiў, потым быў леснiком. Сяргей Дзмiтрыевiч нiколi не прызнаваў сваё калецтва. Пайшоў працаваць у саўгас. I касiў, i малоў муку, займаўся ўсiмi справамi нароўнi з астатнiмi мужчынамi. I пасля выхаду на пенсiю яшчэ дзесяць гадоў працаваў у сельскай гаспадарцы. Ды i сёння ён сапраўдны селянiн, гаспадар свайго хутара. Сапраўдны гаспадар. Я запытаў у яго: — А не сумнавата ў адзiноце? — Ды няма калi сумаваць. Летам устаю ў чатыры гадзiны, а кладуся недзе каля адзiнаццацi. Нават тэлевiзар уключаць не хочацца. Адзiн з маiх суразмоўцаў, якому расказаў пра Сяргея Дзмiтрыевiча, пагардлiва кiнуў: — Дурань. Сядзеў бы, атрымлiваў пенсiю, адпачываў. А гарбее ў сваiх восемдзесят. А мне здаецца iнакш. Бог не даў магчымасцi яму атрымаць адукацыю, стаць дасведчаным у нейкай галiне жыцця цi творчасцi. Затое сялянскую справу ён ведае дасканала. I гэтым можа ганарыцца. Ён — хутаранiн, кармiцель, на якiм i трымаецца наша зямля. Алесь Касцень. Фота аўтара.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Калi пiсьменнiку, акцёру, мастаку, iншаму дзеячу мастацтва спаўняецца восемдзесят — абавязкова ў друку, на тэлебачаннi будуць вiншаваннi, расказы пра |
|