Лоўля сонца
Лоўля сонца
Многiм жыхарам Германii свяцiла i ваду грэе, i дамы ацяпляе, i электрычнасць выпрацоўвае Наша падарожжа працягваецца. Мы з вамi ў цiхiм квартальчыку на ўскраiне Дортмунда — сiмпатычныя катэджы, бездакорныя лужкi i раскошныя кветнiкi. Любата! Германiя сёння — адна з самых "сонечных" краiн свету. Ва ўсякiм разе калi меркаваць па багаццi сонечных батарэй на дахах. У адным з такiх дамоў жыве са сваiм вялiкiм сямействам наш сённяшнi суразмоўца (у яго чацвёра дзяцей i ўсе, мiж iншым, вывучаюць рускую мову). А лiтаральна па суседстве — яго офiс "Бюро экалогii i сонечнай энергетыкi Ульрыха Крэмера". Канкурэнцыя ў Паўночным Рэйне-Вестфалii не такая моцная, як на поўднi краiны, аднак i тут "гандляроў сонцам" хапае. Попыт, як заўжды, нараджае прапанову. А вось як узнiкла патрэба? — Недзе з 2004 года папулярнай у Германii стала сонечная энергiя — многiя карыстаюцца ёю для стварэння электрычнасцi, — кажа спадар Крэмер. — Прычынай таму служыць закон аб узнаўляльных крынiцах, якi абавязвае сеткавыя кампанii падаваць электраэнергiю, створаную фотагальванiкай. І калi вятрак у сваiм садзе кожны ахвотнiк паставiць не можа, то размясцiць сонечныя батарэi на даху — рэальна для ўсiх (праўда, максiмальную выгаду атрымае толькi той, у каго дах звернуты на поўдзень, астатнiм жа давядзецца ахвяраваць пяццю працэнтамi патэнцыйнай энергii. — Аўт.). Аднак у плане прадукцыйнасцi ў краiне прэвалюе ветраэнергетыка: для стварэння 5 МгВт энергii дастаткова адной турбiны, а вось каб дасягнуць такога ж эфекту фотагальванiкай, трэба некалькi футбольных палёў. Для "лоўлi" промняў карыстаюцца сонечнай тэрмiяй або фотагальванiкай. Гэта дзве прынцыпова розныя тэхналогii. Паводле першай, энергiя ператвараецца ў цяпло i перадаецца вадзе, а другая напрамую ператварае сонечнае святло ў электрычны ток. Вадкасныя калектары могуць "адказваць" за падачу гарачай вады, а могуць прымяняцца яшчэ i для ацяплення. Тут задзейнiчаны цеплаабменнiк, рэзервуар з пiтной вадой, помпы. Па гэтай замкнёнай сiстэме цыркулюе вада: у дом яна паступае гарачай, а зноў у калектар — халоднай. Батарэi не дэмантуюць зiмой — у гэтым няма патрэбы, бо прадугледжаны механiзмы, якiя перашкаджаюць замарожванню вадкасцi, да таго ж, пэўная колькасць выпраменьвання ёсць i ў халодную пару года. Калi ж сонечнага цяпла недастаткова, аўтаматычна ўключаецца традыцыйнае ўстройства абагрэву. Тэрмiн прыдатнасцi ў цеплавых калектараў (з вадой) крыху меншы, чым у фотагальванiчных прылад: больш высокая рызыка паломкi з з-за цыркулюючай вадкасцi — у пэўныя моманты элементы сiстэмы моцна награваюцца, а ў iншыя — моцна астуджаюцца. Аднак i iх хапае на 20 гадоў. "Ёсць такiя, якiмi можна i праз тры дзясяткi гадоў карыстацца. Аднак самi вытворцы папярэджваюць, што праз 25 гадоў устаноўкi будуць ствараць не 100, а 80 працэнтаў заяўленай колькасцi энергii", — тлумачыць суразмоўца. Пры гэтым кампанii абяцаюць два гады бясплатнага сэрвiсу i тое, што праблем з сонечнымi прыладамi не будзе, маўляў, iх не трэба пастаянна кантраляваць, у адрозненне ад iншых вiдаў альтэрнатыўнай энергетыкi. Дарэчы, двухгадовая гарантыя — нямецкi знак якасцi, яна распаўсюджваецца на вельмi шырокi спектр тавараў: ад завушнiц (i праўда што, а раптам замок зламаецца) да сонечных калектараў. — Для забеспячэння гарачай вадой дома, дзе жыве чатыры чалавекi, пры тым сонечным выпраменьваннi, што ёсць у Германii, звычайна хапае двух цеплавых калектараў i рэзервуара на 300 лiтраў, — кажа "сонечны" профi. — Каштаваць гэта будзе каля шасцi тысяч еўра. У Беларусi могуць быць iншыя паказчыкi. У другой мадэлi (з магчымасцю ацяплення дома. — Аўт.) разлiчваецца крыху па-iншаму: на 10 квадратных метраў жылплошчы патрэбны 1 квадратны метр калектараў. Значыць, для сярэдняга жылога памяшкання — плошчай у 100 квадратных метраў — трэба 10 квадратных метраў калектараў. Гэта абыдзецца сям’i прыблiзна ў 10 тысяч еўра. Iдзе агульная эканомiя традыцыйных крынiц (звычайна газу) i на награванне вады, i на ацяпленне. Тут многае залежыць ад таго, наколькi добрая цеплаiзаляцыя памяшкання. Руплiвыя немцы аддаюць перавагу другой мадэлi, хоць тая i даражэйшая: надалей яна зэканомiць гаспадару больш грошай, чым першая, i перакрые першапачатковыя выдаткi. Такая сiстэма працуе i ў доме самога гаспадара "сонечнага" бюро. Чаму Ульрых Крэмер абраў яе, а не фотагальванiку? Ён зацiкаўлены ў тым, каб эканомiць менавiта на ацяпленнi дома — маўляў, выпрацоўваць электрычнасць можна i размясцiўшы модулi на дахах адмiнiстрацыйных будынкаў. — Пакуль не так лёгка разлiчыць эканамiчнасць сонечнага ацяплення, — заўважае бiзнэсмен. — Трэба прыкiнуць, колькi чалавек спажывае, наколькi ён зможа замянiць традыцыйныя крынiцы гэтым вiдам энергii i зэканомiць. Цяжка ацанiць гэта сёння, паколькi цэны на традыцыйныя энерганосьбiты растуць. Пры гэтым людзi атрымлiваюць грашовыя дапамогi, калi заяўляюць аб намеры размясцiць такую ўстаноўку ў сябе. На маю думку, гадоў праз 10-12 гэта стане рэнтабельным. Зусiм iншая справа — фотагальванiка: цэны на энергiю, якую выпрацоўваюць такiя модулi, прапiсаныя ў законе аб прыярытэце ўзнаўляльных крынiц энергii — прычым на 20 гадоў наперад. Таму фотагальванiка карыстаецца ў жыхароў Германii большым попытам, чым калектары з вадой. Нямецкаму чалавеку трэба дакладна пралiчыць, колькi ён зможа зарабiць, уклаўшы тую цi iншую суму. Сёння кожны ўладальнiк фотагальванiчных установак атрымлiвае 42,2 еўрацэнта за кiлават/гадзiну. Пры гэтым яму не абавязкова спажываць яе самому — можна проста зарабляць на гэтым грошы. Скажам, выкупiўшы вялiкi ўчастак на даху якога-небудзь будынка. Дарэчы, канцэрн, у якi ўваходзiць прадпрыемства нашага суразмоўцы, — адзiны, што прапануе такую схему ў Паўночным Рэйне-Вестфалii. На думку Ульрых Крэмера, у Германii рэальна перайсцi цалкам на альтэрнатыўную энергетыку: — Калi разумна кампанаваць сонечную, ветраную i гiдраэнергетыку, магчымасцi бiямасы, калi прыкладваць намаганнi, развiваць гэту сферу, то праз 20-30 гадоў можна поўнасцю перайсцi на ўзнаўляльныя крынiцы, — упэўнены суразмоўца. Што ж, на гэтым наша знаёмства з сонечнай энергетыкай заканчваецца. Наступны пункт прызначэння — Бохум. Мы завiтаем у Цэнтр геатэрмii, дзе даследуюць магчымасцi выкарыстання зямной цеплынi. Ала МАЧАЛАВА, Дортмунд. Сонечны гандаль У студзенi фiрме Ульрыха Крэмера споўнiцца 10 гадоў. "Справы iдуць угару, гэта бiзнэс будучынi, у адрозненне ад аўтаiндустрыi, дзе цяпер крызiс. У мяне няма прычын баяцца разарэння", — адзначае прадпрымальнiк. Ён пачынаў калiсьцi з кансультацый па экалогii — на старце атрымлiваў дапамогу ад дзяржавы: па 750 еўра штомесяц на працягу года. Затым вызначыўся для сябе з накiрункам i стаў спецыялiзавацца на сонечнай энергетыцы. Цяпер ён у гэтым дока. Яго фiрма можа прапанаваць сваiм клiентам праект "сонечнай" сiстэмы пад ключ: ад эксклюзiўнага макета (з улiкам асаблiвасцяў канкрэтнага аб’екта) да ўстаноўкi абсталявання i сэрвiснага абслугоўвання. Яго заказчыкамi былi не толькi ўладальнiкi дамоў, але i грамадскiя ды камерцыйныя ўстановы. Так 230 фотагальванiчных модуляў з’явiлiся на даху банка ў Бохуме. I што сiмвалiчна — банк гэты спецыялiзуецца менавiта на крэдытаваннi сферы альтэрнатыўнай энергетыкi. Часцей сонечнай энергетыкай карыстаюцца ўсё ж прыватнiкi. Не апошнiм аргументам "за" з’яўляюцца падатковыя палёгкi для тых, хто ўкладвае грошы ў гэту сферу (40 працэнтаў падаткаў можна спiсаць ужо сёлета, нават калi ўстаноўку плануеце ўзвесцi налета), i льготныя крэдыты ў спецыялiзаваных банках.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Многiм жыхарам Германii свяцiла i ваду грэе, i дамы ацяпляе, i электрычнасць выпрацоўвае Наша падарожжа працягваецца. Мы з вамi ў цiхiм квартальчыку |
|